Герой новага часу: выбар чытача

Культаглядальніца “НЧ Марыя Мартысевіч просіць чытацкай дапамогі ў выбары герояў для аўтарскай рубрыкі.



Культаглядальніца “НЧ Марыя Мартысевіч просіць чытацкай дапамогі ў выбары герояў для аўтарскай рубрыкі.

Шаноўныя чытачы! Магчыма, некаторыя з вас заўважылі публікацыі рубрыкі, якую мы ўмоўна назвалі “Новая генерацыя. Задача, якую паставіла перад аўтаркай рэдакцыя, наступная: расказаць у шэрагу літаратурна-публіцыстычных партрэтаў пра  дзеячаў пакаленьня 20-30 гадовых, іх унёсак у грамадскае і культурнае жыццё супольнасці, якую мы акрэсліваем як незалежніцкую, альтэрнатыўную. Напрацягу дваццаці месяцаў аўтарка вымалёўвала на старонках “НЧ вобразы грамадскіх актывістаў, палітыкаў, літаратараў, музыкаў… Усяго – 15 слоўных партрэтаў.
Аднак, прарабіўшы такую працу, аўтарка зразумела, што яе рубрыка не можа быць цалкам аўтарскай. Візія аднаго чалавека, якой бы нестандартнай і арыгінальнай яна не была, не можа быць да канца аб’ектыўнай. Збор інфармацыі і ўражанне пра таго ці іншага чалавека адбываецца праз спажыванне інфармацыі СМІ, асабістыя кантакты ды знаёмства з творамі – а гэтага часам недастаткова, бо далёка не ўсё трапляе ў поле тваёй увагі, як бы ўважліва ты не азіраўся навокал. Вельмі часта ты як аўтар праходзіш побач са сваім героем і проста не ведаеш, што ён – твой герой.  У той жа час кожны з вас абавязкова  ведае розных маладых цікавых асобаў, дзейнасцю якіх захапляецца, і, магчыма, у душы злуецца на журналістаў, якія абыходзяць увагай такіх цудоўных людзей – проста таму, што яны ціхія ды сціплыя  і не надаюць увагу самарэкламе. Або, магчыма, гэта даволі вядомы ваш любімы артыст, паэт, мастак, малады палітык ці дзеяч, пра якога мы проста яшчэ не напісалі.

Раскажыце пра свайго маладога героя

Аўтарка просіць вас накіраваць у рэдакцыю “НЧ ліст або мэйл з іменем героя, а таксама вашым невялічкім аповедам пра яго, абгрунтаваннем, чаму вы лічыце яго “героем новага часу. У лісце не забудзьцеся пазначыць СВАЕ імя і кантакты (найперш нумары тэлефонаў)  – для ўдакладнення і пошуку герояў, у выпадку, калі гэта будзе неабходна. Ананімныя пасланні да ўвагі браць не будзем.
Адразу зазначым, што ваш  ліст не будзе запарукай таго, што ваш герой абавязкова трапіць у рубрыку “Новая герерацыя, бо калектыў газеты пакідае за сабой права самастойна ацаніць дзейнасць рэкамендаванага чалавека. Але ж ваша меркаванне абавязкова – і з удзячнасцю! –  будзе ўлічанае пры планаванні рубрыкі. Да таго ж, ваш кандыдат можа стаць героем іншых публікацый, прысвечаных праблематыцы, да якой мае дачыненне.
Што значыць “герой новага часу? Фізічны ўзрост тут – рэч адносная: мы пісалі пра людзей ў адрэзку ад 19 да 35 гадоў. Важна, каб дзейнасць гэтага чалавека праявілася ў 2000-я гады, прычым несла ў сабе зарад абнаўлення, наватарства, што і робіцца заўважна ў самых розных сферах, калі ў іх пачынае дзейнічаць новая генерацыя.
Асабліва аўтарку як жыхарку Мінска цікавяць творчыя і актыўныя маладыя людзі з іншых гарадоў, мястэчак ды вёсак Беларусі,  тыя, хто рухае жыццё ў рэгіёнах, а магчыма, мае вядомасць у свеце, пры гэтым не выязджаючы з радзімы. Дарэчы, месцажыхарства – увогуле не крытэр. Мы пішам у тым ліку пра маладых беларусаў, якія ў дадзены момант па розных прычынах жывуць за межамі нашай краіны, але тым не менш, працуюць на карысць нашаму грамадству і культуры.
Аўтарка таксама пакідае за сабой права на ўласную інтэрпрэтацыю вобраза героя. Пастаўцеся да гэтага як да фотасэсіі, калі чалавека трапляе ў не зусім звыклыя для яго дэкарацыі і ў такім выглядзе прэзэнтуецца гледачу.
Аўтарка загадзя ўдзячная вам за праяўленую актыўнасць і дапамогу.

Адрасы для допісаў:

1. Рэдакцыя газеты “Новы час, 220012, г. Мінск, зав. Інструментальны, 6-214 (з пазнакай на канверце: “Герой новага часу)

2. chasnavinau@gmail.com (з пазнакай у тэме ліста: “Герой новага часу).


------------------------------------------------------------------------------------------------

Папярэднія героі рубрыкі (можна пачытаць тут)

“Хлопец з хуцпай – музыка, даследчык музычнай спадчыны беларускіх яўрэяў, лідэр трыё “Minsker kapekye  Зміцер “Клезмер Сляповіч
“Пад сузор’ем цыркуля – маладыя паэты-мадэрністы Андрэй Адамовіч, Віталь Рыжкоў, Сяргей Прылуцкі.
“Піяршчыца абсурду – музычны крытык, пісьменніца Таццяна Заміроўская.
“Бунтоўна – грамадская актывістка Таццяна Елавая. 
“Не пісьменніца – журналістка, гераіня Плошчы, аўтарка знакамітых “Сакавіцкіх дзённікаў Дар’я Кастэнка.
“Франачак – грамадскі актывіст, менеджэр у сферы незалежнай культуры, “гламурны змагар Францішак Вячорка (у дадзены момант – салдат тэрміновай службы).
“Штотыднёвы прарок – палітык, лідэр партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец.
“Папялушкі ў бутсах – каманда “БАТЭ.
“Go Хома – студэнцкая  актывістка, малады эканаміст Таццяна Хома.
“Гераіня гета – акторка і спявачка, вакалістка гурта “Детидетей Ганна Хітрык.
“Сусед Бога –  каталіцкі дыякан, філосаф Пётра Рудкоўскі.
“Лондан—Мінск—Бабруйск, зноў Лондан – грамадскі актывіст Андрэй Кім.
“10 год наперад – рэдакцыя часопіса “Студэнцкая думка.
“Параноік – публіцыст, пісьменнік Віктар Марціновіч.
“Князь Альгерд – пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Каментаваць