Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Аляксандру Мілінкевічу — 70!

Палітык, грамадскі дзеяч і навуковец Аляксандр Мілінкевіч адзначае 70-гадовы юбілей.
ИТАР-ТАСС / Віктар Талочка

ИТАР-ТАСС / Віктар Талочка



Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродна ў сямье заслужанага настаўніка БССР — ягоны бацька выкладаў у прэстыжным ліцэі імя Стэфанія Баторыя. Прадзед і прапрадзед удзельнічалі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. За гэта расійскія ўлады пазбавілі іх маёнтка.

Па словах Аляксандра Мілінкевіча, ён ведае свой радавод да 7 калена і ганарыцца гэтым.

У 1969 годзе Мілінкевіч скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў школьным настаўнікам у Гродне. Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР у 1972 годзе стаў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976 годзе абараніў дысертацыю і вярнуўся ў Гродна, дзе працаваў інжынерам і выкладаў у педагагічным інстытуце. З 1978 па 2000 год быў дацэнтам фізічнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта. З 1980 па 1984 год — загадчыкам кафедры фізікі ў Сеціфскім універсітэце (Алжыр).

Як грамадскі лідар і палітык, стажыраваўся ў ЗША, Германіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы і іншыя краіны па пытаннях дзяржаўнага кіравання, эканамічных рэформ і правоў чалавека. Вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і вопыт развіцця спорту ў Канадзе.

Аляксандр Мілінкевіч — аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, а таксама гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі. Акрамя роднай беларускай валодае англійскай, французскай, польскай, украінскай і рускай мовамі. Ініцыятар пошукаў і вывучэння пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад польскай культурай”. Лаўрэат Міжнароднай прэміі Незалежнага фонду "PolCul" (Аўстралія).

У 1990 годзе заняў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама.  Падаў у адстаўку падчас падрыхтоўскі антыканстутыцыйнага рэферэндума 1996 года.

З 1996 года Мілінкевіч узначальваў гарадзенскае грамадскае аб'яднаньне “Ратуша”, якое было ліквідавана ўладамі ў 2003 годзе.

У палітыку прыйшоў у 2001 годзе ў якасці кіраўніка перадвыбарчай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Сямёна Домаша.

У кастрычніку 2005 года Мілінкевіч быў абраны адзіным прэтэндэнтам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Аляксандр Мілінкевіч паабяцаў, што ў выпадку свайго абрання паставіць пытанне аб прыцягненні да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі.

 У 2012-м Гвінея надрукавала марачныя блокі з выявамі лаўрэатаў прэміі ім. Сахарава, дзе выява Аляксандра Мілінкевіча змешчаная побач з партрэтам Нэльсана Мандэлы.

 У 2012-м Гвінея надрукавала марачныя блокі з выявамі лаўрэатаў прэміі ім. Сахарава, дзе выява Аляксандра Мілінкевіча змешчаная побач з партрэтам Нэльсана Мандэлы.

19 сакавіка 2006 года 83% беларусаў “прагаласавалі” за Аляксандра Лукашэнку, і Мілінкевіч, які набраў 6% галасоў, заклікаў апазіцыю выйсці на вуліцы Мінска. Пасля гэтага на Кастрычніцкай плошчы горада пачаўся несанкцыянаваны мітынг пратэсту. Апазіцыя мела намер мітынгаваць да 25 сакавіка 2006 года, аднак праз некалькі дзён "Плошча 2006" была разагнаная міліцыяй.

Пасля таго, як удзельнікаў пратэстных акцый пачалі звальняць з працы і адлічваць з вучобы, Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да польскага ўраду з просьбай падтрымаць рэпрэсаваных студэнтаў. Польскі ўрад за адныя суткі распрацаваў і падпісаў праект дапамогі — Праграму Каліноўскага.

Аляксандр Мілінкевіч быў адным з стваральнікаў Руху “За свабоду”, які ўзначальваў да кастрычніка 2016 года.

Жанаты, мае двух сыноў і ўнучку.

"Новы час" віншуе Аляксандра Мілінкевіча з днём народзінаў!




Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-07-24 16:53:18
Калі спадар нарадзіўся 25 ліпеня, то чаму адзначае юбілей сёння, 24-га?
  • ВР
  • 2017-07-25 14:16:52
Паправілі, малойцы. Аднак здзівіла мяне і гэтае месца: "У кастрычніку 2005 года Мілінкевіч быў абраны адзіным прэтэндэнтам ад апазіцыі..." Хіба што "адзіным" у двукоссі: і ў 2006 г., і зараз мне цяжка зразумець, у чым Казулін быў менш апазіцыйным за Мілінкевіча.
  • Аксана Колб
  • 2017-07-26 09:18:23
Ад апазіцыі быў абраны менавіта Мілінкевіч і менавіта адзіным. Казулін ішоў сам па сабе і насуперак агульнаму рашэнню. Так што тут няма ніякай супярэчнасці )
  • ВР
  • 2017-07-26 09:30:48
Казулін ішоў не сам па сабе, а ад сац.-дэм. партыі, што таксама была часткай "апазіцыі" (я б сказаў, альтэрнатыўных сіл). Уладзе ён уставіў не менш шпілек, чым учорашні юбіляр, за што і паплаціўся гадамі адседкі.
"АДЗІНЫ КАНДЫДАТ" пра Мілінкевіча, якога выбралі, калі не памыляюся, тры сотні актывістаў, - гэта рэкламны слоган канца 2005 г. - пачатку 2006 г. Неабавязкова паўтараць яго ў 2017 г.
  • Аксана Колб
  • 2017-07-26 09:40:32
Ішоў ён сам па сабе, а эсдэкі яго падтрымалі, у тым ліку дзякуючы актыўнай пратэкцыі Леаніда Лойкі. У той час я была самым актыўным удзельнкам тых падзей, таму давайце не будзем спрачацца :)
  • ВР
  • 2017-07-26 09:55:58
У такім разе і Мілінкевіч ішоў сам па сабе, а "Зялёныя", БНФ ды інш. яго толькі крыху падтрымалі (менавіта "крыху", зважаючы на вынікі). Па-мойму, ён нават не ўступаў ні ў якую партыю.
"Давайце не будзем спрачацца" ад гаспадыні пляцоўкі - аргумент, вядома, важкі, дарма што са смайлікам :) Наіўна меркаваў, што каменты, форумы і пад. ствараюцца найперш для таго, каб наведвальнікі спрачаліся :))
А можа, як самая актыўная ўдзельніца, Вы б усё-такі паяснілі палітолагу (і не палітолагам), чым Казулін узору 2005-2006 гг. быў менш апазіцыйным за Мілінкевіча? :)))
  • Аксана Колб
  • 2017-07-26 10:02:26
Працытую яшчэ раз: "У кастрычніку 2005 года Мілінкевіч быў абраны адзіным прэтэндэнтам ад апазіцыі...". То бок ніхто не кажа, што ён быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі... Ён быў абраны адзіным на кангрэсе дэмсілаў.
  • ВР
  • 2017-07-26 10:29:52
"Прэтэндэнт", "кандыдат" - у гэтым кантэксце істотнай розніцы няма. Ключавыя словы тут "адзіны" і "апазіцыя".
Ці прадстаўляў М. пасля кангрэса ўсе альтэрнатыўныя Лукашэнку сілы? Вы ж самі прызналі, што не. Дапраўды, чым сацыял-дэмакраты менш каштоўныя для беларускай дэмакратыі за АГП або ПКБ? Між тым яны праігнаравалі вынікі кангрэса дэмсіл, свядома паставілі на іншага кандыдата... Карацей, няможна ўсур'ёз разважаць пра "адзінства".
Так, у пачатку 2006 г. "НН" праводзіла думку пра нехарошага раскольніка, ледзь не правакатара, якога выпусцілі супраць "адзінага" рэальнага кандыдата. Помню, у метро Сяргей Х-скі даводзіў мне, што К-ну абяцалі за ўдзел у кампаніі-2006 месца ў палаце прадстаўнікоў-2008. Але ж больш за 10 год мінула - які сэнс юзаць тагачасныя агітацыйныя клішэ...

Каментаваць