Алесь Беляцкі

Алесь Беляцкі — з той кагорты людзей, да якіх можна аднесці вядомае выслоўе — «зрабіў сябе сам». Гэтак жа, як і другое: «таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім». Філолаг, літаратар, ён стаў яшчэ і адметным праваабаронцам. Можна сказаць, вымушана — пад ціскам беларускіх палітычных абставін, але цалкам у адпаведнасці з характарам, які паўстае супраць любога гвалту.

Ад бацькоўскага парогу



Алесь Беляцкі — з той кагорты людзей, да якіх можна аднесці вядомае выслоўе — «зрабіў сябе сам». Гэтак жа, як і другое: «таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім». Філолаг, літаратар, ён стаў яшчэ і адметным праваабаронцам. Можна сказаць, вымушана — пад ціскам беларускіх палітычных абставін, але цалкам у адпаведнасці з характарам, які паўстае супраць любога гвалту.

Ад бацькоўскага парогу

Алесь Беляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 года ў Карэліі, у мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёна. У савецкія часы там рабілі вядомыя на ўсю краіну лыжы. Але чаму беларуская сям’я апынулася так далёка?

З наступстваў савецка-фінскай вайны, калі «саветамі» была акупавана частка Фінляндыі і праводзілася вярбоўка людзей для асваення далучаных тэрыторый. У запрыгоненых савецкіх сялян з’явілася магчымасць вырвацца з калгаснага раю. Пасля калектывізацыі заможная сям’я Беляцкіх ператварылася амаль у жабрацкую. На пачатак 1940 года шасцёра дзяцей Усціна Беляцкага, дзеда Алеся, пачалі пухнуць ад голаду, і той вырашыў пакінуць родныя мясціны.

Так 10-гадовы хлопчык Віця, бацька Алеся, апынуўся каля Ладагі, дзе праз колькі год сустрэўся з беларускай Нінай з-пад Нароўлі, якая ў Карэлію трапіла таксама па вярбоўцы, толькі ўжо пасля другой сусветнай вайны. Ажаніліся. Першынца назвалі Аляксандрам, у гонар бацькі Ніны, які загінуў на вайне.

У 1964 годзе, калі Алесю было два гады, сям’я вярнулася ў Беларусь, бо тут пачалі будаваць заводы і спатрэбіліся рабочыя кадры. Быў выбар: шахты Салігорска альбо хімзавод у Светлагорску. Накіраваліся ў Светлагорск, бо той знаходзіўся бліжэй да Нароўлі, радзімы Ніны. У Светлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу №5 і ў 1979 годзе паступіў у Гомельскі універсітэт на беларуска-рускае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта.

Кампанія там падабралася адметная. На адным факультэце з Беляцкім вучыліся Анатоль Сыс, Эдуард Акулін, Сяржук Сыс, Анатоль Казлоў і Вольга Куртаніч. Менавіта тады Алеся пачалі хваляваць пытанні «беларушчыны» — мова, гісторыя, будучы лёс краіны. У 1981 годзе на грошы, заробленыя ў будаўнічым атрадзе, ён адправіўся ў вандроўку па гістарычных мясцінах Беларусі. Дзе на маршрутных аўтобусах, дзе «аўтастопам», дзе пехам. Падчас гэтай вандроўкі пазнаёміўся з мінскімі актывістамі-студэнтамі (сярод іх быў і Вінцук Вячорка), якія потым і складуць «касцяк» беларускіх адраджэнцаў хвалі 1990-х.

Жыццёвы выбар

У 1984 годзе Алесь Беляцкі паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі Навук БССР. Гэта быў самы пачатак новай хвалі нацыянальнага адраджэння і росквіт знакамітай творчай «Майстроўні». Праз яе прайшлі некалькі сотняў чалавек, большая частка з якіх і зараз працуе на карысць беларушчыны.

Праз паўгода Алеся Беляцкага прызвалі ў Савецкую армію, бо ніякіх адтэрміновак для аспірантаў тады не было. Служыў у артылерыі, у Свярдлоўску, механікам-вадзіцелем браніраванага цягача супрацьтанкавых гармат.

Служба далася цяжка. Не фізічна — маральна. Як потым жартаваў сам Беляцкі, з войску «выскачыў, як корак з пляшкі». Пасля салдацкай службы былі прадугледжаныя яшчэ і двухмесячныя афіцэрскія курсы. Атрымліваць лейтэнанцкія зорачкі ён не стаў, зрабіў дзембельскі акорд, каб толькі не заставацца на лішнія месяцы ў войску і вярнуўся вучыцца. Як кажуць, чыстыя пагоны — чыстае сумленне.

Калі Беляцкі прыйшоў з арміі, у беларускай сталіцы дзьмулі ўжо новыя ветры. Было заснавана і актыўна працавала моладзевае аб’яднанне «Талака», ва універсітэце і розных інстытутах з’явіліся шматлікія нефармальныя групоўкі. Вясной 1985 года адбыўся і першы разгон моладзі, якая ў Траецкім прадмесці спрабавала святкаваць «Гуканне вясны». Разам Алесь і Анатоль Сыс прыдумалі і стварылі таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

Некаторыя памылкова лічаць, што першыя «Дзяды» адбыліся ў 1988 годзе, калі ў Мінску запахла міліцэйскай «чаромхай». На самай справе, яны былі праведзены на год раней каля помніка Янкі Купалы. Па сутнасці там адбыўся мітынг-рэквіем. Адпаведная заяўка была пададзена своечасова, аднак ніякай рэакцыі на яе не было, таму тыя 300 чалавек, што прыйшлі, не ведалі, чым усё скончыцца. Дзякуй Богу, хапуна не адбылося. Кіраўніцтва краіны банальна разгубілася.

Але і гэты мітынг нельга назваць першай акцыяй пратэсту. Першынство належыць 1984 году. Тады «наверсе» вырашылі разбурыць будынак, дзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя была пастаўленая першая беларуская п’еса Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, і актывісты «Майстроўні» наладзілі першы публічны супраціў. На акцыю з плакатамі выйшлі калі дзесяці чалавек (у тым ліку Вінцук Вячорка, Зміцер Саўка), і вельмі хутка яны апынуліся ў міліцыі. Праз пэўны час усіх адпусцілі, камуністычная ўлада зрабіла выгляд, што нічога неардынарнага не адбылося.

«Дзяды–1988» у біяграфіі Алеся Беляцкага таксама занялі даволі адметнае месца. Ён быў «паравозікам», то бок быў сярод тых, хто замаўляў акцыю, і, зразумела, адным з першых трапіў пад суд — атрымаў першы ў сваім жыцці штраф — 200 савецкіх рублёў. Дарэчы, гэтыя грошы сабралі калегі па Інстытуту літаратуры АН. Мабыць, тады ў маладым вучоным і пачаў нараджацца будучы праваабаронца.

Пад бел-чырвона-белым сцягам

Аспірантуру ён закончыў вясной 1989 года, але кандыдацкай дысертацыі не абараніў. Не палічыў патрэбным. На базе дысертацыі ён пазней зробіць брашуру «Літаратура і нацыя» (1991 год) і вырашыць, што гэтага дастаткова. Ніякіх навуковых рэгалій. Сёння такога б не зразумелі…

У канцы 1980-х гадоў маналіт «кіруючай і накіроўваючай КПСС» пачаў даваць трэшчыны. Знакам часу сталіся выбары на альтэрнатыўнай аснове. Увосень 1989 года Алесь Беляцкі, які працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Музеі гісторыі беларускай літаратуры імя Максіма Багдановіча, што знаходзіўся ў Траецкім прадмесці, вырашыў прыняць удзел у конкурсе на пасаду дырэктара музея. І перамог.

У 1990 годзе Алеся Беляцкага абралі дэпутатам сталічнага гарсавета. І калі там праз год разглядалася пытанне нацыянальнай сімволікі, ён прынёс бел-чырвона-белы сцяг, які ўпрыгожваў фае музея Максіма Багдановіча. Гэты сцяг у тую ж хвіліну залунаў над будынкам Мінгарвыканкама. Першы ў краіне. За два тыдні да таго, як ён стаў дзяржаўным.

Дырэктарам Беляцкі прапрацаваў — у гэта цяжка паверыць — да 1998 года і звольніўся па асабістым жаданні, што таксама неверагодна. Музей пад яго кіраўніцтвам адчыніў чатыры экспазіцыі ў розных будынках (адну нават у Яраслаўлі), праводзіў значную навуковую работу, у ім праходзілі шматлікія літаратурныя і грамадскія слуханні. Па словах Алеся Беляцкага, гэта быў адзін з найлепшых музеяў у краіне.

Вясной 1996 года з ініцыятывы Алеся Беляцкага была створана грамадская праваабарончая арганізацыя, якую так і назвалі — «Вясна–96». Галоўнай яе задачай была салідарная падтрымка першых палітычных зняволеных. А яшчэ юрыдычная дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій, збор і распаўсюд праваабарончай інфармацыі, прававая адукацыя.

Калі арганізацыю стваралі, Алесь Беляцкі не думаў, што яна праіснуе так доўга. Лічыў, праз 2–3 гады (максімум 5) патрэба ў ёй увогуле адпадзе, і яны вернуцца да звычайнай работы — музейнай, літаратурнай, навуковай, палітычнай. Як і многія з нас, ён памыліўся.

Калі прыйдзе вясна?

У 1998 годзе Праваабарончы цэнтр «Вясна–96» быў зарэгістраваны, а праз год, са з’яўленнем філіяў, стаў арганізацыяй рэспубліканскага маштабу. Сёння сябрамі гэтай структуры з’яўляецца некалькі сотняў валанцёраў. У 2003 рэгістрацыю скасавалі і не аднавілі па гэты дзень. Ні пад старой, ні пад новай («Наша вясна») назвай.

Рэгістрацыя альбо нерэгістрацыя найперш праваабарончых, але і іншых таксама, грамадскіх арганізацый сталася своеасаблівай лакмусавай паперкай для ацэнкі палітычнай сітуацыі ў краіне. Па гэтым паказчыку робяцца высновы аб узроўні беларускай «лібералізацыі». Вось і ацэнім: толькі за два апошнія гады, «Вясна» рабіла тры спробы атрымаць афіцыйны дакумент аб рэгістрацыі. Безвынікова. Мабыць, палітычны заказ пакуль іншы.

Алесь Беляцкі стаяў у самых вытокаў стварэння Беларускага народнага фронту, але выйшаў з гэтай партыі. Чаму? Перш за ўсё таму, што праваабаронцы павінны абараняць прадстаўнікоў усіх палітычных плыняў, рухаў, грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзаў. Усіх, хто церпіць ад сваволля беларускіх уладаў. Агульнымі, аб’яднанымі намаганнямі.

Партнёрамі «Вясны» сёння з’яўляецца тузін міжнародных і замежных арганізацыяў, а сам праваабарончы цэнтр прыняты сябрам у дзве міжнародныя структуры. У тым ліку і вядомай Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), якая аб’ядноўвае больш за 160 праваабарончых арганізацый з усяго свету. Два гады таму на кангрэсе ў Лісабоне Алеся Беляцкага абралі віцэ-прэзідэнтам FIDH.

Знайшліся нядобразычліўцы, што пракаментавалі гэта, і асабліва вылучэнне Алеся Беляцкага на Нобелеўскую прэмію міру, як нейкі піяр беларускіх апазіцыянераў увогуле і Алеся канкрэтна. Можна толькі здагадвацца, адкуль той вецер вее. Аднак двойчы намінавалі (2006 і 2007 гадах) Алеся на прэмію нарвежскія парламентарыі з адной абсалютна зразумелай і апраўданай мэтай — прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

На жаль, некаторых з айчынных апазіцыянераў за мяжой, сапраўды, ведаюць лепш, чым у сваёй краіне. Беляцкага ведаюць і тут, і там. Бо ён, бо «Вясна–96» не на словах, на справе — абаронцы правоў чалавек. Той факт, што ў яго арганізацыю штогод па розных прычынах звяртаюцца па дапамогу некалькі тысяч беларусаў, гаворыць пра многае. Алесь з калегамі марыць (і робіць дзеля гэтага ўсё магчымае), каб найхутчэй настаў час, калі падстаў для зваротаў у абарону парушаных правоў чалавека, у жыхароў Беларусі больш не будзе.

Ён марыць не пра адлігу, а пра сапраўдную палітычную вясну, якая адменіць «Вясну–96».

Каментаваць