Два тыдні ў камеры-адзіночцы чакаў расстрэлу

6 студзеня 2014 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння двойчы рэпрэсаванага беларускага паэта, драматурга, празаіка Тодара Лебяды (Пятра Шырокава) (1914–1970).



Тодар Лебяда, 1956 г.


 Таго самага Тодара Лебяды, які ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Імя літаратара ў 1940–1980-х гадах было выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця. Вяртаецца паціху і творчасць Тодара Лебяды.

Пачатак

Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, дзе нарадзіўся і вырас, і якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў.

Ёсць рэчка такая,

Лучосай завецца,

Над рэчкаю сад наш і дом;

Там спелыя вішні

Ружовым суквеццем

Схіляюцца ўніз

Над вадой...

 

Рана застаўся без бацькі, выхаваннем сына займалася маці Настасся Карпаўна Паедава. Пасля Віцебскай сямігодкі паступае ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школе Пятрок пачынае пісаць вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашае займацца літаратурай. У 1933 годзе паступае ў Мінскі педагагічны інстытут. Яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах «Віцебскі рабочы», «Савецкая Беларусь» і «Піянер Беларусі». У інстытуце ён знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. Тут ён знаёміцца і з яўрэйкай Басяй Цыпінай, якая была на сем гадоў старэйшая за яго. Але яна ўмела прывабіла беларускага рахманага хлопца.

Першы паэтычны зборнік Тодара Лебяды

Пра гэта добра напісаў у сваім рамане «Раман Корзюк» (Нью-Ёрк — Мюнхен, 1985) Масей Сяднёў: «...Скончылася лекцыя Піятуховіча, і студэнты высыпалі на перапынак на калідор... Пятрок Шыракоў (у рамане М. Сяднёва напісана Шыракоў. — С.Ч.) з Цыпінай і з некаторымі іншымі студэнтамі заставаліся ў аўдыторыі, на калідор не выходзілі. Цыпіна карміла Шыракова бутэрбродамі, якія яна прыносіла з дому і якімі яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, і Пятрок згаджаўся, вымаў з кішэні сьцізорык і гаварыў:

«Ну, калі ты ўжо гэтак просіш, адрэжу ад цябе на капейку!»

 

Потым Пятрок пачаў адразаць і на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцізорыка ўжо не вымаў, а браў Басіны бутэрброды цалком... Гэтак вось і цяпер, з’еўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю і закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькі, каб можна было сваім корпусам адкінуцца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлівасці, і яна, быццам у вялікай жарсьці, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусліва і міргліва. Потым ініцыятыву забірала Цыпіна, пачынала знарок круціць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькі ў адзін бок. Гэта называлася вальсам Цыпінай. Прысутныя смяяліся і білі ім у ладкі...».

У 1936 годзе, хоць шлюб і не быў зарэгістраваны, Бася Цыпіна нарадзіла ад Пятра Шырокава дачку Алесю, якую ў пасведчанні аб нараджэнні так і запісала: Шырокава Аляксандра Пятроўна, 1936 года нараджэння...

Тодар Лебяда з жонкай Басяй Цыпінай (Галінай Ільінічнай Шырокавай), 1959 г.

Рэпрэсіі

Але ў гэты час бацьку Алесі і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў «буржуазным нацыяналізме». Яны апынуліся аж у Новасібірскай вобласці. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў — на шэсць гадоў. Шырокаму ўдалося ўладкавацца кавалём, а некаторых яго сяброў закінулі аж на Камчатку.

 За сувязь з «ворагам народа» Басю Цыпіну на апошнім курсе выключылі з інстытута. Работу ў Мінску ёй не давалі, сачылі за кожным крокам. Але настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй не хапала, і таму яе літасціва накіравалі ў Смалявіцкую сярэднюю школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. З ёю паехала і дачка.

У Смалявічах Басі Цыпінай жылося вельмі цяжка: бясконцыя праверкі то з раённага аддзела адукацыі, то з райкама партыі, то з КДБ. Але яна не здавалася, пісала ва ўсе інстанцыі з просьбаю, каб адбыўся над мужам паўторны суд. І ў 1940 годзе па хадайніцтве ўсё той жа Басі Цыпінай Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Мінск для «перагляду справы». З Мінска адпраўляюць у Чэрвень, дзе асуджаных і застае вайна.

Нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад, таму савецкай уладзе было не да зняволеных. Так Тодар Лебяда са сваімі сябрамі апынуўся на волі. Гэты момант Масей Сяднёў занатаваў у сваёй паэме «Мая вайна» (зборнік «Патушаныя зоры», Нью-Ёрк — Мюнхен, 1975, с. 203–205):

... Я падаў і плакаў...

— Ты што? —

пачуўся мне голас ласкавы

і нехта падаў паліто:

— Накрыйся й ляжы!

Апрытомнеў

І вочы падняў я — на крок.

У ранішніх сонца промнях

Стаяў ад мяне Пятрок.

Той самы Пятрок, зь якім мы

вучыліся тры гады.

А потым экзамен ў Нарыме

трымалі за курс бяды.

Прасоўваліся па балотах

армейцы ваўчынай гайнёй.

І лёталі самалёты

чужыя над нашай зямлёй.

Быў горад далёка за намі,

Ад сажы і дыму густы.

Ішлі з Петраком мы жытамі,

ня ведаючы куды.

І ўспомнілі мы, што болей

канвою над намі няма,

што сапраўды на волю

нас выпусьціла турма.

І хоць мы турму гнаілі,

ды посьля пяцёх гадоў

здавалася нам, наіўным, —

мы сталі студэнтамі зноў.

Шумлівыя, сьветлыя залі,

прыемны студэнтак напеў.

Мы лепш, чым другія, пазналі

«Кароткі курс ВКП».

Прайшлі мы і з словам «нацдэмы»

па мёрзлай зямлі і вадзе.

Ня ведалі нашыя, дзе мы,

і думалі: можа, нідзе.

Ісьці не маглі мы болей,

супольна — рука ў руку:

мяне у вадным чакалі,

яго — у другім баку.

Заплакалі мы на ростань,

змораныя ад хады,

і разьвіталіся проста,

як нашы калісьці дзяды.

У памяці дзень той выцьвіў,

на музыку просіцца слоў...

Мой сябра пайшоў на Віцебск,

а я — на Магілёў...

 

 

Акупацыя

 

Пятро Шырокаў дабраўся да Віцебска, дзе жыла яго маці. Тут ён ізноў узяўся за пяро — пісаў вершы, апавяданні, драматычныя творы. Адначасова рэдагаваў газету «Беларускае слова», што выходзіла тры разы на месяц.

 

Газета, якую рэдагаваў Тодар Лебяда

 

 

У Віцебску была скончана і п’еса «Загубленае жыццё», якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне Віцебскага драмтэатра. Дарэчы, у 1943 годзе беларускі рэжысёр Вячаслаў Селях-Качанскі ажыццявіў пастаноўку гэтай п’есы і на сцэне Мінскага гарадскога тэатра. Пазней, на эміграцыі ў Германіі, разам з кампазітарам Міколам Равенскім, ён арганізуе эстрадную групу «Жыве Беларусь» і зноў ажыццявіць пастаноўку «Загубленага жыцця». Вяртаўся да яе В. Селях-Качанскі і жывучы ў г. Элізабет (ЗША). У 1952 годзе ў Канадзе п’еса «Загубленае жыццё» выходзіць з друку асобным выданне. І толькі ў 1995 годзе яна была апублікавана на радзіме ў часопісе «Тэатральная Беларусь». Гэтая драма — першая антыбальшавіцкая п’еса ў беларускай літаратуры, якая праўдзіва паказвае гады калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.

 

Часопіс “Тэатральная Беларусь” упершыню ў 1995 годзе апублікаваў п'есу Тодара Лебяды “Загубленае жыццё”

 

 

У акупаваным немцамі Віцебску Пятро Шырокаў рэгіструе шлюб з артысткаю Верай Жгут. Ён падтрымлівае цесныя сувязі з беларускімі акцёрамі і пісьменнікамі, часта наведвае Мінск. А ў 1944 годзе з друку выходзіць першы паэтычны зборнік Тодара Лебяды «Песні выгнання». Ва ўступе да яго напісана: «Беларускі народ многа перацярпеў гора і зьдзеку. Найбольш, аднак, прыйшлося цярпець за часоў бальшавіцкага панаваньня. Бальшавікі, накідаючы сваю волю беларускаму народу, жорстка перасьледавалі ўсіх тых беларусаў — сялян, работнікаў, інтэлігентаў, якія хацелі наладжваць жыцьцё ў Беларусі так, як хацеў беларускі народ. Бальшавікі саджалі беларускіх патрыётаў у вастрогі, канцэнтрацыйныя лягеры, высылалі ў далёкія азіяцкія краіны, адкуль бальшыня з іх ніколі ўжо ня вернецца, бо яны не змаглі перажыць бальшавіцкіх зьдзекаў і тых жудасных абставінаў, у якія іх укінулі бальшавікі, і злажылі сваё жыцьцё, як ахвяру, на аўтар Бацькаўшчыны. Ёсьць, аднак, і такія людзі, якім удалося перажыць бальшавіцкія зьдзекі, вырвацца з бальшавіцкіх кіпцюроў і зьявіцца ізноў на беларускую ніву да працы дзеля дабра беларускага народу. Да гэткіх шчасьліўцаў належыць між іншых малады беларускі паэт Тодар Лебяда. Яму ўдалося вырвацца з бальшавіцкіх рук, захаваць жыцьцё, і цяпер ён плённа працуе на беларускай культурнай ніве... Зборнік гэты мае вялікія мастацкія вартасьці і ёсьць дакумэнтам тых усіх жудасьцяў, якія мусілі перажыць беларусы ад бальшавікоў і да паўтарэньня якіх беларускі народ ніколі ня можа дапусьціцца»:

 

Пад вакном за выцвілай, за брамай

Расцвітаў ізноў прыгожы май.

Трэці год, як сына ўжо забралі,

Трэці год, як роднага няма.

Як забралі — весці не пачула...

І на твары роспач і адчай.

Трэці год, як бедная матуля

Перастала спаці па начах.

Поўнач. Стукнуў хтосьці. Хто там?

Гэта сон ... Але ж пасля сама

Выбягае хутка за вароты, —

Прыглядаецца... глядзіць вакол... няма.

Той жа ночы дзесьці на чужыне

Родны сын яе навек спачыў.

І дарма матуля варажыла

Пад акном сядзела уначы.

 

 

Уцякач

 

У 1944 годзе, падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад. Ён добра ведаў, што зноў чакаюць сталінскія рэпрэсіі. Таму спачатку быў Берлін, а пасля Прусія, дзе ён разам з жонкаю Верай Жгут уладкоўваецца на працу да аднаго баўэра.

 

Як жылося і працавалася ім там, сведчыць адзін ліст Тодара Лебяды да Масея Сяднёва. У свой час гэты ліст Сяднёў прыслаў мне, ён захоўваецца ў маім хатнім архіве: «Здароў, Масей! Сёньня атрымалі ад цябе першы ліст і былі бясконца рады. Малайчына, што не застаўся ў Беластоку! Аб нас ты ўжо напэўна тое-сёе чуў. Жывем з Валодзькам (Клішэвічам — С.Ч.) у аднаго баўэра, працуем у яго: косім, чысьцім гной і г. далей, за што маем ад яго кавалак хлеба. Калі казаць аб нашым жыцьці, дык пра ўсё можна выказаць адным словам — сытыя. Больш нічога. Ніякай духоўнай стравы. Рана ўстаем, ідзем на працу, прыходзім з працы — вячэраем і кладземся спаць, каб заўтра ісьці зноў на працу. Гэтаксама жыве і Віцьбіч. Ён толькі за чатыры вярсты ад нас. Пісалі мы некалькі лістоў у Бэрлін, але адказу не атрымалі, што яшчэ раз пацьвярджае думку аб нашых беларусах: калі сам сыты, дык аб галодных не спагадае. Я гэта адчуў яшчэ на Бацькаўшчыне, а цяпер гэта лішні раз толькі пацьвярджаецца. Мы — беларусы такімі адносінамі (панскімі) да людзей дабіліся таго, што нам ужо мала хто й верыць, аб чым бы мы ні казалі.

 

Вось мы сёньня радуемся з Валодзькам, што ты зараз у Бэрліне. Ты — не такі, як нашыя астатнія беларусы. Будзем спадзявацца, што ты дзе-небудзь, калі-небудзь і закінеш там за нас слова. Галоўнае — каб ты не забываўся пра нас і пісаў нам лісты, дасылаў газэты (як мага акуратней) і па магчымасьці іншую літаратуру, бо мы зараз анічога ня маем. Атрымалі адзін нумар «Раніцы» ад сп. Караленкі, за што вельмі шчыра яму ўдзячны.

Учора я пахаваў сваё дзіця. Пасьля ўсяго вельмі дрэнны настрой. Мы з Валодзькам разабралі наш ложак і зрабілі майму сыну маленькую дамавіну. Цьвікоў нацягалі са сьцен і з старых дошак.

 

Яшчэ раз просім цябе — пішы нам. Мы будзем пісаць як найчасьцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч.

 

Калі ты ўведаеш аб нашых паэтах Л. Случаніну, Золаку, Алесю Салаўю, або ўведаеш, дзе зараз П. Манькоў, не забывай паведаміць. Устрой, Масей, для мяне, калі ласка, у «Раніцу» аб’яву: шукаю дачку Аляксандру Шырокаву — 8 год, і маці Настассю Паедаву, якія апошнія часы знаходзіліся ў мястэчку Лентварова Віленскай акругі. Паведаміць праз газэту «Раніца» — Тодару Лебядзе. Аб’яву гэтую перарабляй, як хочаш. Я падаў толькі сэнс. Тодар Лебяда».

 

Цяжка сказаць, ці была гэтая аб’яўка ў «Раніцы», а вось невялікая рэцэнзія М. Сяднёва на зборнік «Песні выгнання» была ў свой час надрукавана ў «Новай дарозе» (Беласток).

 

Валянцін Таўлай, Сяргей Хмара, Тодар Лебяда, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Уладзімер Сядура, Хведар Ілляшэвіч, Аляксей Анішчык. Мінск, 1944 г.

 

Зноў рэпрэсіі

 

Пасля Прусіі сляды Пятра Шырокава на пэўны час губляюцца. Хадзілі чуткі, што ён, з’агітаваны савецкім афіцэрам, вярнуўся да Басі Цыпінай і да сваёй дачкі Алесі. Але гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У маі 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Мінскай вобласці па арт. 63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, на гэты раз на 25 гадоў.

 

Дарэчы, у 1994 годзе ў горадзе Чэрвені Мінскай вобласці я адшукаў дачку Тодара Лебяды Алу (Алесю) Пятроўну Козел. У адным з пісем яна пісала, што бацьку тады прыгаварылі не на 25 гадоў, а да вышэйшай меры пакарання «за измену Родине». «І бацька два тыдні сядзеў у смяротнай камеры-адзіночцы і кожную хвіліну чакаў, што вось за ім прыйдуць. Але страху ўжо не было. Толькі б хутчэй. Ён расказваў пазней, што яму здавалася, быццам у камеру прыходзяць невядомыя і людзі блізкія, якія ўжо памерлі, і супакойвалі, суцяшалі. І тут раптам ноччу бразнулі запоры, і ў камеру зайшлі тры чалавекі, яны былі ўзброеныя. Загадалі ўстаць і зачыталі ўказ Сталіна аб замене «смерной казни» дваццацю пяццю гадамі зняволення. «Падкасіліся ногі, сеў, дзе стаяў. А ў галаве адна думка: буду жыць!» — так расказваў мне бацька ў 1956 годзе», — пісала мне ў адным з пісем Ала Козел.

 

У якіх раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодар Лебяда, пакуль не вядома. Вядома толькі, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму прыйшлося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах.

10 апошніх гадоў

І толькі ў 1960 годзе ён прыязджае ў горад Слонім, уладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку «Альбярцін». А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму піша вершы, апавяданні і п’есы. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце «Вольная праца». Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, як і пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў.

Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў стварыць на фабрыцы драматычны гурток, каб ставіць свае п’есы. Дарэчы, у Слоніме ён напісаў п’есу ў трох актах «У нас, на Гродзеншчыне», прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п’есак. Адна з іх — «Людзі ва Хрысце» — была надрукавана ў «Вольнай працы». Валодаў Тодар Лебяда і жанрам апавядання. Асабліва яму ўдаваліся гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.

Жывучы ў Слоніме, Пятрок Шырокаў пачынае шукаць сваіх старых сяброў. Былы рэдактар беластоцкага беларускага тыднёвіка «Ніва» Георгій Валкавыцкі захаваў і перадаў мне пры жыцці пісьмо Пятра Шырокава ў «Ніву», дзе ён, у прыватнасці, пісаў: «Паважаная рэдакцыя! Праглядаючы архівы Вашай газеты за мінулыя гады, я знайшоў у ёй надрукаваныя вершы майго блізкага сябра па інстытуце Уладзіміра Клішэвіча, якога я лічыў загінуўшым у часы Другой сусветнай вайны. Быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі мне аб яго цяперашнім месцажыхарстве, альбо даслалі яму мой хатні адрас: БССР, Гродзенская вобласць, г. Слонім, пас. Альбярцін, вул. 17 верасня, д. 3. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу. З пашанай — Шырокаў Пётр Фёдаравіч. 2.V.61 г.».

 

Просьбу яго рэдакцыя выканала. Уладзімір Клішэвіч і Тодар Лебяда знайшлі адзін аднаго. Яны перапісваліся, бо ў адным з пісьмаў да Клішэвіча Пятро нават хваліўся перад ім, што стаў ужо дзедам...

 

1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Слонім. Ён прыехаў у горад Чэрвень Мінскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратаром у рэдакцыю раённай газеты «Уперад». Там піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо другім псеўданімам — Клім Каліна.

 

У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад’язджае на Разаншчыну ў Расію да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напачатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.

 

Тодар Лебяда, 1969 г.

***

Да ўсяго сказанага пра двойчы рэпрэсіраванага беларускага пісьменніка Тодара Лебяду хочацца дадаць, што перачытваючы сёння пісьмы дачкі Тодара Лебяды Алы Козел, напісаныя ёю да аўтара гэтых радкоў у 1994 годзе, знайшоў такія радкі: «Бацька быў цікавы і шчыры чалавек, валодаў вялікімі гуманітарнымі ведамі, добра спяваў, у яго быў вельмі нізкі густы бас. Спяваў толькі беларускія песні «Ці ўсе лугі пакошаны», «Ой, у полі вярба», «Ой, пайду я лугам, лугам» і многія іншыя народныя песні. Быў вялікім патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, любіў усё беларускае: і зямлю нашу, і людзей, і народныя звычаі...».

Тодар Лебяда (стаіць у цэнтры), злева ад яго — маці Н.Паедава, справа — А.Канушкін, сядзяць  — Е.Б. Шырокава (Бязрукава), з якой жыў у апошнія гады Лебяда, побач з ёй — Марыя і Міхаіл Дзёмкіны

А яшчэ Тодар Лебяда пісаў выдатны вершы, якія не страцілі сваёй актуальнасці і каштоўнасці сёння. Вось некаторыя радкі і строфы з яго вершаў:

***

Выйду зноў у ранняе прадвесне

Сустракаць цудоўную зару...

Для цябе сягоння мая песня,

Дарагая сэрцу Беларусь!..

На твае на бацькаўскія гоні,

На палёў нязведаную шыр

Песню гордую Крывіцкае «Пагоні»

Я нясу ад шчырае душы…

***

Мядовыя ліпы у стройных прысадах,

І родны, знаёмы мне гай...

Ляці ж, мая думка, ляці, мая радасць,

На родны, далёкі курган!..

***

Мне лёсам вызначаны

Гэтакі прымус.

Аб шчасці сёння

Можна сніць і марыць

За тое,

Што я толькі — беларус —

Мне гэтакая кара!

Я кару іхную

З пагардаю прыняў,

Бо я — сын верны

Маці — Беларусі.

І я святога,

Гордага імя

Не адракуся!!!

***

Ой, пралягла

Чыгунка за Байкалам

Паміж узгор’яў

Роўна, бы абрус!

Цяпер на ёй

Амаль пад кожнай шпалай

Ляжыць замучаны

У выгнанні беларус…

Фотаздымкі і дакументы з архіва аўтара

Каментаваць