Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

130 гадоў з дня нараджэння Міколы Равенскага

130 гадоў таму, 5 снежня 1886 года, нарадзіўся беларускі кампазаітар Мікола Равенскі.



Беларускі кампазітар і фалькларыст Мікола Равенскі нарадзіўся 5 снежня 1886 г. ў маёнтку Капланцы (цяперашні Чэрвеньскі раён), дзе ягоны бацька працаваў садоўнікам. Музычная адукацыя давалася яму паступова, этапамі. У 1895 – 1903 гг. вучыўся ў мінскім архірэйскім хоры, дзе атрымаў пачатковую музычную адукацыю. У 1903-м накіраваны ў Мінскі мужчынскі манастыр як дырыгент тамтэйшага хору. У 1905 г. пераехаў у Наваградак, дзе працаваў дырыгентам царкоўнага хору і выкладаў музыку ў школах. У 1912-14 гг. прайшоў курсы рэгента царкоўнага хору ў Маскве.

У 1920-м стаў працаваць кіраўніком хору пры Беларускім Работніцкім Клубе ў Менску. Тады з’явіліся ягоныя першыя песні на вершы Максіма Багдановіча (“Ня кувай ты, шэрая зязюля”, “Завіруха”, “Слуцкія ткачыхі”), Канстанцыі Буйлы (“Люблю наш край”, “Каб я крыльле мела”, “Я шукала”), сюіта “Курган”, уступ да паэмы “Гапон” В. Дуніна-Марцінкевіча, песня “Ах ты, Нёман-рака” на словы Ц. Гартнага.


 Акрамя арыгінальнай музыкі, Равенскі пісаў гарманізацыі не свае мелодыі (“Чаму-ж мне ня пець”, “Адвеку мы спалі”).

У 1922 г. у Мінску выйшаў друкам амаль увесь тагачасны ягоны рэпэртуар — “Зборнік песьняў з нотамі”. Пасьля забароны дзейнасці эсэраў Равенскі на нейкі час перайшоў на працу хормайстра ў Беларускі Дзяржаўны Акадэмічны тэатр. Пісаў музыку да аперэты “Залёты” (на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча).

У 1923 г. Равенскі выехаў у Маскву па адукацыю, там пражыў сем гадоў, закончыўшы музычны тэхнікум пры кансерваторыі (1927) i кампазітарскі аддзел кансерваторыі (1930). Лес сутыкнуў яго там з выдатным паэтам Уладзімерам Дубоўкам. Уплыў Дубоўкі на фармаванне Равенскага быў надзвычай моцны. У Маскве Равенскі шмат кампанаваў (22 фугі, кантата для хору з аркестрам, прэлюдыя для фартэпіяна). Песенныя кампазіцыі пісаў на словы Дубоўкі (“О Беларусь, мая шыпшына”, “Такая ноч”) i Я. Купалы (“У вырай”). Пад уплывам Дубоўкі звярнуўся да музычнае крытыкі і напісаў два крытычныя артыкулы ва “Узвышша”. Скампанаваў оперу “Браніслава” на лібрэта Дубоўкі (не захавалася).

У 30-я гады Равенскаму нейкім цудам удалося пазбегчы лёсу беларускай творчай інтэлігенцыі: ён застаўся на волі, хоць ягоная кампазіцыя “Ліпнёвы гімн” на словы Дубоўкі партыйцамі акрэсленая як “нацдэмаўская”.

М. Равенскі працаваў выкладчыкам у музычным тэхнікуме ў Мінску, потым у кансерваторыі. У 1940-м пераехаў у Магілёў, у 1941 г. зноў вярнуўся ў Мінск.

У дзень пасля выбуху нямецка-савецкай вайны ў пажары згінулі ўсе ягоныя рукапісныя і надрукаваныя творы.

З 1943-га Равенскі працаваў рэгентам царкоўнага хору ў Чэрвені, дзе кампанаваў музыку да малітваў. Тут таксама паўторна напісаў два акты аперэты “Залёты”.

У 1944-м выехаў у Нямеччыну. Працаваў настаўнікам спеваў у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы i ў беларускай гімназіі ў Остэргофене. У Нямеччыне скампанаваў наступныя свае выдатныя творы: “Беларускую фантазію” для скрыпкі і фартэпіяна, раманс “Ноч над Менскам” на словы Дубоўкі, царкоўны гімн “Магутны Божа” на словы Н. Арсенневай.

У 1950 г. пераехаў у Лювен у Бельгіі, дзе арганізавалася актыўнае беларускае студэнцкае асяроддзе. Арганізаваў студэнцкую вакальную групу, выступаў з ёю ў Бельгіі, Францыі і Нямеччыне, запісаў грамафонныя кружэлкі з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі песнямі. Памёр 9 сакавіка 1953 г. у Лювене.

 

Гарадзенская Вясна


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-12-06 10:10:17
Ішчо пра юбілеі (і не толькі): http://belisrael.info/?p=8659

Каментаваць