Чалавек-повязь — Яніна Каханоўская

Сёлета спаўняецца 105 гадоў ад нараджэння Яніны Каханоўскай. Імя гэтай жанчыны не патрабуе адмысловага прадстаўлення: яе голас гучаў на радыё “Свабода” ў розных перадачах, пра яе пісаў у “Імёнах Свабоды” Уладзімір Арлоў...



Яніна Каханоўская


Людзі, якія яе ведалі асабіста, згадвалі, як любіла паўтараць: “Я не вялікі чалавек, я проста доўга жыву”. І смяялася ціхім і добрым смехам.

Гэта і праўда, і не. Спадарыня Яніна — пляменніца братоў Луцкевічаў — як бы лучыла сённяшніх беларусаў з “нашаніўцамі” пачатку ХХ стагоддзя. Магчыма, людзі згадвалі правіла поціску трэцяй далоні і, дакрануўшыся да гэтае жанчыны, усведамлялі, што як бы дакранаюцца да Максіма Багдановіча, які трымаў на руках маленькую Яніну.

Але повязь была не толькі сімвалічная. Каханоўская лучыла людзей і фізічна. Так адбылося і з Надзеяй Абрамавай (1907–1979), адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі. У часе выезду нацыянальных структураў з Беларусі ўлетку 1944 г., фактычна кінутая БЦР, Абрамава мусіла сама ратаваць блізкіх. Ад таго мела крыўду на Раду і нават разарвала кантакты амаль з усімі беларусамі. Пасля сканчэння вайны Надзея Абрамава жыла ў Мюнхене, працавала ў Інстытуце вывучэння СССР, дзе займалася даследаваннем праблемаў рэлігіі і атэізму ў Савецкім Саюзе, выдавала адпаведны часопіс.

Надзея Абрамава

Менавіта ад Яніны Каханоўскай беларусы даведваліся пра жыццё Абрамавай у Мюнхене. Каханоўская засталася ці не адзінай беларускай, з кім былая кіраўнічка СБМ падтрымлівала пастаянныя кантакты. Спадарыня Яніна і паведаміла беларусам Нью-Ёрку падрабязнасці пра смерць Абрамавай. У 1979 годзе яна пісала да Янкі Запрудніка і Антона Адамовіча:

“5.4.1979 г.

Даражэнькія Янка і Сп. Адамовіч!

Прывітаньні зь Нямеччыны, гэткай чыстай у параўнаньні зь Нью Ёркам, што аж вочы баляць! Пару дзён накропваў дожджык і было халаднавата, але сёньня адчуваецца вясна, сонейка, кветкі. Але пачну ад пачатку.

Даляцела без прыгодаў, але самалёт быў нейкі малы й цесны, крэслы вельмі вузкія, трэба было сядзець проста, роўна, як аршын праглынуўшы, бо інакш прыхіліўся-б да суседа. Гэта было-б прыемна для закаханай пары, але побач сядзелі незнаёмыя Немцы. Кармілі добра, але ў іншым ніякага падабенства зз самалётам Pan American, якім мы ляцелі з сп. Адамовічам. Тут ня было нат месца на кіно. У Кёльне ўсіх нас выгналі з самалёту, праверылі дакумэнты, “прыбілі” на візу пячатку і празь якія поўгадзіны ўсіх “мюнхенцаў” пасадзілі на той самы самалёт, які празь гадзіну прызямліўся ў Мюнхене. Галіна [Ганчарэнка-Руднік] з дзецьмі ўжо на мяне чакалі, і я не магла вачом паверыць, як вырасьлі Саша і Юрачка. Саша — зусім мужчына, вышэйшы ад мяне на галаву, а Юра таксама моцна вырас. Яны зьмяніліся ня толькі вонкава: спаважнелі й трымаюцца, як дарослыя.

У панядзелак была ў Камітэце [Радыё Свабода], бачыла Сенькоўскага, Зіну й Паўлюка [Урбана], Лена была выхадная. Паўлюк выглядае заклапочаны станам здароўя Ларысы [жонкі Урбана], якая атрымала ад лекара даведку, што яшчэ тыдзень павінна заставацца ў ложку, а далей будзе відаць. Я напісала ёй кароткі ліст з прывітаньнем і перадала праз Паўлюка падарунак — парфумы, зь якога яна напэўна будзе цешыцца.

Сяднёў адразу-ж запрасіў нас з Галінай на абед, і ў аўторак увечары па нас заехаў. Цяпер у ягонай кватэры, дакладней, у доме на гары, жыве былая жонка Белацаркоўскага. Я й ня ведала, што яны разыйшліся, гэта была такая закаханая пара! Я падрабязна расказала аб сьмерці й паховінах Казачка [Рыгора Крушыны] і перадала вусныя даручэньні Я. Золака ў справе 20-годзьдзя часапісу “Беларуская Думка”. Майсей, як Майсей, заўсёды такі самы.

У сераду хадзіла да айца Карла, які пахаваў Абрамаву, каб даведацца аб абставінах ейнае сьмерці. Ён расказаў мне ўсё падрабязна, але пісаць аб гэтым было-б задоўга, скажу толькі, што памерла на рака, які пачаўся ў кішках, а тады перакінуўся на печань і ўвесь арганізм. Спачатку ад яе скрывалі хваробу, але пазьней, ужо па апэрацыі, галоўны лекар сказаў ёй, што надзеі німа, што ейныя дні палічаныя. Гэта быў для яе шок, але пасьля яна як чалавек вельмі рэлігійны супакоілася. Памерла спакойна. На паховінах былі Касмовічы. Яны прасілі аддаць ім паперы й кніжкі, што датычыліся Беларусі, але нічога такога а. Карл не знайшоў. Сёньня пайду да яго йзноў, прасіла аддаць мне ейны альбом са здымкамі. Там шмат цікавых для мяне фотаграфіяў зь Менску, зь дзён нашае маладосьці, а для іх ён ня мае ніякае вартасьці.

Званілі мы з Галінай у Рым да Марылі Пяцюкевіч і дамовіліся спаткацца ў Рыме й правесьці разам цэлы дзень. Яна сказала, што ёй вельмі хочацца якнайхутчэй нас пабачыць, і яна прыедзе ў неапаль машынаю.

Заўтра йзноў буду ў Камітэце, вельмі хоча бачыць мяне Герус. Жыву я тут як у раі, Галіна корміць дэлікатэсамі, нічога не дае рабіць і стараецца ўпрыемніць час. У сыботу, а гадз. 2-ой ляцім самалётам у Геную, дзе сядаем на наш параплаў. Чамусьці кампанія цягнік зьмяніла самалётам, што для нас лепш, бо замест ночы ў цягніку мы будзем на месцы за гадзіну.

Ну вось, збольшага гэта пакуль усё. Прывітаньне ўсім прыяцелям на Радыё: сп. Зьмію, Рутману, пану Шукі, а вам ад Галіны.

Шчыра адданая Я. К.”

Надзея Абрамава

Яніна Каханоўская сапраўды атрымала той альбом са здымкамі памерлай кіраўнічкі СБМ і пазней, разам з лістамі апошняй, перадала ў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Гэтыя матэрыялы былі апублікаваныя ў кнізе Лявона Юрэвіча “Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі” (Менск, 2001). Менавіта з нагоды працы над ёй даследнік у 2000 г. адмыслова звярнуўся да Яніны Каханоўскай з просьбай распавесці пра мюнхенскую беларуску. І як за дваццаць гадоў да таго, з чарговага еўрапейскага падарожжа быў напісаны наступны ліст:

“Вельмі паважаны й дарагі Лявон!

Мне прыкра, што асабіста не магу даць вестак аб Абрамавай, але чакайце ліста ад Галінкі з фатагр. помніка. Абяцала зрабіць гэта як найхутчэй. Рэшту “візэрункаў” прывязу 23-га septembra.

Маю тут цікавыя сустрэчы, наведала з Лукашуком помнік Скарыны, была на Альшанах, дзе Лукашук паставіў вазоны на месцы адпачынку старых Беларусаў.

У 80-м годзе, калі я наведала Мюнхен, я ўжо не застала Абрамаву ў жывых. Яна памерла месяц перад гэтым. Было прыкра й сумна. Адразу-ж пайшла да сьвятара царквы, пры якой яна жыла, і забрала ў яго ейныя альбомы з фота, якія ўжо хацелі спаліць. Ніякіх архіваў яна не пакінула. Гэта пацьвердзілі й Касмовічы, якія таксама іх шукалі. Сьвятар мне сказаў, што з царкоўным хорам, у якім яна сьпявала, наведаў паміраючую ў шпіталі. Яна адыйшла спакойна, усьміхаючыся, пад сьпеў хору.

Была заўсёды вельмі набожнай, памятаю гэта яшчэ зь менскіх часоў. Замужам не была ніколі. Дачку адаптавала пры немцах. Зь немцамі супрацоўнічала так, як і ўсе мы, таму, што яны змагаліся з бальшавікамі, якіх яна шчыра ненавідзела.

Некалі на радыё працаўнікі бел. сэкцыі Сенькоўскі і Цьвірка, ды шмат хто зь іншых ганілі Абрамаву, што яна пакінула безабаронную моладзь, а сама схавалася недзе ў манастыры. Мне яна скаржылася на Цэнтральную Раду і Астроўскага, што яны яе не папярэдзілі, не дапамаглі парадай. Яна да іх зьвярталася й ня мела адказу. Пазьней яна і яе бацька не хацелі нічога супольнага мець зь Беларусамі і нават не пазнавалі знаёмых.

Пішу коратка, але хачу сказаць, што Вас тут ведаюць, цэняць, паважаюць. Сярод іх і я. Заставайцеся такім, як Вы ёсьць, не разьменьвайцеся на “мышыную мітусьню”, якую часта прыймаюць за вялікую палітычную працу. І заставайцеся здаровы. Прывітаньні з Прагі.

Шчыра адданая Я. Каханоўская

Прага, 11/VIII, 2000”.

Яніна Каханоўская і Лявон Юрэвіч (на другім плане Франціш Бартуль)

Так сталася, што дзякуючы менавіта Яніны Каханоўскай сённяшнія гісторыкі не маюць праблемаў з пісаннем біяграмы Надзеі Абрамавай. Жыццялюбная, усмешлівая спадарыня Яніна стала своеасаблівым лучнікам паміж кіраўнічкай СБМ і суайчыннікамі. Гэткую ж лучанасць Каханоўская мела калісьці з Наталляй Арсенневай, з Юльянай Дубейкаўскай…

І нават смерць, якой Яніна Каханоўская не баялася, не перарывае тую повязь часоў і асобаў і сёння…

Каментаваць