Алег Волчак

Нядаўна з вялікім поспехам прайшла прэм’ера фільма «Выклік» (Defiance) оскараноснага рэжысёра Эдварда Цвіка пра дзейнасць у Беларусі габрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх. Пра гэты атрад, як і пра іншыя белыя плямы гісторыі, за некалькі год да выхаду фільма мне расказаў праваабаронца Алег Волчак. Не прафесійны гісторык, а вядомы юрыст. Повязь часоў, лічыць ён, непарыўная. І каб мінулае не страляла ў цябе з пісталета, яго трэба хаця б ведаць.

Апошні з матчынага роду



Нядаўна з вялікім поспехам прайшла прэм’ера фільма «Выклік» (Defiance) оскараноснага рэжысёра Эдварда Цвіка пра дзейнасць у Беларусі габрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх. Пра гэты атрад, як і пра іншыя белыя плямы гісторыі, за некалькі год да выхаду фільма мне расказаў праваабаронца Алег Волчак. Не прафесійны гісторык, а вядомы юрыст. Повязь часоў, лічыць ён, непарыўная. І каб мінулае не страляла ў цябе з пісталета, яго трэба хаця б ведаць.

Апошні з матчынага роду

Гісторыя ўласнага жыцця Алега Волчака пачалася 2 жніўня 1967 года. Яго маці, Ядвіга Антонаўна Волчак, родам з вёскі Шчаснавічы, што пад Ляхавічамі. А бацька (айчым), Аляксандр Аляксандравіч Засулевіч — з вёскі Вялікая Ліпа Клецкага раёна Мінскай вобласці. Калі маці выйшла замуж і перайшла на прозвішча мужа, то вырашыла пакінуць за Алегам сваё дзявочае прозвішча, бо ён быў апошнім з роду Волчакаў. Брат Алега — Дзмітрый, маладзейшы за яго на шэсць гадоў, ужо — Засулевіч.

Тыповая сям’я будаўнікоў. Нялёгкая праца, просты быт і, здавалася, прадвызначаны шлях для дзяцей. Вучыўся Алег у 128-й школе, у якой вучыўся і зніклы журналіст Зміцер Завадскі. Ды і жылі яны на адной вуліцы, «праз дом». Але даведаўся пра гэта Алег толькі праз шмат год, ужо калі стаў праваабаронцам.

128-я была звычайнай, пралетарскай, без ніякіх «ухілаў» школай, таму і не захавалася ў дзіцячай памяці чымсьці выбітным. У адрозненні ад знакамітай сталічнай дзіцячай чыгункі, на якой ён кожнае лета, з пятага па восьмы клас, працаваў з вялікай ахвотай. Потым былі чыгуначнае ПТВ № 34 і прафесія слесар-механік.

У роднае ПТУ Алег фактычна і вярнуўся пасля тэрміновай вайсковай службы. Працаваў у мінскім метрапалітэне, а ў вучылішчы, па просьбе кіраўніцтва, арганізаваў клуб памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў «Юны патрыёт». Па-сутнасці, гэта і была ў жыцці Алега першая няўрадавая структура.

Вайсковую службу Алег праходзіў у Таджыкістане, у гарах Паміра (2200 метраў над узроўнем мора), на заставе Хараўскага памежнага атрада Савецкай арміі. Лічыўся ён баявым, таму што побач была мяжа з Афганістанам, і стралялі там даволі часта. Выдатнікаў баявой і палітычнай падрыхтоўкі па адпаведнаму графіку накіроўвалі дапамагаць «брацкаму афганскаму народу».

Праз два месяцы службы падобны «гонар» (у савецкія часы такія словы не бралі ў двукоссе) выпаў і Алегу Волчаку. Прабыў ён там менш за месяц. Падчас першай жа буйной ваеннай аперацыі сярод «шураві» пачалася эпідэмія хваробы Боткіна («жаўтухі»).

Дэманстраваць начальству сваю хваробу сярод салдат лічылася «западло». Камандзіры выявілі хваробу ў Волчака толькі тады, калі той страціў прытомнасць. Рэйсам з параненымі і памерлымі яго эвакуіравалі ў ваенны шпіталь Душанбе.

Замест КДБ — гарсавет

Памежныя войскі тады былі падпарадкаваны КДБ, таму шмат мабілізаваных з памежных войскаў імкнуліся трапіць менавіта ў кэдэбісцкія структуры. Хацелася далейшай рамантыкі. Але ў вядомай усяму Мінску «школе КДБ» Волчака чакала расчараванне — бяруць толькі з вышэйшая адукацыяй. «Можна сказаць, пашанцавала», — лічыць Алег зараз.

«Кэдэбэшнікі» параілі пайсці на юрфак БДУ. Маўляў, калі потым будзе жаданне — возьмем. Але такое жаданне ў Алега больш ніколі не ўзнікала.

Яшчэ на чацвёртым курсе БДУ ён цвёрда вырашыў стаць следчым. Дзеля набыцця вопыту пачаў працаваць грамадскім памочнікам у пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска. Праз паўтары гады, нягледзячы на адсутнасць дыплома, яму прапанавалі заняць пасаду старшага следчага. І адразу ж далі пяць крымінальных спраў, з якіх адна — замоўленае забойства (а гэта пачынаючым давяраюць даволі рэдка).

За пяць гадоў працы следчы Алег Волчак паспяхова давёў да суда каля ста крымінальных спраў, у тым ліку пяць (адно з забойствам), здзейсненых супраць міліцыянтаў. Усе ведалі, што з «афганцам» пра штосьці дамовіцца немагчыма. За гэта і паважалі. Былы генеральны пракурор Алег Бажэлка нават назваў яго лепшым следчым Беларусі.

Палітыка і грамадскае жыццё заўсёды цікавілі Волчака, таму цалкам зразумела, чаму ў 1995 годзе ён вырашыў балатавацца ў Вярхоўны Савет 13-га склікання. Аднак выбары практычна па ўсіх сталічных акругах, як вядома, не адбыліся. Восенню наступнага года ён абраўся ў Мінскі гарадскі савет. Цікава, што ішоў ён па адной акрузе з Генадзем Карпенкам, які тады трапіў у парламент.

На першым жа пасяджэнні новага складу гарсавета Алег Волчак прапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні, але наменклатура вырашыла інакш. І не памылілася ў сваёй асцярожнасці. Праз паўтары гады дэпутат Волчак ініцыяваў слуханні супраць міліцыянтаў, якія збівалі ўдзельнікаў мітынгаў апазіцыі. А ў 1999 годзе ўвайшоў па прапанове Віктара Ганчара ў склад альтэрнатыўнага Цэнтрвыбаркаму.

10 верасня 1998 года беларускае міністэрства юстыцыі зарэгістравала грамадскую арганізацыю, створаную па ініцыятыве Алега Волчака, «Прававая дапамога насельніцтву». Пасля знікнення Юрыя Захаранкі па даручэнні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Алег Волчак узначаліў грамадскую камісію па даследаванні абставін і прычын гэтага здарэння. Яе выснова па гарачых слядах была несуцяшальнай: наўрад ці генерал Захаранка жывы.

Першыя крокі


16 верасня 1999 года невядомыя гвалтоўна скралі Ганчара з Красоўскім. Стала цалкам зразумела, што ва ўлады з’явілася сваё тлумачэнне маралі.

Ля сумнавядомай лазні на Фабрычнай, дзе адбылося злачынства, Алег Волчак быў раніцай наступнага дня, 17 верасня. Першым зняў на асабістую відэакамеру разбітае шкло, кроў на асфальце і чырвоную фарбу на дрэве ад той машыны, якая блакавала джып Красоўскага. У грамадскай свядомасці фарміруецца версія пра беларускі варыянт аргенцінскіх «эскадронаў смерці». Толькі дзякуючы галоснасці па справах зніклых, у чым вялікая заслуга і арганізацыі Алега Волчака «Прававая дапамога насельніцтву», далейшыя «знікненні» ўдалося спыніць.

Але праваабаронцы займаліся не толькі палітычнымі справамі. Літаральна на другі дзень пасля трагедыі на Нямізе бацькі загінуўшых знайшлі Алега Волчака і прапанавалі абараняць іх правы ў судзе. Было гэта 31 мая 1999 года.

Падзеі вакол жудаснай трагедыі яскрава паказалі, якім чынам у беларускай рэчаіснасці фарміруюцца адносіны паміж асобай і дзяржавай. І гэтак жа наглядна прадэманстравалі, што трэці сектар не можа быць падкантрольным уладзе, інакш гэта ўжо будуць не грамадскія незалежныя арганізацыі, не NGO, а нешта іншае.

Нагадаем, што, каментуючы падзеі на Нямізе, улады абвінавацілі ва ўсім дождж і п’яную моладзь, што «сама там пападала». Гэтыя словы абурылі бацькоў загінулых і вымусілі шукаць дапамогу. Юрысты «Прававой дапамогі насельніцтву» даследавалі ўсе абставіны, апыталі дзесяткі людзей і прыйшлі да высновы, што галоўная прычына трагедыі — непрафесіяналізм міліцыянтаў: зрабілі няправільную расстаноўку сілаў, парушылі меры бяспекі.

Ход следства, якое працягвалася два гады, удалося пераламаць, міліцыянтаў і чыноўнікаў Мінгарвыканкаму афіцыйна прызналі вінаватымі. Калі б працаваў прынцып «рука руку мые», вынікі следства маглі быць дыяметральна супрацьлеглымі.

За статысткай — лёсы


Больш за 80 працэнтаў дзейнасці «Прававой дапамогі насельніцтву» датычылася сацыяльнай сферы. Праваабаронцы займаліся сямейнымі, бытавымі праблемамі, пытаннямі наследавання спадчыны, дапамагалі ў розных канфліктах. Праіснавала арганізацыя пяць год без аднаго дня. 9 верасня 2003 года вуснамі суддзі Жупікавай на афіцыйнай рэгістрацыі канчаткова быў пастаўлены крыж.

За гэты час праз арганізацыю прайшлі 8 тысяч грамадзян Беларусі. Больш за 60 юрыстаў набылі тут сваю кваліфікацыю і працуюць сёння ў розных (у тым ліку і дзяржаўных) структурах. Прадстаўнікі «Прававой дапамогі насельніцтву» прынялі ўдзел амаль у 2 тысячах судовых працэсаў і шмат якія дапамаглі выйграць. Адваёўвалі кватэры, аднаўлялі на рабоце, вярталі льготы, кампенсацыі, распачыналі супраць чыноўнікаў адміністрацыйныя справы і г.д.

Парадокс, але падпольна працаваць праваабаронцам стала значна лягчэй. Канешне, пакуль існуе знакаміты артыкул 193-1, пагроза патэнцыйнага судовага пераследу будзе існаваць пастаянна, але з прафесійнымі юрыстамі ніхто жартаваць пакуль не жадае. Перш за ўсё таму, што апошнія вельмі добра ведаюць: ніякіх законаў яны не парушаюць. А працуюць не ад імя неіснуючай арганізацыі, а згодна са сваімі юрыдычнымі дыпломамі. І абсалютна безаплатна, то бок без якой-небудзь матэрыяльнай карысці. Па закону, у такіх выпадках ніякай ліцэнзіі не трэба.

А палёгка заключаецца ў адсутнасці пастаянных папярэджанняў міністэрства юстыцыі і прэтэнзій ад шматлікіх праверак, накшталт пажарнікаў альбо падаткавікоў. Адсутнасць афіцыйнага статуса не можа перашкаджаць бескарысна дапамагаць людзям.

Дарэчы, новы запіс у працоўнай кніжцы Алега Волчака нядаўна з’явіўся-такі. 9 верасня 2009 (роўна праз шэсць год) «Прававую дапамогу насельніцтву» зноў зарэгістравала Міністэрства юстыцыі. Толькі не беларускае, а ўкраінскае. Апошнім часам рэгістрацыя непадкантрольных нашай уладзе структур за межамі краіны набыла рысы тэндэнцыі. Аднак гэта адбываецца не дзеля моды, а таму, што падобнае пакуль не магчыма (альбо вельмі складана) у сучаснай Беларусі.

Спадзяюся, толькі пакуль…

У 2005 годзе былымі афіцэрамі МУС быў заснаваны рух імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы айчыны» да якога потым далучыліся «афганцы» (Алег Волчак з’яўляецца даверанай асобай сям’і Захаранкі). Мінулым годам частка з іх (у тым ліку Мікалай Аўтуховіч) адмовілася ад узнагарод у гонар 20-годдзя з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. На іх думку, гэта і стала галоўнай прычынай, па якой Мікалай Аўтуховіч апынуўся за кратамі.

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны правоў чалавека я запытаўся ў Алега Волчака пра магчымы лёс Аўтуховіча і пачуў трывожны адказ: «Самае непрыемнае адбудзецца тады, калі тэрмін пакарання ў яго будзе вялікім, а праз год-два многія пра гэта прозвішча забудуцца».

Алег Волчак і праваабаронцы робяць сваю рызыкоўную працу ў тым ліку і дзеля таго, каб нічога падобнага на справу Захаранкі ці Аўтуховіча ні з кім ніколі не здаралася, каб людская салідарнасць не знікала і не слабела. Бо менавіта яна яднае людзей добрай волі супраць зла.

Каментаваць