Дзівосныя скарбы Уладзіміра Цвірко

Такімі людзьмі, як Уладзімір Цвірко, нельга не захапляцца. Бо ён — з ліку тых цягавітых таленавітых беларусаў, хто можа і нараджаць ідэі, і ўвасабляць іх у жыццё. 



Уладзімір Цвірко ля свайго млына з сабакам Амерыкай


Ён і мастак, і этнограф, і падарожнік, і краязнаўца, і мецэнат, і будаўнік, і наогул майстар на ўсе рукі. 

Пра гэтага незвычайнага чалавека я даведаўся праз інтэрнэт, патэлефанаваў яму, і Уладзімір Андрэевіч гасцінна запрасіў мяне на сваё лецішча, якое знаходзіцца ў вёсцы Хадакова, што непадалёку ад Мінска. 2-павярховы будынак і сядзіба Уладзіміра Цвірко заўважны яшчэ здалёк: ва ўсіх яго суседзяў вакол лецішчаў глухія высокія платы, а ў яго  — толькі прыгожыя драўляныя разныя вароты, як бы запрашаючыя: «Калі ласка, заходзьце!».

Са свайго лецішча паважаны Уладзімір Цвірко стварыў вельмі цікавы, змястоўны этнаграфічны музей, сапраўдную дзівосную скарбніцу, якая налічвае звыш 2 тысяч экспанатаў; ад самага маленькага — камсамольскага значка, да самага вялікага і самага цікавага экспаната, магчыма, адзінага ў Беларусі — дзеючага ветранога млына вышынёй усяго 3 метры.

Уладзімір Цвірко пачаў знаёміць мяне са сваім незвычайным музеем менавіта з самага маленькага ў Беларусі млына. А перавёз ён яго з-пад Драгічына, дзе млын працаваў з 1936 года, але з цягам часу ад яго засталіся толькі ўнутраныя механізмы, а драўляная абшыўка ўся згніла. Уладзімір перавёз млын Хадакова, аднавіў усе драўляныя дэталі, зрабіў крылы. І зараз у яго этнаграфічны музей-лецішча прыязджае шмат наведвальнікаў як з Мінска, так і з іншых населеных пунктаў, каб палюбавацца гэтым цудам — мінімлынам, а заадно і іншымі экспанатамі музея. І ўсіх Цвірко, не шкадуючы свайго часу, разам са сваім ласкавым сабакам па мянушцы Амерыка, гасцінна сустракае, не беручы за наведванне ні капейкі.

Гісторыя ў этнаграфічным музеі Уладзіміра Цвірко праглядвае на кожным кроку. Калекцыя начышчаных самавараў, гліняных збаноў плаўна пераходзіць у збор рэдкіх кніг, часопісаў. Ёсць тут і ўзоры глінянай чарапіцы, якая яшчэ ў старажытныя часы з Беларусі ішла на экспарт у заходнія краіны. Яшчэ ёсць калекцыя награвальных на агні прасаў, калаўротаў, музычных інструментаў, вышываных вырабаў, некаторым з якіх ужо каля сто гадоў.

А пачынаў Уладзімір Цвірко свой музей з трох рэчаў, якія засталіся яму ад маці: калаўрота, праса і хлебнай лапаты. З цягам часу многія рэчы дарылі яму яго сябры, знаёмыя. Мой падарунак — 40 тамоў «Большой Советской Энциклопедии» выдання 1954-1955 гадоў таксама папоўнілі музей Уладзіміра Цвірко.

На тэрыторыі сядзібы Ула­дзімір выкапаў сажалку, у якой водзяцца карасі, змайстраваў хатку з Бабай Ягой. Амаль усё ў будынку лецішча-музея, пачынаючы ад драўляных лесвіц на другі паверх і заканчваючы камінам, зроблена спрытнымі рукамі самога Уладзіміра.

Дарожны паказальнік Ул. Цвірко

Увагу прыцягвае нават дарожны слуп, на якім стрэлкамі пазначана адлегласць у кіламетрах ад яго музея да многіх населеных пунктаў Беларусі. А Беларусь Уладзімір аб’ездзіў і абышоў уздоўж і ўпоперак у пошуках недаследаваных будынкаў, якія некалі былі славутасцямі, ад якіх сёння засталіся толькі руіны.

Уладзімір Цвірко — падарожнік, аўтар незвычайнага праекта «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі». Ён распавёў, што ў час сваіх паездак бачыў шмат закінутых гістарычных будынкаў, якія не эксплуатуюцца і не падтрымліваюцца ў належным стане. Некалі на іх віселі шыльды, што яны зберагаюцца дзяржавай, і будынкі лічыліся гістарычнай каштоўнасцю, пасля іх знялі шыльды, і паступова гэтыя цікавыя аб’екты прыходзяць у занядбаны стан, зносяцца, становяцца нічыйнымі. Таму ў Цвірко нарадзілася ідэя аб’ехаць усю Беларусь, сфатаграфаваць гэтыя аб’екты, напісаць пра іх, каб як можна больш людзей даведалася пра гістарычнае мінулае нашай краіны. А яшчэ Уладзімір спадзяецца, што кіраўніцтва краіны зверне ўвагу на гэтыя помнікі мінулага.

Перад пачаткам ажыццяўлення свайго праекта Уладзімір Цвірко вывучыў шмат гістарычнай літаратуры, працаваў у архівах, склаў маршруты для сваіх падарожжаў, якіх у яго атрымалася 150, у тым ліку па Брэсцкай вобласці — 28 маршрутаў, па Віцебскай — 24, па Гомельскай — 8, па Гродзенскай — 36, па Магілёўскай — 14, і па Мінскай вобласці — 28 маршрутаў.

Летам 2015 года ў мінскім выдавецтве «Туринфо» выйшаў у свет першы даведнік Уладзіміра Цвірко з серыі «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі», які не мае аналагаў. На 40 старонках шчодра аздобленага фотаздымкамі выдання перад чытачом паўстаюць багатыя гістарычнымі падзеямі 36 куточкаў Міншчыны. Тут можна знайсці звесткі і пра Яхімаўшчыну, дзе Янка Купала рыхтаваў свой першы зборнік вершаў «Жалейка», і пра цікавыя старажытныя будынкі Ракава, Івянца, Вішнева, Лоска, Дзераўнай, Рубяжэвічаў ды іншых мясцін.

Дарэчы, плануецца выдаць яшчэ больш за 30 такіх жа даведнікаў, у якіх будзе распавядацца пра іншыя 114 маршрутаў па Беларусі. Гэта будзе вялікім падарункам краязнаўцам, вучням і ўсім, хто неабыякавы да гісторыі Беларусі. Неабходна падкрэсліць, што праект Цвірко «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі» з’яўляецца пераможцам XI Нацыянальнага конкурсу «Золотая Литера» за 2015 год у намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гістарычнай тэматыкі».

У беларусаў ёсць трапная прыказка: якое семя, такое і племя. Мяркуючы па ёй, асяроддзе, у якім вырас Уладзімір Цвірко, было вельмі спрыяльным. Нарадзіўся ён у 1957 годзе ў гарадскім пасёлку Мір. Бацька, Андрэй Рыгоравіч, прайшоў усю вайну, дайшоў з баямі да Берліна, атрымаў 5 аскепкавых раненняў. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі, а ў пасляваенны час працаваў будаўніком. Яго продкі паходзілі з Валыні.

Маці, Вера Дзям’янаўна (дзявочае прозвішча — Высоцкая), паходзіла са старажытнага шляхецкага роду гербу «Дрыя», працавала выкладчыцай у школе. Была яна вельмі адукаванай, ведала 4 мовы (польскую, яўрэйскую, татарскую і нямецкую), добра малявала. У час нямецкай акупацыі яна хавала ў сваёй хаце пад пагрозай смерці двух яўрэйскіх дзяцей: хлопчыка і дзяўчынку. Іхнія стрыжаныя галовы яна змазвала дзёгцем і ўсім казала, што гэта яе хворыя дзеткі. Дзеля іх Вера Дзям’янаўна трымала і карову. Пасля вайны дзяўчынку забралі родзічы, і яна больш нічога не ведала пра яе лёс. А хлопчык, Станіслаў, з цягам часу стаў дырэктарам Валгаградскага трактарнага завода, і не аднойчы наведваў сваю выратавальніцу і яе сям’ю.

Усе лепшыя якасці ад бацькоў дасталіся і Уладзіміру, які, маючы добрыя мастацкія здольнасці, 5 гадоў правучыўся ў мастацкай школе А.С. Вахрамеева, скончыўшы якую ў 1983 годзе, атрымаў дыплом па спецыяльнасці мастак-дызайнер і чарцёжнік-канструктар.  Уладзімір працаваў у адным з праектных інстытутаў Мінска і выкладаў у мастацкай гімназіі. Ён таксама кіраваў студыяй «Три цвета». А ў 1999 годзе стварыў творчую студыю па вырабу мастацкіх вітражоў  «Тыфані». Неаднаразова Уладзімір Андрэевіч прымаў удзел у выставах графікі і мастацкага фота. Многія яго мастацкія творы знаходзяцца ў Германіі, Аўстрыі. Канадзе і ў прыватных калекцыях.

Вядомы Цвірко і як мецэнат: ён дабрачынна ўстанавіў мастацкія вітражы ў Свята-Троіцкім храме Міра і ў вёсцы Беражно, што ў Карэліцкім раёне. Уладзімір таксама філатэліст. У яго калекцыі налічваецца звыш 18 тысяч марак. Зараз Уладзімір Андрэевіч кіруе творчай студыяй па стварэнні вітражоў, рэстаўрыруе этнаграфічныя экспанаты, прадметы даўніны. Ён сцвярджае, што адчувае сябе шчаслівым чалавекам. Яго надзей­ная спадарожніца жыцця, жонка Ганна Мікалаеўна, працуе генеральным дырэктарам невялічкай будаўнічай кампаніі, а яшчэ вырошчвае на лецішчы агародніну.

У сям’і Цвірко дзве дачкі — Кацярына і Таццяна, і сын Яўген. Ёсць таксама дзве ўнучкі і ўнук. Вось такі звычайны, а недзе незвычайны наш сучаснік  Уладзімір Андрэевіч Цвірко жыве побач з намі і прыносіць людзям карысць і радасць.

Каментаваць