Аляксандр Камароўскі

10 сакавіка распачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам. Герой нашага нарыса Аляксандр Камароўскі лічыць гэты судовы працэс палітычна матываваным. Сапраўдная прычына, на яго погляд, у тым, што менавіта Мікалай Аўтуховіч быў адным з трох падпісантаў вядомага ліста прэзідэнту і ініцыятарам публічнай адмовы ад юбілейных медалёў, якія наша дзяржава прысвяціла 20-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Ад дзяржаўных узнагарод тады адмовіліся каля 10 працэнтаў «афганцаў», якіх чамусьці было прынята лічыць найбольш моцным электаральным апірышчам існуючай улады.



10 сакавіка распачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам. Герой нашага нарыса Аляксандр Камароўскі лічыць гэты судовы працэс палітычна матываваным. Сапраўдная прычына, на яго погляд, у тым, што менавіта Мікалай Аўтуховіч быў адным з трох падпісантаў вядомага ліста прэзідэнту і ініцыятарам публічнай адмовы ад юбілейных медалёў, якія наша дзяржава прысвяціла 20-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Ад дзяржаўных узнагарод тады адмовіліся каля 10 працэнтаў «афганцаў», якіх чамусьці было прынята лічыць найбольш моцным электаральным апірышчам існуючай улады.

Пераезд пад прымусам

Аляксандр Камароўскі нарадзіўся 29 мая 1942 года на спецпасяленні Чуртан Гаінскага раёна Пермскай вобласці, у вярхоўі ракі Камы. У гэтыя мясціны падчас рэпрэсій пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя вывезлі сем’і будучых бацькоў Камароўскага. Сям’ю маці, Марыі Аляксандраўны, — з вёскі Забродзенне, што за дзевяць кіламетраў ад Жодзіна. Сям’ю бацькі, Аляксандра Адамавіча, — з хутара Ліпавы Капец Мінскага раёна.

Хаця род Камароўскіх з карэнных беларускіх, але ў яго жылах цячэ і значная частка замежнай крыві. Па лініі маці, у прыватнасці, — французскай. У даўнім 1812 годзе, падчас трагічнай пераправы войскаў Напалеона праз Беразіну, адзін з жаўнераў, без вінтоўкі, стомлены і галодны, забрыў у вёску, дзе жылі продкі Камароўскага, і нейкая з яго прапрабабак вынесла бедалазе вады і ежы. І ўзнікла каханне…

А па лініі бацькі ёсць і польскія гены. За ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага продкаў Аляксандра, звычайных сялян, з заходніх раёнаў перасялілі бліжэй да Мінска. У 1930 годзе іх нашчадкаў «раскулачылі» і дэпартавалі значна далей на поўнач.

Камендатура НКУС у пасёлку Чуртан праіснавала да 1956 года і запомнілася Камароўскаму вельмі добра. З дачкой яе начальніка ён нават вучыўся ў адным класе. Акрамя беларускай «дыяспары» там жылі яшчэ паволжскія немцы, палякі і ўкраінцы з. А ў 1944 годзе да сасланых дадалі яшчэ і крымскіх татар.

Адносіны паміж усімі былі надзвычай сяброўскімі. Мабыць, менавіта таму, калі Аляксандру прапанавалі выканаць «інтэрнацыянальны абавязак» у Афганістане, ён успрыняў гэта за вялікі гонар.

Абавязак без прымусу

Сярэднюю школу Аляксандр Камароўскі скончыў у 1959 годзе і паступіў у Томскае вышэйшае вайсковае артылерыйскае вучылішча. Але гарматы не спадабаліся, вучобу кінуў і вярнуўся ў родную хату. Два гады працаваў памочнікам машыніста паравозу на вузкакалейнай чыгунцы.

У 1961 годзе падышлі тэрміны вайсковай службы, і Камароўскі зноў абраў вайсковае вучылішча. Але на гэты раз — Іркуцкае авіяцыйна-тэхнічнае. Чаму ж падаўся не ў лётчыкі, а ў «тэхнары» — выбар амаль бесперспектыўны з пункту погляду кар’еры? Бо Аляксандр ніколі не збіраўся стаць генералам і добра ўсведамляў, што для сына ссыльных у Савецкім Саюзе любая кар’ера была немагчымай.

Праз тры гады Камароўскі скончыў вучобу і на дзесяць гадоў трапіў на Далёкі Усход. Служыў бартавым тэхнікам на ваенна-транспартных самалётах. Атрымаць вышэйшую адукацыю жадання ніколі не ўзнікала. З той жа прычыны: хутка ўздымацца па службовай лесвіцы яму не дасць КДБ. Нават ад палётаў яго экіпажа ў савецкія гарнізоны, размешчаныя за межамі СССР, Камароўскага нязменна адхілялі, бо ён не меў допуску «формы 2», які давала толькі галоўная спецслужба СССР. На яго месца садзілі каго-небудзь з «правільнай» біяграфіяй.

Адзіная краіна ў замежжы, дзе яму дазволілі служыць, быў Афганістан.

Сёння погляд на тую вайну пераважна негатыўны. І гэта цалкам абгрунтавана. Аднак у савецкія часы да «інтэрнацыянальнага абавязку» ставіліся інакш. Не аднойчы Аляксандр быў сведкам, калі «за рэчку» ехалі па шчыраму ўласнаму жаданню. І толькі там пачыналі разумець, што рэчаіснасць цалкам не адпавядае клішэ савецкай прапаганды.

Пасля службы на Далёкім Усходзе Камароўскага накіравалі на Украіну. Спачатку ў Крывы Рог (1974) , а ў 1978 годзе — у пасёлак Арцыз, што ў 140 кіламетрах ад Адэсы. Былая Бесарабія. У снежні 1979 года савецкія войскі ўвайшлі ў Афганістан.

Полк, у якім служыў Камароўскі, на той час начальнікам групы авіяцыйнага абсталявання, у афганскай аперацыі прымаў самы непасрэдны ўдзел. Першы час з ташкенцкага (40 кіламетраў) вайсковага аэрадрому Чынчык.

2 чэрвеня 1981 года Аляксандр Камароўскі трапіў непасрэдна ў Кабул. І праваяваў цэлых паўтара гады. Нагрузка нечалавечая. Пад’ём а 4–5 раніцы, адбой — а 12 ночы. І так кожны дзень. Да 25 кастрычніка 1982 года.

Пад прымусам сумлення

За Афганістан Аляксандр Камароўскі атрымаў афіцэрскі ордэн «За службу Родине в Вооруженных Силах СССР» трэцяй ступені і шматлікія граматы, у тым ліку і ад старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. У запас ён зволіўся ў званні маёра. Падпалкоўніка яму далі ўжо тут. Бо тады яшчэ ніхто не ведаў, што Камароўскі лічыць тую вайну несправядлівай і перакананы ў тым, што менавіта яна «разваліла» Савецкі Саюз.

Па-першае, СССР не вытрымаў эканамічнай напругі. Па-другое, яго доўгі час ігнараваў амаль цэлы свет. Па-трэцяе, за 10 гадоў праз «афган» прайшлі 620 тысяч вайскоўцаў і больш за 300 тысяч «цывільных» спецыялістаў. У суме атрымліваецца каля мільёна чалавек. Многа гэта ці мала? Мабыць, многа, бо, калі яны ўсе вярнуліся назад, гэта значна пахіснула ўстоі савецкай улады. Перш за ўсё таму што гэта былі людзі, якія ўсумніліся ў існуючай уладзе і да таго ж перасталі баяцца.

Дарэчы, усе бунты, якія потым скончыліся «парадам суверэнітэтаў», па вялікаму рахунку, пачыналіся з «афганцаў». Так мяркуе Камароўскі, які вывучаў гэта пытанне спецыяльна.

Як вобразна кажа сам Аляксандр, ён не з тых, хто будзе «хадзіць у зялёных армейскіх штанах і здаваць пустыя бутэлькі». Таму ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя актыўна пачаў займацца «афганскім рухам», які ў розныя часы называўся па-рознаму. Сёння — грамадскае аб’яднанне «Грамадскі рух інвалідаў вайны ў Афганістане». Адзін з сегментаў таго, што называецца «трэцім сектарам».

 «Наезды» на Камароўскага пачаліся адразу ж, як толькі сталі вядомымі яго погляды. І гэта абсалютна зразумела, бо заўсёды лічылася, што «афганцы» ледзь не фанатычна падтрымліваць сучасную ўладу, якая быццам бы ў іх успрыманні асацыюецца з той дзяржавай, за якую яны ваявалі. А тут такое разбурэнне міфа!

Пералічваць усе прыклады ціску сэнсу няма, бо іх (у тым ліку і фальшывыя долары на беларуска-польскай мяжы ў верасні 2006 года, аб чым Камароўскі ведаў за два тыдні да самога здарэння) было вельмі шмат. Акцэнтую вашу ўвагу толькі на «справе Аўтуховіча».

У мінулым годзе споўнілася 20 гадоў з моманту вываду савецкіх войскаў з Афганістана, і беларуская ўлада вырашыла ўзнагародзіць усіх удзельнікаў той вайны юбілейнымі медалямі. І для яе было цалкам нечаканым, што ў такім «лаяльным» асяроддзі можа ўзнікнуць нейкі пратэст.

Напрыканцы студзеня 2009 года ў СМІ з’явіўся адкрыты зварот Аляксандра Камароўскага, Мікалая Аўтуховіча і Алега Волчака да прэзідэнта краіны, кіраўніка ўрада і «афганцаў», дзе выказвалася прапанова замацаваць статус удзельнікаў, выдаць усім адпаведныя пасведчанні і ўстанавіць пэўныя льготы, бо ў любой нармальнай краіне свету тых, хто ваяваў, лічаць элітай грамадства. І прагучаў заклік у адваротным выпадку адмовіцца ад узнагарод.

Можна толькі ўявіць, які пачаўся «шорах». Адпаведная «работа» была праведзена амаль з кожным «афганцам», імгненна вырашаліся пытанні, якія да гэтага часу «буксавалі» гадамі. На многіх прадпрыемствах краіны дадаткам да кожнага медаля быў «бонус» памерам 130–150 тысяч беларускіх рублёў.

Так што, з аднаго боку, мэта была дасягнутай. «Наверсе» пачалі варушыцца і зрабілі спробы звесці ўсе пратэсты да «кавалка каўбасы». Не атрымалася.

Пад зваротам Камароўскага, Волчака і Аўтуховіча па ўсёй Беларусі падпісалася каля чатырохсот чалавек, а медалі адмовіліся атрымаць больш як дзве тысячы. Калі ўлічыць, што ў Беларусі «афганцаў» толькі 21 тысяча, атрымліваецца даволі значная лічба. Зразумела, падобнае «свята непаслухмянасці» ўлада дараваць не магла. Але Аляксандр Камароўскі з паплечнікамі не здаюцца.

Каментаваць