Фатаграфічная спадчына Юзафа Шыманчыка

Сярод тых, хто пакінуў неацэнную беларускую фатаграфічную спадчыну першай паловы ХХ стагоддзя, быў беларускі фатограф Юзаф Шыманчык (1909–2003). Нарадзіўся ён у Косаве.



Юзаф Шчыманчык са сваёй жонкай Аленай Ласько


Будучы 14-гадовым хлопчыкам, Юзік упершыню выпадкова пазнаёміўся з фотаапаратам. Захапленне тэхнікай і фотамастацтвам змяніла яго жыццё.
 
 
Пачынаў юнак як самавук. Але з часам набыў прафесійнае майстэрства і заснаваў сваё фотаатэлье — спачатку ў родным Косаве, потым у Слоніме падчас вайны, а пасля 1945 года ў Польшчы ў Кутне.
 
 
 
Заўзяты ідэяй Яна Булгака, які быў прыхільнікам фатаграфавання Бацькаўшчыны, ён з рэпарцёрскім запалам дакументаваў Беларусь — здымаў беларускае Палессе, азёры Белае і Спораўскае, Косава, вёску Пескі (цяпер Бярозаўскі раён), Слонім, Пінск, сялян, рабочых, сцэны быту сельскіх жыхароў, іх цяжкую працу і г.д. Захавалася каля 400 этнаграфічных і дакументальных здымкаў з Палесся. 50 фотаздымкаў у Юзафа Шыманчыка набыў у 1990-х гадах Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Фатограф падараваў музею і адзін са сваіх фотаальбомаў.
 
 
Пасля вайны Юзаф Шыманчык некалькі разоў наведваў Беларусь. У 1999 годзе ён прыязджаў сюды разам са здымачнай групай Варшаўскага тэлебачання. На Косаўшчыне, Слоніме і ў іншых мясцінах, дзе да 1945 года жыў спадар Шыманчык, здымалі пра яго дакументальны фільм «Фатограф Палесся». Мастак фатаграфіі наведаў мясціны свайго маленства і юнацтва, ён нават змог сустрэцца з героямі сваіх фотаздымкаў, якія яшчэ жылі і нават памяталі, як ён іх фатаграфаваў. Пазней, гэты фільм музею ў Бярозе падаравала дачка Юзафа Шыманскага Ірэна Даманьска.
 
 
Дарэчы, Ірэна Даманьска, якая цяпер жыве ў Лодзі, у 2012 годзе ў Варшаве ў галерэі «Вазоўня» наладзіла выставу, прысвечаную бацьку. Выстава мела назву «Юзаф Шыманчык: паміж фатаграфіяй бытавой і айчыннай фатаграфіяй». Наведвальнікі выставы і крытыкі ў польскай прэсе адзначалі, што аўтар здымкаў 30-х гадоў ХХ стагоддзя не толькі фіксаваў прыгажосць тых месцаў, дзе бываў, але паказаў таксама прозу жыцця, часта вельмі беднага. Працы Юзафа Шыманчыка сёння з’яўляюцца доказам таго, што ў гісторыі беларускай і польскай фатаграфіі 1930-х гадоў мы павінны з роўнай сілай улічыць вартасць сацыяльнай фатаграфіі як плынь піктарыялізму. Фатаграфіі Шыманчыка, пісала польская прэса, апрача прыгажосці краявіду і характарных чалавечых тыпаў, паказваюць таксама цяжкае жыццё, бяду палескай вёскі…
 
 
У 1990-х гадах я перапісваўся з Юзафам Шыманчыкам. Ён жыў тады ў дачкі ў Лодзі. Спадар Шыманчык заўсёды быў рады маім пісьмам і выданням, якія я дасылаў. У знак падзякі ён кожны раз высылаў мне свае здымкі Слоніма 1942–1944 гадоў. Здымкі ўнікальныя, рэдкія, якасныя, цікавыя. І яны менш вядомыя беларусам і палякам за цыкл здымкаў беларускага Палесся. Хаця ані ў тэхнічным, ані ў мастацкім сэнсе яны не саступаюць палескім. Шмат слонімскіх здымкаў Юзафа Шыманчыка я ўжо апублікаваў у друку, у сваіх кнігах. Але яшчэ далёка не ўсе.
 
 
Да вайны Юзаф Шыманчык пазнаёміўся з Аленай Ласько, якая была родам таксама з Косава і працавала швачкай. Яны пажаніліся і ў пачатку Другой сусветнай вайны Шыманчык і Ласько пераехалі ў Слонім, жылі ў самым цэнтры горада ў старым двухпавярховым доме на другім паверсе з балконам. У цэнтры горада Юзаф меў фотамайстэрню. Яго не чапалі ні партызаны, ні немцы — ніхто. Ён займаўся толькі фотасправай. Фатаграфаваў усіх, хто прыходзіў да яго ў майстэрню ці прасіў сфатаграфаваць дома.
 
 
Аднойчы ў горадзе адбыўся мітынг. Выйшла на балкон паслухаць выступоўцаў і Алена Ласько. Але ж трэба было здарыцца бядзе. Балкон абваліўся. Так загінула цяжарная Алена. Юзаф Шыманчык моцна перажываў смерць каханай.
 
 
У ліпені 1944 года, калі немцы пакінулі Слонім, савецкія салдаты кінулі гранату ў фотамайстэрню спадара Шыманчыка. Усё згарэла. Выратаваць Юзафу ўдалося некаторыя здымкі і негатывы, якія знаходзіліся ў падвале.
 
 
Пасля вайны Юзаф Шыманчык паехаў жыць у Польшчу, дзе яшчэ сорак гадоў працаваў фатографам у гарадку Кутна. З выхадам на пенсію, у 1985 годзе, ён пераехаў у Лодзь.
 
 
Усё, што сфатаграфаваў і пакінуў беларусам і палякам Юзаф Шыманчык у першай палове ХХ стагоддзя, яшчэ па вартасці неацэнена спецыялістамі-этнографамі і гісторыкамі. А можа я памыляюся? Бо яго фотаздымкі ўжо набылі музеі і бібліятэкі Варшавы, Кракава, Беластока, Мінска, Вільні, Бярозы, Слоніма, Пінска, Пружан і іншых гарадоў. Яго працы сёння выклікаюць жывую цікавасць ва ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны і хто неабыякавы да яе.
 
Чытачам «Новага Часу» прапаную некалькі фотаздымкаў Юзафа Шыманчыка Слоніма 1941–1943-х і Палесся 1920–1930-х гадоў.
 
 
 
У палескай хаце, 1930-ыя гады
 
 
 
 
Палешукі, 1930-ыя гады
 
 
 
 
 
Дзяўчаты з Палесся, 1930-ыя гады
 
 
 
 
Вуліца Татарская ў Слоніме, 1943 г.
 
 
 
 
Касцёл Святога Андрэя ў Слоніме, 1942 г.
 

Каментаваць