Афіцэр Канстытуцыі Міхаіл Пастухоў

Ёсць людзі, жыццё якіх падобнае да раманаў. Для кагосьці гэта любоўная гісторыя, для кагосьці — «вытворчы раман». Але хто б мог падумаць, што ў былога суддзі Канстытуцыйнага суда жыццё падобнае да палітычнага дэтэктыву! А здавалася б — ціхі доктар юрыдычных навук, прафесар, якому 7 красавіка спаўняецца 55 гадоў.



Self-made man

Пра такіх, як Міхаіл Пастухоў кажуць «self-made man», — «чалавек, які зрабіў сябе сам».

Міхаіл Пастухоў нарадзіўся 7 красавіка 1958 года ў маленькім раённым гарадку Сураж Бранскай вобласці. Бацькі ў Міхаіла Іванавіча былі простымі людзьмі: маці ўсё жыццё прапрацавала кардоннай фабрыцы «Пралетар». Бацька быў аграномам у мясцовым хмельпункте.

Як узгадвае Пастухоў, дзяцінства яго было «басаногае», але школу ён скончыў з залатым медалём. Пасля школы вырашыў ехаць у Мінск. Юрфак абраў па той прычыне, што ў якасці профільнага іспыту трэба было здаваць гісторыю, якая яму падабалася. Конкурс быў 16 чалавек на месца. Але Пастухоў уступны экзамен здаў на «выдатна» і адразу ж быў залічаны ў студэнты.

Па заканчэнні юрфака Міхаіл паступіў у аспірантуру, а ў 25 гадоў ужо абараніў кандыдацкую дысертацыю. З гэтага і пачынаюцца «дэтэктывы Пастухова».

У кіпцюрах КДБ

Пасля аспірантуры Пастухоў мог альбо працягнуць навуковую дзейнасць у Інстытуце філасофіі і права АН БССР, альбо пайсці выкладчыкам на юрыдычны факультэт БДУ. «Юрыдычны факультэт БДУ мне падабаўся болей, я там усіх ведаў. Але тым, хто ішоў у АН БССР, давалі кватэры. Вось я і пайшоў», — кажа Пастухоў.

Даследчыцкая праца была не вельмі цікавай. Да таго ж заробак там быў каля 140 рублёў — сярэдні па тых часах. Паўтара гады адпрацаваўшы ў якасці малодшага навуковага супрацоўніка, Пастухоў заўважыў, што народ з Акадэміі навук сыходзіць. І ён вырашыў пашукаць лепш аплачваемую працу.

Пастухоў звярнуўся ў Вышэйшую школу МУС, дзе пры залічэнні давалі капітанскае званне. Двойчы ён праходзіў сумоўе, двойчы яго бралі на працу. Але двойчы прасілі «пачакаць», бо наперадзе яго былі кандыдаты «па блаце». «У той час я сустрэў знаёмую, якая звяла мяне з выкладчыкам Вышэйшай школы КДБ. Гэта было пасля другога выпадку, калі мяне папрасілі «пачакаць». Мы сустрэліся з гэтым чалавекам, вельмі прадуктыўна паразмаўлялі, пасля чаго мне было сказана, што я падыходжу для выкладання ў гэтай установе, але праверка зойме пэўны час. Пэўны час расцягнуўся на паўгода. Праверку я прайшоў, так і трапіў у КДБ. Лейтэнанцка-выкладчыцкі заробак быў удвая большы, чым мой «акадэмічны», — расказвае Пастухоў.

Вязень сумлення

Пастухоў стаў лейтэнантам КДБ напачатку 1985 года. Менавіта ў гэтым годзе пачалося тое, што запомніцца ўсяму свету пад назвай «перабудова». У гэты час шмат хто даведаўся пра тое, чым насамрэч быў КДБ.

«Так, у мяне ўзнікала адчуванне кшталту: «Куды я патрапіў?». З кожным годам мы даведваліся ўсё больш пра тое, якімі метадамі дзейнічаў КДБ. Я, атрымліваецца, быў саўдзельнікам гэткай працы, бо навучаў супрацоўнікаў КДБ», — кажа Пастухоў.

Але ў той жа час Пастухоў пабачыў, як змяняюцца «органы»: «Яны сталі больш займацца сваёй непасрэднай дзейнасцю, сталі менш палітычнымі. Я знайшоў тое, што для мяне было цікава як для даследчыка. Я стаў займацца пытаннямі рэабілітацыі асоб, якія былі незаконна прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці».

Канешне, гэта была і праблема рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Архівы КДБ далі Пастухову ўяўленне пра гэтую праблему. Менавіта з-за пабачаных дакументаў ён вырашыў заняцца пытаннямі рэабілітацыі, «каб таго, што было, ужо не паўтарылася». У снежні 1993 года Пастухоў абараняе дысертацыю пад назвай «Рэабілітацыя асобаў, незаконна прыцягнутых да крымінальнай адказнасці: асновы прававога інстытута», і становіцца доктарам юрыдычных навук.

«Чужы сярод сваіх»

Яшчэ падчас працы ў КДБ Пастухоў як эксперт прымаў удзел у распрацоўцы розных заканадаўчых актаў новай Беларусі. Шчыльна супрацоўнічаў з кіраўніком камісіі ВС 12-га склікання Дзмітрыем Булахавым. «Разам мы абмяркоўвалі рэформу пракуратуры, судовай сістэмы, распрацоўвалі ідэю Следчага камітэта. Булахаў хацеў мадэрнізаваць і КДБ. Ён уключыў мяне ў групу экспертаў, якім было даручана прапрацаваць канцэпцыю судова-прававой рэформы. Гэтая рэформа была распрацаваная, і за гэтую распрацоўку я быў прадстаўлены да ганаровага звання «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь», хаця прыняцце канцэпцыі было заблакаванае», — распавядае Пастухоў.

Папера пра ўзнагароду прыйшла па месцы працы Пастухова — у КДБ. Ягонае кіраўніцтва тады было агаломшанае гэтым, і нават прапанавала адмовіцца ад звання. Маўляў, занадта малады, дый лепш «не высоўвацца», а ціхенька служыць, каб не мець непрыемнасцяў. Пастухоў з гэтым нават пагадзіўся, але вырашаць, прымаць яму гэтае званне альбо не, павінен быў афіцэрскі сход. І  сход прагаласаваў «за».

Былых КДБшнікаў не бывае?

Міхаіл Пастухоў з’яўляецца доктарам юрыдычных навук, адным з аўтараў судова-прававой рэформы і адным з распрацоўшчыкаў закона аб Канстытуцыйным судзе. «Як толькі ў сакавіку 1994 года я атрымаў на рукі дыплом доктара юрыдычных навук, я пабег да Булахава, як кажуць, «папантавацца». Я зайшоў, а Булахаў размаўляе з тагачасным шэфам КДБ Генадзем Лавіцкім. Я дэманструю дыплом, а Булахаў мне і кажа, што фарміруецца спіс кандыдатаў у суддзі Канстытуцыйнага суда, і прапануе мяне туды ўпісаць. Гэта пры маім непасрэдным шэфе! Гэта было нечаканым. Дый я ўжо 9 гадоў у КДБ, цудоўная кар’ера — пяць год партупея цісне, а потым яе ўжо не адчуваеш… І ён мяне туды ўнёс», — узгадвае Пастухоў.

Але з КДБ нікога проста так не адпускаюць. Тым больш, што для прызначэння суддзёй трэба было мець даведку з мінулага месца працы, а КДБ такіх даведак не дае. «Маім непасрэдным кіраўніком быў Урал Латыпаў. Ён доўга вагаўся, падпісваць мне даведку альбо не. І ў выніку са словамі: «Хай лёс вырашае, станеш ты суддзёй ці не, бо шансаў прайсці ў цябе няма», паперу ўсё ж падмахнуў», — распавядае Пастухоў.

У той час Прэзідыум ВС зацвярджаў спіс кандыдатур у суддзі, і Пастухова адхіліў. То бок, у «рэкамендаваным для прыняцця» спісе яго імя не было. Але Булахаў меў права выступу перад дэпутатамі, і на пленарным пасяджэнні Пастухова ўсё ж вылучыў. А дэпутаты зацвердзілі.

Як ён не стаў шпіёнам

Прызначэнне суддзёй выклікала яшчэ адну праблему. Звольніцца з КДБ можна было толькі па стане здароўя альбо па прафнепрыдатнасці. «Фармулёўку аб маім звальненні шукалі доўга, а некаторыя прапаноўвалі ўвогуле не звальняцца, а стаць «афіцэрам дзейнага рэзерву». Гэта значыць, сваім чалавекам у Канстытуцыйным судзе. З гэтай прапановай не пагадзіўся ўжо я: па маральна-этычных прычынах. Я павінен быў быць вольны ад усялякіх залежнасцяў, будучы суддзёй», — падкрэслівае Пастухоў.

Звольнілі з КДБ Пастухова толькі праз паўгода, з доўгай, але паважлівай фармулёўкай у асабістай справе, а па працоўнай кніжцы — у сувязі з пераходам на працу ў Канстытуцыйны суд. Незадоўга да звальнення яму ўсё ж прысвоілі чарговае званне падпалкоўніка.

«Мой заробак у органах на той час перавышаў заробак суддзі, так што я ад такога пераходу толькі страціў: і аплату, і кар’еру», — адзначае з лёгкай іроніяй Пастухоў.

Але хутка надышоў 1996 год.

Палітычны трылер

19 лістапада 1996 года ў Канстытуцыйны суд быў перададзены пакет дакументаў з подпісам 73 дэпутатаў з патрабаваннем вынесці вердыкт, парушыў альбо не парушыў прэзідэнт Канстытуцыю. Вердыкт КС аб парушэнні прэзідэнтам Канстытуцыі аўтаматычна адхіляў прэзідэнта ад пасады і перадаваў уладу старшыні Вярхоўнага савета.

«Наколькі я ведаю, існавала дзве дамоўленасці са старшынёй КС Валерам Ціхінем. Першая — што справа аб парушэнні прэзідэнтам Канстытуцыі будзе разгледжана тэрмінова. Другая — што да пачатку працэсу імёны 73 дэпутатаў разгалошвацца не будуць», — узгадвае Пастухоў.

Пастухова прызначылі суддзёй-дакладчыкам па справе аб парушэнні прэзідэнтам Канстытуцыі. Ён павінен быў тэрмінова падрыхтаваць пасяджэнне. І ён гэта зрабіў. На той момант суд ужо прызнаў 16 указаў прэзідэнта неадпаведнымі Канстытуцыі, але... «У той жа дзень, 19 лістапада, да Ціхіні прыйшоў «сябра дзяцінства», які закрыўся з ім у кабінеце на тры гадзіны. Калі я зазірнуў у пакой, я пабачыў, што Ціхіня «пабіты чырвонымі плямамі». Пасля размовы ён і гэты чалавек пайшлі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Гэта было вельмі дзіўна, бо паўгода Ціхіня не перамаўляў з прэзідэнтам, — апошні настойваў на роспуску КС, які «парубіў» столькі ягоных указаў», — узгадвае Пастухоў.

Пасля візіту Ціхіні ў адміністрацыю, старшыня КС паведаміў, што прэзідэнт хоча паразмаўляць з суддзямі. Суддзі адмовіліся. Ціхіня зноў схадзіў да прэзідэнта і даў там згоду, што справа аб імпічменце не будзе разгледжана раней за 22 лістапада.

«Пасля таго, як Ціхіня схадзіў у адміністрацыю, там апынуўся спіс «падпісантаў» імпічменту. Шмат якія дэпутаты потым сведчылі, што на іх аказваўся вельмі моцны ціск з тым, каб яны адклікалі свае подпісы пад імпічментам. Некаторыя гэта зрабілі, і падпісантаў стала менш за неабходныя 70. З-за гэтага імпічмент быў адкладзены на «пасля рэферэндуму», — распавядае Пастухоў.

Рэферэндум прайшоў так, як ён прайшоў. «Ужо на наступны дзень пасля рэферэндуму, 26 лістапада, былі падведзеныя вынікі рэферэндуму новым ЦВК на чале з Ярмошынай, па ініцыятыве 103 дэпутатаў быў распушчаны Вярхоўны савет — у парушэнне кворуму і Канстытуцыі. Гэтыя 103 дэпутата незаконна прынялі закон аб роспуску ВС і закон аб спыненні справы аб парушэнні прэзідэнтам Канстытуцыі Беларусі», — кажа Пастухоў.

Суддзі КС у роспачы прагаласавалі за спыненне справы, супраць чаго выступіў Пастухоў. На ягоную думку, гэты «закон» быў прыняты ў парушэнне ўсіх законных нормаў. А таму справу імпічменту варта працягваць. Ягонае «асабістае меркаванне» па гэтым пытанні нават апублікаванае ў «Весніку Канстытуцыйнага суда».

Апошні легітымны суддзя

У сувязі са зменай Канстытуцыі з Адміністрацыі прэзідэнта паступіла паведамленне: тыя суддзі, хто «няправільна» галасаваў па пытанні аб імпічменце, могуць напісаць заяву па звальненні па ўласным жаданні. У падзяку яны атрымаюць выходную дапамогу і магчымасць вольнага працаўладкавання. Напісалі ўсе. Апроч Пастухова.

«Так, мы не маглі ажыццяўляць свае паўнамоцтвы, бо няма легітымнай Канстытуцыі. Таму я напісаў толькі заяву ў Прэзідыум ВС на імя старшыні ВС, тады Сямёна Шарэцкага, з просьбай прыпыніць мае паўнамоцтвы датуль, пакуль не будзе ўзноўленая канстытуцыйная законнасць. Тым больш, што ў Канстытуцыю былі ўнесеныя толькі змены, а суддзі абіраліся на 11 гадоў. То бок, змены юрыдычна нас не датычыліся, і нашы паўнамоцтвы павінны былі цягнуцца 11 гадоў», — кажа Пастухоў.

Пастухоў дагэтуль з’яўляецца адзіным легітымным суддзёй Канстытуцыйнага суда.

Нішто не цягнецца вечна

Пастухоў прызнаецца, што ў нейкія змрочныя часы ён падумвае пра тое, што мог бы даслужыцца да генерала, зараз мець дастатак і пасаду, быць пенсіянерам, уладкавацца ў Расіі… «Але я дагэтуль перакананы, што адзіная легітымная Канстытуцыя — Канстытуцыя 1994 года. Я ўпэўнены, што Лукашэнка не мог вызваліць мяне ад пасады сваім указам, як не мог вызваліць ад пасады старшыню ЦВК, майго сябра Віктара Ганчара. І калі-небудзь законнасць будзе», — заяўляе Пастухоў. Можа, гэта яму і дапамагае па жыцці?

Каментаваць