Аляксандра Герасіменя: «Алімпійскае срэбра — не канец!»

Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя адчувае сябе як рыба ў вадзе не толькі на дарожках галоўных басейнаў свету, але і на сушы, пад прыцэлам фота- і відэакамер. Штогод яна ахвотна прымае ўдзел у шматлікіх прэс-канферэнцыях і дае безліч інтэрв’ю.



Аляксандра Герасіменя


Дзякуючы сваёй шчырасці і адкрытасці, а таксама актыўнай жыццёвай пазіцыі, Аляксандра заваявала любоў мільёнаў нашых суайчыннікаў.

tbw.by, скарыстаўшыся вольнай хвілінай у шчыльным раскладзе знакамітай спартоўкі, зладзіла ёй  невялічкую апытанку. Што з гэтага атрымалася — глядзіце ніжэй!

Мае спартовыя перамогі — гэта вынік … працы ўсёй маёй каманды: трэнера, псіхолага, урача, масажыста, біяэнергетыка. Кожны з іх зрабіў свой унёсак у маю падрыхтоўку!

Алімпійскае срэбра … адно з маіх вышэйшых дасягненняў — грэе душу, але не дае магчымасці спыніцца на дасягнутым.

Перад адказным стартам я заўсёды … фарбую пазногці! Гэта адцягвае ад негатыўных думак і дазваляе прывесці сябе ў парадак.

Чатырохгадовая дыскваліфікацыя ў адпаведнасці з рашэннем допінгавай камісіі Міжнароднай федэрацыі плавання з 2003 па 2007 год стала для мяне … шокам — нечакана і вельмі несвоечасова! Я была юная, у выдатнай форме і гатовая звярнуць горы! На жаль, усе мае мары ў той момант пацярпелі крах! Думала ўсё кінуць, але, дзякуй Богу, на гэта так і не адважылася.

Няўдачы на спартыўнай арэне мяне… засмучаюць, але ў той жа час даюць імпульс да новых дасягненняў. Дазваляюць прааналізаваць памылкі і выправіць іх своечасова.

У дзяцінстве я марыла стаць … акторкай! Я спявала, танцавала, ставіла сцэнкі і ладзіла канцэрты.

Здымкі ў фільме «Вышэй за неба» … падаравалі мне шмат цікавых знаёмстваў, а таксама далі нагоду задумацца пра праблему ВІЧ. Я лічу, што праблему ВІЧ нельга замоўчваць: неабходна, каб усе разумелі, што ВІЧ-інфікаваныя людзі з’яўляюцца паўнацэннымі членамі грамадства. Пры выкананні элементарных правілаў з імі можна без асцярогі мець зносіны, заводзіць адносіны і ствараць сям’ю.

Я займаюся дабрачыннасцю, таму што … гэта мая ўнутраная патрэба. Я хачу дзяліцца тым, што ў мяне ёсць, з тымі, хто мае патрэбу ў гэтым больш за мяне!

Калі мінакі на вуліцах пазнаюць мяне … яны дзякуюць мне. І не толькі за мае спартыўныя дасягненні, што прыемна ўдвая!

Тыя, хто даўно мяне ведаюць, выказваюцца пра мяне … як пра лёгкага, пазітыўнага чалавека. Я заўсёды імкнуся дапамагчы і падтрымаць тых, хто мяне атачае, калі яны апынуліся ў складанай сітуацыі!

Самае доўгачаканае свята … 31 снежня — Новы год і мой Дзень Народзінаў. У гэты дзень усе прасякнутыя святочным настроем і, гэтак жа як і я, атрымліваюць падарункі і віншаванні.

Ідэальны адпачынак для мяне … бывае розным: часам дома на канапе за чытаннем кнігі, часам у кампаніі сяброў, а часам на пляжы ў цёплых краях.

Мой любімы горад … Мінск, адсюль я родам і тут мой дом!

У мужчынах мне падабаецца … дабрыня, пачуццё гумару і самадастатковасць. Мужчына павінен быць упэўненым у сабе, а інакш як ён заваюе маё сэрца? Але не трываю хамаў і самаўлюбёных асобаў!

Самае галоўнае ў жыцці для мяне… зрабіць як мага больш карыснага для сябе і для грамадства.

У свой вольны час я звычайна… чытаю кнігі. Я вельмі люблю чытаць! Падабаюцца амаль ўсе жанры: раманы, дэтэктывы, фантастыка … Кніга — лепшы сродак пашырэння кругагляду, які, да таго ж, дорыць магчымасць пражыць яшчэ адно жыццё разам з галоўнымі героямі!

Сям’я для мяне … мая крэпасць і надзейны тыл. Што б са мной ні здарылася, мае родныя будуць заўсёды побач і падтрымаюць мяне ў любой сітуацыі.

Жаночая прыгажосць — гэта … ўчынкі і дзеянні, а не пульхныя вусны і спакуслівыя формы.

Каб прывесці сябе ў парадак  мне дастаткова… цёплага душу пасля трэніроўкі.

Пры стварэнні ўласнага вобразу я спадзяюся на … свой густ і інтуіцыю, а таксама на парады сябровак.

Падтрымліваць добрую фізічную форму мне дапамагаюць … трэніроўкі працягласцю пяць гадзінаў штодня.

Я вырашу пакінуць прафесійны спорт, калі … зразумею, што я вычарпала ўсе свае рэсурсы і дасягнула канца сваіх магчымасцяў.

Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры я планую … адкрыць уласны плавальны клуб. Хачу, каб у кожнага незалежна ад узросту была магчымасць навучыцца плаваць!

Я мару пра … тое, каб усё, што я задумала, ажыццявілася!

Фота з архіву Аляксандры Герасімені

tbw.by

Каментаваць