Антон Неманцэвіч маліўся за Беларусь

Згадваючы пра даваенны пасёлак Альбярцін (цяпер мікрараён Слоніма), нельга абмінуць адну яркую беларускую асобу — Антона Неманцэвіча (1893–1943), якому 8 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння. Гэта быў беларускі ўніяцкі царкоўны дзеяч, выдавец, публіцыст, вязень савецкіх і нямецкіх турмаў.



Грэка-католікі ў Альбярціне. У трэцім радзе другі справа Антон Неманцэвіч, 1935 год


Нарадзіўся ён далёка ад сваёй радзімы — у сталіцы Расійскай імперыі — Санкт-Пецярбургу 8 лютага 1893 года. Ягоныя бацькі, Вікторыя і Ян, прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі. Бацькі выхавалі яго добрым і ахвярным каталіком. Скончыўшы вядомую ў Пецярбурзе прыватную каталіцкую гімназію святой Кацярыны, малады юнак выбраў нялёгкую святарскую дарогу. Пасля заканчэння ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі, ён адразу паступіў у мітрапалітальную духоўную акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу.

У тым самым годзе Антон Неманцэвіч становіцца сябрам беларускага кола ў гэтай акадэміі. Большасць яе чальцоў стануць пазней шчырымі рупліўцамі магутнага руху беларускага каталіцкага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя.

Але папрацаваць на карысць Богу і народу на Бацькаўшчыне святару давялося толькі ў 1929 годзе. Перад гэтым айцец Антон паспеў двойчы (у 1919 і 1921 гадах) пабываць у савецкім астрозе за “занадта актыўную рэлігійную дзейнасць". Пасля, па накіраванню мітрапаліта Эдварда Ропа, выехаў на вучобу ў Рым у Папскі Усходні Інстытут і вярнуўся ў Польшчу доктарам усходніх царкоўных навук.

Восенню 1929 года Антон Неманцэвіч прыехаў на сваю Радзіму ў пасёлак Альбярцін, што каля Слоніма, дзе паступіў у навіцыят айцоў езуітаў усходняга абраду. Там ён выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры уніяцкай парафіі ў Сынковічах. У 1932–1937 гадах рэдагаваў беларускі уніяцкі часопіс “Да злучэння". А ў 1938 годзе разам з Янам Урбанам выдаваў часопіс “Злучэнне".

                  Часопіс, які выдаваў Антон Неманцэвіч

У 1940 годзе львоўскім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім нелегальна быў зацверджаны Беларускі экзархат грэка-каталіцкай царквы, кананічна пацверджаны праз год Ватыканам і ўзначалены Антонам Неманцэвічам. Беларускі экзарх, як духоўны прадстаўнік беларускага народу, мог выступаць ад ягонага імя ў Ватыкане.

У траўні 1942 года айцец Неманцэвіч разам са сваімі паплечнікамі заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь. Гэта значыць, кожны грэка-каталіцкі святар абавязаўся адзін раз у месяц праводзіць службу, на якой маліўся за беларускі народ. Але ўжо праз тры месяцы Антона Неманцэвіча арыштоўваюць супрацоўнікі СД, вывозяць яго ў Мінск і там 6 студзеня 1943 года расстрэльваюць. Па іншай версіі, святар быў замучаны ў мінскай турме СД. Яго пахавалі 9 студзеня 1943 года на нямецкіх могілках у Мінску святаром мясцовай праваслаўнай царквы.

Пасля таго, як не стала ў Альбярціне Антона Неманцэвіча, уніяцкія манахі вельмі хутка пакінулі Слонімшчыну і выехалі ў Львоў.

   

Абмеркаванне:

  • Васіль
  • 2013-02-06 03:22:30
Аўтар проста "глубачайшэ" ведае тэму. Абы напісаць.

Каментаваць