Алег Хаменка: навошта людзям фальклор?

У мінулыя выходныя ў межах сустрэчы кампаніі «Рок-салідарнасць» адбылася гутарка з лідарам фольк-мадэрн гурта «Палац» Алегам Хаменкам. Ён выказаў шмат цікавых думак, але прызнаўся, што не ведае, навошта людзям фальклор. Ён выступае за новы фальклор, за мадэрн. Хто б сумняваўся: Хаменка сам пачынальнік «новага фальклору».

Навошта людзям фальклор?



У мінулыя выходныя ў межах сустрэчы кампаніі «Рок-салідарнасць» адбылася гутарка з лідарам фольк-мадэрн гурта «Палац» Алегам Хаменкам. Ён выказаў шмат цікавых думак, але прызнаўся, што не ведае, навошта людзям фальклор. Ён выступае за новы фальклор, за мадэрн. Хто б сумняваўся: Хаменка сам пачынальнік «новага фальклору».

Навошта людзям фальклор?

— Навошта людзям фальклор? Я быў на Віцебшчыне, і мне запала ў розум слова «спадкі». Кшталту: «А прынесла ці ты тыя спадкі»? Потым, калі больш дакладней паразмаўляў, то найбліжэйшы рускі адпаведнік: «пажыткі» ці «барахло».

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся спадкі, спадчына. І мы не ведаем, што з гэтымі спадкамі рабіць. Рэч, якую ты не носіш, ці калі яна ляжыць у шафе, толькі шкодзіць. Можа, камусьці трэба яе падараваць. Можа, спаліць. Вось гэтая праблема, якая ў Беларусі прысутнічае. Я гэта гавару як чалавек, які багата часу аддаў аналізу, збору і прапагандзе фальклору.

Увогуле, паняцце «фальклор» пачало ўжывацца напачатку ХІХ стагоддзя. Кантэкст быў такі: магутныя імперыі ўжо ўсё пазаваёўвалі. А потым трэба было вывучаць: а што ж яны, карэнныя жыхары, там робяць? Чаму дамаская сталь круцейшая за еўрапейскую? Як вырабляюць мячы японцы? Карацей, гэта было неабходна: вывучаць тэхналогіі, якія былі ў калоніях. І з гэтага пачынаецца пошук і аналіз фальклору. Прычым гэта не толькі тэхналогіі, а тое, што ўвогуле мае гэты народ.

Зразумела, што «выбух імперый» прымушаў цалкам мяняць лад жыцця. Шмат людзей пераязджала ў гарады. Зараз як пятніца — так і свята. А з гэтага і пачынаюцца міжасобасныя стасункі, і пачынаецца фальклор. Гэтыя праблемы зараз балюча-балюча адбіваюцца на Заходняй Еўропе, мы бачым, як стогне тая ж Германія, і мы яшчэ пабачым гэтыя праблемы на ўласным досведзе. Прыціскаць мігрантаў не можна — гэта фашызм. А калі тыя ўжо на галаву селі… Таму такая вось рэч… Мы такія талерантныя, мы такія радыя. «Прыязджайце, тэрарысты, у нас воздух чысты-чысты!» Але насамрэч, калі вы будзеце размаўляць не з мікрафонам, а са сваімі сябрамі, вы пачуеце іншае: «Хутка Беларусь будзе кітайскай. Людзі з Усходу апанавалі ўсе базары». Такія размовы сапраўды адбываюцца, і ніхто ў грамадстве не звяртае на гэта ўвагу.

Мы развіваем «сядзібны турызм». «Едзьце да нас. Прывозьце толькі вашыя грошы». Так не бывае. З той прычыны, якой людзі бачаць Беларусь, і якой яе бачым мы. Мы бачым яе з аднаго боку, а замежнікі глядзяць на яе зусім з іншай пазіцыі.

Фальклор падзелены на чатыры асноўныя часткі. Не трэба лічыць, што фальклор — проста спевы і вышыванкі. Гэта і культура, і архітэктура, лад жыцця, вусная і вербальная творчасць, музыка, святочна-абрадавыя рэчы. І ўсе гэтыя чатыры пазіцыі, канешне, перасякаюцца.

Чаму я пра гэта кажу? Таму што іншым часам у нашых чыноўнікаў стаўленне асаблівае: «Хаменка, ідзі сюды, раскажы нам гэтую казку пра фальклор». Проста ў чалавека не трансляваліся нашы каштоўнасці. А вось калі ў якую-небудзь краіну прыязджаюць кітайцы ці арабы, то яны вязуць з сабой усё. Кніжкі, адзенне, традыцыі, лад жыцця, святы. А беларус, як толькі пераязджае ў Галандыю, — ён праз тры тыдні галандзец.

Нічога мы туды не вязем. Усе нашы дыяспары (а я пабачыў дыяспары па ўсім свеце) папросту перасталі асэнсоўваць сябе беларусамі. У Калінінградзе, напрыклад, было трыста тысяч беларусаў. Зараз іх засталося дзвесце тысяч. То бок, за апошнія восем гадоў мы згубілі сто тысяч беларусаў. А з чым гэта звязана? З тым, што не адчуваем, што мы народ, не адчуваем сваіх традыцый і фальклору.

Новы фальклор

— Зараз моладзь яднаецца па розных прычынах. Металісты. Хіпстэры. Рокеры-шмокеры. У іх з’яўляюцца свае артэфакты. Свая культура. Свая мова. У тых жа самых хіпстэраў і панкаў свой слэнг і свая субкультура. У іх ёсць свае абрады і традыцыі, яны аднаўляюць новую фальклорную схему. Той жа прафсаюз кавалёў. У іх ёсць свае словы, свае рэчы. І тым самым яны захоўваюць нейкую дзяржаўную рэч. І дзяржава развіваецца за кошт таго, як будзе развівацца ўся гэта схема. І гэта значна больш актуальна, чым танкі і гарматы.

Танкамі можна было Афганістан праехаць на дзень. І англічане, і амерыканцы, і Савецкі Саюз яго заваёўвалі. І дзе яны зараз? А ў Афганістане ёсць традыцыі. Прычым вельмі жорсткія традыцыі. Гэтыя ўплывы культуры значна больш важныя за танкі і гарматы. Навошта людзей забіваць, калі іх можна зрабіць  ваімі грамадзянамі?

У нас пакуль не распаўсюджана такая рэч, як «рамантычны нацыяналізм». Гэтая рэч звязаная з гонарам за нацыянальныя каштоўнасці. Нацыя — гэта і грамадства. І шмат людзей, якім далі вялікія грошы на пошук «нацыянальнай ідэі». У выніку яны так нічога і не знайшлі, грошы раздзярбанілі, але не знайшлі.

Але, тым не менш, любая краіна абвяшчае сваю нацыянальную ідэю. Кітай — «Паднябесная». Амерыка — «Краіна Мары». І калі я кажу, што не хачу жыць у Амерыцы, яны гэтага проста не разумеюць. Расія — «Русь Святая». Рускія крадуць і бухаюць, яны п’яныя, але «святыя». А што мы можам абвесціць у Беларусі? Сціснуць да двух-трох словаў нацыянальную ідэю? Гэтай пазіцыі пакуль што няма.

«Песняры» і ўсе, усе, усе

— «Песняры» прайшлі вельмі цікавы цыкл, які пачынаўся ад беларускага фальклору. І «Касіў Ясь канюшыну». І «Скрыпяць мае лапці». Але прайшоў час. Хлопцам захацелася есці. І з’явіліся выдатныя рэчы — «Волагда», напрыклад. Зараз ёсць шмат гуртоў па фальклоры. І «Стары Ольса», і «Бан Жвірба» з Гомелю. Яны атрымалі неблагія водгукі. Але зараз тэксты проста незразумелыя. І я пакідаю ў сябе ў тэксах нейкія незразумелыя словы, таму што шкада выкідваць. Я зараз пяю па-беларуску, як «Нагуаль» спявае на па-эльфійску.

Нашто людзям фальклор? Ці яго выкінуць, ці яго спаліць? Ці рухацца ў бок неафальклору?

Што такое неафальклор?

— Усе святы Беларусі, мова, так ці інакш звязаныя з сельскагаспадарчымі працамі. Што такое Першамай для беларуса? Бульбу садзіць!

Нам патрэбныя новыя сімвалы. Надакучыў бусел, надакучыў зубр. Нам патрэбныя новыя сімвалы і новы фальклор. Але гэтага ніхто не робіць. Трэба хоць штосьці здзейсніць. — хоць вожыка на пустое месца прапанаваць. Як гэта рабіць? З кім гэта рабіць? Вось таго я не ведаю...

Вельмі неабходны Мінску помнік не канфесійны, а помнік Маці Божай. Якая прысутнічае на выяве герба Мінска. Вельмі цяжка казаць, што такі помнік быў бы шкодны. Ён бы быў вобразам новай Беларусі ці вобразам Мінска. Гэта была б такая рэч, як Эйфелева вежа ў Парыжы. Бо ў Маці Божую Вострабрамскую, якая ў Вільні, мы ўжо не верым, нам трэба свой сімвал тут, у Мінску. Але вось як зрабіць, каб усё грамадства добразычліва паставілася да гэтай ініцыятывы — я разгубіўся. Хто можа з такой ініцыятывай выступіць, каб да яе добразычліва паставіліся «чырвоныя», «зялёныя», «блакітныя», «ружовыя»? Хто можа з такой ініцыятывай выступіць? Хай гэты помнік адчыняе прэзідэнт, але ці ўспрымем мы гэта добразычліва?

Я шукаю нейкі вобраз, нейкі помнік, які быў бы прыняты ўсімі. Ну, «усімі» — гэта гучна сказана. Але большасцю беларусаў ён быў бы прыняты добразычліва.

Казкі

— У мяне няма адказу на тое, навошта людзям фальклор, таму што я ўсё жыццё збіраю фальклор, я збіраю прыказкі, прымаўкі, казкі. Я знайшоў казку, якую я распавядаю 53 хвіліны. І гэта настолькі проста, настолькі цікава, што слухаецца! Між тым, у беларускім фальклоры практычна няма казак з «хэпі-эндам»: «Па вусах цякло, у рот не папала». Беларускія казкі практычна ўсе «андэрсанскія».

Забарона гуртоў

— Кажуць, мы крамольныя рэчы гаворым. Ды няма тут нічога крамольнага!

Бліжэйшым часам вялікіх канцэртаў «Палаца» не будзе. Мы самі адмовіліся ад білетных касаў. Магчыма, фестываль «Вольнае паветра» яшчэ вытрымае наш выступ. Але ў гэтым годзе «Палацу» 20 гадоў, і, хутчэй за ўсё, святкаванне адбудзецца не ў Беларусі.

Я вельмі хацеў зрабіць юбілейны канцэрт, новую праграму ў Беларусі. Але мае сябры кажуць: «Зрабіце ў Вільні, у Смаленску». Ёсць маскоўскія сябры, якія прапануюць зрабіць канцэрт у Маскве. Але мне хочацца граць тут.

Пра забарону канцэртаў мне кажуць: «Нічога асабістага, проста бізнэс». Але гэта ж гэтая фраза належыць гангстэрам у Амерыцы ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. І менавіта так яны апраўдвалі свае дзеянні.
 

Каментаваць