Алег Гулак

Алегу Гулаку пасля шматгадовага кіравання Беларускім Хельсінскім камітэтам вядомай Таццянай Процькай было дастаткова складана стаць у руля. Як гэта звычайна бывае, новае параўноўвалі з ранейшым. Але даволі хутка пераканаліся: стыль і ўзровень працы БХК прынцыпова не зменяцца, навацыі ж скіраваны на развіццё.

Вандроўка ў мінулае



Алегу Гулаку пасля шматгадовага кіравання Беларускім Хельсінскім камітэтам вядомай Таццянай Процькай было дастаткова складана стаць у руля. Як гэта звычайна бывае, новае параўноўвалі з ранейшым. Але даволі хутка пераканаліся: стыль і ўзровень працы БХК прынцыпова не зменяцца, навацыі ж скіраваны на развіццё.

Вандроўка ў мінулае

Алег Гулак — зямляк знакамітага Васіля Старавойтава, якога паспрабавалі ператварыць з легенды айчынай сельскай гаспадаркі ў звычайнага былога зэка. Гулак нарадзіўся 1 верасня 1967 года ў Кіраўскім раёне. У пасёлку Жылічы, што недалёка ад славутых Мышкавічаў.

Як бачна, дзень народзінаў у яго — выключна “настаўніцкі, асабліва з улікам таго, што бацькі Алега працавалі ў школе. Маці, Яніна Гаўрылаўна, (на жаль, ужо памерла) — настаўніцай біялогіі, а бацька, Мікалай Сцяпанавіч, — рускай мовы і літаратуры.

Дарэчы, менавіта ў Жыткавічах знаходзіцца маёнтак знакамітых Булакаў, адзін з якіх некалі быў у Радзе БНР. Увесь савецкі час гэты будынак актыўна выкарыстоўваўся, што і выратавала яго ад брутальнага разбурэння. Сёння ў ім вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

Па свайму адміністрацыйнаму статусу пасёлак Жыткавічы знаходзіцца паміж горадам і вёскай. Значная частка насельніцтва там не працуе на зямлі пастаянна, але амаль кожны мае ўласную гаспадарку. Менавіта такія пасёлкі часцей за ўсё і абіраюць для стварэння паказушных аграгарадкоў.

Дзякуючы “Вандроўкам у мінулае, якія ладзіць старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, мне давялося пабываць у розных канцах Беларусі, пабачыць дзясяткі розных аграгарадкоў. І вось што цікава — надзвычай рэдка каля дома можна знайсці нейкае садовае дрэва, што абсалютна не ўласціва для Беларусі. Тлумачыцца ўсё вельмі празаічна — людзі не збіраюцца там жыць доўга.

Юрыдычным шляхам

У Жылічах — адна сярэдняя школа. Яе ў 1984 годзе з залатым медалём і скончыў Алег Гулак. Для паступлення абраў юрыдычны факультэт БДУ. Цікава, што ніхто ў родзе Гулакаў не быў юрыстам, таму на маё пытанне наконт прычын выбару ён адказаў вельмі проста — спадабалася.

Хто вучыўся на юрфаку побач з Алегам, я спецыяльна распавядаць не буду. Як і называць канкрэтныя прозвішчы, бо многія з іх сёння працуюць на даволі высокіх пасадах. На жаль, гэта адна з прыкмет нашага часу: хто не з намі — той супраць нас. У 1989 годзе Алег Гулак паспяхова атрымаў вышэйшую адукацыю.

Па размеркаванню яго накіравалі ў родную Магілёўскую вобласць падымаць мясцовы аграпром. Як і сёння — бліжэй да Чарнобыльскай зоны. Але прабыў Гулак там толькі два тыдні. Менавіта яны сталі ў нейкім сэнсе праваабарончым дэбютам.

Справа ў тым, што ўжо пасля выпуску ён ажаніўся з будучым філолагам Анастасіяй, якую да гэтага ведаў амаль тры гады. Дарэчы, шлюбы паміж юрыстамі і філолагамі былі нярэдкасцю. І не толькі таму, што на юрфаку навучаліся пераважна юнакі, а на філфаку — дзяўчаты, яшчэ і таму, што студэнты гэтых факультэтаў жылі ў адным інтэрнаце, і стрэлам Амура было значна лягчэй знаходзіць “ахвяраў.

Не буду пераказваць усе падрабязнасці змагання Алега Гулака з аграпрамаўскімі чыноўнікамі, якія вельмі своеасабліва (калі не сказаць больш) трактавалі тагачасныя законы. Адзначу толькі, што ўрэшце ён дамогся свайго і паехаў працаваць у Пінск, куды размеркавалі настаўніцай жонку.

Дакладней, стаў юрыст-консультам завода “Камертон, які з’яўляецца часткай вядомага “Інтэграла. І апынуўся, як кажуць, паміж молатам і кавадлам. Хутка пачаліся так званыя “скарачэнні, а Алег прынцыпова заклікаў усё рабіць законна. Вынік быў прадказальны. Адміністрацыя вінаваціла яго ў падыгрыванні рабочым, а тыя ўзгадвалі выслоўе пра дудку адміністрацыі…

Супраць плыні

На “Камертоне Алег Гулак прапрацаваў тры гады. Напэўна, гэта цягнулася б і надалей, каб ён не пазнаёміўся з лідарам мясцовых сацыял-дэмакратаў Віктарам Ярашуком, які працаваў фізруком у школе жонкі. Ярашук на той час быў даволі вядомай асобай. І не толькі ў журналісцкім асяроддзі.

Менавіта пінская школа №12 у пачатку 1990-х, у тым ліку і намаганнямі Ярашука, правяла страйк, дзе галоўнымі былі палітычная патрабаванні. Дый сам Алег Гулак актыўна пачаў цікавіцца палітыкай. Дакладней, тым, што лаканічна называецца трэцім сектарам.

Таму цалкам лагічным было тое, што ён актыўна ўключыўся ў стварэнне Пінскай суполкі Беларускага Хельсінскага камітэту. Нелагічным сёння падаецца іншае. БХК быў створаны ў 1995 годзе, а яго пінская філія — у 1996-м. Каб правесці сустрэчу з мінскімі гасцямі, Алег Гулак звярнуўся да тагачаснага намесніка старшыні гарвыканкама, і той прапанаваў сваю малую залю…

Больш за тое, офіс пінскай структуры Беларускага Хельсінскага камітэта некаторы час арэндаваў памяшканне ў адным будынку з мясцовым КДБ. Яны нават месціліся на адным паверсе. Рознымі былі толькі ўваходы.

У 1997 годзе Анастасія паступіла ў аспірантуру БДУ, і яны разам з дачкой Дамінікай пераехалі ў Мінск, а Алег пачаў працаваць у цэнтральным офісе БХК. Спачатку звычайным юрыстам, потым выканаўчым дырэктарам, намеснікам старшыні, а з 2006 года — старшынёй.

Менавіта на гэты час прыходзіцца пачатак аднаго з самых складаных перыядаў дзейнасці праваабаронцаў, бо за некалькі месяцаў да абрання Алега Гулака старшынёй, нечакана былі адменены рашэнні ўсіх гаспадарчых судоў, якія разглядалі іх справу.

Гаворка пра добра вядомую гісторыю вакол грантаў Еўракамісіі па праграме ТАСІС. Нягледзячы на тое, што гэтыя гранты афіцыйна не абкладаліся падаткамі, айчынныя фінансавыя пінкертоны налічылі праваабаронцам аж 155 мільёнаў (беларускіх рублёў, канешне) штрафаў, якія з улікам пені зараз ператварыліся ў больш за 200 мільёнаў.

Не засмуціла нават тое, што гранты былі ў межах міждзяржаўных пагадненняў, што аналагічныя грошы атрымлівалі яшчэ 29 структур, што нават беларускія суды палічылі гэтыя прэтэнзіі нонсенсам… Калі ўзгадаць знакамітае: “ты вінаваты толькі тым, што хочацца мне есці, дык трэба канстатаваць — “есці захацелася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года…

Пройдзе пяць гадоў — і той “падатковы наезд стане прычынай папярэджання, якое Міністэрства юстыцыі вынесе на адрас БХК 6 чэрвеня 2011 года.

Пра іх астатнія “прыгоды гаварыць няма сэнсу, бо яны і так добра вядомыя. Зраблю акцэнт толькі на тым, што сёння БХК — АДЗІНАЯ (!) незалежная праваабарончая арганізацыя ў краіне, якая захавала свой легальны статус. Іншых “зачысцілі.

Напэўна, некаторыя не ўбачаць тут нічога экстраардынарнага. Маўляў, падумаеш — не падставіліся… З гэтым можна пагадзіцца, калі цалкам не ўлічваць абставіны, у якіх мы ўсе сёння жывем. А абставіны такія, што над Алегам Гулакам амаль шэсць гадоў вісіць дамоклаў меч, які ўшчэнт знішчыць яго структуру, калі для гэтага будзе адносна “прыстойная падстава.

Пагадзіцеся, не скарыцца, не сцішыцца ў такіх умовах, і пры гэтым адстаяць, захаваць арганізацыю, болей чым не проста. Асабліва, калі тая раздражняе ўладу, не менш, чым чырвоная ануча быка. Перш за ўсё, тым, што не дае ажыццяўляць поўнае прававое бязмежжа. У мінулым годзе БХК нават заклікаў Вярхоўны суд адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Хельсінскі камітэт юрыдычна (даволі прафесійна) дапамагае тым, хто, каб не БХК і іншыя праваабарончыя арганізацыі, сёння быў бы цалкам безабаронны.

Прымусовая дыялектыка

Не так даўно я ў чарговы раз пераканаўся, што ў гэтым свеце ўсё паўтараецца на новым ўзроўні. Зараз Алег Гулак вымушаны заняцца тым, з чаго і пачыналася яго юрыдычная кар’ера — абаронай асабістых правоў. Маецца на ўвазе пошук канцоў, якія зрабілі яго невыязным.

Цалкам не падзяляю скепсіс з гэтай нагоды. Маўляў, у нашых судах праўды дабіцца немагчыма па вызначэнню.

Па-першае, можна прывесці добры дзясятак аргументаў і фактаў, якія абвяргаюць гэты лозунг.

Па-другое, краіна павінна ведаць сваіх герояў. А то ў нас часцей за ўсё робіцца так: нейкі ананім прыдумляе розныя дробныя брыдасці, і ніхто толкам не ведае, каму трэба за іх дзякаваць.

Што тычыцца адыёзнай прапановы адыёзнага (былога) прапагандыста наконт грамадзянства, то тут я пагаджуся толькі тады, калі абмежаванні пачнуцца з такіх, як аўтар прапановы. А то “змыюцца ў Расію і пачынаюцца адтуль паліваць нашу “стабільнасць, за якую не так даўно самі ж прапаноўвалі даць Нобелеўскую прэмію ў галіне эканомікі…

Калі я працаваў над гэтым нарысам, то некалькі разоў даводзілася чуць прэтэнзіі наконт скрупулёзнасці і зусім не нямецкай абавязковасці Алега Гулака. Больш за тое, сам пераканаўся, што для падобных меркаванняў ёсць пэўныя падставы.

Але, на мой погляд, гэта рыса не самая галоўная ў характары героя нарыса. Бездакорных людзей няма ўвогуле. Да таго ж, на забыўлівасць грашыць часцей той, хто мае справу з аграмаднай плынню інфармацыі.
 

Каментаваць