Барысу Кіту сёння спаўняецца 103 гады! Віншуем!

6 красавіка 103-ю гадавіну з дня нараджэння адзначае Барыс Кіт, беларускі асветнік, амерыканскі даследчык астранаўтыкі, аўтар першага ў свеце падручніка па ракетным паліве.



Барыс Кіт прызнае, што пасля 100 гадоў кожны дзень народзінаў як юбілей, а на пытанне, як сябе адчуваеце ў 103 гады, адказвае, што ў такім узросце добра проста сябе адчуваць.

Барыс Уладзіміравіч кажа, што адзначаць свой 103-ці дзень народзінаў будзе вельмі сціпла, разам толькі з жонкай Тамарай. Найбольшая радасць для яго ў гэты дзень — тэлефанаванні і віншаванні з многіх краін свету ад родных, сяброў і знаёмых: «Ніякіх планаў на святкаванне ў мяне няма. Я раблюся такі стары, што наагул нічога не хочацца... Калі сплю, то мне ўсё сніцца маё мінулае».

Нядаўна Барыс Кіт пераехаў з асобнай кватэры, у якой жыў каля трыццаці гадоў, у інтэрнат для састарэлых у Франкфурце-на-Майне.

З 700 пастаяльцаў ён там самы стары, але, у адрозненне ад многіх, можа хадзіць з кіёчкам, гуляе на вуліцы, часам чытае газэты, глядзіць тэлевізар, хоць і скардзіцца, што зрок і слых ужо не тыя, як раней:

«Я ўвесь час змагаюся, каб не аслепнуць, лячуся... Думаю, што я самы стары беларус у свеце. Я сам дзіўлюся, што я жыву так доўга. Шмат разоў у жыцці я амаль паміраў. Напрыклад, месяц сядзеў у Глыбокім у турме, з якой штоноч гестапа выводзіла людзей на расстрэл... І было шмат іншых выпадкаў. Але Бог даў доўгае жыццё», — кажа спадар Кіт.

Барыс Кіт жартуе, што нават стаміўся жыць, але разам з гэтым прызнае, што яму яшчэ шмат што цікава ў жыцці. У студзені гэтага году Барыс Кіт узяў удзел у відэапраекце «Свабоды» да агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Барыс Кіт згадвае ў размове многіх беларускіх дзеячоў перадваеннага часу, з якімі быў знаёмы ці сябраваў, эпізоды з жыцця Віленскай беларускай гімназіі, у якой ён працаваў настаўнікам і дырэктарам, разгром «Грамады», актывістам якой быў, допыты польскай паліцыі, вайну. Кіт застаўся ці не апошнім жывым сведкам тых падзей: «Ніхто не застаўся. Адзін я пакуль што застаўся. Жыць доўга — гэта не ёсць радасць, вось калі я быў малады, тады хацелася жыць і нешта рабіць для Бацькаўшчыны. Нешта мы зрабілі для Беларусі. Шкада толькі, што сярод беларусаў ніколі не было паяднання».

Каментаваць