Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

2018 год стане Годам Максіма Гарэцкага?

Ініцыятыва была агучаная ў магілёўскай Ратушы на рэспубліканскім круглым стале, прысвечаным музеефікацыі літаратурных месцаў. У наступным годзе спаўняецца 125 год з дня нараджэння пісьменніка.

Турэмнае фота Максіма Гарэцкага ў пастанове Купалаўскага тэатру «Дзве душы»


Круглы стол у Магілёве прайшоў у рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гарэцкія чытанні» 22 чэрвеня. На наступны дзень яе ўдзельнікі наведалі Літаратурны музей імя Максіма Гарэцкага на яго радзіме у вёсцы Малая Багацькаўка.

Паводле сабраных, музей, нягледзячы на тое, што там ужо працяглы час адсутнічае загадчык, знаходзіцца у нармальным стане і не выклікае занепакоення. Неабходна распрацоўваць новыя турыстычныя маршруты для таго, каб музей наведвала больш людзей, заявіў Зміцер Яцкевіч, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, а таксама дадаў, што пытанне аб пераносе музея ў Мсціслаўль на дадзены момант знята.

Старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч заклікаў СМІ больш кваліфікавана асвятляць музейную тэматыку ў Беларусі, а для «раскруткі» музея параіў больш шчыльна супрацоўнічаць з турыстычнымі агенцтвамі.


Музей Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы

У сваю чаргу, дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Віктар Анянкоў адзначыў, што музей пакідае скрушнае ўражанне, бо там няма аўтэнтычнай калекцыі і мемарыяльных экспанатаў. Паводле Анянкова, няма патрэбы ствараць музеі ў невялічкіх вёсках, дзе можна наўпрост паставіць помнік альбо мемарыяльную шыльду.

Тым не менш, удзельнікі круглага стала падтрымалі праект рэзалюцыі, прынятай на канферэнцыі, дзе прысутнічае прапанова аб'явіць 2018 год у Беларусі Годам Максіма Гарэцкага. На наступны год акурат прыпадае 125-годдзе з дня нараджэння літаратара. 

Было прапанавана таксама распрацаваць план мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею, выдаць аднатомны энцыклапедычны даведнік «Максім Гарэцкі», арганізаваць шэраг экскурсіяў па мясцінах пісьменніка, выдаць паштовую марку і капэрту.

Нагадаем, што раней СМІ неаднаразова пісалі пра дрэнны стан музейнага будынку ў Малой Багацькаўцы, дзе цячэ дах, парахнеюць бярвёны і жывуць мышы.


Паводле naviny.by

Каментаваць