Андрэй Стрыжак: дапамога людзям натхняе

Беларускага праваабаронцу і народнага дыпламата Андрэя Стрыжака з Рэчыцы добра ведаюць ва Украіне. Напачатку лютага ён прывёз у прыфрантавы Данбас лекі, а ў красавіку адвёз у зону АТА рэанімабіль. 



Андрэй Стрыжак на Майдане


Пра свой лёс Андрэй Стрыжак распавёў журналісту НЧ Марату Гаравому.

Жыццё ў Германіі

На маё станаўленне як асобы найбольш паўплывалі тры падзеі. Першая з іх — ад’езд у  Германію. Адбылося гэта ў 1994 годзе, калі мне было 9 гадоў. Мой бацька — адзін з першых беларускіх гастарбайтэраў, якія пасля абвалу «жалезнай заслоны» падаліся за мяжу на заробкі. Тата спачатку працаваў у Польшчы, а затым у ФРГ. Жылі ў былым інтэрнаце памежнікаў ГДР на самай мяжы з Заходняй Германіяй. Вучыўся ў мясцовай школе.

Для мяне сталася відавочным, што прыгожая ідэя камунізму не прыстасаваная да людзей і не мае аніякай перспектывы. З іншага боку, бачыў, што заходняя мадэль працуе, людзі жывуць лепш, а адносіны паміж імі больш прыязныя і адкрытыя.

Але давялося сутыкнуцца і з праявамі ксенафобіі, бо некаторыя аднакласнікі ў нямецкай школе ўспрымалі мяне як рускага прыхадня. Аднак гэтыя адзінкавыя выпадкі праяўлення нядобразычлівасці падрабязна разглядаліся на ўзроўні школьнай адміністрацыі, з удзелам дырэктара школы, настаўнікаў і ўсяго класа: дзецям тлумачылі, дзе палягаюць вытокі ксенафобіі, і чаму так рабіць нельга.

Пералом пазваночніку

Наступным моцным штуршком, які мяне загартаваў, стаў пералом пазваночніку, што адбыўся ў 2005 годзе. Доўгі час не мог хадзіць. Ляжаў у шпіталях Рэчыцы і Гомеля. Магу канстатаваць, што не ўсё так дрэнна ў беларускай медыцыне, бо ёсць сапраўдныя прафесіяналы, дзякуючы якім я вярнуўся да нармальнага стану. Аднак пакуль глядзеў на свет з гарызантальнай пазіцыі, шмат што перагледзеў у сваім жыцці.

Чалавек, які пераадолеў наступствы такой цяжкай траўмы і зноў пачаў хадзіць, адчувае ў сабе моц адолець іншыя жыццёвыя перашкоды. Гады лячэння сталі для мяне своеасаблівай школай жыцця…

Майдан

Аднак галоўнай падзеяй у маім жыцці стаў кіеўскі Майдан 2013–2014 гадоў, у якім я актыўна ўдзельнічаў як праваабаронца, грамадскі дзеяч і валанцёр. Усё пачалося з даволі драматычнай сітуацыі 6 снежня 2013 года, калі разам з іншымі беларусамі ехаў аўтобусам з Мінска ў Кіеў, каб падтрымаць удзельнікаў Еўрамайдана.

Вечарам нас спынілі міліцыянты каля Мар’інай Горкі. І хаця з дакументамі ў нас усё было ў парадку, нам прапанавалі прайсці ў аддзел міліцыі. Мы адмовіліся і рушылі на бліжэйшую АЗС. У «Фэйсбуку» я тады напісаў: «Аўтобус арыштаваны, пасажыры на волі, ідзем па снежным полі». Мы даволі хутка арганізаваліся: хтосьці вярнуўся, нехта паехаў у Кіеў цягніком, а мы — спачатку ехалі аўтаспынам, затым цягніком.

Самае трывожнае пачалося пасля таго, як дабраліся да Кіева. Частка людзей, што ехалі на Майдан рэйсавым аўтобусам Гомель — Чарнігаў, былі затрыманыя на ўкраінскай мяжы. Ад іх патрабавалі падпісаць абавязацельствы, што ва Украіне яны не будуць займацца супрацьпраўнымі справамі. Аднаго з хлопцаў правакавалі на супрацоўніцтва з СБУ пад пагрозай турэмнага зняволення, на той падставе, што пад яго крэслам у аўтобусе быццам бы знайшлі наркотык. Аднак юнак, дзякуй Богу, аказаўся даволі стойкім.

Пра гэту сітуацыю стала вядома ад украінскага праваабаронцы, які вяртаўся ў Чарнігаў з Вільні і ўбачыў ноччу на мяжы затрыманы аўтобус Гомель — Чарнігаў, што стаяў у агароджаным куце. Прычым больш за 40 яго пасажыраў не атрымлівалі ні харчавання, ні вады.

Я тэрмінова стэлефанаваўся з украінскімі калегамі, з офісам амбудсмена ў Кіеве. Ад яго да затрыманых выехала мабільная група ў складзе Юрыя Беларусава і Вадзіма Піваварава, а таксама здымачная група тэлеканалу «1+1». Было вельмі цікава назіраць, як у гэтай сітуацыі змянялася стаўленне супрацоўнікаў СБУ і памежнікаў да затрыманых. Спачатку ім далі ваду і пакармілі, а потым увогуле адпусцілі, бо крымінальная справа, хоць і была заведзеная, але падазраваных знайсці не ўдалося.

Я зразумеў, што ўкраінская ўлада не маналітная, а значыць, перамены магчымыя. Але падзеі на вуліцы імя Міхайлы Грушэўскага, якія адбыліся, калі я ўжо быў дома, у Рэчыцы, напачатку ўспрыняў супярэчліва, як эскалацыю гвалту з абодвух бакоў. Пераход ад мірнага супраціву да рэвалюцыі для мяне быў абсалютна не прымальны. Аднак калі паглядзеў анлайн падзеяў на Майдане ў ноч з 18 на 19 лютага, калі гарэў Дом прафсаюзаў, быў настолькі ўзрушаны, што адразу ж сабраўся на вакзал, і 20-га раніцай я быў ужо ў Кіеве.

Так атрымалася, што літаральна праз пару гадзінаў я пачаў працаваць на гарачай лініі валанцёрскай ініцыятывы «Еўрамайдан-SOS». 20 лютага 2014 года — трагічны дзень крывавых падзей на вуліцы Інстытуцкай. Мы злучалі тых, хто шукаў падтрымку, з тымі, хто хацеў дапамагчы іншым. Увесь дзень дзяжурыў на тэлефоне і прымаў інфармацыю пра параненых і забітых. Не было часу нават збегаць у прыбіральню, бо на кожны наш тэлефон прыпадала да 70 званкоў на гадзіну. Найбольш драматычныя званкі былі ад сем’яў, якія шукалі сваіх родных. Некалькі разоў мне давялося чытаць пахавальныя.

Пасля вяртання дахаты перажыў посттраўматычны сіндром, які цягам тыдня моцна адчуў ва ўсіх яго прыўкрасах. Але было не толькі гэта. Майдан мяне дашліфаваў, я спазнаў баявое братэрства — зрадніўся з аператарам «Белсату» Алесем Баразенкам, які падчас майго знаходжання ў Кіеве асвятляў падзеі ва Украіне.

Дапамога Украіне

З сябрамі па народнай дыпламатыі мы зрабілі чатыры гуманітарныя вандроўкі ва Украіну. Дастаўлялі самае неабходнае з медыкаментаў і медычнага абсталявання, што, каб не везці праз мяжу, набывалі ва Украіне на сродкі, сабраныя ў Беларусі. Раней мы дапамагалі шпіталям сістэмы Міністэрства аховы здароўя Украіны, а зараз працуем з Першым добраахвотным мабільным шпіталем імя Міколы Пірагова, таму што з ягонымі валанцёрамі лёгка знайшлі агульную мову.

Маршрут апошняй вандроўкі пралягаў праз Харкаў, Арцёмаўск, Чырвонаармейск і Днепрапятроўск. У шпіталь імя Міколы Пірагова мы прыгналі з Нямеччыны машыну хуткай дапамогі, назвалі яе «Ратаўніца» і ўпрыгожылі налепкамі з украінскай вышыванкай. Рэанімабіль урачыста перадалі кіраўніку шпіталя Яўгену Найштэціку. «Ратаўніца» адразу ж заступіла на баявое дзяжурства, тым больш што 12 красавіка пачалася актывізацыя баявых дзеянняў на данецкім накірунку.

Рэанімацыйны аўтамабіль «Ратаўніца»

Таксама вядзем збор рэчаў для перасяленцаў з зоны АТА, сем’яў загінулых і параненых байцоў, якія жывуць у Чарнігаўскай вобласці. Разам з медыкаментамі, медычным абсталяваннем і рэчамі перадаём украінцам шакалад гомельскага «Спартака», глыбоцкую і рагачоўскую згушчонку.

Я і раней ведаў, што дапамога іншым натхняе, а зараз упэўніўся ў гэтым. Бо валанцёрская праца захоплівае, калі ты адчуваеш рэальныя вынікі. Калі разумееш, што «Ратаўніца», медыкаменты і медычнае абсталяванне, прыдбаныя на грошы беларусаў, ратуюць людзям жыццё, калі бачыш, што нашая дапамога надае павагі беларусам. Усё гэта матывуе. Зараз мы вядзем збор сродкаў на джып для медыкаў шпіталя імя Міколы Пірагова. Сам я падчас валанцёрскай працы набыў шмат добрых калегаў і сяброў, у тым ліку Вольгу Гальчанка і Аляксандру Алёшыну.

Беларусам патрэбны дыялог

Сёння шмат хто ў Беларусі, незалежна ад сваіх палітычных поглядаў і сімпатый, разумее, што без пераменаў краіна можа страціць незалежнасць. У сітуацыі, калі з боку Расіі існуе такая патэнцыйная пагроза, натуральнымі хаўруснікамі для беларускіх уладаў становяцца тыя абаронцы незалежнасці краіны, якія шмат год хацелі, каб Лукашэнка сышоў. З іншага боку, мы не можам паступацца прынцыпамі і забыцца на палітзняволеных, на парушэнні правоў чалавека. Але ў нас з’яўляецца шанец неяк паўплываць на сітуацыю, бо ўлада даволі няпэўна сябе паводзіць.

Да прыкладу, калі мы 24 лютага мінулага года вярталіся з украінскага Майдану, не выключалі, што нас могуць павязаць нават у цягніку як патэнцыйных бунтаўшчыкоў. Аднак пайшоў другі год пасля вяртання на Радзіму, і я не магу назваць ні аднаго факту, які б засведчыў увагу спецслужбаў да мяне ці да маіх сваякоў.

Складваецца ўражанне, што ўлады ўвогуле не жадаюць акцэнтаваць увагу на маіх вандроўках ва Украіну. У гэтым ёсць шанец  заахвоціць больш шырокія колы грамадства хоць да нейкіх пераменаў. Ну, хаця б на правядзенне культурніцкіх акцыяў па папулярызацыі беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі, увогуле айчыннай спадчыны. Гэта вельмі эмацыйныя акцыі, якія аб’ядноўваюць нацыю, бо даюць кожнаму яе ўдзельніку адчуванне пляча суайчынніка.

Я бачыў Майдан ва ўсіх ягоных праявах — ад мірных ініцыятываў да крыві, і ведаю, што гвалтоўны варыянт — не лепшы для зменаў у грамадстве. І вельмі б не хацелася, каб сітуацыя ў Беларусі пайшла менавіта па ўкраінскім варыянце. Спадзяюся, што ў нас на ўсе бакі хопіць вытрымкі і разумення сітуацыі. Бо калі размова не атрымліваецца, перамагае гвалт.

Трэба ісці на дыялог, настойліва і сістэматычна шукаць тыя агульныя кропкі, што дапамогуць пашырыць узаемаразуменне і знайсці выйсце з любой сітуацыі, нават той, якая часам здаецца абсалютна тупіковай.

Каментаваць