Дзве Анжалікі

Не так даўно мой добры сябар (зямляк і калега), які шмат гадоў працуе ва Украіне, спытаў, кім я сябе больш адчуваю: беларусам або палякам. Сёння я б на такое пытанне адказаў адразу — літвінам, бо гэта слова, на мой погляд, яднае і першых, і другіх. Моцна яднае. Настолькі, што ўсё зразумела нават існуючай уладзе.

(На здымку: Анжаліка Борыс)



Не так даўно мой добры сябар (зямляк і калега), які шмат гадоў працуе ва Украіне, спытаў, кім я сябе больш адчуваю: беларусам або палякам. Сёння я б на такое пытанне адказаў адразу — літвінам, бо гэта слова, на мой погляд, яднае і першых, і другіх. Моцна яднае. Настолькі, што ўсё зразумела нават існуючай уладзе.

(На здымку: Анжаліка Борыс)


Аптымістычны пралог

Калі ў чарговы раз разгарэўся скандал вакол неафіцыйнага Саюза палякаў, сярод аналітыкаў і палітыкаў існавала шмат розных версій прычын яго ўзнікнення, бо ніхто не мог зразумець, каму і нашто ён быў увогуле патрэбны. Хадзіла нават версія пра сцэнары расійскай ФСБ, якая, добра ведаючы пра адмоўнае стаўленне Захаду да парушэнне правоў нацыянальных меншасцяў, спрабавала такім чынам сарваць манеўр беларускага рэжыму у бок Захаду.

Упэўнены, многія выкажуць на гэты конт жорсткую крытыку і, на мой погляд, будуць мець рацыю, але хацеў бы звярнуць увагу на адзін істотны момант. Скандал разгарэўся якраз у той момант, калі кіраўнік Беларусі знаходзіўся з візітам у далёкай Арменіі, адкуль накіраваўся ў не менш далёкую Лацінскую Амерыку…

Іншая справа, што, калі вярнуўся дадому, ён, як кажуць, не дэзавуіраваў дзеянні сваіх падначаленых. Мог выйсці сухім з вады, заявіўшы, напрыклад, што да гэтага не мае ніякага дачынення. Нічога падобнага ён не зрабіў, і тлумачэнне тут вельмі простае. Калі нехта і праявіў асабістую ініцыятыву, яна цалкам адпавядала «агульнай лініі партыі». Партыі ўлады, якая нідзе і ніколі не трывае непадкантрольныя структуры. Асабліва перад выбарамі…

А пачыналася ўсё так прыгожа. У 1988 годзе адбыўся дэбют польскага культурнага грамадскага аб’ядання імя Адама Міцкевіча. Менавіта з яго ў 1990 годзе і вырас Саюз палякаў Беларусі. Пачалі выдавацца газета і часопіс СПБ, а ў Гродна і Ваўкавыску адчыніліся першыя школы з выкладаннем на польскай мове. Усяго ж польская мова сёння выкладаецца ў 280 школах і дзіцячых садках Беларусі. Галоўным накірункам новай арганізацыі стала асветніцкая дзейнасць, азнаямленне з гісторыяй Польшчы, асабліва ў кантэксце яе няпростых перакрыжаванняў з гісторыяй Беларусі. У верасні 1993 года пад эгідай Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) адбыўся першы сход ветэранаў Арміі Краёвай.

На момант расколу СПБ у яго шэрагах налічвалася амаль 25 тысяч чалавек, з тых 400 тысяч, якія зараз жывуць у нашай краіне (толькі ў Гродне — 40 тысяч палякаў). Колькасць «пярвічак» набліжалася да сотні, працавала 16 Дамоў польскіх. Прыведзеныя лічбы — на 2005 года, бо сёння ў палякаў Беларусі два аб’яднанні — афіцыйнае і неафіцыйнае, якія не сябруюць, скажам так, паміж сабой.

Прагназаваны канфлікт

Як вядома, без канфлікту немагчымы ніякі сюжэт, таму было б дзіўна, каб ён не закрануў беларускіх палякаў. Увогуле, часам складваецца ўражанне, што ў нашай краіне жывуць самыя ярыя ў свеце прыхільнікі нейкага дуалізму. Два Народныя фронты, дзве кампартыі, два асноўных прафсаюзы, два пісьменніцкіх аб’яднання. Нават журналістаў падзялілі на дзве групы. «Чэсныя» з большасці ўваходзяць у афіцыйны Саюз журналістаў Беларусі, а «нячэсныя» — пераважна ў Беларускую асацыяцыю журналістаў. Адзін сцэнар на ўсіх.

На VI сходзе СПБ, які праходзіў 12–13 сакавіка ў Гродне, старшынёй Саюза палякаў была абрана Анжаліка Борыс. На сход сабралася 287 дэлегатаў. Калі выбіралі новага кіраўніка, асноўная барацьба разгарнулася паміж Т. Кручкоўскім і А. Борыс. За былога кіраўніка прагаласавала 116 дэлегатаў, за смелую жанчыну — 152.

Не трэба быць вялікім матэматыкам, каб зразумець, хто перамог, але сённяшнія ўлады не ўмеюць прайграваць. Кажуць, усё, што адбывалася з СПБ далей, было інспіравана менавіта імі, але мы пазбегнем такой катэгарычнасці і абмяжуемся толькі тым, што выбар сходу СПБ некаторым не прыйшоўся да спадобы.

Яны і падалі скаргу ў беларускае Міністэрства юстыцыі. 12 мая 2005 года вынікі галасавання былі адменены. Правесці паўторны сход, як таго патрабаваў Мінюст, паплечнікі Борыс адмовіліся.

Нарэшце 27 ліпеня такое рашэнне было прынятае. Але ўжо без іх. У гэты момант (супадзенне?) Гродзенская гарадская арганізацыя СПБ выключыла са сваіх шэрагаў Анжаліку Борыс і яшчэ восем найбольш актыўных праўдалюбцаў.

Паўторны сход адбыўся ў Ваўкавыску 27 жніўня 2005 года. Новым лідэрам СПБ быў абраны пенсіянер і былы дырэктар школы Юзаф Лучнік — тыповы прадстаўнік электарату існуючай улады. Адразу ж у незалежнай прэсе з’явіліся звесткі, што вынікі выбараў былі фальсіфікаванымі, актыўна выкарыстоўваўся так званы адміністрацыйны рэсурс.

Новае кіраўніцтва адмовіліся прызнаваць не толькі мясцовыя іншадумцы на чале з Борыс, але і польскія ўлады. Так адбыўся раскол. Цікавая дэталь: у адрозненні ад іншых шматлікіх расколаў, якімі адзначаны лёс многіх дэмакратычных партыйных і грамадскіх структур, «праўладныя» палякі і ім апазіцыйныя называюць сябе аднолькава — Саюз палякаў на Беларусі.

Зігзагі сюжэту

А зараз некалькі біяграфічных звестак і лічбаў.

Анжаліка Борыс нарадзілася 14 кастрычніка 1973 года ў Гродзенскім раёне. Скончыла педагагічны каледж у Замосці (горад у Люблінскім ваяводстве Польшчы) і Беластоцкі ўніверсітэт. Працавала настаўніцай у Адэльску і Гродна. У 1995 годзе ўступіла ў Саюз палякаў на Беларусі, а ў 1998 годзе стала там кіраўніцай аддзелу адукацыі. З гэтай пасады яе і абралі старшынёй СПБ.

У жыцці Анжалікі Борыс былі яшчэ адны выбары. У 2009 годзе яе пераабралі кіраўніком «нефармальнага» СПБ. Акрамя Анжалікі на гэта крэсла прэтэндаваў і кіраўнік гродзенскай арганізацыі Мечыслаў Яскевіч. За Борыс прагаласавалі 148 дэлегатаў, за Яскевіча — 15.

Як бачна, перавага больш чым пераканаўчая. Таму для многіх стала поўнай нечаканасцю, калі 12 чэрвеня 2010 года Борыс абвясціла пра сваю адстаўку. Згодна са статутам Саюза палякаў, выконваць абавязкі старшыні ў такой сітуацыі можа адзін з намеснікаў, якіх чатыры. Галоўны Савет 19 чэрвеня даручыў кіраванне арганізацыяй на бліжэйшыя 2 гады другой Анжаліцы — пані Арэхва.

Анжаліка Арэхва


З Борыс яны аднагодкі, бо Анжаліка Арэхва нарадзілася ў Лідзе 6 верасня 1973 года. У 1996 скончыла Люблінскі ўніверсітэт імя Марыі Складоўскай-Кюры па спецыяльнасці «польская філалогія», а ў 2002 годзе — аспірантуру (англійская філалогія) у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце.

Пасля вяртання ў Беларусь Арэхва актыўна прымала ўдзел у дзейнасці польскай абшчыны. Спачатку працавала ў Дэпартаменце адукацыі Саюза палякаў на Беларусі. У 1998 годзе Анжаліка Арэхва стала настаўніцай польскай мовы, а праз год — намеснікам дырэктара каледжа СПБ. З 2005 года выступала ў якасці дырэктара польскай школы ў Гродна. З гэтага ж года была намеснікам старшыні арганізацыі, адказвала за пытанні адукацыі. Агульны «стаж» у нефармальным СПБ у Арэхвы складае больш за дзесяць гадоў.

Сапраўдных прычын гэтай «ракіроўкі» не ведае ніхто акрамя самой Анжалікі Борыс, але б якімі яны не былі, пры сустрэчы з ёй асабіста я зніму капялюш і пацалую руку, бо пяць гадоў супрацьстаяць гэтай уладзе можа толькі БАЕЦ.

Дарэчы, слова «ракіроўка» я напісаў не выпадкова. На шахматнай дошцы эліты СПБ яны амаль памяняліся месцамі. Адна прыгожая Анжаліка змяніла другую прыгожую Анжаліку. І, ўпэўнены, многія мужчыны ад гэтай прыгажосці адчулі ўпэўненасць у заўтрашнім дне.

Дзве Анжалікі



Працяг замест эпілога


Не хачу займаць чыйсьці канкрэтны бок, але дастаткова толькі паглядзець на сайт афіцыйнага СПБ, каб зразумець, што з акуратнасцю тут ёсць пэўныя праблемы. Як і з адносінамі да спраў.

Не так даўно мне расказалі адзін цікавы момант. Падчас чарговага «наезду» на нефармальны СПБ, які скончыўся сумна вядомай судовай «экспрапрыяцыяй» Дома польскага ў Івянцы, кіраўніцтва афіцыйнага СПБ нечакана звярнула ўвагу на мінскі Дом польскі, які месціцца на вуліцы Саламянай. Нават ухвальны сюжэт пра яго дзейнасць для аднаго з беларускіх каналаў зрабілі. І ніхто не звярнуў увагу, чаму амаль усе памяшканні там здаюцца ў арэнду розным бізнесменам.

Дарэчы, пытанне вакол правоў на ўласнасць Дамоў польскіх, якія належаць СПБ, даволі часта станавілася галоўным у адпаведных спрэчках. Па некаторых дадзеных, з 14 Дамоў польскіх, якія кантралююцца афіцыйнай структурай, актыўна працуюць толькі два — у Лідзе і Магілёве. Што будзе з будынкам у Івянцы? Як кажуць, пажывем — пабачым.

Пакуль адназначна можна сказаць толькі тое, што ўсе яны былі пабудаваныя або адрамантаваныя на польскія грошы. Пасля таго, як беларускія ўлады фактычна паставілі пад кантроль СПБ, палякі адмовіліся працягваць фінансаванне, інакш бы іх ніхто ў свеце не зразумеў.

А тым, хто гаворыць пра нейкую самастойнасць афіцыйнага Саюза палякаў, хачу сказаць адно — фінансуе гэту структуру беларуская дзяржава. Не буду сцвярджаць, што словы «фінансуе» і «кантралюе» на самай справе з’яўляюцца сінонімамі, але тое, што яны блізкія па значэнню — адназначна. Толькі ў 2009 годзе на гэтыя справы было выдзелена 300 мільёнаў беларускіх рублёў, што складае больш як 100 тысяч амерыканскіх долараў.

Наўмысна не акцэнтаваў вашу ўвагу на «разборках» вакол фірмы «Палоніка», бо тут так многа незразумелага, што лягчэй знайсці ў цёмным пакоі неіснуючую чорную котку, чым логіку ў дзеяннях беларускіх уладаў.

Рыхтуючы гэты нарыс, я з дапамогай вядомага гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута спытаў Анжаліку Арэхва: будзе ці не працягвацца «лінія Борыс»? І атрымаў адказ: «Барацьба за захаванне незалежнасці арганізацыі будзе працягнутая. На нейкія змены тут спадзявацца не варта».
 

Каментаваць