Перад выпускам дырэктар яе сярэдняй школы ў Баранавічах прапанаваў адзінаццацікласнікам напісаць на паперцы, кім яны бачаць сябе праз пяць год, і здаць яму паперку ў заклееным канверце. Таццяна Хома выдатна памятае, што яна напісала на сваёй: «Праз пяць год я буду прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў эканамічнай сферы». Праз пяць год, калі тэарэтычна надышоў час расклейваць канверты і суадносіць іх змесціва з рэчаіснасцю, Таню з гучным скандалам выключалі з факультэта міжнародных эканамічных адносін БДЭУ.



Перад выпускам дырэктар яе сярэдняй школы ў Баранавічах прапанаваў адзінаццацікласнікам напісаць на паперцы, кім яны бачаць сябе праз пяць год, і здаць яму паперку ў заклееным канверце. Таццяна Хома выдатна памятае, што яна напісала на сваёй: «Праз пяць год я буду прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў эканамічнай сферы». Праз пяць год, калі тэарэтычна надышоў час расклейваць канверты і суадносіць іх змесціва з рэчаіснасцю, Таню з гучным скандалам выключалі з факультэта міжнародных эканамічных адносін БДЭУ. За тое, што надта імкліва наблізілася да пастаўленай мэты. Так, уласна кажучы, мы з ёй і пазнаёміліся.

Існуе некалькі механізмаў таго, як людзі робяцца знакамітымі. Самы элементарны з іх такі: людзі нешта зрабілі. Напісалі кнігу, выпусцілі альбом, зняліся ў кіно, выйшлі ў фінал спартовага спаборніцтва, нарадзілі 10 дзяцей, перамаглі на выбарах. У Беларусі ж больш за дзесяцігоддзе дзейнічае іншы, больш складаны механізм раскруткі тых ці іншых асобаў. Людзі робяцца знакамітымі, калі нешта зрабілі з імі. Пад знакамітасцю я маю на ўвазе не вядомасць ці рэнаме ў той ці іншай сферы жыцця нашага атыповага, як пнеўманія, грамадства, а наўпрост шырокую бульварную славу з трапляннем на старонкі айчынных адпаведнікаў жоўтай прэсы.

Калі хронікі затрымання і судовых працэсаў фактычна тоесныя свецкай хроніцы — у гэтым ёсць нешта сацыяльна нездаровае. І ў гэтым сэнсе я б жадала не знаёміцца з Таняй Хомай. Прынамсі, не знаёміцца на тым адрэзку яе жыцця, калі мы пазнаёміліся. Тое, што беларуская студэнтка ўвайшла ў раду міжнароднай студэнцкай арганізацыі, — падзея, канешне, знакавая. Прыемная і прэстыжная — але не нагэтулькі, каб стаць блізкай асабіста мне, чалавеку, далёкаму ад эканомікі і еўрапейскай моладзевай палітыкі. Аднак тое, што пазакласную актывістку і выдатніцу вучобы груба выкінулі з беларускага універсітэта за атрыманае ёй міжнароднае прызнанне, стала і маёй праблемай таксама.

ХОМА БРУТ

Нагадаю для тых, хто далучыўся да нас пасля рэкламнай паўзы. У лістападзе 2005 года Таццяна Хома была абраная ў раду ESIB (Саюз нацыянальных студэнцкіх аб’яднанняў Еўропы ESIB цяпер — Еўрапейскі звяз студэнтаў  (European Stunents Union) — найбуйнейшая еўрапейская студэнцкая арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў і інтарэсаў студэнтаў у Еўропе). Выправіўшыся ў Парыж на ўрачыстасці з гэтай нагоды, дзяўчына прапусціла тры дні заняткаў і па вяртанні была адлічаная «за самавольны выезд за мяжу». Грамадскі розгалас і спробы Таццяны аднавіцца ва універсітэце праз суд не далі плёну. Галоўным апанентам ахвяры беладуксістэмы выступаў рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў — незалежная прэса разглядала гэты канфлікт як супрацьстаянне прафесара і студэнткі.

Пасля таго, як стала ясна, што кіраўніцтва наргасу не згодна на кампраміс, адлічэнка атрымала запрашэнні працягнуць навучанне ад некалькіх універсітэтаў Еўропы. На сённяшні дзень яна студэнтка спецыяльнасці «бізнес-адміністраванне» Венскага універсітэта. Апошняя на сёння сустрэча рэктара і выгнанніцы адбылася ў сакавіку 2008-га ў Вене, калі аўстрыйскія моладзевыя актывісты, пратэстуючы супраць удзелу спадара Шымава ў канферэнцыі «Беларусь у Еўропе: эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялог», змусілі яго тлумачыць прычыны свайго ўчынку. Пакуль што працягу гэтага сумнага рэаліці-шоу не назіраецца.

У сваіх тлумачэннях рэктар Шымаў карэктны, як атамны гадзіннік. Было ўсё так: Таццяна Хома парушыла ўнутранае заканадаўства РБ, датычнае вышэйшай адукацыі, паводле якога студэнту ў час навучання забаронена пакідаць межы краіны без дазволу кіраўніцтва ВНУ. Таццяна ж у дадатак паставіла сваё жыццё пад пагрозу, бо выправілася ў сталіцу Францыі ў разгар вулічных хваляванняў. За што і выгналі.

Гэтае стройнае тлумачэнне нагадала мне іншае, вельмі балючае для мяне абгрунтаванне. З ім у чытачоў часопіса, дзе я працавала да таго ж лістапада 2005 года, канфіскоўвалі наклад свежага нумару: «Фарбы атручаныя», — цынічна казалі людзі ў цывільным збянтэжаным маладзёнам, вырываючы ў іх з рук нятанную глянцавую паліграфію. Выходзіць, і тут мела месца дбанне пра бяспеку асобных грамадзян. Але ўсе мы выдатна ведаем, як мажуць рукі фарбай газеты кшталту «Анекдотаў і красвордаў» ды «15 сутак (сотак?)», якімі заваленыя газетныя шапікі рэспублікі, і як фрывольна пачуваецца наша шматтысячная студэнцкая грамада ў перасоўваннях па краіне і па-за яе межы ў самы што ні ёсць працэс навучання і без усялякіх санкцый. Дый надзіва збегліся даты такіх разнапланавых з’яваў. Ні для каго тады не было сакрэтам, што ліквідацыя майго часопісу і выключэнне студэнцкай актывісткі — справа аднаго шэрагу.

У канцы 2005-га ўлады зачышчалі ў краіне ўсё, што варушыцца не ўздоўж, а ўпоперак прэзідэнцкай вертыкалі. Выпадкова ці не, выключэнне Таццяны Хомы з БДЭУ выглядала як класічнае сярэднявечнае аўтадафэ. Папярэджанне: і з вамі такое будзе. Гэта, зрэшты, не ўтрымала ў сакавіку–2006 ад выхаду студэнцтва на Плошчу, але здорава пералякала ладную яго частку — трэба было знаходзіцца ў Беларусі ў той час і адчуваць тое, што адчувалі мы, каб ведаць, наколькі баяліся людзі.

І таму Таня Хома вокамгненна ператварылася для сацыяльна актыўнага студэнта ў ікону тых дзён. Яна не забаялася. Гэта, відаць, была самая маладая выступоўца на прыступках ДК Прафсаюзаў падчас паслявыбарчага мітынгу 19 сакавіка 2006 года. Для многіх равеснікаў яна тады была гогалеўскі Хома Брут — бурсак, які адважыўся тройчы ўвайсці ў царкву, каб сустрэцца з жудасным Віем. Для роднага універсітэта — проста Брут. Здрайца, што навёў цень на альма-матэр. Як сцвярджала Таня ў інтэрв’ю, на кілім у рэктарат яе выклікалі толькі аднойчы — для тлумачэнняў, адкуль і чаму ў адрас БДЭУ паступае столькі скаргаў і пратэстаў.

ХОМА SAPIENS

Мы пазнаёміліся з ёй у сакавіку 2008-га ў холе Венскай оперы — яна адмыслова зайшла туды, каб пазнаёміцца. У рэальным стасаванні толькі пацвердзілася дамінуючая рыса яе характару: Таня Хома правільная. У пазітыўным і негатыўным значэнні гэтага слова. Пазітыўная правільнасць маёй гераіні ў яе надзвычайнай мэтанакіраванасці і волі да перамогі. Негатыўная — рэктару Шымаву ніколі не будзе даравання.

Справа Таццяны Хомы стала адпраўным пунктам рэпрэсій супраць сацыяльна і палітычна актыўных студэнтаў беларускіх ВНУ. Іх пік прыйшоўся на 2006 год, калі напладзілася «каліноўцаў», але цягнуцца яны і дагэтуль: адна з грамадскіх кампаній, якую падтрымлівае венская студэнтка Хома, тычыцца выключэння з ГДУ імя Ф. Скарыны Змітра Жалезнічэнкі. Цяжка сказаць, наступствы гэта паслявыбарчых хваляванняў ці вынік увядзення ва ўсіх беларускіх ВНУ курса дзяржаўнай ідэалогіі, але 2006-ы стаў годам, калі аблічча айчыннай вышэйшай адукацыі змянілася амаль да непазнавальнасці. І найперш змены зазнаў дух беларускага студэнцтва, якое рэктараты чым далей тым болей бачаць кіраванай масай без права на ўласнае меркаванне.

На Захадзе цікавасць студэнтаў да палітыкі — несумнеўны плюс у характарыстыцы. У нас — рашучы мінус. Сацыяльная актыўнасць ухваляецца толькі ў адным выглядзе — калі ты сябар адзінай правільнай моладзевай арганізацыі. Па-ранейшаму імкненне студэнтаў пастажыравацца за мяжой успрымаецца адміністрацыяй ВНУ не як карысны абмен досведам, а амаль як здрада радзіме — нягледзячы на тое, што нашы і іх студэнты ды аспіранты памалу-паціху ездзяць туды-сюды дзякуючы асабістым кантактам ліберальнай часткі прафесуры. Беларускія дыпломы і сертыфікаты лічацца несапраўднымі на Захадзе — і наадварот.

Не дзіва, што імкліва падае прэстыж беларускай вышэйшай адукацыі, і мыслячыя абітурыенты ўсё часцей падаюць дакументы ва універсітэты Польшчы, Чэхіі, Літвы, Расіі ды Украіны. Уцечка мазгоў цяпер пачынаецца адразу са школьнай лавы. І гэта пры тым, што яшчэ нейкія 10 год таму стаць студэнтам БДУ, БДЭУ ці МДЛУ было сапраўды прэстыжна. У 2001-м Таня Хома марыла пра вучобу на факультэце міжнародных эканамічных стасункаў БДЭУ, паступіла на бясплатнай аснове толькі з другой спробы і менавіта таму адчайна чаплялася за права вучыцца там, калі яе выключылі.

Па яе словах, у Аўстрыі яна ператварылася ў незаўважаную, шараговую студэнтку. Налягла на нямецкую мову. Сталася кімсьці накшталт эксперта ESIB па правах студэнтаў у Беларусі, супрацоўнічае з парталам generation.by як інтэрнэт-журналістка, шмат вандруе, але ў цэлым яе пазакласная актыўнасць знізілася ў разы.

Калі мы пазнаёміліся, я заўважыла, што самы правільны горад Еўропы — Вена, надзвычай адпавядае ёй. Яна распланавала сваё жыццё, як імператар Франц Ёзэф вуліцы сваёй сталіцы, толькі ягоны Дунай не выходзіў з берагоў, а ейны — выйшаў. На чацвёртым курсе беларускага універсітэту яна планавала перавярнуць зямлю і нават намацала кропку апоры. Пасля чацвёртага семестру ў Венскім універсітэце яна плануе атрымаць дыплом па спецыяльнасці «бізнес-адміністраванне» і падмацаваць яго практычным досведам працы ў замежнай карпарацыі. Яна спадзяецца, што гэты досвед спатрэбіцца ёй, калі раптам замежныя дыпломы пачнуць прызнаваць у Беларусі.

ПЕРАВЕСЦІ Ў ХОМЫ

Яе прозвішча магло б стаць назвай для адзінкі вымярэння моладзевай сацыяльнай актыўнасці ў сучасным беларускім грамадазнаўстве. 1 ньютан, 1 ампер, 1 кюры, 1 хома. Буйной адзінкі — такой, як тона. Цяпер, у часы, калі трыццацігадовыя пакідаюць акадэмічную кар’еру не праз нізкія выкладчыцкія заробкі і не праз кандовасць айчыннай сістэмы адукацыі, а найперш праз пустыя, абыякавыя да навукі і творчасці вочы дваццацігадовых, што сядзяць перад імі, — так і хочацца скамандаваць: Янкі, go Хома. Час рабіцца актыўнымі. Але хто ж нас паслухае?
 

Каментаваць