"Радыё Свабода" склала спіс самых значных дасягненняў Вітаўта Мартыненкі, якія назаўсёды застануцца з намі.
1. «222 альбомы беларускага року і ня толькі...»
Зялёны том першага энцыклапедычнага даведніка беларускіх музычных альбомаў разам з Вітаўтам Мартыненкам шмат гадоў сустракаў наведнікаў на менскіх канцэртах і іншых беларускіх імпрэзах. Стваралася гэтая энцыклапедыя беларускага року ў супрацы з сябрам і калегам Вітаўта, таксама музычным журналістам-крытыкам Анатолем Мяльгуем.
Кніга выйшла ў 2006 годзе. Яе склалі публікацыі розных гадоў з айчыннай і замежнай перыёдыкі пра кожны з музычных альбомаў.
2. «Праз рок-прызму»
Гэта яшчэ адна супольная кніга Вітаўта Мартыненкі і Анатоля Мяльгуя. Выйшла ў ЗША ў 1989 годзе, а рэдагаваў яе былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Ян Запруднік.
З'явіўшыся яшчэ ў СССР, выданне «Праз рок-прызму» было першай для Беларусі публікацыяй такога кшталту — зборнік артыкулаў і інтэрв'ю, падабраных адмыслова для маладых беларускіх меламанаў. Аўтары падкрэслівалі супрацьстаянне афіцыйнай ідэалогіі і рок-музыкі.
3. «Rock on-line»
Гэта ўжо сольнае выданне Вітаўта Мартыненкі, якое пабачыла свет у 2010 годзе.
Кніга базуецца на дакументальных матэрыялах, але фактычна атрымалася ў жанры музычна-публіцыстычнага дэтэктыву, з якога чытач даведваецца, хто забівае беларускую музыку. «Rock on-line» выйшаў невялікім накладам 500 асобнікаў і распаўсюджваўся ў прыватных крамах і на рок-канцэртах.
4. Першы ў Беларусі рок-клуб
У 1985 годзе Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй заснавалі Менскі рок-клюб «Няміга», у які ўвайшлі восем гуртоў уключна з «Мрояй».
Асноўнай дзейнасцю рок-клюбу была арганізацыя фестываляў. Яны праходзілі двойчы на год — у дзень народзінаў Рычы Блэкмара і ў дзень народзінаў Джымі Гэндрыкса. Клуб праіснаваў да 2003 году.
5. Перакладаў прозу, пісаў вершы
Вершы Вітаўта Мартыненкі друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах, перакладаліся на польскую і ўкраінскую мовы, выдаваліся ў кніжных зборніках і на кампакт-дысках папулярных рок-гуртоў.
У 2002 годзе Вітаўт выдаў у сваёй рэдакцыі з прадмовай і каментарамі беларускі пераклад раману Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis».
* * *
У сваім апошнім інтэрв'ю на "Радыё Свабода" Вітаўт Мартыненка зрабіў невясёлы прагноз наконт з'яўлення новага лідара ў музычнай сферы Беларусі:
«Па ўсім свеце ідзе тэндэнцыя поўнай адсутнасці лідараў. У кожнага свой лідар. Няма такога, як некалі ад піянера да пенсіянера ўсе ведалі гурт Metallica, адны любілі, іншыя ненавідзелі. Беларуская тэндэнцыя такая самая. Праблема накладаў ёсць: на Захадзе ўжо нявыгадна рабіць прафесійныя выданні дыскаў. Альбомы вымерлі! Не як жанр, бо адна-дзве песні на год, пра якія казаў Вольскі, — гэта адсутнасць на рынку, камусьці абавязкова захочацца ўзяць дыск. А гэтая тэндэнцыя захаваецца, пакуль не адновіцца шоў-бізнэс, які ўсіх карміў: выдаўцоў, прадаўцоў, музыкаў, журналістаў.
Лідараў пакуль не будзе. У кагосьці Akute, у кагосьці :B:N:, але такіх, як
„Мроя“, не будзе. На платах ужо не будуць пісаць „N.R.M.“, а „Мроя“ пісалі. Як
казаў паэт Міхась Скобла: беларуская культура ў стадыі балотнага агню, яна
назапашвае патэнцыял, ды яе няма, ціхае балота». Ёсць бясплатная музыка, ды яе
ніхто не хоча слухаць. Усеагульная даступнасць робіць непатрэбнай культуру,
гэта звалка дасягненняў. У свеце нават перасталі прадукаваць Hi-Fi-апаратуру
для праслухоўвання. Слухаць музыку праз тэлефон? Гэта пародыя! Як харчавацца на
звалцы замест рэстарану. Чаму б заводу „Гарызонт“ не купіць ліцэнзію, не
вырабляць Hi-Fi-апаратуру і рэкламаваць: „Найлепшы гук мінулага стагоддзя“? Ды
меламанаў ужо няма. „— Што слухаеш? — Ну, я не ведаю, Джымі Гэндрыкса паслухаў.
— А які альбом? — Ды які альбом? 345-я песня спадабалася, 289-я — не“. Ці стаяў
прадаваў сваю кнігу, побач дзяўчынка балёнікі прадавала. Пытаю, што слухае:
„Ну, я не ведаю, уключаю „Русское радио“, што перадаюць, тое і слухаю“. Гэта
стандарт! Не трэба слухаць і разумець, слухаць і тупець атрымалася.