Апошняя просьба Генадзя Бураўкіна

Апошні раз мы бачыліся 27 мая — разам з Уладзімірам Някляевым і Глебам Лабадзенкам прынеслі Генадзю Мікалаевічу яго новую паэтычную кнігу «Нагаварыцца з зоркамі», сігнальны экземпляр якой з’явіўся ў той самы дзень.



Генадзь Бураўкін, кастрычнік 2004 г. Фота Сяргея Шапрана


Такім чынам мы выканалі галоўнае жаданне паэта, пра якое ён гаварыў у апошні тыдзень свайго жыцця.

…15 мая нечаканы тэлефонны званок: «Сярожа, як твае справы?» Гэта быў Бураўкін. Я разгубіўся, бо ведаў, што Генадзь Мікалаевіч цяжка хварэе, практычна ніхто патрапіць да яго не можа, а тут раптам гэты званок. Пачаўшы нешта гаварыць пра падрыхтоўку Быкаўскіх кніг, я хутка зразумеў, што ён тэлефануе не за тым, каб я цяпер распавядаў пра свае справы, — мусіць, у яго пэўная патрэба ўва мне.

І сапраўды, Бураўкін папрасіў завітаць да яго, асабліва не адкладваючы, заўважыў — не на кароткі час. «Добра, заўтра ж і буду. А як Ваша здароўе?» — «Давай не будзем пра гэта», — сказаў Бураўкін зусім іншым, змяніўшымся голасам…

Праўда, я быў у яго толькі праз дзень, бо на заўтра да яго завітаў нехта з маскоўскіх гасцей, хоць Генадзь Мікалаевіч пасля пытаўся ў сваёй жонкі Юліі Якаўлеўны, ці тэлефанаваў я. Зрэшты, нават Юлія Якаўлеўна не ведала, якая патрэба была ў Бураўкіна ўва мне…

Генадзь Мікалаевіч быў у ложку. Сілы відавочна пакідалі яго — ён не мог уставаць і гаварыў слабым голасам. Хвароба не шкадавала яго, было зразумела — ідзе адлік апошніх дзён. Пра гэта ён сам казаў адразу і без аніякіх умоўнасцей.

Апошнія зямныя справы

Гаварыў, што адчувае, што ў хуткім часе пойдзе, таму ў яго некалькі просьбаў да мяне. Адна з іх: на пісьмовым стале ляжыць блакітны сшытак, у якім вершы апошніх гадоў. «Я вельмі прасіў бы, каб ты падрыхтаваў іх і зрабіў кнігу як мага хутчэй. Гэта самае дарагое, самае важнае, што ў мяне ёсць. Калі гэтая кніга будзе выдадзена, астатняе мне, даруй, не так важна, — сказаў Генадзь Мікалаевіч. — І хай гэта будзе не толькі чарговая мая кніга, а чарговая кніга ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».

Праўда, пасля Бураўкін выказаў сумнеў — а ці будзе магчымасць выдаць кнігу? Я запэўніў, што падключу да гэтай справы Глеба Лабадзенку, і разам мы абавязкова нешта прыдумаем…

Яшчэ адна просьба была таксама нечаканай: каб я прыходзіў да яго штодня і задаваў любыя пытанні пад запіс. Ён неаднойчы пасля падкрэсліваў: «Я табе даю права задаваць любыя пытанні»…

Калі з інтэрв’ю ўсё было нібыта зразумела — Генадзь Мікалаевіч не паспеў напісаць мемуары (праўда, вялікі цыкл яго аповедаў прагучаў у кастрычніку-лістападзе 2012 года ў эфіры радыё «Рацыя») і цяпер, мусіць, хацеў хоць у такім выглядзе пакінуць свае ўспаміны, — дык з кнігай чаму менавіта да мяне? І знаходзіў толькі адзін адказ: на пачатку красавіка я быў у яго з кнігай Рыгора Барадуліна «У неба пехатою», якую мы паспелі выдаць да саракавін па дзядзьку Рыгору. Яно сталася магчымым дзякуючы падтрымцы бізнэсоўца і мецэната Паўла Бераговіча.

Бураўкін быў знаёмы з Бераговічам, і калі праз пару дзён я сказаў, што Павел гатовы ўсяляк садзейнічаць выданню і яго кнігі, Генадзь Мікалаевіч быў расчулены і, як падалося, крыху супакоіўся — значыцца, кніга сапраўды будзе. Тады ж сказаў добрыя словы на адрас Паўла: «Я проста шчаслівы, што і мяне таксама крануліся сваім мяккім крылом яго ўвага, яго дабрыня. Дзякуй, Павел дарагі, дзякуй».

Зрэшты, яшчэ пра тую красавіцкую сустрэчу. Перад тым я быў у Бураўкіна месяц таму, ён быў вельмі слабы. І вось цяпер, у красавіку, відавочна пайшоў на папраўку, і таму ўвесь час быў у добрым настроі, жартаваў па сваёй заўсёднай звычцы, і доўга не адпускаў, нават да парога праводзіў, і ўсё гаварыў, гаварыў...

А пасур’ёзнеў толькі аднойчы — калі я запытаўся пра будучыя планы. Генадзь Мікалаевіч адказаў, што трэба дажыць да жніўня (у жніўні яго дзень нараджэння), а там, дадаў, пабачым. Але ўжо праз некалькі дзён стан яго здароўя раптоўна пагоршыўся, і ў выніку ён зноў апынуўся ў рэанімацыі…

Аднак Бог, мусіць, злітаваўся з яго і даў яшчэ крыху часу, каб паспець уладкаваць апошнія зямныя справы. І дапамагчы ў тым Генадзь Мікалаевіч нечакана паклікаў мяне…

Мы гаварылі пад запіс ужо ў той жа першы дзень, аднак я быў у разгубленасці, бо пра што пытацца ў чалавека, які вось-вось пойдзе? Якія пытанні істотныя, а на якія не варта губляць час? Бо сказаў жа неаднойчы Генадзь Мікалаевіч: «Усё роўна не паспееш задаць усе пытанні…» Зрэшты, і адказваў не так, як усе гады раней, — коратка, нярэдка аднаскладова. Ці ашчаджаў сілы, ці, што хутчэй, бярог час, які яму застаўся…

Кастрычнік 2004 г. Фота Сяргея Шапрана

Што ж тычыцца кнігі, дык, маючы досвед выдання кнігі Барадуліна, я папрасіў Генадзя Мікалаевіча пратрымацца месяц. Памаўчаўшы, ён сказаў, што паспрабуе, аднак на наступны дзень папрасіў: «Пастарайся зрабіць кнігу за два тыдні». Але з нуля падрыхтаваць і выдаць кнігу за два тыдні здавалася справай немагчымай…

«Нагаварыцца з зоркамі»

Што тычыцца вершаў, дык насамрэч яны былі не ў адным, а ў двух сшытках. Уверсе кожнага былі пазначаны даты: «ІХ.2009—Х.2011 г.», «Х.2011 г. —». Другі сшытак быў спісаны толькі напалову. Не самы разборлівы почырк, да таго ж запісы зроблены алоўкам — Бураўкін усё жыццё пісаў вершы алоўкам. Шмат часу патрабавала расчытванне вершаў, і ўжо праз пару дзён я папрасіў дапамагчы Юлію Якаўлеўну, што, трэба казаць, значна паскорыла працу.

Да таго ж высветлілася, што хоць Генадзь Мікалаевіч і казаў, што вершы не друкаваліся (мусіць, проста забыўся), аднак у сапраўднасці яны часткова з’яўляліся на старонках «Дзеяслова» і «Літаратурнай Беларусі»; вершы за 2009 год увайшлі ў кнігу «Лісты да запатрабавання».

Калі ж 25 мая да Бураўкіна завітаў Уладзімір Някляеў, які ў той дзень прыехаў з Украіны, высветлілася, што і ён даволі хутка расчытвае почырк сябра. І таму тры дні запар па вечарах, да самай ночы, мы сядзелі з ім над Бураўкінскімі сшыткамі.

Някляеў жа стаў і рэдактарам гэтай кнігі. Хоць першапачаткова рэдактарам Генадзь Мікалаевіч папрасіў быць Міхасю Скоблу, бо, як казаў, Міхась — вялікі майстар у складанні і рэдагаванні кніг. Але Скобла цяпер таксама быў на Украіне, і Бураўкін не мог дачакацца вяртання абодвух: «Калі вернецца Міхась?.. Калі вернецца Някляеў?» Міхась прыехаў 23-га, у той жа дзень мы былі ў Генадзя Мікалаевіча. Тады ж ён нарэшце вызначыўся з назвай кнігі — «Нагаварыцца з зоркамі». Гэта былі словы з яго верша, які быў напісаны восенню 2011 года на лецішчы ў Крыжоўцы:

…Шчасліва пастарайцеся змагчы

Наслухацца бацькоўскіх запаветаў,

Нагаварыцца з зоркамі ўначы

І наглытацца баравога ветру...

Тры галоўныя справы жыцця

Між іншым, мы з Міхасём заўважылі Бураўкіну, што нават цяпер яму практычна няма пра што шкадаваць, бо жыццё пражытае ім недарэмна. «Не, не дарэмна, — пагадзіўся Генадзь Мікалаевіч. — Гэта я смела скажу, таму што тры рэчы, якія я зрабіў, робяць мне гонар: гэта тое, што я стварыў нацыянальнае Беларускае тэлебачанне; тое, што ўдзельнічаў у абароне Быкава; трэцяе — кангрэс за Незалежнасць».

Тут трэба патлумачыць, што пад абаронай Васіля Быкава Бураўкін меў на ўвазе гісторыю 1966 года, калі разам з Анатолем Вярцінскім напісаў ліст у ЦК КПБ — з патрабаваннем спыніць шальмаванне аўтара «Мёртвым не баліць»; подпісы пад тым лістом паставілі 53 беларускіх пісьменніка. Што ж тычыцца кангрэса, дык меўся на ўвазе Усебеларускі з’езд 2000 года, на якім прысутнічала амаль паўтары тысячы дэлегатаў з усёй краіны і на якім быў прыняты Акт незалежнасці Беларусі. Бураўкін быў сустаршынёй з’езда — разам з Рыгорам Барадуліным і Радзімам Гарэцкім.

Зрэшты, мы з Міхасём прыгадалі яшчэ некалькі відавочных заслуг Генадзя Мікалаевіча: найперш яго «Калыханку», якая ўзгадвала не адно пакаленне беларускіх дзетак, Бураўкінскую паэзію і, нарэшце, яго вялікую сям’ю (у Бураўкіных двое дзяцей і чацвёра ўнукаў).

Праўда, на гэта Генадзь Мікалаевіч жартам заўважыў: «Не вялікая — магла быць большая. Але выдатная сям’я, выдатная!» «Вы — адзін з нямногіх, хто маглі быць, ды не сталіся, а Вы, Генадзь Мікалаевіч, сталіся», — рэзюмавалі мы. «Так, гэта праўда», — пацвердзіў Бураўкін. І ўжо на развітанне сказаў Скоблу: «Ты застаешся маім чалавекам на зямлі».

Тры сябра: Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Бараўляны, 17 чэрвеня 2003 г. Фота Сяргея Шапрана

 

Разам з тым Бураўкін хацеў, каб кнігу паглядзеў і Уладзімір Някляеў, і казаў пра гэта яшчэ падчас нашай першай сустрэчы: «Я прасіў Валодзю — ён гатоў быць складальнікам і рэдактарам. Але я ведаю рэальнасць, і ведаю Валодзю, таму спадзяюся на цябе…»

Тут, мусіць, трэба патлумачыць, што Генадзь Мікалаевіч меў на ўвазе занятасць Някляева, жыццё якога апошнім часам праходзіць пераважна ў паездках. Дарэчы будзе таксама прыгадаць, што адзін з вершаў, які быў напісаны яшчэ ў лістападзе 2010 года, у гэтыя свае апошнія дні (калі быць дакладным, дык 26 мая) Бураўкін прысвяціў свайму сябру:

Паэты на пенсію не выходзяць,

Пакуль іх алоўкі радкі выводзяць,

Пакуль ім душу разрывае сумненне,

Пакуль іх на бой выклікае сумленне,

Пакуль ім жанчыны каханыя сняцца,

Пакуль могуць вусны кілішка кранацца,

Пакуль яшчэ хочацца ў свеце суровым

Абнашчыцца вечным матуліным словам…

Паэтам не спіцца на панскім кіліме.

Яны не бываюць ніколі былымі.

Яны не старэюць,

Не паміраюць —

Яны, як высокія зоркі,

Згараюць…

«Дзякуй, хлопцы…»

…Я па-ранейшаму штодня прыходзіў да Генадзя Мікалаевіча, але нашы размовы станавіліся ўсё карацейшымі — сілы імкліва пакідалі яго. Было відавочна, што засталіся не тыдні, а лічаныя дні. І Бураўкін не тое, што прадчуваў, — ён выдатна гэта разумеў і, відаць, таму ў панядзелак, 26-га, замест прывітання нечакана папрасіў… сваю кнігу. — «Яна будзе толькі напрыканцы тыдня», — адказаў я, хоць, па шчырасці, і сам не надта верыў у тое. «Ты не паспеў, — цяжка і, мусіць, з дакорам, сказаў Бураўкін. — Я не дачакаюся…» І закрыў вочы.

Мне падалося, што дыханне яго спынілася, бо адзінае, што, мабыць, яшчэ трымала яго ў гэтым свеце, — гэта кніга, якую ён, як зразумеў цяпер, ужо дакладна не дачакаецца… Праз нейкі час Бураўкін адкрыў вочы. Я спрабаваў апраўдацца, але ён слабым голасам — ледзь чутно — казаў, што два тыдні, пра якія гаварыў раней, — гэта быў не мінімум, а максімум…

Я пайшоў ад яго ў поўнай разгубленасці. Заўтра абавязкова трэба прынесці яму кнігу, але як, якім чынам гэта зрабіць? Падрыхтавана толькі яе палова — другая не тое, што не звярстана, — яна яшчэ не ўся расчытана і набрана. Не дароблена вокладка. Ужо не кажучы пра тое, што на друк кнігі пойдзе некалькі дзён…

Я пазваніў у выдавецтва «Кнігазбор» Генадзю Вінярскому і запытаўся: ці магчыма тэрмінова зрабіць хоць адзін экземпляр — для Бураўкіна? Гэта было магчыма праз дзень-два, але толькі ў тым выпадку, калі заўтра будуць гатовыя вёрстка і вокладка…

У выніку да ночы ўжо ўсе вершы былі расчытаны, пад раніцу — набраны, апоўдні кніга была звярстана... Наогул кажучы, я шчыра ўдзячны ўсім тым, хто працаваў над гэтай кнігай, бо ўсе мы разам здзейснілі цуд, — Юлія Якаўлеўна з дачкой Святланай, якія дапамагалі расчытваць вершы, Уладзімір Някляеў, вярстальнік Канстанцін Лісецкі, карэктар Наталля Ведрыч, мастак Зміцер Гупянец, выдавец Генадзь Вінярскі, а таксама Павел Бераговіч, Глеб Лабадзенка і тыя супрацоўнікі тыпаграфіі, якія вечарам наступнага дня ўручную сабралі адзіны экземпляр кнігі «Нагаварыцца з зоркамі».

Мы былі ў Генадзя Мікалаевіча ўжо 27-га ўвечары — з яго новай кнігай. Бураўкін паднёс яе да вуснаў, ён практычна нічога не гаварыў, бо не было на тое сіл, і толькі падзякаваў тым, хто спрычыніўся да гэтага выдання: «Дзякуй, хлопцы, дзякуй вам, за ўсё дзякуй».

Мне падалося, што спачатку ён і сам не мог паверыць у тое, што апошняе і галоўнае яго жаданне нарэшце здзейснена. А потым, мусіць, быў проста ўсцешаны тым, што гэта адбылося.

Уладзімір Някляеў пасля напісаў: «За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — развітальная… І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці, — гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў, як належыць. Зрабіў у ім, што мог. Так сыходзяць паэты».

Развітваючыся з Бураўкіным у той вечар, я сказаў «да пабачэння», маючы на ўвазе сустрэчу ці яшчэ тут, ці ўжо там — мы неаднойчы гаварылі ў тыя дні пра будучую сустрэчу, якая некалі абавязкова адбудзецца. Я яшчэ заўважыў: «Вы, Генадзь Мікалаевіч, разам з дзядзькам Рыгорам адлупцуе мяне, калі пасля зраблю нешта не так». І Бураўкін, усміхнуўшыся, пацвердзіў, што менавіта так яно і будзе…

Замест эпілога

Зрэшты, варта сказаць яшчэ пра адну рэч: бываючы штодня ў Генадзя Мікалаевіча гэтыя апошнія яго паўтара тыдня, я не мог не заўважыць, як мужна паводзіў ён сябе, пра што аднойчы і сказаў: «Памятаеце, Генадзь Мікалаевіч, мы былі разам з Вамі і Рыгорам Барадуліным у Васіля Быкава ў Бараўлянах, і Вы пасля сказалі, што Васіль Уладзіміравіч паводзіў сябе вельмі мужна. Дык павінен Вам сказаць, што і Вы таксама паводзіце сябе мужна і годна». Бураўкін адказаў: «Дзякуй, Сярожа. Ты са мной усе гэтыя цяжкія часіны мае, так што можаш бачыць, можаш рабіць высновы… Стараюся, дарагі мой. Гэта апошняе, што я магу».

…А кнігу «Нагаварыцца з зоркамі», першы сігнальны экземпляр, якую Генадзь Мікалаевіч так чакаў (і, можа быць, думка пра яе і трымала яго апошнія дні, калі ён ужо не мог есці і ледзь гаварыў), родныя паклалі да яго ў труну.

На наступны пасля пахавання дзень Някляеў прапанаваў даць такую анатацыю: «Першы асобнік гэтай кнігі быў пахаваны разам з яе аўтарам, паэтам Генадзем Бураўкіным, а 15 гадзіне 31 мая 2014 года на Усходніх могілках Мінска. Звычайна лёс так заканчваецца, а ў гэтай кнігі так пачаўся лёс...»

Але мы ўсё ж вырашылі пакінуць тую анатацыю, якая і была ў тым першым, Бураўкінскім экземпляры. Дый сам паэт прасіў: «Рабі гэтую кнігу як чарговую маю кнігу, а не як пасмяротную. Пасмяротныя будуць пасля». І яны абавязкова будуць, дарагі Генадзь Мікалаевіч. Ну, а калі не, дык Вы ж пасля адлупцуеце мяне разам з дзядзькам Рыгорам — калі мы ўсе разам зноў яшчэ сустрэнемся.

Аўтограф апошняга верша Генадзя Бураўкіна

Да тых, хто застанецца, у мяне адна вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і недарабілі яе сыны лепшыя. І спадзявацца, што ўсе мы — і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, — усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове.

                                                                                  Генадзь Бураўкін 20 мая 2014 г.

                  З кнігі «Нагаварыцца з зоркамі»

                                  

* * *

                       Памяці Васіля Быкава

 

Ідзе жыццё.

За годам год мінае.

Мяняецца пагода на зямлі...

Усё часцей цябе я ўспамінаю

У выцертым салдацкім шынялі.

 

І што б такое не было са мною,

Здаецца мне: і ў сонца, і ўначы

Стаіш ты моўчкі за маёй спіною,

Гатовы мне хоць нечым памагчы.

 

Абражаны, зняважаны, ранімы,

Без спадзяванняў тайных і без сіл

Ты кожны раз вяртаўся да Радзімы

І літасці, і ласкі не прасіў.

 

На ўсіх шляхах, пры жудасных адлівах,

Калі змывала саснякоў камлі,

Ты нёс свой крыж зацята і цярпліва,

Каб з ім упасці на сваёй зямлі.

 

Да памяці тваёй не прыліпае

Ні павуцінне звад, ні подлы час...

Нам так цябе сягоння не хапае,

Як не хапае і табе ўсіх нас...

 

                                   11.Х.2011 г.

                                                                      Крыжоўка

 

                             

* * *

Няпраўда,

Што імгненна паміраюць

Бязгрэшныя ў намоленай цішы.

Анёлы смерці доўга падбіраюць

Свой ключ да іх асуджанай душы.

 

Даюць спярша спазнаць людскія мукі,

Бяссілле праўды і адчай трывог.

А потым ціха іх вядуць за рукі

Па той, апошняй з іх зямных дарог.

 

З аблокаў дазваляюць азірацца

На дзедаў крыж, на матчына вакно,

На хмельнае шчаслівае юнацтва

І на сяброў, што здрадзілі даўно.

 

З плячэй здымаюць іхні скарб сабраны,

Сціраюць пыл, нажыты пры жыцці, —

І ў райскі сад, што за высокай брамай,

Толькі тады запросяць увайсці…

 

                                               7.Х.2011 г.

                                               Крыжоўка

 

Абмеркаванне:

  • Мікола Захаранка
  • 2014-06-09 18:16:14
Светлы рэпартаж з апошняй масніцы
  • Людміла Паўлікава-Хейдарава
  • 2014-06-10 03:07:31
Як на вайне... Здавалася, за спінамі жывых стаялі постаці Быкава, Тараса, Барадуліна...
  • Зміцер
  • 2014-06-11 01:47:47
Шчырае дзякуй Вам, Сяргей.
  • Мікола Люцко
  • 2014-06-11 03:29:22
Сяргей, я вельмі ўражаны напісаным. Мне пашчасціла ў жыцці знацца з Васілем Быкавым, Рыгорам Барадуліным і канешне Генадзям Бураўкіным - НАШАЙ СВЯТОЙ ТРОЙЦАЙ. Я акрылен іхняй мужнасцю. Буду берагчы
Беларусь і прадаўжаць тое што мы яшчэ не дарабілі.

Каментаваць