«Біблія Чарнобыля». Аляксандр Тамковіч прэзентаваў новую кнігу

Вядомы беларускі журналіст, публіцыст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч 29 красавіка прэзентаваў сваю чарговую кнігу — «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да Саду надзеі».

Аляксандр Тамковіч


"Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да Саду надзеі". Гэтае выданне прысвечана ў вялікай ступені памяці стваральніка і нязменнага кіраўніка Беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” прафесара Генадзя Грушавога і дзейнасці ягонай арганізацыі, якая сталася найбуйнейшай у Еўропе структурай, засяроджанай на пераадоленні наступстваў самай страшнай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва.


Да з’яўлення гэтай кнігі спрычыніліся многія людзі і арганізацыі. Аляксандр Тамковіч асабліва падзякаваў амбасадзе Нямеччыны ў Беларусі, швейцарскаму пастару Андрэасу Гёрліху, супрацоўнікам фонду “Дзецям Чарнобыля”, беларускім журналістам, якія ў сваёй прафесійнай і нават валанцёрскай дзейнасці спрычыніліся да дзейнасці створанай Генадзем Грушавым структуры.

 

Але найперш Тамковіч падзякаваў Ірыне Грушавой, удаве Генадзя Грушавога і ягонай найпершай паплечніцы, якая натхніла і нават настаяла на тым, што такая кніга павінна быць напісаная
.

 

І вось менш як за два гады гэтая праца завершана. Друкаваны варыянт кнігі з’явіўся зараз на беларускай і рускай мовах, але ў хуткім часе мае ўбачыць свет і нямецкамоўнае выданне. А крыху пазней, як спадзяецца Тамковіч, з’явіцца кніга і на англійскай мове.


Пасол Германіі Петэр Дэтмар


Тое, што такая кніга вельмі важная, адзначалі ў сваіх выступах на прэзентацыі амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Петэр Дэтмар і пастар Андрэас Гёрліх, паэт Уладзімір Някляеў і былы сакратар саюза кінематаграфістаў, сябра і паплечнік Генадзя Грушавога Яўген Агурцоў, публіцыст Сяргей Ваганаў і доктарка з Буда-Кашалёва Валянціна Смольнікава, былая загадчыца бюро фонда “Дзецям Чарнобыля” Марына Казакова і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастцунец, вучань Грушавога, філосаф і публіцыст Канстанцін Скуратовіч ды іншыя. Дарэчы, сябра БАЖ Аляксандр Уліцёнак прапанаваў кіраўніцтву арганізацыі ўзнагародзіць Аляксандра Тамковіча адмысловай прэміяй за тое, што аўтар за апошнія гады выдаў шмат вельмі важных кніг для беларускага грамадства, а гэтая “чарнобыльская” кніга, на думку выступоўцы, пераўзышла ўсе папярэднія.


Андрэй Бастцунец

 

Яшчэ выступалі Ірына Наркевіч, якая ў свой час была “дзіцём Чарнобыля”, а потым стала валанцёрам арганізацыі, перакладчыцай і выхавацелем дзяцей, якія накіроўваліся за мяжу на аздараўленчы адпачынак, і Людміла Мірзаянава — маці асуджанага ўдзельніка “Плошчы — 2010” Фёдара Мірзаянава, кіраўнік праграмы фонду “Жыццё з дыябетам” Людміла Марушкевіч ды іншыя.

 

Усё выступоўцы адзначалі важнасць асобы Генадзя Грушавога для стварэння такой магутнай і важнай структуры, па лініі якой за мяжой толькі на аздараўленне з’ездзілі больш за паўмільёна беларускіх дзетак, сотні тысяч людзей атрымалі гуманітарную, медычную, псіхалагічную ды іншую дапамогу, а таксама былі выратаваны жыцці дзясяткаў дзяцей, на якіх савецкая медыцына паставіла вялікі крыж. Увогуле, сёння цяжка пералічыць усе праекты, якія ініцыяваў Грушавы і ягоны фонд.



 

Кніга Тамковіча, казалі прамоўцы, з’яўляецца "бібліяй Чарнобыля", бо апісвае дзейнасць грамадзянскай супольнасці, кожны крок, які здзяйснялі людзі дзеля пераадолення наступстваў чарнобыльскае бяды, не дачакаўшыся дапамогі ад дзяржавы.

 

Прысутныя палічылі, што 900 асобнікаў кнігі — гэта вельмі і вельмі мала, таму прагучала прапанова нават правесці ў інтэрнэце падпіску на гэтае выданне, каб выдаць дадатковы наклад.

 

Што да самой кнігі, то ў ёй 352 старонкі і 240 фотаздымкаў. “Гэта кніга не пра бэры, бекерэлі альбо радый са стронцыем. Гэта кніга пра тых людзей, якія сваёй чуласцю да чужога болю дапамагалі выратаваць генафонд беларускае нацыі. Гэта падзяка тым, хто ў цяжкую хвіліну не пашкадаваў свайго здароўя дзеля здароўя іншых. Гэта кніга пра філасофію дабрыні”, — сказаў Аляксандр Тамковіч. “І гэтую філасофію дабрыні мы павінны прасоўваць кожны дзень, кожную хвіліну. Рабіце гэтую высакародную справу і будзьце здаровыя”, — сказала мадэратар прэзентацыі вядомая беларуская журналістка Таццяна Мельнічук.


Таццяна Мельнічук і Валянціна Смольнікава


Перад гасцямі прэзентацыі выступіў Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, фальклорны гурт “Гасцінец”, які браў удзел у розных мерапрыемствах фонду “Дзецям Чарнобыля”. А сам аўтар яшчэ шмат часу падпісваў кнігу дзясяткам жадаючых яе атрымаць.

 

 

 

Каментаваць