Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Віктар Цой: Я не лічу сябе змагаром

"Мы хотели пить — не было воды. Мы хотели света — не было звезды. Мы выходили под дождь и пили воду из луж"... Гэта словы з песні Віктара Цоя "В нашіх галазах", адной з больш чым 600 песен, якія ён паспеў напісаць за сваё кароткае жыццё. Сёння яму б споўнілася 55 гадоў...



Гэта былі часы гарбачоўскай перабудовы. Жалезны занавес абрынуўся тады не толькі паміж Захадам і СССР, але і ўнутры самога Савецкага Саюза. Па тэлебачанні — праграма «Взгляд». У газетных шапіках — чэргі. У Прыбалтыцы і Беларусі — народныя франты. І ўжо не на вініле, і нават не па ТБ, а тут, у Мінску, жыўцом — маладыя легенды: «ДДТ», «Аквариум», «Наутилус Помпилиус». Я вучыўся ў БДУ і адначасова працаваў у надзвычай папулярнай тады рыжскай газеце «Советская молодёжь». Мае першыя інтэрв’ю — з Юрам Шаўчуком, Барысам Грабэншчыковым, Жанай Агузаравай, Васілём Быкавым, Святланай Алексіевіч… 

Але адным з першых быў Віктар Цой. Ён выступаў на стадыёне «Дынама», побач з якім месціўся наш студэнцкі гарадок БДУ. Гурт «Кино» даваў некалькі канцэртаў. Толькі што па кінатэатрах з трыумфам прайшлі «Асса» Салаўёва і «Игла» Нугманава. Віктар Цой — сапраўдная суперзорка. Яго песня «Перемен!» была лейтматывам тых новых светлых часоў, якія — мы, дваццацігадовыя, былі перакананыя — прыйшлі беззваротна і назаўсёды. І вось Цой у Мінску…

— Давайце пачнём з самага пачатку: чаму менавіта «Кино»?

Цой: У сэнсе — чаму гурт называецца «Кино»? Ведаеце, калі мы прыдумлялі гэтую назву, нам было па 18-19 гадоў, і зараз я проста нават не памятаю. Гэта так, ад «ліхатара» проста.

— Вы ў жыцці такі ж самы змагар, як і на сцэне?

Цой: А я й не ведаю. Я не лічу сябе змагаром. Я спяваю песні. І спяваю пра тое, што мне падабаецца, што мяне хвалюе…

— Але вы на сцэне ствараеце нейкі вобраз. Як вы самі можаце яго ахарактарызаваць?

Цой: Я нічога не ствараю, ніякіх вобразаў. Я вось сяджу тут, выходжу на сцэну, я… сам вобраз. (Смяецца.)

— Што для вас галоўнае сёння?

Цой (пасля паўзы): Захаваць унутраную свабоду.

— А што пажадаеце чытачам?

Цой: Я ніколі нікога не вучу, то бок імкнуся не вучыць. Я магу пажадаць толькі ўдачы…

Увогуле гутарылі тады доўга… У мяне быў з сабой «Зенит», я толькі-толькі пачынаў фатаграфаваць. Фотаўспышку (яе пазычыў таварыш па інтэрнаце) трымаў у руках упершыню, таму яна бліснула толькі аднойчы. Прапанаваў Цою выйсці на вуліцу — думаў сфатаграфаваць яго на фоне шматлюдных трыбун, але ён пажадаў стаць каля сцяны. «Не магу на вас глядзець — сонца ў вочы свеціць», — сказаў, усміхнуўшыся… Так атрымаліся яшчэ тры кадры.

Быў сонечны май. Гэта і былі часы маёй маладосці.


Каментаваць