Джон Віт — шведскі місіянер беларушчыны

Дзякуючы Джону Віту, царква метадыстаў была фундатарам школ і інтэрнатаў у Радашковічах, Вільні, Слоніме. Ён трымаў пад увагай беларускія гімназіі, інфармавалі яго наконт беларускай адукацыі Тарашкевіч, Уласаў, Луцкевіч. 



Джон Віт, 1927 г.


Асабліва важнай падзеяй для прыхільнікаў метадызму ў Беларусі была інспекцыя метадысцкіх арганізацый, якую праводзіў шведскі месіянер Джон Віт (Ян Эмануіл Віт) у 1925 годзе. Хто ж такі гэты Джон Віт? І як яму жылося, працавалася і сябравалася сярод беларусаў?

Джон Віт нарадзіўся ў 1885 годзе сярод зулусаў у Паўднёвай Афрыцы ў сям’і шведскага місіянера. Калі яму споўнілася сем гадоў, сям’я вярнулася на радзіму ў Швецыю. Хлопчык вельмі цікавіўся тэхнікай. Таму яго бацькі адправілі вучыцца ў Германію ў адну з вышэйшых тэхнічных школ. Школу ён закончыў і атрымаў дыплом электраінжынера. Стаў працаваць па спецыяльнасці ў Швейцарыі, Германіі, Амерыцы і Швецыі.

У 1912 годзе Джон Віт прыехаў з сям’ёй у Рыгу, куды яго са Швецыі накіравалі на фабрыку гумовых вырабаў «Праваднік» як загадчыка электрычнай цэнтралі. На фабрыцы тады працавалі 15 тысяч чалавек. Але хутка ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны гэта прадпрыемства было эвакуіравана ў Маскву. Усе машыны, прылады і матэрыялы пагрузілі ў сотні вагонаў і адправілі на ўсход. Але ў Маскву вагоны дайшлі не ўсе. Па дарозе многія згубіліся. Адны даехалі да Масквы, іншыя трапілі ў Архангельск, Астрахань, Брэст і нават ва Уладзівасток. Таму пра аднаўленне фабрыкі ў тым складзе, якой яна была ў Рызе, і размовы быць не магло. Тады расійскія ўлады вырашылі пабудаваць тры меншыя фабрыкі. Наладжваннем абсталявання гэтых фабрык займаўся і Джон Віт. Сваю сям’ю Джон адвёз у Швейцарыю.

У 1916 годзе Джон Віт звольніўся з «Правадніка» і пайшоў працаваць у іншую фірму, якая мела некалькі прадпрыемстваў у Туркестане. Праз год да яго прыехала жонка з трыма дзецьмі. Але ў Туркестане сям’і жылося не вельмі соладка. Дарэчы, пазней на старонках беларускага грамадска-культурнага і літаратурна-мастацкага часопіса, органа ТБШ «Родныя гоні» Джон Віт пачаў публікаваць успаміны пра сваё вандроўнае жыццё ў Хінскім Туркестане. Артыкул «4 гады сярод туркаў і хінцоў» быў надрукаваны ў № 6 «Родных гоняў», але больш нумароў гэтага часопіса не выйшла. Таму заканчэнне ўспамінаў Джона Віта так і не з’явілася. Але, магчыма, яны друкаваліся дзесьці ў іншым віленскім выданні.

Часопіс, дзе друкаваліся ўспаміны Джона Віта, Вільня, 1927 г.

Дык вось, у траўні 1918 года ў Туркестане Джон Віт захварэў на воспу, а дачка яго — на запаленне лёгкіх, і хутка памерла. І толькі праз пэўны час, дзякуючы метадычнай царкве, Джон Віт вярнуўся ў Еўропу, дзе пачаў актыўна займацца грамадска-царкоўнай дзейнасцю. Спачатку ён прыехаў у Рыгу на пасаду дырэктара дзіцячага служэння Метадысцкай Епіскапальнай Царквы, а потым — у вёску Старое Сяло Слонімскага павета дзеля арганізацыі новых суполак.

Джон Віт шмат ездзіў па землях Заходняй Беларусі, сустракаўся з беларускімі дзеячамі, цікавіўся станам беларускага культурнага і адукацыйнага жыцця. У паездках яго часта суправаджаў Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч) — беларускі паэт, калекцыянер, музыкант і мастак са Слоніма.

У другой палове 1920-х гадоў шведскі місіянер метадыстаў вельмі часта наведваў Вільню, дзе ён сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Браніславам Тарашкевічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і Антонам Луцкевічам. Джон Віт цікавіўся не толькі царкоўнымі справамі, але і праблемамі беларускага нацыянальнага руху. Як піша гісторык Алег Латышонак, з гэтай пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у царкве метадыстаў.

Джон Віт быў вельмі адукаваным чалавекам. Акрамя роднай шведскай мовы, добра валодаў англійскай, нямецкай, польскай. Ведаў рускую мову, хаця яе не любіў. Хутка пачаў вывучаць беларускую мову, стараўся на ёй размаўляць з беларусамі, вучыў і ведаў беларускія народныя песні. Сярод беларусаў яму было добра і дужа цікава. Ён адразу зразумеў праблемы беларускага люду, праблемы беларускай інтэлігенцыі. І колькі ў яго хапала сіл, стараўся дапамагаць беларусам.

Дзякуючы Джону Віту, царква метадыстаў была фундатарам школ і інтэрнатаў у Радашковічах, Вільні, Слоніме, Клецку. Віт трымаў пад кантролем беларускія гімназіі, перад ім рабілі пэўныя справаздачы, інфармавалі яго наконт беларускіх спраў на ніве адукацыі Астроўскі, Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч, Уласаў, Луцкевіч. Джон Віт пастаянна выяўляў зацікаўленасць вучэбным працэсам, становішчам вучняў і настаўнікаў, развіццём і станам школьніцтва і беларускай працы ў Польшчы, а таксама беларускім рэлігійным, культурным, нацыянальным і палітычным рухам у Польшчы. Ён вывучаў адносіны і настрой беларусаў да польскай дзяржаўнасці.

Джон Віт (стаіць трэці справа) з выкладчыкамі беларускіх гімназій сярод беларускай інтэлігенцыі Радашковіч, канец 1920-х гадоў.

Джон Віт вельмі часта бываў на Слонімшчыне, у Радашковічах, у Клецку. Аляксандр Уласаў, які ўзначальваў у 1922–1929 гадах Радашковіцкую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, часта запрашаў Джона Віта ў госці. А Джон прыязджаў разам з варшаўскімі метадыстамі, якія дапамагалі арганізоўваць інтэрнаты, дзе вучні маглі бясплатна харчавацца і рыхтавацца да заняткаў. Джон Віт хоць і чытаў сумныя споведзі вучням і настаўнікам, але потым вельмі хораша спяваў шведскія народныя песні, спрабаваў разам з вучнямі і настаўнікамі выконваць і беларускія народныя песні. Калектыў гімназіі за гэта яго вельмі любіў і паважаў.

У Слонімскім павеце шведскі місіянер часта сустракаўся з сябрам пратэстанцкага брацтва, прапаведнікам з Дзярэчына Янам Пятроўскім (1905–2002). У 1935 годзе Ян Пятроўскі ініцыяваў, а затым выдаваў і рэдагаваў беларускамоўны пратэстанцкі часопіс «Сьветач Хрыстовае навукі», а ў 1937 го­дзе выдаў брашуру «Нядзельная школа, яе сутнасць і гісторыя». І ўсё гэта не без дапамогі Джона Віта. Пра яго Ян Пятроўскі пісаў: «Першы раз я спаткаўся з Вітам у Старым Сяле ў 1931 годзе, другі раз — у 1936-м… Быў ён чалавекам энергічным, рухавым, з дарам здабыцця ўзнання для сябе і сімпатыі сярод шырокага кола беларусаў у Заходняй Беларусі».

Інтэрнат для вучаніц Віленскай беларускай гімназіі. У другім шэрагу пасярэдзіне сядзіць Джон Віт. Вільня, 1929 г.

Усе добрыя справы метадыстаў на карысць беларусаў не вельмі падабаліся палякам. Тым больш, што многія беларусы, якія шчыра сябравалі з Джонам Вітам, з’яўляліся сябрамі БСДГ ці належалі да камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Польская дзяржбяспека пільна сачыла за кожным рухам і справамі, якія адбываліся з удзелам Джона Віта і беларусаў-метадыстаў. І хутка палякі прыйшлі да высновы, што дзейнасць метадыстаў сярод беларусаў наносіць шкоду Польшчы. Аб гэтым яны паведамілі ў Варшаву і папярэ­дзілі метадысцкі Амерыканскі камітэт. А камітэт у сваю чаргу ў 1931 годзе прымусіў Джона Віта з’ехаць.

Але перад ад’ездам Джон не мог не закончыць усе справы. Яго хваляваў пераклад Евангелля, Новага Запавету і Псалмоў на беларускую мову, а таксама выданне іх асобнымі кніжкамі. І, вядома ж, аплата перакладчыкам. А перакладчыкамі гэтых рэлігійных твораў былі Лукаш Дзекуць-Малей (1888–1955) і Антон Луцкевіч (1884–1942). 31 сакавіка 1930 года Джон Віт са Слоніма пісаў Антону Луцкевічу: «Сёння я атрымаў з Берліна ад спадара Хэйга, прадстаўніка Вялікабрытанскага і Замежнага біблійнага таварыства, ліст з пытаннем, калі скончыцца пераклад Новага Запавету. Яны вельмі жадаюць у бліжэйшы час надрукаваць яго. Я сам толькі што вярнуўся з Варшавы, дзе вырашыў, што я застаюся ў Беларусі толькі да 1-га чэрвеня гэтага года. Пасля гэтага часу я буду працаваць у Швейцарыі. Я вырашыў гэтак толькі дзеля выхавання дзяцей, для якіх няма будучыні ў Польшчы… Паколькі пасля майго ад’езду Вам будзе цяжка трымаць сувязь з Берлінам, у інтарэсах усіх было б, каб пераклад быў завершаны да 1-га чэрвеня…».

12 жніўня 1930 года Джон Віт паведамляў у пісьме Антону Луцкевічу: «Вельмі паважаны спадар Луцкевіч! Ваш ліст ад 21.VII атрымаў і зараз жа адправіў Ев. Паводле Марка ў Берлін. Дзякуй… Усё аддадзена ў Берлін, і спадар Хэйг быў вельмі рады…». 12 жніўня 1930 года шчаслівы Антон Луцкевіч піша Артуру Хэйгу: «З вялікай радасцю я атрымаў надрукаваныя ўжо асобнікі Новага Запавету і Псалмоў на беларускай мове. Брытанскае і Замежнае біблійнае таварыства гэтым зрабіла вялікую паслугу беларускаму народу — для яго культурна-маральнага адраджэння…».

Курсы настанікаў беларускіх пачатковых школ пры Радашковіцкай беларускай гімназіі. Сядзіць другі злева Джон Віт, 1926 г. 

У канцы 1931 года Джон Віт пакінуў Заходнюю Беларусь і выехаў у Швейцарыю — на радзіму сваёй жонкі. Але і ў Швейцарыі ён не парываў сувязей з беларускімі грамадскімі актывістамі. Ён перапісваўся з Гальяшом Леўчыкам, Антонам Луцкевічам, Янам Пятроўскім, Лукашом Дзекуць-Малеем. І марыў яшчэ вярнуцца ў Беларусь. Але ўсе планы перакрыжавала Другая сусветная вайна.

Як склаўся лёс Джона Віта і яго сям’і пазней — застаецца загадкай. Я пісаў лісты ў Швецыю і ў Швейцарыю ў пошуках слядоў Джона Віта і яго дзяцей, але адказаў пакуль не атрымаў. Магчыма, пасля гэтай публікацыі нехта з Вітаў адгукнецца.

Абмеркаванне:

  • Зміцер
  • 2014-12-07 14:44:41
Дзякуй за цікавы расповед.

Каментаваць