Асоба, якая адхіляла кампрамісы

У красавіку споўнілася 114 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага хірурга Івана Стальмашонка. Дата не круглая. Можна было б і пачакаць год з гэтым тэкстам. Але не ўпэўнены, што дажыву.

Значок маладога спецыяліста — ромб з эмблемай медыцыны і абрэвіятурай медінстытута — «МГМИ»

Значок маладога спецыяліста — ромб з эмблемай медыцыны і абрэвіятурай медінстытута — «МГМИ»


Іван Майсеевіч Стальмашонак (1902–1976) узначальваў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1953–1961). Упершыню ўбачыў яго пасля заканчэння іспытаў у інстытут у час сумоў’я. У строгім цёмна-сінім гарнітуры з такім жа строгім, але не суровым ці пахмурным позіркам праз акуляры, ён перш за ўсё ціха спытаў у мяне: «Чым шэршань адрозніваецца ад пчалы?»…


Іван Стальмашонак

Іван Стальмашонак



1 верасня дэканат інстытута запрасіў нас, новаспечаных студэнтаў, на сустрэчу ў аўдыторыю № 1, самую вялікую ў інстытуце. На сценах віселі чатыры велізарныя партрэты. Выявы на трох з іх — заснавальнікаў нервізму І. М. Сечанава і І. П. Паўлава ды лейб-медыка тэрапеўта С. П. Боткіна, — мне былі добра знаёмыя. Аднак вызначыць выяву чалавека сярэдніх гадоў з вусамі і ў берэце на чацвёртым партрэце я не змог. Як і ўсе мае суседзі. Пасля выступлення выкладчыкаў мы і спыталі аб тым. «А гэта, — сказаў Іван Майсеевіч, — Францыск Скарына — наш першы доктар медыцыны». Пагаворвалі, што тыя партрэты маляваў сын дырэктара (так у той час называлася пасада рэктара) — будучы Народны мастак Беларусі.

Сярод ВНУ Мінска наш інстытут вызначаўся сваёй грамадска-спартыўна-культурніцкай дзейнасцю. Прынамсі, заўсёды, па гэтых паказчыках займаў прызавыя месцы.

Дырэктара даводзілася бачыць толькі некалькі разоў на год, звычайна на агульнаінстытуцкіх сходах. Калі ж перайшлі на пяты курс і пачалі наведваць кафедру і клініку шпітальнай хірургіі, якімі ён кіраваў, сустракаліся часцей. Тут нас напаткалі сумненні ва ўсёмагутнасці хірургіі, нават расчараванні ў медыцыне. На кафедры мы павінны былі спасцігаць вяршыні дыягностыкі і лячэння хірургічных хваробаў, а нам распавядалі пра памылкі і ўскладненні, якія развіваюцца ў час падобных дзеянняў…

Апошні год вучобы быў адметны вырашэннем штодзённых бытавых праблем. Нас, студэнтаў, больш цікавілі ўпартыя пагалоскі, што і мы, як выпускнікі ўніверсітэта, атрымаем адпаведны значок — дэманстратыўнае сведчанне маладога спецыяліста. Але наш значок будзе «профільны», адпавядацьме набытай прафесіі. І нарэшце, пасля здачы дзяржаўных экзаменаў, медыкі атрымалі «свой» значок. Такі ж, як і ўніверсітэцкі (сіні ромб у белай акантоўцы з рэльефным гербам СССР у цэнтры), толькі з дадаткам эмблемы медыцыны і абрэвіятуры назвы нашага інстытута — «МГМИ» (агульнасаюзныя — «ананімныя» — «ромбы» давялося ўбачыць на вопратках выпускнікоў медычных ВНУ гады праз два пасля). Значок каштаваў кожнаму з нас 35 рублёў. Тады гэта былі немалыя грошы, калі ўлічыць, што стыпендыя не перавышала 220 рублёў. Але, наколькі мне вядома, ніводзін з 613 выпускнікоў не адмовіўся ад падобнай адзнакі.

Ужо на Слаўгарадчыне, дзе пачаў працаваць па размеркаванні, я даведаўся, што Стальмашонак пакінуў пасаду дырэктара інстытута. Праз тры гады, пасля майго вяртання дамоў, мае сакурснікі, якіх да таго часу ў сталіцы сабралася больш за палову выпуску, даводзілі мне, што звальненне дырэктара было абумоўлена не столькі «путчам» супрацоўнікаў інстытута, колькі абурэннем Масквы «местачковым самавольствам» Івана Майсеевіча, які аздобіў наш «ромб» абрэвіятурай інстытута.

Іван Майсеевіч прыйшоў у медыцыну па камсамольскай пуцёўцы ў 1922 годзе. Хутка набыў аўтарытэт добрага хірурга, а пасля атрымання партбілета ў 1929 годзе пачаў займаць кіруючыя пасады ў розных медустановах: дэкан факультэта, намеснік дырэктара (завуч) Беларускага (Мінскага) медінстытута, загадчык аддзела аховы здароўя Мінска, начальнік упраўлення Наркамата аховы здароўя БССР (двойчы — да і пасля вайны), дацэнт кафедры медінстытута і адначасова дырэктар БелНДІ пералівання крыві, галоўны хірург эвакуацыйных шпіталяў Чувашыі і Кіраўскай вобласці, нарэшце, загадчык кафедры шпітальнай хірургіі Мінскага медінстытута і адначасова яго дырэктар.


Рэдакцыйнае пасведчанне газеты «Советский медик» Генадзя Шэршня

Рэдакцыйнае пасведчанне газеты «Советский медик» Генадзя Шэршня



Калі я працаваў ужо ў рэдакцыі медлітаратуры выдавецтва «Беларусь», у аднаго наведвальніка — выкладчыка нашага інстытута — спытаў пра звычайнае, амаль дзяжурнае: «Ну што там новага ў альмаматэр?» А ў адказ пачуў нечаканае: «Стальмашонак кватэру атрымаў у шматпавярховым доме, дагэтуль ён жыў у прыватным сектары. Казаў, што не можа ніяк прызвычаіцца да новага месца. Хваравіта ўспрымае розныя гукі, што даносяцца з суседніх кватэр — усялякія шумы, свідраванні, пілаванні, стукі. Падумвае куды-небудзь з’ехаць». Праз нейкі час даведваюся: дырэктар сапраўды з’ехаў у Асіповічы і там жыве.

Ён з’явіўся ў нашай рэдакцыі ў канцы 1970-х, калі ўжо быў персанальным пенсіянерам. Прынёс рукапіс сваіх «Очерков развития хирургии в Белоруссии». Вонкава Іван Майсеевіч амаль не змяніўся. Як і ў першую нашу з ім сустрэчу, быў апрануты ў цёмна-сіні гарнітур, і яго акуляры, як быццам, былі тымі ж самымі. Толькі ў валасах — пасмы сівізны. Гаварыў ён па-ранейшаму стрымана і ціха. Мяне не пазнаў…

У той час у выдавецтвах была тэндэнцыя з мэтай павышэння «аб’ектыўнасці» ацэнкі твора і якасці публікацый папярэдне накіроўваць рукапісы на рэцэнзаванне. Калі аўтарамі былі вядомыя і паважаныя ў Беларусі людзі, іх творы амаль заўсёды пасылалі на знешняе рэцэнзаванне ва ўстановы саюзнага падпарадкавання. Для аўтараў гэта ніколі не было сакрэтам. Кандыдатуры будучых рэцэнзентаў з імі ўзгаднялі. Іван Майсеевіч не быў выключэннем. Загадчык рэдакцыі назваў яму некалькі імёнаў магчымых рэцэнзентаў, з якіх прапанаваў прафесара Б.Д. Пятрова з Масквы («видный советский историк медицины», як пра яго пазначана ў «Вялікай медыцынскай энцыклапедыі»). Дырэктар з гэтай кандыдатурай пагадзіўся, прынамсі, не пярэчыў. Але...

Праз нейкі час Б. Д. Пятроў прыслаў у рэдакцыю рэцэнзію, з якой дырэктар не згадзіўся катэгарычна. Мне не вядома, якія хібы ў рукапісе знайшоў Б.Д. Пятроў, каб паставіцца да яго так нядобразычліва. Ужо былі выпадкі, калі маскоўскія рэцэнзенты са сваёй вялікадзяржаўнай званіцы спрабавалі вучыць «перыферыйных» прапісным ісцінам, па-хамску ставячыся да аўтараў, зневажаючы іх. Ці мог дазволіць сабе падобнае Б. Д. Пятроў, былы апаратчык ЦК КПСС? Наўрад ці. Аднак факт застаецца фактам: ён не палічыў патрэбным даць згоду на публікацыю манаграфіі.

У такіх выпадках лёс падобных твораў вырашаўся на пасяджэннях Грамадскага рэдакцыйнага савета. На чарговым пасяджэнні бальшыня сімпатызавала Івану Майсеевічу. Але адзін з сябраў паведаміў сходу, што аўтар рукапісу (І.М. Стальмашонак) не прыняў ніводнай заўвагі рэцэнзента. У пакоі павісла напружаная цішыня. Нарэшце намеснік старшыні рэдсавета прафесар В.А. Маркс, вядомы ў медыцынскім свеце сваёй бесканфліктнасцю і міралюбствам, перарваў гэтае цяжкае маўчанне:

— Іван Майсеевіч, ну няўжо ў аніводнай з заўваг Пятрова няма нічога рацыянальнага, што варта было б улічыць? — спытаў ён мяккім тонам.
— Няма, — ціха і абыякава адказаў той.
— Але чаму?
— Таму што ён — нягоднік... — тым жа ціхім голасам адказаў дырэктар і так паглядзеў на Маркса, што, падалося, яшчэ момант — і праз шкельцы акуляраў прыб’е да сценкі не вінаватага ў скандале Васіля Аскаравіча.

Пасля такога дарэмна было шукаць нейкія кампрамісы. Пасяджэнне рэдсавета закончылася нічым.

Вось тады мне прыпомніліся плёткі наконт доктарскай дысертацыі дырэктара, якія чуў на першым курсе вучобы. Вырашыў высветліць абставіны той абароны, пасядзеў у бібліятэцы і вызначыў, што тэма той дысертацыі тычылася... траўматалогіі. Што прымусіла яго, прызнанага ўжо спецыяліста ў галіне хірургіі органаў сістэмы стрававання, перакваліфікавацца? Гэта, напэўна, назаўсёды застанецца таямніцай. Аднак вырашэннем праблемаў лячэння пераломаў касцей І. М. Стальмашонак пачаў займацца яшчэ да вайны і працягнуў свае доследы пасля яе, прысвяціўшы гэтаму 15 гадоў лекарскай працы. Адпаведна, набыў грунтоўны досвед, сабраў значны даследчыцкі матэрыял, на які абапіраліся ягоныя высновы. Высновы не толькі абгрунтаваныя, але і, як кажуць, выпакутаваныя. Пэўна, у час абароны апаненты не знайшлі з ім паразумення і — «трапіла каса на камень».

На тым справа не закончылася. У 1952 годзе Іван Майсеевіч выдаў яўна дысертацыйнага складу манаграфію «Оперативное лечение закрытых и открытых переломов» з прадмовай прафесара М. М. Прыорава, старшыні Усесаюзнага навуковага таварыства артапедаў-траўматолагаў, члена-карэспандэнта АМН СССР. Гэтая прадмова была своеасаблівым «адказам маім апанентам» і сведчаннем «афіцыйнага» прызнання слушнасці ягоных высноў. А затым, пасля 1952 года, Стальмашонак нібыта «забыў», што траўматалогія існуе наогул.

Праз паўгода пасля згаданага рэдсавета «Очерки…» дырэктара ўсё ж пабачылі свет у выглядзе кнігі ў бумвінілавай вокладцы. Напэўна, у яе выданні станоўчую ролю адыгралі даўнія сувязі аўтара з уладнымі асобамі, былымі пацыентамі.

Больш Івана Майсеевіча мне ўжо не даводзілася бачыць. Чуў некалькі выступленняў па радыё ягонага сына, Уладзіміра Іванавіча Стальмашонка, Народнага мастака Беларусі, на дыхтоўнай беларускай мове. У ягонай сям’і непрымірымага барацьбіта за ісціну мова не магла быць чужой.

Іван Майсеевіч любіў свой край, сваю старонку, дзе нарадзіўся і вырас. Ён любіў і свой інстытут, выхаванцам якога быў і якім кіраваў. Таму і ставіўся да сваіх спраў і абавязкаў шчыра, як падказвалі сумленне і перакананні.



Каментаваць