Генадзь Карпенка: жыццё за незалежнасць

Генадзь Карпенка пражыў няпоўных 50 год. Няпоўных 50, але пражытых так і на такім запале, каб назаўжды застацца ў людской памяці і ўвайсці ў гісторыю.




Гісторыю Беларусі на яе складаным, супярэчлівым і драматычным этапе — барацьбы за незалежнасць і дэмакратыю. Пасмяротныя гады толькі пацвердзілі як маштаб яго асобы, так і яго ўплыў на ход сучасных яму падзей. Атрымалася — на ход гісторыі, які, відавочна, быў бы шмат у чым іншы, каб няведамы нам збег таямнічых абставін не абарваў яго жыццё.
 

Увайшоў у гісторыю — слабое суцяшэнне для родных і блізкіх, сяброў і саратнікаў. І нават зусім ім не патрэбнае. І тым не менш неабходнае нам усім. Не толькі, каб аддаць належнае памяці неардынарнай асобы і выбітнаму палітыку, а каб лепш усвядоміць, чаго не хапіла, у чым памыляліся і што неабходна нам сёння, каб годна завяршыць тую справу, на алтар якой Генадзь Карпенка і паклаў сваё жыццё. Справу ўсталявання незалежнай і дэмакратычнай, заможнай і паважанай у свеце Беларусі. Дзяржаўнасць ёсць. У тым ліку дзякуючы і яму. Дэмакратыі няма. Таму і гарыць паходня яго справы. У тым ліку дзякуючы і вятрам памяці пра яго.
 

Сам Генадзь Дзмітрыевіч ніколі і нідзе не абмовіўся нават словам пра гістарычны кантэкст сучасных яму падзей, тым больш пра сваю ролю ў іх. Усур’ёз пра гэта палітыкі разважаюць толькі пасля, на схіле гадоў. Карпенка да мемуараў не дажыў. Быў збіты на ўзлёце свайго чарговага і, не выключана, пераможнага рыўка ў вялікай палітыцы, да вялікіх перамен. Ён жыў у віхурах штодзённых падзей. Але заўсёды трымаў у полі зроку лініі іх перасячэння і ўзаемаабумоўленасці, у развіцці — у часе і прасторы. Быў здольны да крытычнага аналізу сваіх дзеянняў і, галоўнае, да змены алгарытму сваіх паводзін і адносін з людзьмі. І пры гэтым заўсёды заставаўся самім сабой. Лепш быць, а не здавацца — гэта пра яго. Ён ніколі не іграў тую ці іншую ролю, не лавіў кан’юнктуру моманту і не падладжваўся пад настрой той ці іншай аўдыторыі. І дзіўным чынам нарэшце выходзіў на ўзаемапаразуменне з большасцю ў любой аўдыторыі, як у адносна вузкім палітычным асяродку сяброў-супернікаў, так і на масавых сходах і мітынгах — на заводах, універсітэтах, плошчах.
 

Так атрымалася, што ў сакавіку 1999 года, едучы ў Прагу ў складзе адной дэлегацыі, мы апынуліся з Генадзем Дзмітрыевічам удвух у адным купэ, потым жылі ў адным нумары і разам жа вярталіся. На той момант ён вырашаў для сябе адну складаную праблему: ці ўдзельнічаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты ў выбарчай кампаніі па версіі апазіцыі, якую ініцыяваў Віктар Ганчар. Па сутнасці грамадскай кампаніі супраціву. Або не ўдзельнічаць і захаваць за сабой больш шанцаў для ўдзелу ў сапраўдных выбарах, у непасрэдным супрацьстаянні з А. Лукашэнкам.
 

Гэтую праблему і абмяркоўвалі амаль усю ноч да Варшавы, а потым з перасадкай і да Прагі. Зразумела, што на гэтую канву нанізваліся і эпізоды палітычнай барацьбы папярэдніх этапаў — перамог і параз, памылак і пралікаў, разыходжанняў непаразуменняў.
 

Тады ўразілі, а потым шматкроць успаміналіся яго словы: «Ну што, ёсць розніца паміж тым Карпенкам, часоў першых прэзідэнцкіх выбараў, і сённяшнім? Я тады то да Кебіча схаджу, то да Пазьняка збегаю. Нельга сядзець паміж дзвюма крэсламі. Трэба заняць цвёрдую пазіцыю. Вызначыць мэту і трымаць мэту. Рыхтавацца самому, рыхтаваць плацдарм і гуртаваць сілы для вырашальнага штурму. Гэтыя выбары — ці не апошняя магчымасць для перамогі, для нашага прарыву да ўлады, а з ёю і да перамен».
 

Па сутнасці гэтыя словы ёсць ключ да разумення лініі паводзін палітыка Карпенкі пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. У яго не было агалцелага імкнення да ўлады. Прынамсі асабістай улады. Яго захаплялі новыя пляцоўкі дзейнасці, маштаб і мэты справы. І таму ён без комплексаў мог штурмаваць новыя вяршыні ў камандзе. Доктар навук, дырэктар завода, мэр Маладзечна, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета, лідэр дэмакратычных сіл — гэта знакі яго палёў дзейнасці.
 

Пасля 1994 года Генадзь Карпенка метадычна, упарта, цярпліва, вынаходліва працуе на аб’яднанне рознакаляровых апазіцыйных сіл. І заваёўвае ў іх шэрагах бясспрэчны аўтарытэт. Праблем з вылучэннем адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, калі б ён быў жывы, на выбарах 2001 года не ўзнікла б. Аўтарытарная ж сістэма на той час яшчэ не паспела стварыць безадказны механізм свайго самазахавання. Шанец на перамогу ў дэмакратычных сіл быў яшчэ рэальны. Карпенка гэта ведаў. 6 красавіка яго не стала. Па афіцыйнай версіі, у выніку інсульту.
 

Пры абставінах да гэтага часу нявызначаных. Магчыма, яны адкрыюцца калі-небудзь з дакументаў, што зараз захоўваюцца за сямю пячаткамі ў нейкіх сакрэтных архівах. Магчыма, дакументальны след знішчаны. І таямніца смерці Генадзя Карпенкі назаўжды застанецца нераскрытай таямніцай гісторыі. Але ясна адно: яго імя ўжо назаўжды ўвайшло ў гісторыю Беларусі.

Гэты артыкул Аляксей Кароль напісаў у 2009 годзе, з нагоды пятай гадавіны са дня смерці Генадзя Карпенкі...

Каментаваць