Бывай, Міша Кацюшэнка — легендарны рэдактар «Знамёнкі»!

15 красавіка ў Мінску сваякі, сябры і калегі развіталіся з Міхасём Кацюшэнкам (01.03.1947, Мінск — 13.04.2016) — легендарным рэдактарам беларускай маладзёвай газеты «Знамя юности».

Менавіта дзякуючы арганізатарскім і чалавечым талентам Міхася Кацэшэнкі, які ўзначальваў «Знамёнку» ў 1979-1984 і ў 1992-1995 гадах, гэтая газета, што была друкаваным органам ЦК ЛКСМБ, стала самай папулярнай у Беларусі, яе чыталі і абмяркоўвалі людзі ўсіх узростаў і прафесій, а наклад выдання, што імгненна разыходзіўся ў шапіках «Саюздруку» і па падпісцы, сягаў амаль 800 тысяч экземпляраў.


Супрацоўнічаць з «Знамёнкай» лічылі за гонар выбітныя дзеячы айчыннай навукі і культуры, многім з маладых беларускіх журналістаў, якія працуюць у СМІ да гэтай пары, газета дала пуцёўку ў жыццё і ў прафесію, шматлікія публікацыі ў «Знамени юности» станавіліся падзеяй грамадскага жыцця БССР і першых гадоў станаўлення незалежнай Рэспублікі Беларусь. І гэта адбывалася, з большага, ва ўмовах савецкай улады, ідэалагічнага прэсінгу і татальнай цэнзуры.


Пра феномен Міхася Кацюшэнкі карэспандэнту «НЧ» распавёў ягоны сябра і паплечнік, былы першы намеснік галоўнага рэдактара “Знамени юности” Юрась Вельтнер:


“Па-першае, Міша вылучаўся незвычайным для той пары дэмакратызмам. Ён ніколі не фанаберыўся, будучы супрацоўнікам ЦК ЛКСМБ ці рэдактарам газеты, ніколі не выпучваў сваю пасаду, заўсёды ўважліва выслухоўваў любога чалавека і адносіўся да яго так, як ён таго заслугоўвае.


Па-другое, Міша заўжды бараніў журналістаў, у тым ліку і маладых. Працуючы ў маладзёвай газеце, дзе пачынаючыя супрацоўнікі на сваёй нявопытнасці маглі памыліцца і зрабіць нешта не зусім да месца, ён заўсёды бараніў маладых калегаў ад громаў і маланак камсамольскага, савецкага і партыйнага начальства. Потым, ужо ў сваім кабінеце ён мог усыпаць перуна таму, хто правініўся.


Памятаю, як нашага сабкора ў Гародні, маладога таленавітага журналіста Анатоля Ярася заўважылі на Вялікдзень у царкве, настукалі, куды трэба, і колькі пасля гэтага было шуму з боку кіраўніцтва мясцовага абкаму ЛКСМБ. Гэтая гісторыя дайшла да ЦК камсамола, дзе Мішу тузалі і ўпікалі, як ён можа ўтрымліваць на працы ў камсамольскай газеце веруючага чалавека. На ўсю гэтую валтузню Кацюшэнка адказваў абяцаннем разабрацца і пакараць журналіста, а насамрэч перавёў яго ў Мінск, дзе Анатоль Ярась шмат гадоў паспяхова працаваў…



Няпростая сітуацыя склалася і са мною. У 1982 годзе мяне ўключылі ў групу журналістаў, якая асвячала першае ўзыходжанне савецкіх альпіністаў на Эверэст. Для гэтага трэба было ляцець ў Індыю і Непал. Аднак, згодна з існуючымі тады правіламі, па якім савецкім людзям забаранялася наведваць капіталістычныя краіны часцей за раз на два гады, я мог ляцець у Гімалаі толькі праз год, бо ў 1981-м пабываў у Партугаліі. І тады на дапамогу прыйшоў Міша Кацюшэнка. Я час ад часу нагадваў пра сваю вандоўку на Эверэст яму, а ён, у сваю чаргу, сістэматычна торгаў нейкага начальніка ў Мінскім абкаме партыі, які ўсяляк круціўся і не хацеў браць на сябе адказнасць. Цэлы тыдзень Кацюшэнка бамбіў яго і, урэшце, мне дазволілі ляцець…


Па-трэцяе, у Мішы была шырокая і добрая душа – ён сам жыў з густам і даваў хораша жыць іншым. Ён вельмі любіў жыццё, быў незлапамятны, адкрыты, заўжды з вялікай сімпатыяй і цікавасцю адносіўся да людзей і ў кожным шукаў нешта незвычайнае і непаўторнае. А калі тая ці іншая асоба была сугучная яму, Кацюшэнка гатовы быў зрабіць усё мажлівае – дапамагчы, падтрымаць, а часам і выратаваць чалавека ў складанай сітуацыі.


І апошняе. Калі Міша быў упэўнены ў нечым, дык у яго не было разрыву паміж думкамі, словам і справай, якую ён рабіў імгненна, не перакладаючы на іншых”.

Каментаваць