Калі год таму быў апублікаваны наш сумны прэс-рэліз пра сыход бацькі, у беларускім інтэрнэце з’явілася мноства некралогаў, успамінаў, каментараў і допісаў у памяць Аляксея Караля. Светлая ўсмешка, любоў да жыцця і адданасць сваёй справе зачароўвалі тых, хто трапляў у яго арбіту.

Аляксей Кароль, 2014


На развітанне з бацькам прыйшлі сотні людзей, няспыннай плынню гучалі словы прамоўцаў, а магіла патанула ў жывых кветках. Адгукнуліся людзі з усіх перыядаў багатага зямнога шляху Аляксея — аднакурснікі, журналісты, паплечнікі па партыйным жыцці, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій, даўнія калегі па навуковай працы, у тым ліку тыя, з якімі ён не меў сувязяў з савецкага часу, і тыя, хто апынуўся на іншым баку беларускага палітычнага разлому.


Аляксей Кароль з сынам Сяргеем. Ганконг, 2013 г. Сяргей рэдка трапляе ў сямейныя кадры, бо звычайна ён фатаграфуе. Любоў да фатаграфавання прывіў бацька. 


Такая шырыня і моц пачуццяў ад страты ўразілі нас. Вядома, мы ведалі, наколькі рознабаковай была яго дзейнасць, але нават мы не маглі ўявіць, якую вялізарную колькасць людзей ён закрануў у сваім жыцці.

Бацькава светлая ўсмешка, яго бязмежная цікаўнасць, любоў да жыцця і адданасць сваёй справе зачароўвалі тых, хто трапляў у ягоную арбіту. І мы зразумелі — тая самая якасць, якая рабіла яго такім незвычайным чалавекам для іншых, рабіла яго і тым, кім ён быў для нас, — цудоўным, непаўторным бацькам, які, разам з маці, сфарміраваў нас як асобаў, прывіў ідэалы, прынцыпы, інтарэсы, любоў да пісьмовага слова і гуманітарных навукаў. Ад бацькі сыходзіла святло, якое прыцягвала да яго сяброў, калег і паплечнікаў, і ў якім раслі і сталі дарослымі мы.


Аляксей Кароль. Галерэя Ў. 2014 г.


Мы часта задаваліся пытаннем, што за магічны рэцэпт дапамог бацькам стварыць для нас такую шчаслівую, паўнавартасную сям’ю, дзе панавала каханне. Бацька патлумачыў, што яны з маці самі, без усялякіх кніг па выхаванні, вывелі просты прынцып, якім і кіраваліся: «Дзеці — такія самыя, як дарослыя, толькі фізічна маленькія і менш дасведчаныя. Таму мы мусім ставіцца да іх як да сабе роўных і вельмі тактоўна накіроўваць іх у развіцці, абапіраючыся на той жыццёвы досвед, які ў нас ёсць, а ў іх пакуль няма».


Аляксей Кароль з нявестай Вольгай. 1969 г.


Таму, відаць, мы не памятаем, каб нас выхоўвалі. Затое цудоўна памятаем, як з намі размаўлялі, абмяркоўвалі, цярпліва тлумачылі, як мы разам гулялі, чыталі, займаліся супольнымі справамі, смяяліся, і, галоўнае, як нам усім разам было цікава і вельмі ўтульна.

Аляксей Кароль з жонкай Вольгай у Ганконгу. Студзень, 2013 г.


Сам бацька з юнацтва і ўсё жыццё заставаўся духоўна вельмі блізкім са сваім бацькам — Сцяпанам Каралём, крыштальна чыстым і высока маральным чалавекам. Два разы на месяц мы ўсе разам ездзілі на выходныя да дзядулі з бабуляй у Маладзечна. У Мінску бацька стаў часткай інтэлігентнай сям’і сваёй жонкі, нашай маці, дзе панавалі любоў і ўзаемапавага. Менавіта ў такой атмасферы раслі і мы.


Аляксей Кароль з бацькамі ў Маладзечна. 1970 г.


З гадамі нашая духоўная сувязь з бацькамі станавілася толькі мацнейшай, незалежна ад адлегласцяў, якія нас падзялялі. У памяці выкрышталізаваліся некалькі важных запаветаў, дадзеных нам бацькам у ненавязлівай, часам паўжартаўлівай форме на розных этапах жыцця, якія моцна паўплывалі на наша асабістае і прафесійнае сталенне.

З маленства — у вачах вобраз бацькі з кнігай ці газетай у руках. У нашай невялікай двухпакаёўцы ў Курасоўшчыне заўсёды было шмат самых розных кніг. Кніг, якія чыталіся, а не збіраліся дзеля прыгожай калекцыі на паліцах. Бацька чытаў удумліва, падкрэсліваючы важныя радкі і пакідаючы на палях нататкі. Былі аўтары і творы, да якіх ён вяртаўся шматкроць.


Аляксей Кароль дома за чытаннем газеты. Мінск, 1992 г.


Дзецьмі мы любілі ўладкавацца пад бокам у бацькі і разам чытаць кожны сваю кніжку. Калі выраслі, сталі абменьвацца новымі кніжнымі здабыткамі і дзяліцца ўражаннямі. Рэгулярна па пошце нам прыходзілі паведамленні аб тым, што ў мінскай краме «Падпісныя выданні» нас чакаў чарговы том поўнага збору твораў — на іх, айчынных і замежных аўтараў, якіх толькі дазваляла тады сістэма, бацькі падпісваліся ўвесь час.

Аднойчы сусед-шафёр дзядзька Юзік, які зайшоў перахапіць пяць рублёў да палучкі, агледзеўшы паліцы, якія займалі ўсю паверхню сцяны, перавёў дых і сказаў маці: «Волечка, у вас жа «Жыгулі» на паліцах стаяць!» Дзякуючы гэтым паліцам наша кватэра ніколі не набыла стандартнага набору савецкага быту — секцыі і мяккага кутка. Затое ў ёй былі адмысловыя фатэлі, як у бібліятэцы, у якіх было вельмі ўтульна чытаць. Бацька называў гэта «інтэлектуальнай утульнасцю».


Аляксей Кароль з дачкой Ірынай. Ганконг, 2013 г. Разам пішуць рэпартаж для «Новага Часу». 


І бацька, і маці заўжды шмат працавалі, у тым ліку на выходных. Але нягледзячы на гэта, у нашай памяці бацькі амаль увесь час былі разам з намі. Пазней мы неяк сказалі бацьку, што калі ў нас будуць свае дзеці, то мы таксама будзем адмыслова знаходзіць час, каб правесці яго разам з імі. Бацька адрэагаваў імгненна: «Ідэя штучнага стварэння нейкага асобна вызначанага часу для дзяцей — гэта шкоднае глупства. Мы з маці ніколі гэтага не рабілі. Мы проста бралі вас у нашае жыццё, з усімі яго часткамі, у тым ліку працай».


Аляксей Кароль у Ганконгу з жонкай Вольгай і дачкой Ірынай. 2013 г.


Бацькі ніколі не адмяжоўваліся ад нас. Пасля заняткаў у мастацкай школе сын спяшаўся да бацькі ў навуковы інстытут, дзе, набраўшы з першага паверха службовы нумар, які ён памятае і зараз, узбягаў па напаўзмрочнай лесвіцы ў бацькавы кабінет, каб пасядзець за ягоным сталом, паразмаўляць, а потым разам ісці па цэнтральных вуліцах Мінска. Падчас гэтых шпацыраў бацька распавядаў пра гістарычная падзеі, што адбываліся на гэтых вуліцах, ці пра гістарычных асобаў, якія жылі ў гэтых будынках.

Цяпер здзіўляе, як ён усё ведаў, памятаў і, галоўнае, знаходзіў энергію ды жаданне спыніцца пасля працоўнага дня і распавесці гэта нам, яшчэ зусім дзецям. Перад сном бацька таксама апавядаў нам свае захапляльныя «гісторыі» — ад старажытнай Грэцыі да новых часоў.


Ірына і Сяргей Кароль. Ганконг, 2013 г. 


Пісьмовы стол, а пазней і кампутар на ім — яшчэ адзін неад’емны атрыбут вобраза бацькі. Ён заўжды пісаў шмат, як гісторык і як публіцыст. Менавіта ад бацькі мы навучыліся пазбягаць штампаў у пісьмовых творах, і не важна, была тое віншавальная паштоўка, артыкул ці дысертацыя. Гэта дапамагае нам і зараз — дачцэ, якая пайшла па шляху бацькі як гуманітар-прафесіянал, і сыну ў бізнес-кіраванні, дзе пісьмовае слова, хоць і карацейшае, але таксама адыгрывае вызначальную ролю ў камунікацыі з людзьмі.

Да старажытнага жанру ліста мы часта звярталіся і ў зносінах паміж сабой. У цяжкія для сям’і часы, калі трэба было прымаць лёсавызначальныя рашэнні, у нашых імэйлах з’яўляліся файлы-дадаткі пад назвай «Ліст». Апошні такі ліст мы напісалі бацьку, калі абмяркоўвалі магчымасць ягонага лекавання ў Сінгапуры ў чэрвені 2015 года. Тады ён напісаў у адказ: «Дзіўная рэч, але гэта старажытная форма зносін мае значна большую моц, чым усе іншыя сучасныя інструменты камунікацыі».


Сям'я Аляксея Караля разам з нявесткай Валянцінай на даху Опернага тэатра ў Осла, 2009 г


Яшчэ напачатку перабудовы, да таго, як з’явіліся магчымасці падарожнічаць па свеце, бацька стаў заахвочваць нас вывучаць замежныя мовы. Сам ён вельмі шкадаваў, што ў свой час не авалодаў як след нямецкай мовай, але вельмі добра разумеў, што валоданне мовамі ў сучасным свеце з’яўляецца абсалютна неабходным навыкам, які не толькі пашырае межы, але дае свабоду. У сваіх інтэрнацыянальных кар’ерах, мы абодва вельмі ацанілі гэтую ягоную параду. А бацька жартаваў, што такім чынам вырасціў сабе двух перакладчыкаў.


Сяргей і Аляксей Кароль. ЗША, 2008 г. Сяргей перакладае прамову Аляксея Караля падчас атрымання прэміі імя Найта.


У такіх зносінах на роўных, поўных кахання, такта і ўзаемапавагі, бацькі сталі нашымі лепшымі сябрамі, партнёрамі ў справах і дарадцамі. У нас ніколі не было страха перад пакараннем ад бацькоў. Бацька вельмі па-майстэрску карыстаўся іроніяй, у першую чаргу над самім сабой. Таму, калі мы, як аўтамабіль на дарозе, крыху адхіляліся ад правільнага курса, бацьку было дастаткова ўсміхнуцца сваёй іранічнай усмешкай і нагадаць: «Здаецца, ты вырашыў, што Бога за бараду ўзяў. Зараз тая самая сітуацыя, калі твая амбіцыя перавышае амуніцыю. Трэба або першую знізіць, або другую ўзмацніць».

Самым вялікім нашым страхам было расчараваць бацькоў. Аднаго позірку з маўклівым дакорам, або гэтай іранічнай усмешкі з прыжмураным вокам, хапала, каб дзіцячы ці падлеткавы, а часам і дарослы, компас выправіўся і зноў лёг на сапраўдны курс.


Аляксей Кароль, Ірына Віданава, жонка Вольга і Сяргей Кароль на ўручэнні прэміі Цайта "Новаму Часу", Осла, 2009 г.


Бацьку было сапраўды цікавым наша жыццё. Мы вельмі шмат размаўлялі і абмяркоўвалі тое, што нас хвалявала. Асабіста ці па скайпу бацька заўсёды мог даць нам параду і сам раіўся з намі. Ён умеў хутка прааналізаваць самыя няпростыя сітуацыі, дакладна іх зразумець, улічыць розныя фактары і прапанаваць алгарытм узважаных дзеянняў.

Гэтую сваю здольнасць ён не згубіў да апошніх хвілінаў жыцця, нягледзячы на хваробу і слабасць. Ужо ў Сінгапуры мы вечаровымі гадзінамі, як у нашым юнацтве, гутарылі пра складаныя прафесійныя пытанні, і бацькавы разважлівы падыход ды ягоная заўсёдная падтрымка дапамагалі годна пераадольваць любы крызіс.


Аляксей і Вольга Кароль. Ганконг, 2013 г. Падчас сямейных калядна-навагодніх вакацыяў.


Бацька не быў ідэальным. У яго былі свае слабасці і недахопы, пра якія ён ведаў і над якімі часам іранізаваў. Дзякуючы каханню, разуменню і падтрымцы нашай маці, бацька меў магчымасць займацца ў сваім жыцці тым, што любіў, і не быў абцяжараны побытавымі праблемамі. Натуральна, што ў бацькоў былі складаныя часы, але ў нашым доме ніколі не павышаліся галасы. Такт, павага, эрудаванасць і культура панавалі ў нашым сямейным сусвеце.

Тое святло, што прыцягвала да бацькі самых розных людзей і аб’ядноўвала вакол яго, запаўняла ўсё наша жыццё, ад нараджэння і да сёння. Мабыць таму гэты першы без яго год мы штодня адчувалі ягоную прысутнасць, у нашых думках, пачуццях і дзеяннях. Гэтае святло будзе з намі заўсёды.


Вулічная скульптура ў Ганконгу, якая вельмі спадабалася Аляксею Каралю і якую ён папрасіў сфатаграфаваць.


Абмеркаванне:

  • Кацярына Лявоненка
  • 2016-09-16 23:22:02
Шчаслiвыя бацькi ,шчаслiвыя дзецi ! Прыгожыя,разумныя ,паунавартасныя ...
  • Ираида
  • 2016-09-18 07:35:28
Разумна зрабiлi , таму што збераглi сямью за мяжой.
  • Ираида
  • 2016-09-18 07:37:56
Я з вамi згодна.....

Каментаваць