Ганна Харланчук: «Будучыня нашых дзяцей — безумоўная каштоўнасць»

Чаму навучанне дома эфектыўнейшае за школьныя ўрокі? Чаго нашыя дзеці ніколі не вывучаць у школе? Ці лёгка гэта — мець вялікую і пры гэтым шчаслівую сям’ю?



Сустрэўшыся хаця б аднойчы з сям’ёй нашай сённяшняй гераіні, многія думаюць: вось яна — узорная сям’я! Пяцёра дзетак (двое з іх прыёмныя), клапатлівы бацька, маці, якая з радасцю прысвяціла сябе дзецям, атрымлівае асалоду ад знаходжання побач з імі, лічыць найлепшым для іх хатняе выхаванне і навучанне, чым і займаецца сама — з любоўю і адказнасцю. Чаму навучанне дома эфектыўнейшае за школьныя ўрокі? Чаго нашыя дзеці ніколі не вывучаць у школе? Якіх каштоўнасцяў сёння не стае беларускаму грамадству? Як выхаваць дзяцей здольнымі змяніць свет да лепшага? Ці лёгка гэта — мець вялікую і пры гэтым шчаслівую сям’ю? Гутарым з актрысай і мамай пяцярых дзяцей Ганнай Харланчук.

— У нас вялікая сям’я, і гэта безумоўнае шчасце. Адчуванне гэтага шчасця, усведамленне ўзаемнай падтрымкі даюць нам сілы спраўляцца з усімі складанасцямі — наіўна было б думаць, што мы з імі не сутыкаліся. Мы цалкам адказна і свядома падыходзілі да з’яўлення кожнага дзіцяці. Але я зманю, калі скажу, што выхоўваць пяцярых лёгка! Паша (муж, акцёр Павел Харланчук — заўв. рэд.) вельмі шмат працуе, бо вялікую сям’ю трэба забяспечваць — і не проста накарміць-апрануць, а даць дзецям магчымасць навучацца і развівацца. Атрымліваецца, што абсалютную большасць часу я займаюся дзецьмі сама. Вядома ж, гэта патрабуе самаарганізацыі і цярпення, вялікіх фізічных і духоўных высілкаў. Але я ўсё адно вельмі шчаслівая мама і жонка — без падтрымкі мужа я б ніколі не справілася.

— У вашай сям’і двое прыёмных дзяцей. Як вы з імі сустрэліся?

— Рашэнне ўзяць прыёмнае дзіця прыйшло да нас абсалютна натуральна: і ў мяне, і ў Пашы з самага пачатку было адчуванне, што недзе на свеце ёсць нашае дзіця, і яно нас чакае. Вядома ж, немагчыма ашчаслівіць усіх дзяцей, што засталіся без бацькоў, але нам вельмі хацелася падараваць дом і сямейную цеплыню як мінімум аднаму. Мы пачалі мэтанакіравана рыхтавацца да гэтага, калі нарадзілася першая дачка Адэля. Аднойчы падчас дабрачыннай акцыі я трапіла ў бальніцу, у палату для дзяцей, ад якіх адмовіліся бацькі. Я туды пайшла спецыяльна, каб паглядзець на Івону, нам пра яе расказвалі. Калі я ўпершыню яе пабачыла, першым мне кінулася ў вочы тое, наколькі Івона падобная да Адэлі. Нават не ведаю, чаму мне так здалося — дзяўчынкі ж насамрэч вельмі розныя. Гэтае адчуванне вызначыла ўсё: мы адразу вырашылі яе забраць. Аднак яшчэ да той першай сустрэчы выявілася, што ў Івоны ёсць брат Філіп. Хіба ж можна было іх раздзяліць?! Мы разумелі, што гэта немагчыма, але рашэнне ўзяць дваіх дзяцей далося нам вельмі нялёгка. І ўсё ж мы наважыліся ўзяць дваіх і ніводнага разу пра гэта не пашкадавалі. Я вельмі люблю Філіпа, ён цудоўны.

— Мабыць, толькі ў кіно бывае так, што прыёмнае дзіця проста і лёгка адаптуецца да новай сям’і. З якімі складанасцямі сутыкнуліся вы, прыняўшы Івону і Філіпа?

— Зразумела, было няпроста. Івона білася аб падлогу, панічна баялася вады, не падпускала да сябе мужчын, нават Пашу. Яе паводзіны больш-менш нармалізаваліся толькі праз год. Філіп быў маўклівы, усё трымаў у сабе, а потым сказаў, што не хоча, каб мы былі яго бацькамі, прасіўся да бабулі. Мы спачатку былі гатовыя нават пакінуць Філіпа з ёю, думаючы, што так яму будзе лепш. Нам спатрэбіўся час, каб зразумець, што адзіна правільнае выйсце — сказаць: ты наш сын, ты патрэбны нам, мы любім цябе і нікому не аддамо!

І вось у самы складаны момант, калі Філіп і Івона толькі пачалі адаптоўвацца да нашай сям’і, а Паша паехаў на здымкі ў Маскву на тры месяцы, я даведалася, што зноў цяжарная. Мне было вельмі цяжка, не было нават часу думаць пра будучае дзіця, мне здавалася, што я да яго не гатовая. Цяпер, калі ўсё гэта ўжо прайшло, нарадзілася Аліва, я думаю: якая гэта ўсё ж такі радасць, што яна, нашая цудоўная дачушка, у нас ёсць!

Прыгадваючы гісторыю нашай сям’і, я разумею: мы не ва ўсім мелі рацыю, мы рабілі памылкі і вучыліся на іх. Затое цяпер у нас ёсць каштоўны досвед і разуменне таго, куды ісці далей. І разам з тым… Толькі што нарадзілася нашая пятая дачка, і мы зноў адчуваем такую радасць і хваляванне, быццам усё адбываецца ўпершыню.

— Ганна, многія глядзяць на вашую сям’ю як на дзіва, і вашая гісторыя насамрэч вельмі нетыповая. Ці адчуваеце вы сябе асаблівай мамай?

— Не, абсалютна. Мы — звычайная нармальная сям’я. Я цалкам натуральна ўспрымаю сябе ў ролі маці і думаю, што сям’я — маё прызначэнне.

— Як выглядае ваш звычайны дзень?

— Я ўвесь час з дзецьмі. Перад сном планую расклад на заўтра, у мяне ўсё распісана па гадзінах, бо іначай проста не паспею. Трэба ўсіх дагледзець, накарміць, з кожным пазаймацца.

— Вы, дарэчы, самі займаецеся адукацыяй дзяцей — яны вучацца дома.

— Так, я сама вучу дзяцей — для мяне на дадзены момант важней за ўсё ўкласці ў іх максімум ведаў, развіць іх здольнасці, што найпрасцей зрабіць праз хатняе навучанне. На ўласным вопыце я ведаю, што праграму малодшай школы можна лёгка вывучыць дома, для гэтага бацькам не патрэбныя нейкія асаблівыя педагагічныя здольнасці. З Філіпам мы гэта ўсё прайшлі без праблем, цяпер ён ужо ў пятым класе. А дзве дачкі сёлета пайшлі ў першы клас.

— Навошта вам вучыць дзяцей дома? Вы ж маглі б патраціць гэты час на сябе, на творчасць, на кар’еру…

— Зразумела, хатняе навучанне займае шмат часу, але я перакананая: мама ведае сваё дзіця лепей за любога настаўніка, таму і навучальны працэс ідзе эфектыўней. Я не абмежаваная рамкамі ўрока: штосьці засвойваецца вельмі хутка, а на штосьці складанейшае я магу патраціць і дзве гадзіны, магу сто разоў вярнуцца да тэмы, патлумачыць яе з розных бакоў, каб быць упэўненай, што дзіця ўсё зразумела і запомніла. Навучанне дома дазваляе дзецям пазбегнуць лішняга стрэсу, адчуваць сябе камфортна ў звыклай абстаноўцы. Акрамя таго, я часта чую пра сітуацыі, калі дзеці з нейкіх прычын не паспяваюць у школе засвоіць матэрыял належным чынам і бацькам даводзіцца дома тлумачыць усё наноў. Дык нашто ж марнаваць час і сілы?

Ёсць яшчэ адзін важны аспект: навучаючы дзяцей дома, мы самі плануем свой час і выкарыстоўваем яго больш рацыянальна. Акрамя агульнаадукацыйных заняткаў дочкі пачалі вучыцца граць на фартэпіяна, Філіп грае на гітары і займаецца спортам, а нядаўна захапіўся разьбой па дрэве. Вельмі цяжка было б паспяваць на ўсе дадатковыя заняткі, якія дзецям так падабаюцца, пасля школы.

Ну і самае, мабыць, галоўнае — я вельмі хачу, каб дзеці больш былі ў сям’і, хачу бачыць, як яны растуць, развіваюцца. Яны мне штодня задаюць мноства пытанняў — і па тэме заняткаў, і па жыцці. Ніводзін, нават найлепшы настаўнік у школе не адкажа на столькі пытанняў ад вучняў, а для дзяцей гэта вельмі важна. Так што хатняя адукацыя для нас — не проста ўрокі, а камунікацыя, абмен вопытам, фармаванне каштоўнасцяў. Я думаю, што школьная сістэма ніколі не зможа даць усё гэта ў такім аб’ёме, як сям’я.

— Дарэчы, наколькі лёгка нашая дзяржаўная сістэма адукацыі дае дазвол на навучанне дома па індывідуальным плане?

— Для некаторых катэгорый грамадзян такая магчымасць прадугледжаная законам, для астатніх усё залежыць ад лаяльнасці адміністрацыі асобнай школы. Паколькі школьная адукацыя ў нас абавязковая і ўсеагульная, даводзіцца рэгулярна даваць справаздачу ўстанове адукацыі — гэта значыць, прыязджаць у школу і выконваць выніковыя кантрольныя работы па розных прадметах. Кантралююць нас даволі строга, але дзеці паказваюць аб’ектыўна добрыя веды.

— Як ставяцца блізкія і знаёмыя да вашага выбару на карысць хатняга навучання?

— Ёсць знаёмыя, якія вучаць дзяцей як і мы. Адна сяброўка да пятага класа вадзіла дзіця ў школу, а пасля перавяла на хатняе навучанне, другая піша, што гатовая зрабіць тое ж. Настаўніца музыкі, якая займаецца з Філіпам, кажа, што ён, у параўнанні з дзецьмі, што наведваюць школу, вельмі пазітыўны і спакойны. Разам з тым, ёсць сярод знаёмых і тыя, хто крытыкуе нашую пазіцыю.

— Многія праціўнікі хатняга навучання кажуць, што яно замінае сацыялізацыі. Ці пагаджаецеся вы з тым, што для вашых дзяцей гэта можа стаць праблемай?

— Не магу пагадзіцца. Раней дзеці выхоўваліся выключна дома, і не было ніякіх праблем. Гэта толькі ў сучасным грамадстве, дзе бацькі вымушаныя не знаходзіцца дома, а працаваць увесь час, прыдумалі такое глупства, што сям’я не можа даць дзіцяці ні ведаў па асобных дысцыплінах, ні навыкаў зносін у грамадстве.

Насамрэч у асяроддзі аднагодак дзіцяці складаней набываць камунікатыўныя навыкі — яно ж знаходзіцца сярод такіх самых малых і недасведчаных! А навучыць правільным паводзінам, адносінам з людзьмі можа толькі прыклад дарослых. У сям’і дзеці маюць магчымасць назіраць, пераймаць, вучыцца стасункам і з малымі, і са старэйшымі. Сацыялізацыя — гэта ж і ёсць здольнасць чалавека адчуваць сябе адэкватна ў атачэнні іншых людзей, нармальна камунікаваць з імі. І з гэтым у нашых дзяцей праблем няма.

Але вельмі важна таксама закласці ў дзецях базавыя маральныя прынцыпы, якімі яны будуць кіравацца ўсё далейшае жыццё. Раней ці пазней кожны чалавек выходзіць у самастойнае жыццё, і калі ён мае ўнутры цвёрды стрыжань, калі яго дзеянні і памкненні падпарадкаваныя пэўным маральным законам, яму значна лягчэй прымаць рашэнні, быць верным сабе і не ісці на кампрамісы з уласным сумленнем. Я думаю, сфармаваць у дзіцяці правільныя маральная ўстаноўкі можа толькі сям’я, толькі прыклад бацькоў.

 — Якія жыццёвыя прынцыпы вы стараецеся перадаць сваім дзецям?

— Мы хочам, каб яны ўсведамлялі каштоўнасць сям’і, гарманічных адносін паміж мужам і жонкай — гэта вельмі важна ў нашым грамадстве, дзе шлюб часта пазіцыянуецца як гэткая прыгода на год-два-пяць, а развод успрымаецца як звыклая з’ява. Для нас важна, каб нашыя дзеці разумелі каштоўнасць чалавечага жыцця, паважалі і любілі бліжняга, былі здольныя дараваць. Уласна кажучы, нашае выхаванне грунтуецца на базавых хрысціянскіх прынцыпах — гэта падмурак, які ніколі не страчвае сваёй актуальнасці.

— Вы ставіце сабе задачу штосьці змяніць у гэтым свеце ці проста займаецеся справамі сваёй сям’і?

— Мне хочацца верыць, што мае дзеці, якія выйдуць у гэты свет, зменяць яго да лепшага. Я веру, што ў іх гэта атрымаецца значна лепш, чым у нас, калі мы ад самага пачатку закладзем у іх правільны светапогляд. У Бібліі дзеці параўноўваюцца са стрэламі, то бок мы іх запускаем — і яны сягаюць туды, куды нам самім не дайсці. Галоўнае — запусціць іх у правільным кірунку. Я паспела пераканацца, што вельмі многія глядзяць на жыццё падобным чынам, і я спадзяюся, што нашыя і іх дзеці створаць крытычную масу людзей, якія не будуць ісці на кампрамісы з уласным сумленнем, жадаючы жыць так, як прасцей ці выгадней. Менавіта яны зменяць нашае грамадства да лепшага.

— Вы сёлета ўдзельнічаеце ў конкурсе «Сям’я года». Што вам даў удзел у гэтай акцыі?

— Так, мы выйшлі ў рэспубліканскі фінал гэтага конкурсу — будзем прадстаўляць Мінскую вобласць. Для мяне гэта было нечакана, бо мы не рыхтаваліся неяк асабліва, да таго ж Паша паехаў на здымкі. Мяркую, дзіўнавата мы выглядалі — цяжарная мама з чатырма дзецьмі. Шчыра кажучы, я спачатку не думала, што гэта такая сур’ёзная і градыёзная акцыя! Ва ўсіх нас было шмат цікавых клопатаў з гэтай нагоды: мы здымаліся на тэлебачанні, пісалі расказ пра нашую сям’ю, рыхтавалі фільм… Пра тое, каб выйграць, мы не думалі. Для нас конкурс стаў магчымасцю прадставіць праекты, у якіх мы ўдзельнічаем, расказаць, як гэта важна для нас.

— Што гэта за праекты?

— «Маё сэрца б’ецца» — тэатральны праект у абарону жыцця. У ім мы разам з нашымі аднадумцамі падымаем праблему абортаў, але прынцыпова не кажам «пра аборты» — кажам «за жыццё». Дык вось, гэта спектакль пра тое, як дзеці прыходзяць у гэты свет, а адно дзіця не змагло прыйсці — бацькі не захацелі. І яно там, на нябёсах, разважае, чаму бывае так, што не ўсе бацькі чакаюць сваіх дзяцей. Майго мужа запрасілі ставіць спектакль у якасці рэжысёра, акрамя таго, мы з Пашам разам там граем.

Другі праект, у якім мы ўдзельнічаем, культурна-гістарычны, прысвечаны часам Рэфармацыі. Штогод у кастрычніку ў Еўропе адзначаюць свята Рэфармацыі, і мы вырашылі далучыцца да гэтай ініцыятывы, бо для Беларусі тая эпоха была сапраўды Залатым векам, часам росквіту культуры, духоўнасці, эканомікі. У нашай гісторыі шмат выдатных асоб, адметных падзей і дасягненняў, пра якія чамусьці вельмі мала гавораць, а яны між тым — прадмет нашага нацыянальнага гонару. І вось каб прыцягнуць увагу да такіх з’яваў, збіраюцца акторы, музыкі, іншыя зацікаўленыя людзі і ладзяць канцэрты, балі, тэатралізаваныя дзеі.

— Чаму вы займаецеся праектамі, якія датычаць праблем іншых дзяцей?

— Таму што мне не ўсё роўна. Мне не абыякавае жыццё дзіцяці, якое прыходзіць у гэты свет, нават калі гэта не маё роднае дзіця. У маім разуменні гэта безумоўная каштоўнасць, за якую трэба змагацца і несці адказнасць. Мне балюча бачыць, што забойства ненароджаных дзяцей, разбурэнне сямейных каштоўнасцяў робяцца ў нашым грамадстве звычайнымі з’явамі. Нашая сям’я шмат у чым стаіць па-за сістэмай звыклых уяўленняў пра сучасную беларускую сям’ю. Але праз гэта мы паказваем сабе, сваім дзецям і ўсім навокал альтэрнатыву і магчымы шлях да грамадства, дзе будзе больш любові, спагады і адказнасці.

Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч

Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»

Матэрыял падрыхтаваны ў межах праекта «Будзьма БеларусКамі» грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі!»

Каментаваць