Адышоў у вечнасць Анатоль Валахановіч

Не стала яшчэ аднаго светлага чалавека, архівіста, журналіста, краязнаўцы. Сёння раптоўна спынілася сэрца Анатоля Іосіфавіча Валахановіча. Яму было 77 гадоў.

Мы пазнаёміліся ў 1997-м, калі пачалі працаваць над зборнікам “Хто ёсць хто ў Беларусі”. З тых часоў я заўсёды рада была яго бачыць: на акцыі, прэзентацыі, канферэнцыі. У яго заўсёды быў добры настрой, знаходзіліся цёплыя словы і шчырае жаданне дапамагчы, чым можа.

Ён стараўся не прапускаць ні адной значнай імпрэзы. Быў ён і ля крыжа Вінцэнта Гадлеўскага, што ва ўрочышчы Благоўшчына 29 кастрычніка 2016 года.

А яшчэ ён шмат пісаў — артыкулаў, кніг, даследаванняў… Друкаваліся яго артыкулы і ў “Новым часе”.

Шчэміць сэрца, цяжка ад таго, што больш не абняць мне вас, Анатоль Іосіфавіч… Не запытацца, як справы, што новага…

Вечная светлая памяць!..

Развітанне з Анатолем Валахановічам адбудзецца 24 лістапада, а 11-й раніцы, у рытуальнай залі 9-й лякарні па вул. Сямашкі, 8.

Пахаванне адбудзецца на радзіме, у в. Паўлаўшчына Койданаўскага раёна.

 

Даведка:

Анатоль Іосіфавіч Валахановіч (17 красавіка 1939, Менск, БССР, СССР) — гісторык, журналіст, краязнавец.

Закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1961). Чалец Беларускага саюза журналістаў (1975). У 1961—1962 гг. настаўнік гісторыі у в. Баравое (Дзяржынскі раён), з траўня 1962 г. адначасова дырэктар школы ў в. Паланевічы (Дзяржынскі раён), з 1964 г. дырэктар школы ў в. Ракашычы (Уздзенскі раён), са жніўня 1966 г. дырэктар школы ў в. Зенькавічы (Уздзенскі раён).

З верасня 1968 г. рэдактар у выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з лютага 1975 г. загадчык рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва «Навука і тэхніка» АН БССР, з траўня 1996 г. па 2002 г. старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута дакумэнтазнаўства і архіўнай справы.

Пісаць і друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады ў 1959 г. Даследаваў праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі, распрацоўваў пытанні палітычных рэпрэсій (1920 — пачатку 1950-х гг.), займаўся гісторыяй хрысціянства ў Беларусі.) і інш. Аўтар звыш 400 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах, газетах, кнігах. Пісаў аповесці, апавяданні, эсэ, дакументальныя нарысы, казкі.

 

Каментаваць