Стан краязнаўства засмучае

Краязнаўца Аляксандр Грудзіна — адзін з тых, на кім трымаецца «малая гісторыя» Беларусі. Але менавіта з «малой гісторыі пачынаецца гісторыя вялікая, гісторыя ўсёй краіны.

Аляксандр Грудзіна

Сам спадар Аляксандр родам са Шклова. У 1977 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў у Шклоўскай райаграпрамтэхніцы, а з 1991 па 2013 гады быў выкладчыкам Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12. Шмат гадоў педагагічную працу Аляксандр Грудзіна сумяшчаў з краязнаўствам. Напісаў і выдаў дзве кнігі, апублікаваў сотні артыкулаў у раённай, абласной і рэспубліканскай прэсе, калектыўных зборніках і краязнаўчых альманахах. Быў удзельнікам міжнародных і рэгіянальных навукова-практычных і краязнаўчых канферэнцый, дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету, сябра ТБМ.

 

І працягвае займацца краязнаўствам, бо на гэтай ніве працы вельмі шмат.

 

— Спадар Аляксандр, з чаго пачалася ў вас пільная ўвага да родных мясцін?

 

— Ад сярэдняй школы. Дакладней, ад суседняга са школай будынка былой гарадской ратушы, які меў мясцовую назву «каланча». Кожны дзень на школьным двары погляд міжволі сустракаўся з гэтым старажытным, паўразбураным збудаваннем. Высокая вежа, унутраныя пакоі са скляпеннямі і цагляная муроўка падзямелляў заўсёды вабілі і прыцягвалі. Будынак, у асноўным, з’яўляўся безгаспадарчым, таму была магчымасць вольна наведаць яго і па-свойму вывучаць. У дзіцячай свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія нібыта тут павінны былі адбывацца ў мінулым. Сярод бітай цэглы і смецця вельмі хацелася «нешта» знайсці і даведацца аб якой-небудзь цікавай падзеі.

 

Потым была вучоба ў сельскагаспадарчай акадэміі. На той час (1972–1977 гады) у акадэміі вучыліся студэнты з розных куткоў Беларусі, іншых рэспублік былога СССР, шмат студэнтаў з замежных краін… Безумоўна, сярод студэнтаў неаднойчы ўзнікалі самыя разнастайныя спрэчкі, дыспуты або проста пачыналася гаворка, дзе заўсёды можна было пачуць: «А вось у нашым горадзе…» або «ў нашым раёне...» І потым суразмоўца паведамляў нешта цікавае з гісторыі сваіх родных мясцін. Каб падтрымліваць размову, трэба было добра ведаць усё, што звязвалася з тваім родным кутам. Іншы раз нават ісці ў бібліятэку і шукаць звесткі пра родны Шклоў.

 

Мой старэйшы брат Уладзімір жыў у Мінску. Калі я наведваў яго, ён заўсёды арганізоўваў які-небудзь паход-экскурсію па сталіцы. Ягоная цікавасць да ўсяго, імкненне да пазнання наваколля таксама зрабілі ўплыў на будучае маё захапленне.

 

Пасля заканчэння акадэміі пачалася мая праца ў Шклове. Шклоўская раённая газета «Ударны фронт» заўсёды друкавала інфармацыю па гісторыі Шклоўшчыны. Асабліва цікавыя рэчы пісалі ўжо сталыя мясцовыя краязнаўцы — Лявон Анціпенка, Міхаіл Ільюшэнка, Іван Кулікаў, Іван Маісеяў. Я бліжэй пазнаёміўся з імі, праз гэтыя знаёмствы назаўсёды захапіўся краязнаўствам і міжволі стаў даследчыкам Шклоўшчыны. З цягам часу з’явілася жаданне і самому паспрабаваць сябе ў якасці аўтара. 16 лютага 1980 года ў раённай газеце з’явіўся мой першы краязнаўчы артыкул.

 

Гэта працягваецца да сёння. У сваю чаргу, праз краязнаўства я па-іншаму стаў успрымаць гісторыю, культуру, веравызнанні беларускага народа. Гэта таксама дапамагло мне ўсёй душой палюбіць і родную мову.

 

— Раскажыце крыху пра асацыяцыю краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны. Што гэта за асацыяцыя? Што яна зрабіла?

 

— У пачатку 1990-х гадоў абудзілася цікавасць да гісторыі. У Магілёве пры краязнаўчым музеі пачало актыўна працаваць абласное краязнаўчае таварыства, праходзілі канферэнцыі, друкаваліся гісторыка-краязнаўчыя зборнікі «Магілёўшчына» і «Магілёўская даўніна». Безумоўна, галоўнымі натхняльнікамі і завадатарамі гэтых мерапрыемстваў былі навукоўцы магілёўскіх ВНУ, супрацоўнікі магілёўскіх музеяў. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям. Асабліва тагачаснаму намесніку дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Сяргею Бяспанскаму, навукоўцам Аляксандру Агееву, Ігару Пушкіну, Вячаславу Капыціну. Краязнаўцы-аматары заўсёды адчувалі ад іх неабходную падтрымку і атрымлівалі дапамогу ў даследчыцкай працы.

 

Натуральна, на мерапрыемствах у Магілёве дамініравалі навукоўцы з ВНУ. І ў пачатку 2000-х гадоў сярод краязнаўцаў, якія пражывалі ў райцэнтрах і на вёсцы, з’явілася ідэя своеасаблівага аб’яднання. Прычын было некалькі, але ў першую чаргу жаданне пазнаёміцца з індывідуальнымі здабыткамі і напрацоўкамі менавіта калег-аматараў, і непасрэдна на мясцовасці, якая даследуецца. Аднойчы журналіст і краязнаўца Міхась Карпечанка з Бялынічаў запрасіў мяне наведаць яго мястэчка, дзе і была агучана ідэя стварэння грамадскай ініцыятывы «Асацыяцыя краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны». Прапанова атрымала агульную падтрымку.

Аляксандр Грудзіна

 

— З чаго вы пачалі працу?

 

— З канферэнцый. Першая краязнаўчая канферэнцыя адбылася 25–26 сакавіка 2005 года ў мястэчку Краснаполле. Другія краязнаўчыя чытанні адбыліся ў Клімавічах (2006 год), потым былі Шклоў (2008 год) і Бялынічы (2009 год). Найбольш актыўнымі арганізатарамі і ўдзельнікамі сустрэч і канферэнцый, безумоўна, былі той самы Міхась Карпечанка, а таксама настаўнік з вёскі Мілаславічы Клімавіцкага раёна Міхась Дуктаў. Менавіта дзякуючы апошняму былі надрукаваны матэрыялы канферэнцыі «Шклоўскі раён: шлях праз стагоддзі», якая адбылася ў Шклове ў 2008 годзе.

 

Наступная канферэнцыя-сустрэча планавалася ў Асіповіцкім раёне. Аднак тады ў дзяржавы змяніліся адносіны да грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку і да краязнаўчых. Уся арганізацыйная праца па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, выданні зборнікаў і матэрыялаў праводзілася выключна намаганнямі саміх краязнаўцаў. Ад дзяржавы патрабаваўся толькі дазвол і памяшканне. Такога дазволу ў Асіповічах мы ўжо не атрымалі. Асіповіцкія чыноўнікі практычна знішчылі нашу асацыяцыю: вельмі цікавая і неабходная ініцыятыва паступова спыніла сваю дзейнасць. Асабіста для мяне гэта вельмі сумна. Дый не толькі для мяне, а для ўсіх краязнаўцаў Магілёўшчыны.

 




— Гэта найперш і хвалюе краязнаўцаў той жа Магілёўшчыны?

 

— Мяне моцна засмучае сучасны стан краязнаўства. Доўгі час я ўзначальваў працу школьнага музея, і адносіны дзяржавы да гэтай працы лічу нездавальняючымі. У першую чаргу, гэта датычыць ацэнкі дзейнасці працы настаўніка-краязнаўцы. Чыноўніка ад адукацыі цікавяць толькі нейкія лічбы. А ці магчыма падлічыць тое, што адбылося ў свядомасці маладога чалавека, які нешта зрабіў для захавання спадчыны або проста наведаў музей?

 

— Раскажыце трохі пра ўласныя краязнаўчыя выданні. І што яшчэ будзе?

 

— Вынікам маёй шматгадовай краязнаўча-даследчыцкай працы з’явілася кнігі «І родныя сэрцу мясціны…» (некалькі нарысаў па гісторыі горада Шклова), якая пабачыла свет у 2007 годзе, а таксама выданне «Мой радавод, мая сям’я», якое выйшла ў 2011-м. Гэтыя выданні былі надрукаваны дзякуючы духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы маіх сяброў Рыгора Кастусёва і Пятра Мігурскага. Цяпер працую над гісторыяй каталіцкага веравызнання на Шклоўшчыне і над тэмай «Ахвяры беспадстаўных рэпрэсій на тэрыторыі Шклоўскага раёна». Вынікі даследаванняў з цягам часу, магчыма, збяруцца ў кнігу.


Каментаваць