Артымовічы

Хачу расказаць пра знакамітых беларусаў з Беласточчыны Віктара, Адама і Антона Артымовічаў, якія ў XIX стагоддзі ўнеслі вялікі ўклад у эканамічнае развіццё Расійскай імперыі. На жаль, што не сваёй уласнай Бацькаўшчыны, а менавіта Расійскай імперыі. І гэта не іх віна, а бяда. Бо, як мы ведаем з гісторыі, беларускае гаспадарства было ліквідавана ў канцы XVIII стагоддзя. Да гэтага спрычыніліся нашы як заходнія, гэтак і ўсходнія суседзі.

(На здымку: Віктар Артымовіч)



Хачу расказаць пра знакамітых беларусаў з Беласточчыны Віктара, Адама і Антона Артымовічаў, якія ў XIX стагоддзі ўнеслі вялікі ўклад у эканамічнае развіццё Расійскай імперыі. На жаль, што не сваёй уласнай Бацькаўшчыны, а менавіта Расійскай імперыі. І гэта не іх віна, а бяда. Бо, як мы ведаем з гісторыі, беларускае гаспадарства было ліквідавана ў канцы XVIII стагоддзя. Да гэтага спрычыніліся нашы як заходнія, гэтак і ўсходнія суседзі.

(На здымку: Віктар Артымовіч)


Увесну 1791 года ў часе Вальнага Сойму польскія магнаты і апалячаная беларуская шляхта, імкнучыся ўмацаваць Польшчу, над якой навісла пагроза з боку Аўстрыі, Прусіі і Расіі, заявілі пра неабходнасць увядзення спадчыннай манархіі і зліквідавання адметных дзяржаўных структураў Вялікага Княства. Так здзейснілася мара нашых заходніх суседзяў. Беларускае гаспадарства з гэтага моманту дэ-юрэ ўвайшло ў склад Польшчы. Праўда, ненадоўга. У маі 1792 года расійская армія пад камандаваннем Крачэтнікава захапіла Вільню і ўсталявала кантроль над нашымі землямі. А ў 1793 годзе Расійская імперыя анексавала цэнтральную частку Беларусі (усходнія землі былі захопленыя яшчэ раней — у 1772 годзе).

 У 1795 годзе, калі Расія дарэшты захапіла Беларусь, распараджэннем Кацярыны II нашы землі ўвайшлі ў тры створаныя тады адміністрацыйныя адзінкі — генерал-губернатарствы: Беларускае (Полацкая і Магілёўская губерні), Літоўскае (Слонімская і Віленская губерні ды дзве вобласці — Ковенская і Гарадзенская) і Падольскае (Менская, Валынская і Падольская губерні).

Такім чынам, аніякага «ўз’яднання» Беларусі з Расіяй, як гэта доўга тэндэнцыйна сцвярджалася ў савецкай гістарычнай літаратуры, ніколі не было. Меў месца гвалтоўны захоп, у выніку якога тэрыторыя Беларусі разам з беларускім народам была далучана да Расіі, і наш пакутны народ на дзвесце гадоў трапіў у маскоўскую нядолю.

Такі лёс быў і вельмі адукаваных, разумных і таленавітых беларусаў Віктара, Адама і Антона Артымовічаў. У Расійскай імперыі ў іх нават нацыянальнасць пісалася не беларуская, а польская альбо расійская.

Віктар Антонавіч Артымовіч нарадзіўся ў Беластоку ў 1820 годзе. Пра яго маленства і школьныя гады мала што вядома. Але мы ведаем, што бацька Віктара Антон Фёдаравіч Артымовіч (прафесар матэматыкі і астраноміі Віленскага ўніверсітэта) за вельмі кароткі час зрабіў добрую чыноўніцкую кар’еру, атрымаў 2000 дзесяцін зямлі і фальварак. Ён быў на той час даволі багатым чалавекам. Таму меў грошы, каб даць сыну добрую адукацыю. І сын хутка кончыў Імператарскае вучылішча правазнаўства ў Пецярбурзе. А гэта вучылішча на той час рыхтавала дзяржаўных служачых, чыноўнікаў вялікага рангу.

З 1842 да 1853 гадоў Віктар Артымовіч служыў у Сенаце — адным з вышэйшых дзяржаўных органаў Расійскай імперыі, галоўнай функцыяй якога ў той час было «блюсти законы», змагацца са злоўжываннем як у цэнтры, так і ў губернях. З гэтай мэтай Сенат адпраўляў туды сенацкія рэвізіі, у якіх малады Артымовіч рэгулярна прымаў удзел, дасканала вывучаючы дзейнасць чыноўнікаў. Ужо тады Віктар Артымовіч стварыў сабе рэпутацыю вельмі прынцыповага і сумленнага рэвізора, які наводзіў страх на ўсіх хабарнікаў і казнакрадаў. У Сенаце ён даслужыўся да ўпраўляючага справамі.

У 1854 годзе Віктар Артымовіч быў прызначаны табольскім губернатарам. За пяць гадоў службы ў Табольску ён не толькі зарэкамендаваў сябе надзвычай дзейным кіраўніком губерні, але актыўна вёў барацьбу з хабарніцтвам, навёў парадак у службовых месцах, палепшыў становішча ссыльных. Дарэчы, пасля паўстання 1831 года, а таксама пасля таго, як у 1846 годзе 1100 сем’яў аднадворцаў па загаду міністра ўнутраных спраў Расіі гвалтам былі пераселены з Беларусі на Каўказ і ў многія губерні Расіі, а таксама пасля паўстання 1863 года, ссыльных-землякоў Віктара Артымовіча было ў Табольскай губерні шмат. Губернатар іх не крыўдзіў. Знаходзіў жыллё, працу, дапамагаў. Гэтым учынкам хутка зацікавіліся прадстаўнікі расійскага ўраду, і нашага земляка перавялі губернатарам у Калужскую губерню. Але і там ён дапамагаў ссыльным з заходніх рэгіёнаў тагачаснай Расійскай імперыі. За працай і ўчынкамі Віктара Артымовіча вельмі сачылі. А калі колькасць ссыльных пасля 1863 года стала ў губернях Расіі павялічвацца, Віктара Артымовіча перавялі на працу ў Варшаву. Тым не менш, там ён доўга не затрымаўся, бо па ўласнай заяве яго зноў перавялі ў Сенат, дзе Віктар Антонавіч пачынаў і дзе адпрацаваў усе астатнія гады свайго жыцця.

Нашага земляка ўсе вельмі паважалі. Ён меў роўны, спакойны характар і дужа паважліва ставіўся да сваіх падначаленых. Нездарма, прызначаючы 34-гадовага Артымовіча губернатарам Табольска, цар Мікалай I, які ўсім «тыцкаў», звяртаўся да яго выключна толькі на «вы».

У 1854 годзе, незадоўга да свайго прызначэння ў Табольскую губерню, Віктар Артымовіч ажаніўся з Ганнай Жамчужнікавай. З дружнай і таленавітай сям’ёй Артымовіч пасябраваў адразу, калі прыехаў з Беластока ў Пецярбург. З братам жонкі Аляксеем ён вучыўся ў адным класе вучылішча правазнаўства. Вельмі любіў бываць у доме Жамчужнікавых. Два браты Жамчужнікавых былі паэты, адзін — мастак, іх стрыечны брат — рускі пісьменнік Аляксей Талстой. А бацька Ганны Жамчужнікавай быў сенатарам. Шлюб Віктара Артымовіча і Ганны Жамчужнікавай быў вельмі шчаслівым. Ганна перажыла мужа, але апошнія гады свайго жыцця яна збірала матэрыялы пра яго жыццё і дзейнасць. Віктара Антонавіча Артымовіча не стала ў 1893 годзе.

Выпіска з метрыкаў, пасведчанне аб заканчэнні вучылішча правазнаўства, дыплом на званне сапраўднага члена Рускага геаграфічнага таварыства, біяграфія, некралог, розныя загады, пісьмы, перапіска, радаслоўная Артымовічаў, матэрыялы сям’і Жамчужнікавых і шмат іншых матэрыялаў захоўваюцца сёння ў Інстытуце рускай літаратуры Расійскай Акадэміі Навук (ф.11, адзін. зах. 82).

 Родны брат Віктара Артымовіча Адам Артымовіч быў маладзейшы за брата на 8 гадоў. Ён нарадзіўся ў Беластоку ў 1828 годзе. Скончыў Беластоцкую гімназію, а ў 1849 годзе — Пецярбургскае Імператарскае вучылішча правазнаўства. Дзякуючы вучобе ў гэтым вучылішчы Адам Антонавіч атрымаў даволі высокі чын тытульнага дарадчыка і пачаў службу летам 1849 года ў Першым Дэпартаменце Урадавага Сената Расіі.

Адам Антонавіч Артымовіч


З 1857 года Адам Артымовіч пачаў працаваць чыноўнікам пры Арэнбургскім і Самарскім генерал-губернатары. Потым загадваў канцылярыяй губернатарства. На гэтай пасадзе ён зарэкамендаваў сябе вельмі добра ў адносінах падрыхтоўкі вызвалення сялян ад прыгоннага права. Прымаў таксама ўдзел у рэвізіях Заходняй Сібіры. А пасля гэтага Адам Артымовіч стаў працаваць чыноўнікам па важных даручэннях пры Арэнбургскім і Самарскім генерал-губернатары.

1 студзеня 1861 года наш зямляк быў прызначаны кіраўніком Самарскай губерні Расіі. Як губернатар ён удзельнічаў у рабоце па вызваленню сялян Самарскай губерні ад прыгоннага права па Маніфесту 19 лютага 1861 года. Гэту работу ён выканаў з гонарам, не парушаючы інтарэсаў ні сялян, ні памешчыкаў.

 Пры Адаму Артымовічу пачалося фарміраванне ў заволжскіх стэпах Самарскай губерні раёна таварнага земляробства, якое дазволіла забяспечыць рост самой Самары — з 1861 да 1897 гадоў колькасць самарскіх жыхароў павялічылася на 226%, сярод якіх шмат было беларусаў з Паўночна-заходняга краю Расіі. Дзякуючы Адаму Антонавічу ў Самары былі адкрыты тэлеграфная кантора і гарадскі агульны банк.

У 1861 годзе па загаду Адама Артымовіча там быў пабудаваны новы Кафедральны праваслаўны сабор імя Прасвятой Багародзіцы. Губернатар шчыра заахвочваў будаўніцтва ў горадзе праваслаўных храмаў і каменных пабудоў…

17 красавіка 1862 года Адама Артымовіча перавялі на пасаду апекуна Адэскай вучэбнай акругі. Прычынай такога паніжэння ў пасадзе стала тое, што наш зямляк выступаў за аддзяленне Самарскай губерні ад генерал-губернатарства. А таксама тое, што ён разам з братам Віктарам (калужскім губернатарам) падтрымліваў цесныя сувязі з рэвалюцыйнымі польскімі гурткамі. Адам і Віктар Артымовічы дапамагалі фінансамі будучым паўстанцам на Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага…

2 мая 1962 года Адам Антонавіч наладзіў развітальны абед і разам з жонкай паехаў на новае месца службы ў Адэсу. Пры пераводзе на новае месца працы яго нават узнагародзілі ордэнам Святога Уладзіміра трэцяй ступені, а праз тры гады — ордэнам Святога Станіслава першай ступені.

У Адэсе наш зямляк працаваў амаль да смерці. Яго не стала 15 студзеня 1893 года.

Антон Артымовіч (1832–1910) быў самым малодшым братам Артымовічаў. Але пра яго звестак пакуль сабраць удалося мала. Ды і не такім вядомым ён быў у Расіі, як Віктар і Адам. Антон нарадзіўся ў Беластоку ў 1832 годзе. Быў правадзейным тайным работнікам, потым сенатарам. Яго жонкай стала Вольга Рымская-Корсакава, чые продкі былі беларусамі і паходзілі з Літвы. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей. Сярод якіх — Марыя была «классной дамой» у Ніжагародскім Марыінскім інстытуце шляхетных дзяўчат. Сын Уладзімір служыў у Міністэрстве замежных спраў Расіі. А з 1910 года быў дырэктарам Дэпартаменту асабістага складу і гаспадарчых спраў. Яго жонкай была амерыканка Марыяна Гобс…

Антон Артымовіч


Каб расказаць пра ўсіх Артымовічаў — беларусаў з Беласточчыны, пра іх дзяцей, унукаў, праўнукаў і прапраўнукаў — неабходна напісаць некалькі тамоў кніг. Тым не менш, яны ведаюць і павінны ведаць, хто іх быў далёкі продак з Беластока праваслаўны беларус (ліцвін) Артымовіч Антон Фёдаравіч, яго сыны Віктар, Адам і Антон Артымовічы. Лёс беларусаў Артымовічаў раскінуў па ўсім свеце. Яны сёння жывуць не толькі ў Расіі, але і ў Польшчы, Беларусі, ЗША, Іране, Францыі, Англіі і ў іншых краінах свету. Магчыма, з гэтага роду і слынная наша беларуская паэтка з Беласточчыны Надзея Артымовіч, якая неяк напісала: «І нават тады, калі пацямнее дарога, а вецер і дождж вырасце сцяной, мы будзем ісці да чыстай вады, да ніў залатых і да нашага блакітнага неба».

Каментаваць