Чарнякевіч: патрэбная прэпарацыя нацыянальнага руху

Андрэй Чарнякевіч — гісторык, кожная кніжка якога становіцца падзеяй. Звольнены з Гарадзенскага ўніверсітэта па загадзе старшыні аблвыканкаму, сёння ён адзін з самых запатрабаваных прафесіяналаў.



Нядаўна выдаў дзве кніжкі, прысвечаныя нацыянальнаму руху і Гродна.

— Перадусім хачу павіншаваць з нядаўнім выхадам кніжкі «Нараджэнне беларускай Гародні». За восень яна ўжо другая. Першай стаў біяграфічны даведнік міжваеннай Гародні. Як суаднясеце гэтыя две работы? Якую галоўную думку хацелася данесці чытачу?

— Вельмі проста: дыялектычна, гэта спроба беларускага засваення гарадскога асяроддзя.

— Адкуль наогул імкненне знаходзіць беларускасць у Беларускім горадзе? Падаецца няма адпаведных работ «Нараджэнне Польскага Вроцлава» або «Нараджэнне літоўскай Вільні»?

— Мая работа прысвечана беларускасці ў варыянце палітычнага руху. Пра этнічнае вымярэнне тут не ідзецца, хутчэй пра нацыянальнае беларускае. Калісьці давялося размаўляць з рэдактарам-патрыётам, які на маё пытанне «У чым беларускасць горада?» адказаў «Таму што Гародня ў межах Беларусі». То бок калі б горад знаходзіўся ў межах Польшчы ці Савецкага Саюзу, ягоная беларускасць раўнялася б нулю? Мне такі адказ недаспадобы, хоць у нечым і праўдзівы. Але можа беларускасць захоўваецца ў нейкіх іншых прыкметах? Вось гэта я хацеў высветліць.

То бок у такім сэнсе беларускасць можна шукаць і ў Магілёве, і ў Мінску?

— Вядома! Нават больш, я хацеў бы напісаць гісторыю рускай Гародні. Нам такая кніжка не меньш патрэбная. Калі б мы пабачылі вытокі расійскасці, яшчэ ад тых маскалёў, якія былі тут палоненыя з часу Лівонскай вайны і г.д., традыцый расійскай супольнасці ў міжваенны час, зніклі б шмат якія ілюзіі, і мы лягчэй ставіліся б да некаторых стэрэатыпаў. Тое самае з гісторыяй нямецкай, польскай, габрэйскай Гародні…

— Зараз Вы што шмат часу праводзіце ў Познані…

— У Познані зараз пішу працу ў паліталагічным накірунку, дзе спрабую паказаць гісторыю адносінаў беларускага руху да Польшчы. Абмяжоўваюся пакуль перыядам савецка-польскай вайны, да 1921 года. Беларускі рух быў хутчэй працягам расійскай імперскай палітыкі, і ў гэтым сэнсе стаў спадкаемцам антыпольскага ракурсу. Разуменне розніцы ў каштоўнасцях і інтарэсах з Расіяй беларусам прыйшло надта позна…

Хутка павінна з’явіцца кніжка пра міжваенную Гародню. Я лічу гэта маральным абавязкам. Калі не здолеем стварыць нейкай пераканаўчай гістарыяграфіі з чытэльнымі вобразамі, вельмі хутка зноў адчуем сябе чужымі ў гэтым горадзе. Гэта ж не такое простае пачуццё прысутнасці ў гістарычным атачэнні!

Паралельна дапрацоўваю біяграфічную аповесць пра беларускіх паланафілаў. Галоўны герой — Павел Аляксюк, для большасці малавядомы. Вельмі драматычны сюжэт: ці з Польшчай супрацоўнічаюць толькі беларускія дзеячы — маргіналы, ці гэткімі яны робяцца з-за таго што супрацоўнічаюць з Польшчай?..

— Як складваецца дзейнасць Цэнтра беларускіх даследванняў, створанага сёлета ў Варшаве, дзе вы таксама заангажаваныя?

— Я б яшчэ пачакаў нешта сцвярджаць. Сам польскі бок — Студыўм Еўропы Усходняй паслядоўна адстойвае сваю пазіцыю ў беларускім пытанні. Нас адзінаццаць, ёсць кіраўнік, але пакуль не вызначыліся з агульным алгарытмам працы.

У апошнія гады вы шмат кантактуеце з польскімі даследчыкамі. Наколькі адрозніваецца нашае разуменне гістарычных даследванняў? Ці шмат агульнага?

— Няма ніякіх «мы»! Калі гісторык здолеў захапіць сучасны гістарычны мэйнстрым, ён нічым не адрозніваюцца ад заходніх калег. Ёсць сярэдні варыянт, калі чалавек проста доўгі час працуе з польскай гістарыяграфіяй, але ўсё ж па метадалогіі і даследчыцкай ментальнасці бліжэй да папярэдняй школы. Большая частка даследчыкаў рознага ўзросту проста трымаецца нават не пазітывісцкага, а прынцыпа «як ёсць, так і добра»…

Маё захапленне выклікаюць калегі, якія займаюцца новым часам, сярэднявеччам. Яны з польскімі калегамі размаўляюць на роўных, а некаторыя нават падаюць добры прыклад, развіваюць дыскусію. Што тычыцца ХХ стагоддзя, тут для беларусаў яшчэ нават не ўсе архівы даступныя! Архіцяжкая праблема, але тым цікавей пра яе разважаць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Янушкевіч
  • 2015-12-29 03:46:19
Сёння, 29 снежня а 19-й гадзіне, у гарадзенскай этнакраме "Цудоўня" адбудзецца прэзентацыя кнігі А. Чарнякевіча "Нараджэнне беларускай Гародні"

Каментаваць