Генадзь Грушавы

Фонд «Дзецям Чарнобыля» існуе ўжо 20 гадоў. Гэта ці не першая грамадская арганізацыя, якая ўзнікла на хвалі гарбачоўскай перабудовы. І здолела ўтрымацца да гэтага часу. За два дзесяцігоддзі на аздараўленне за мяжу намаганнямі фонду выехала больш за трыста тысяч беларускіх дзяцей. А першая група паехала ў Індыю. Было гэта ў снежні 1989 года — 25 дзяцей з вёскі Стрэлічава. І гэта дзякуючы намаганням неабыякавага чалавека — Генадзя Грушавога.

Прыступкі да галоўнай справы



Фонд «Дзецям Чарнобыля» існуе ўжо 20 гадоў. Гэта ці не першая грамадская арганізацыя, якая ўзнікла на хвалі гарбачоўскай перабудовы. І здолела ўтрымацца да гэтага часу. За два дзесяцігоддзі на аздараўленне за мяжу намаганнямі фонду выехала больш за трыста тысяч беларускіх дзяцей. А першая група паехала ў Індыю. Было гэта ў снежні 1989 года — 25 дзяцей з вёскі Стрэлічава. І гэта дзякуючы намаганням неабыякавага чалавека — Генадзя Грушавога.

Прыступкі да галоўнай справы

Генадзь Грушавы нарадзіўся ў Мінску 24 ліпеня 1950 года. Яму было 40, калі пачалася гарбачоўская перабудова. Ён з тых саракагадовых, якіх адносяць да апошняга пакалення шасцідзесятнікаў, чыё юнацтва сваім развітальным крылом закранула «хрушчоўская адліга», прыадчыніўшы іх зроку жудасную бездань таталітарызму. Адліга скончылася, але надзея на перамены ажыла з новай сілай на перабудовачнай хвалі.

Бацька Генадзя да вайны скончыў фізіка-матэматычны факультэт у Фрунзе. Прайшоў вайну ад званка да званка, на перадавой. Ад радавога да маёра, камандзіра палка, з якім штурмаваў Кёнігсберг. Потым служыў камендантам аднаго з гарадоў Усходняй Прусіі, дзе і сустрэў сваю будучую жонку — дзяўчыну з Ноўгарада, вывезеную ў Германію падчас акупацыі. З Прусіі маёра Грушавога накіравалі ў Мінск.

Закончыў Генадзь знакамітую школу № 50, якая спецыялізавалася на фізіцы і матэматыцы, у ліку першых. Але матэматыкам не стаў. Паступіў на філасофскі факультэт БДУ, адолеўшы велізарны конкурс. Вучыўся апантана. Актыўна займаўся спортам — баскетболам, барацьбой, лёгкай атлетыкай.

Навуковую працу пачаў пісаць яшчэ на другім курсе, а скончыў яе на пятым. Тычылася яна буйнога французскага філосафа, ідэаліста, тэолага Нікаля Мальбранша. Давялося вучыць французскую мову і шукаць дарэвалюцыйныя кнігі. Менавіта гэта студэнцкая работа і стала для яго своеасаблівым пропускам у аспірантуру, куды Грушавы паступіў у 1972 годзе. А ў 1975-м абараніў кандыдацкую.

Фонд і шлях

Як толькі ў Мінску з’явіўся рух «За дэмакратычныя змены», Генадзь Грушавы знайшоў яго сам. І сам прыйшоў на пасяджэнне аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту.

На пачатку вясны 1989 года ён упершыню даведаўся пра вельмі важныя акалічнасці Чарнобыльскай трагедыі, а ў маі таго ж года афіцыйна стаў старшынёй Камітэта БНФ «Дзеці Чарнобыля», які потым ператварыўся ў фонд «Дзецям Чарнобыля».

Зараз многія расказваюць, што ідэя правядзення першага «Чарнобыльскага шляху» належыць менавіта ім. На самай справе, за ёй стаяў Генадзь Грушавы, а прыкладам і ўзорам для яго была Пражская вясна 1968 года.

Менавіта тады Грушавы асэнсаваў, што ў грамадскіх структур значна большы патэнцыял, чым у палітычных партый. Асабліва на пераходных этапах ад таталітарызму да дэмакратыі. І асабліва ва ўмовах Беларусі, з правакацыйнай трапнасцю ахарактарызаванай Алесем Адамовічам, як Вандэя.

Патэнцыял гэты мае лічбавае вымярэнне. Калі ў першым «Чарнобыльскім шляху» (дарэчы, адбыўся ён не 26 красавіка, а 30 верасня) прымала ўдзел 40 тысяч чалавек, то ў сёлетнім — каля тысячы. Сярод тых, хто дваццаць гадоў таму выходзіў на вуліцы пратэставаць, ідэйных прыхільнікаў БНФ было менш працэнта. У астатніх матывацыя была іншай.

За два тыдні да акцыі ўся дзяржаўная прапагандысцкая машына пачала ўнушаць людзям, што «Чарнобыльскі шлях» — выхадка экстрэмістаў. Каб сарваць акцыю, на тую суботу ўлады спецыяльна прызначылі рэспубліканскі суботнік. За межы Мінска людзей вывозілі цэлымі інстытутамі і прадпрыемствамі. Арганізавалі выязны гандаль. Пужалі рэпрэсіямі і эксцэсамі. Не дапамагло. Шлях адбыўся.

Справа жыцця

У сакавіку 1990 года Грушавога абралі ў Вярхоўны Савет БССР, пачалася яго палітычная дзейнасць. У тым жа годзе ён стаў старшынёй Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Праіснавала яна не доўга.

Неаднойчы я быў сведкам, калі розныя палітычныя лідэры імкнуліся перацягнуць Грушавога на свой бок. Не атрымалася. Ён застаўся са сваёй справай. Для людзей. Для дзяцей. Дзеля іх уратавання. Па высокаму рахунку — уратавання будучыні Беларусі.

Афіцыйна фонд «Дзецям Чарнобыля» нарадзіўся 20 лістапада 1990 года. Так напісана ў пасведчанні Мінюста аб рэгістрацыі, але працаваць ён пачаў значна раней. Фонд — адзін з першых камянёў у фундаменце беларускай грамадзянскай супольнасці.

Існуе больш за 20 тлумачэнняў тэрміна «грамадзянская супольнасць». Адны лічаць, што тут трэба мець на ўвазе ўсіх людзей, якія жывуць у той ці іншай краіне. Другія — толькі тых, хто займаецца пэўнай грамадскай дзейнасцю. Ёсць сваё азначэнне і ў Генадзя Грушавога. Сутнасць грамадзянскай супольнасці, на яго думку, у трох складальніках.

Першы — грамадзянская супольнасць узнікае толькі там, дзе людзі пачынаюць арганізоўвацца самі, а не па ўказцы якой-небудзь партыі ці лідэра.

Другі — грамадзянская супольнасць павінна вырашаць пытанні, якія цікавяць калі не ўсё грамадства, то хаця б яго значную большасць. Нельга называць грамадзянскай супольнасцю клубы філатэлістаў ці аматараў піва.

Трэці — грамадзянская супольнасць узнікае толькі там, дзе яна выступае як раўнапраўны партнёр і, у пэўным сэнсе, як канкурэнт дзяржавы, бо яны займаюцца аднымі і тымі ж праблемамі — экалогіяй, сацыяльнай сферай, аховай здароўя і г.д. Часам дзяржава імкнецца «падмяць» грамадскую супольнасць, зрабіць яе сваёй падначаленай, але ў такім выпадку цалкам знікае матывацыя для ўзаемнага стымулявання. І грамадская супольнасць рана ці позна ператвараецца ў паслухмяны механізм улады, які патрэбны ёй для дасягнення пэўных мэтаў. Партнёр становіцца звычайным служкам.

Чарнобыльская трагедыя для Беларусі стала сапраўдным дэтанатарам грамадскай актыўнасці. Тры гады дзяржава хавала праўду, анічога належным чынам не рабіла, і людзі пачалі аб’ядноўвацца самі. Невыпадкова ў кароткія тэрміны па ўсёй краіне ўзніклі каля 200 структур, якія сталі рэгіянальная базай фонду «Дзецям Чарнобыля».

Жадаючых уступіць у новую структуру было вельмі многа, аднак ніякіх спісаў тады не было. Толькі ў 1993 годзе, калі Міністэрства юстыцыі запатрабавала «картачкі ўліку», за некалькі месяцаў «з’явілася» 14 тысяч сяброў. У 1996 годзе пасля рэферэндуму, які паставіў крыж на дзейнасці не падкантрольных уладзе дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, у ліку якіх быў і Грушавы, той папрасіў дапамогі ў сваіх паплечнікаў. За некалі тыдняў высілкамі арганізацый 15-ці раёнаў з тых 70-ці, якія ў той час дапамагалі фонду, было сабрана сто шаснаццаць тысяч подпісаў супраць скасавання паўнамоцтваў дэпутата Грушавога.

Зразумела, што ўсё гэта вельмі не падабалася ўладзе. Фонд «Дзецям Чарнобыля» пачалі знішчаць. Толькі атрымлівалася гэта вельмі дрэнна. Адзін выпадак асабліва красамоўны.

Выстаяць і не скарыцца


У часы камуністычнай улады даволі важную ролю выконваў Камітэт народнага кантролю. Яму і загадалі пахаваць першы парастак грамадскай супольнасці. Пачатак 1991 года — і самая першая праверка. Праз некалькі дзён правяраючы ад КНК спытаў Грушавога, што за людзі з розных месцаў Беларусі (да сотні чалавек кожны дзень) прыязджаюць да яго, чым займацца і якія атрымліваюць за гэта грошы? Вельмі здзівіўся, што ўсё адбываецца на дабрачыннай аснове.

Праз дзень зноў запрасіў Грушавога да сябе. «Па сутнасці, — сказаў ён, — я сваю работу закончыў і выканаў загад сабраць парушэнні. Ніхто з вас не мае адпаведнага досведу, таму парушэнняў вельмі шмат. Зараз маё начальства чакае гэтых дадзеных, каб вас знішчыць, але я зраблю інакш. Напішу, што ніякіх «блох» няма, бо добра зразумеў, чым вы тут займаецеся, — усё бачыў сваімі вачыма. Лепш пайду на пенсію, чым выканаю іх загад».

Кіраўніцтва КНК было раз’юшана. Пэўны час фонд не чапалі. А потым здарыўся няўдалы жнівеньскі путч, пасля якога не стала КПСС. І народных кантралёраў таксама.

Праз год той кантралёр, ужо пенсіянер, пазваніў Генадзю зноў. Дамовіліся сустрэцца. Аказалася, унучка былога кантралёра вельмі цяжка захварэла, а лячыць яе могуць толькі за межамі Беларусі. Фундатары знайшліся вельмі хутка, і ўжо праз месяц у Германіі ёй зрабілі ўсе неабходныя працэдуры.

Як кажуць, каментары тут непатрэбныя. Пазней прыйдзе яшчэ шмат правяраючых (з розным узроўнем сумлення), і ўсім ім Грушавы будзе казаць адну фразу — дай Бог, каб у вас усё было добра, але можа здарыцца, што менавіта вам спатрэбіцца дапамога такіх людзей, як мы, і вы будзеце ўспамінаць, каму не давалі працаваць.

Мабыць, прыйдзе такі час і для тых, хто ў 2005 годзе выкінуў штаб-кватэру «Дзецям Чарнобыля» з Траецкага прадмесця, дзе яны месціліся з самага заснавання.

Не прэтэндую на нешта большае, чым на версію, але лічу афіцыйную абструкцыю фонду Грушавога следствам таго, што ўлада добра ведае эфектыўнасць работы фонду. У пачатку 1990-х гадоў людзі з каманды будучага прэзідэнта краіны звярталіся да Грушавога па дапамогу, каб арганізаваць у Шклове адпаведную структуру фонду «Дзеці Чарнобыля». А 9 чэрвеня 1997 года быў створаны дэпартамент па гуманітарнай дапамозе, вынікам дзейнасці якога стала рэзкае скарачэнне гэтай самай дапамогі.

Пагроза навісла асабіста над Грушавым. З-за пераследу з боку Савета бяспекі Беларусі і пагрозы арышту ў сакавіку 1997 года ён быў вымушаны з’ехаць у ФРГ, дзе прабыў да сакавіка 1998-га.

Пасля вяртання з-за мяжы Генадзь Грушавы працягнуў сваю дзейнасць. Аўтарытэт ва ўсім свеце і падтрымка ўнутры краіны былі такімі моцнымі, што ўладзе давялося адступіць. Фонд «Дзецям Чарнобыля» жывы і сёння. Толькі акцэнты яго дзейнасці крыху змясціліся. У 1990-я гады, дзякуючы гуманітарнай рабоце, быў закладзены фундамент для розных сацыяльных праграмаў, арыентаваных на моладзь, жанчын, прафесійныя групы. Таму на пачатку 2000 года з’явіліся новыя напрамкі дзейнасці. Напрыклад, рух «Жаночы форум», які па ўсёй краіне аб’яднаў актыўных жанчын для экуменічнай работы (збліжэнне, стварыў сетку дапамогі жанчынам, што падвяргаліся гвалту, перашкаджае гандлю жанчынамі.

У рэгіёнах створана каля 30 моладзевых цэнтраў, у аснове якіх адукацыйная, экалагічная і культурна-асветніцкая дзейнасць. Працягваецца і аздараўленне дзяцей за мяжой. На гэтым фундаменце аб’ядналіся людзі, якія самі сталі носьбітамі пэўных сацыяльных ініцыятываў. А фонд дапамог іх самаарганізацыі.

P.S. Ад моманту заснавання да забароны ў 1996 годзе фондам «Дзецям Чарнобыля» на лячэнне за мяжу было адпраўлена больш за 900 дзяцей з цяжкімі анкалагічнымі захвованнямі. Па лініі фонду ў замежных камандзіроўках (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Японія, Бельгія, Германія) пабывалі больш за 200 медыцынскіх супрацоўнікаў — ад загадчыкаў паліклінік да медсёстраў. Пакуль дэпартамент па гуманітарнай дапамозе (2000 г.) не ўвёў ліцэнзавання, па лініі фонду ў Беларусь паступіла гуманітарнай дапамогі, пераважна лекаў, на суму каля 500 мільёнаў долараў.

-------------------------------------------------

У 2007 годзе «НЧ» публікаваў серыю нарысаў Аляксандра Тамковіча, прысвечаную беларускім палітыкам. 30 нарысаў — 30 асоб, якія так ці інакш паўплывалі на ход падзей, спрыялі (ці наадварот) руху Беларусі па шляху дэмакратычных пераўтварэнняў. Новая серыя нарысаў Аляксандра Тамковіча, якую мы пачынаем, прысвечана дзеячам «трэцяга сектара», людзям, якія спрычыніліся да стварэння недзяржаўных грамадскіх арганізацый. Ці, інакш кажучы, — грамадзянскай супольнасці. Той самай супольнасці, без якой не можа быць паўнавартаснай дэмакратыі. Без якой немагчыма забяспечыць выкананне базавых правоў чалавека. А значыць, і забяспечыць жыццядзейнасць дзяржаўнага арганізма згодна прынцыпам элементарнай справядлівасці. Гэтыя людзі ўпарта робяць сваю справу. Пра іх — валанцёраў, маладых і ветэранаў трэцяга дэмакратычнага фронту — слова Аляксандра Тамковіча.

Аляксей Кароль

Каментаваць