Аўтапрабегам па Еўропе

Ён толькі вярнуўся з турнэ па Еўропе, якой распавядаў пра беларускіх палітвязняў, а ўжо праз два тыдні зноў з’язджае туды — адпачываць на паўночны востраў. А ў «чорным спісе» забароненых рок-музыкаў ён стаіць пад нумарам 2, пасля «Ляпісаў». Хросны бацька ягоных дзетак — шведскі амбасадар, а натхняльнік новага альбому, які мусіць выйсці ўвосень, — польскі паэт-самагубца.



Ён толькі вярнуўся з турнэ па Еўропе, якой распавядаў пра беларускіх палітвязняў, а ўжо праз два тыдні зноў з’язджае туды — адпачываць на паўночны востраў. А ў «чорным спісе» забароненых рок-музыкаў ён стаіць пад нумарам 2, пасля «Ляпісаў». Хросны бацька ягоных дзетак — шведскі амбасадар, а натхняльнік новага альбому, які мусіць выйсці ўвосень, — польскі паэт-самагубца. Касмапалітычны беларускі шансанье і камандзір легіёна жаночых сэрцаў Зміцер Вайцюшкевіч дзеліцца з журналістам НЧ Аленай Барэль тым, што зараз адбываецца з ім і з радзімай.

«Solidarity with Belarus»


— Зміцер, распавядзіце нам пра еўрапейскае турнэ, з якога вярнуліся днямі. Што рабілі на Захадзе?


— Гэта была музычна-палітычная акцыя пад назвай «Solidarity with Belarus», ініцыятарам, вядучым і выканаўцам якой быў я, як творчая адзінка і ўдзельнік славутых «чорных спісаў». З 8 па 18 мая — сем краін, дзевяць розных гарадоў: Вільня, Варшава, Берлін (у рамках Берлінскага палітычнага біенале), Амстэрдам, Вена, Кракаў ды іншыя. З такой ідэяй і так далёка я ехаў упершыню. Гэта было «раллі» на машыне, пазначанай спецыяльнай сімволікай маршруту. Частка выступаў адбывалася ў цэнтральных кавярнях. Гаворка на тэмы беларускіх «чорных спісаў» і палітзняволеных з гледачамі ішла праз песні, на эмацыйным узроўні. Звычайна на такія тэмы выказваюцца палітыкі, а тут прыехаў нейкі дзядзька, які досыць простымі словамі распавядае пра ўласны досвед і сітуацыю ў Беларусі — «страшылкі» гэткія прывёз! Мы рыхтавалі англійскую версію маіх выступаў, але былі і перакладчыкі эмацыйнай часткі. Асноўная мэта турнэ — распавесці жыхарам еўрапейскіх краін, навошта нам патрэбная іх салідарнасць, а таксама запісаць на відэа іх меркаванні, крытыку, што заўгодна пра сітуацыю ў Беларусі. Шмат хто кажа, што мы нікому не патрэбныя, але гэта не значыць, што не трэба грукацца ў чужыя дзверы.

— Ці здолелі прыцягнуць увагу еўрапейцаў да праблемаў Беларусі, і якая была публіка?


— Так, усё атрымалася. Мы паразмаўлялі з досыць эклектычнай публікай, запісалі звароты людзей, «празвінелі» ў мясцовай прэсе.

— Хто ладзіў гэтую акцыю?

— Дапамагалі на месцах нашы агульныя знаёмыя, ці (як, напрыклад, у Аўстрыі і Нідэрландах) мясцовая «Amnesty International».

— Дарэчы, ці пагодзіцеся з выракам гэтай міжнароднай арганізацыі не лічыць Сяргея Каваленку вязнем сумлення?

— Мяркую, менавіта Каваленка мае поўнае права называцца вязнем сумлення. На жаль, у «Amnesty International» крыху дзіўныя крытэрыі, але я спадзяюся, што яны і без націску звонку нешта зразумеюць і перагледзяць.

«Добра, што пашпарт яшчэ не забралі»

— Наколькі цяжка карміць сям’ю артысту, які знаходзіцца ў згаданым «чорным спісе»? Апошні ваш канцэрт у Мінску адбыўся на ўправе БНФ, а ўваход на яго быў вольным.

— Па-першае, ёсць прыватныя выступы — на карпаратывах, святкаваннях народзінаў. Іх няшмат, але ж я — дасведчаны артыст, з 1995 года працую на сябе. Пры гэтым я — самы забяспечаны беларускі артыст у плане жылля, аўтамабіля, перспектываў (смяецца). Пры існуючых абставінах можна падумаць пра творчасць, а не толькі пра грошы.

Але мне гэты «чорны спіс» — во дзе! (дакранаецца рукой да горла) Мы такія «дурылкі» для ўладаў, з якімі можна рабіць, што заўгодна! А палезеш на ражон — атрымаеш дубінай па галаве, могуць пасадзіць. Але гэта ўжо дадатковы піяр. Я сябе ўтульна адчуваў у ролі лірыка, спакусніка жаночых сэрцаў, які спакойна збірае лагодную беларускамоўную, і не толькі, публіку. Канцэрты шэсць разоў на год, чым не кожны можа пахваліцца… А зараз гэтых шасці канцэртаў у мяне няма, плюс — яшчэ чатырох дадатковых у клубе «Графіці». Таму даводзіцца выкручвацца, нешта прыдумляць. Добра, што пашпарт яшчэ не забралі, ездзіць магу. Калі забяруць, буду займацца агра-экатурызмам — маю сядзібу на Нёмане (смяецца).

— Варта чакаць адмены «чорных спісаў» для музыкаў ці не?

— Не. Выразна было сказана міністрам Праляскоўскім, што лібералізацыі не будзе. Мы для іх — частка пятай калоны. Паўгода таму адна афіцыйная крыніца мне паведаміла, што я для рэжыму — вораг нумар два. На першым — гурт Міхалка. Усе гуртамі, а я — асобна: «Дмитрий Войтюшкевич, певец». Такія вось часы... Па-праваслаўнаму, трэба скарыцца.

— Ходзіце як вернік на споведзь?

— Хрышчоны ў праваслаўі, наведваю царкву, але ніколі не быў на споведзі, вялікі грэшнік. Дзеці мае — таксама праваслаўныя, жонка іх водзіць на прычасце.

Свае ці чужыя?


— Над якім праектам зараз працуеце? Калі чакаць новага альбому «WZ-Orkiestra»?

— Працую над польскім альбомам на вершы паэта Рафала Ваячэка ў перакладзе Андрэя Хадановіча. 90 адсоткаў матэрыялу для альбому падрыхтавана, застаецца дызайн вокладкі. Увосень мы ўжо заспяваем альбом, але пакуль не вядома, у якім фармаце — ці будзе гэта інтэрнэт-прэзентацыя альбо падпольны, андэграўндны фармат, і ў якой зале. Альбом — «доўгабуд», бо рабіў яго доўгі час, паралельна з іншымі праектамі. Усё чакаў грошай ад палякаў, не дачакаўся і вырашыў выдаць за свае. 12 песняў на словы польскага паэта, які скончыў жыццё самагубствам у 1971 годзе, адлюстроўваюць цікавы перыяд Польшчы 1950–1960 гадоў. Мы — першыя з беларусаў, хто ўзяўся спяваць ягоныя вершы. Артысты павінны адчыняць для астатніх людзей літаратурную раскошу іншых краінаў. Спадзяюся, што праз 10–20 гадоў нехта ў Смаленску ці ва Уладзівастоку возьме ў рукі томік нашага Багдановіча ці Хадановіча і зробіць праект, прысвечаны незразумелай, далёкай ці блізкай Беларусі.

— Наколькі рэальна стаць «сваімі» для Еўропы? Ці лыжнік безнадзейна адстаў?

— Паводле майго так званага «еўрапейскага маніторынгу» магу сказаць, што мы спазняемся гадоў на 30, і ў культурных працэсах таксама. Талентаў у нас хопіць і на Расію, і на Захад, але безнадзейнае жыццё і пакора… Зараз разумею, чаму Васіль Быкаў напрыканцы жыцця быў такім песімістычным.

— Ён не бачыў выйсця для краіны?


— Відаць, што не.

— Стужка па Быкаву «У тумане» Сяргея Лазніцы — прыклад таго, што можна здымаць сапраўды беларускае кіно, а не аперэтачных партызанаў…

— Нашы артысты апранаюць гімнасцёркі і спяваюць «Зямлянку» — вось і ўся вайна… Лічу, варта пісаць песні самім, паглыбляцца ў тэму. Канешне, прасцей вылізаць Мінск і ганарыцца гэтым. Ведаеце, Амстэрдам — таксама вельмі чысты горад, і паху дазволеных наркотыкаў я там не адчуў.

Нябачная краіна сэкс-турызму


— Чаго не хапае Мінску да ўзроўню культурнай еўрапейскай сталіцы?

— Я бачу чысты Мінск і новабуд. А старабуду няма! Калі ёсць, то гэтыя будынкі загнаныя, як і музыкі, у адмысловыя «чорныя спісы». Канешне, расійскую дэлегацыю можна напаіць, накарміць, звазіць у Белавежскую пушчу, потым пакатаць па Мінску, і яны будуць захапляцца: «Ой, какой прекрасный город! Какие хорошие люди!» Але сапраўдных турыстаў новабудам сюды не зацягнеш. Хіба толькі сэкс-турызм квітнее, але пра яго ў нас не прынята казаць.

— Апрача сэкс-тураў, што ведаюць пра Беларусь на Захадзе?

— З большага ўжо нешта ведаюць. Але вось выпадак. Тры гады таму, у адной з вялікіх еўрапейскіх краінаў прыйшоў я ў пункт сувязі, каб патэлефанаваць дадому. Пачаў шукаць у тоўстым даведніку код радзімы. Там былі Бангладэш, Бірма, што заўгодна, акрамя Беларусі. Нібыта нас не існуе. Вось такая дробязь. Нашая правінцыйнасць — увесь час глядзець: што там робіць Старэйшы Брат, які мае грошы? Калі іх падкіне? Так прасцей — быць у рэчышчы чужых працэсаў. І тое, што новы фільм па Быкаву — не беларускі, таксама частка нашай правінцыйнасці. Патрэбна галава, якая будзе думаць пра Беларусь, пра тое, як вяртаць эліту з-за мяжы.

— Ценявы ўрад, ідэя палкоўніка Барадача?

— Не хачу паглыбляцца ў гэты гушчар, але працэсы пайшлі. Напрыклад, творчыя. У Лондане, куды не кожная птушка даляціць, амаль адначасова выступілі два лепшых беларускіх тэатра — імя Янкі Купалы і «Вольны тэатр». Апошні паставіў «Караля Ліра». Кажуць, някепска! І па-беларуску! «Купалаўцамі» нашае міністэрства культуры хацела паказаць, што ў нас ёсць і нармальнае мастацтва. Вось гэта цікава! Працэс пайшоў! А пра Барадача не ведаю, няхай самі разбіраюцца.

Да Эрыксанаў. Як Пушкін

— Ну, з тэатрам, дзякуючы высілкам Халезіна і Пінігіна, больш-менш зразумела. А як далёка Беларусь знаходзіцца ад сусветных музычных працэсаў?

— Ад папулярнай — гадоў на сто! Электронная музыка квітнее, цяжкая — таксама ездзіць па міжнародных фэстах. Дакладна ведаю, што па world-music, ці так званаму сучаснаму фальклору, мы — у авангардзе Еўропы: дудары, былыя «Крыві», «Гаротніца», «Троіца», «Osimira» і «WZ-Orkiestra», між іншым. Калісьці «Крыві» выйгралі Гран-пры на вялізным фэсце «Музыка свету» ў Берліне, у якім бралі ўдзел 200 гуртоў, выступалі людзі нашмат прафесійней за нас. Чаму так адбываецца? Мы ж пра сваё спяваем. Што можа быць цікавейшым?

— Куды плануеце наступную вандроўку?

— Праз два тыдні еду ў Готланд, у Швецыю. На сямейны адпачынак да Эрыксанаў: амбасадар Швецыі і ягоная жонка — хросныя маіх сына і дачкі. У нас са Стэфанам вельмі добрыя, цёплыя адносіны, таму, што амбасадараў шмат, а…

— А Зміцер Вайцюшкевіч — адзін?

— Не! (рагоча) З «эга» ў мяне праблемаў няма. Я, нібыта Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, «хвалу и клевету приемлю равнодушно».

Алена Барэль
 

Каментаваць