Гэты год ён быў з намі

Сёння споўніўся год, як адышоў у лепшы свет шчыры і яскравы чалавек. Наш сябра і паплечнік, наш галоўны рэдактар Аляксей Кароль. Год яго няма з намі фізічна, але ён з намі ў думках. І ў нашых сэрцах — назаўсёды.

1 чэрвеня 2015 года. Святкаванне 70-годдзя Аляксея Караля


Дасюль немагчыма паверыць, што Аляксея няма. Здаецца, ён усё яшчэ ў далёкім Сінгапуры ратуецца ад хваробы і вось-вось вернецца і скажа: «Ну як вы тут? Не засумавалі?».

А мы будзем наперабой расказваць апошнія навіны, дзяліцца новымі ідэямі, паведамляць, што атрымалася, а што не.

Гэты год мы пражылі без яго і адначасова разам з ім. Ён быў з намі, і гэта прысутнасць асабліва адчувалася ў цяжкія хвіліны і радасныя моманты.

А яшчэ ён у кожным слове «Новага Часу». Прынамсі, я вельмі хацела, каб ніхто з нашых чытачоў не адчуў яго адсутнасці. Спадзяюся, у нас гэта атрымалася.

«Новы Час» быў справай жыцця Аляксея. Да апошніх дзён ён цікавіўся справамі газеты, да апошніх дзён ён быў нашым галоўным рэдактарам. Быў і застаецца.

Год таму ў каментары «Радыё Свабода» сённяшні намеснік рэдактара Сяргей Пульша сказаў: «Газета будзе выходзіць, наколькі нас толькі хопіць».

Мы выходзім, выходзім дзякуючы кожнаму з нас паасобку і камандзе ў цэлым. Камандзе, якая склалася пры Аляксеі, якая абнаўляецца і ўсім сэрцам хоча ствараць «Новы Час», наш «Новы Час», ваш «Новы Час». «Новы Час» Аляксея Караля.

Аляксея няма з намі фізічна. Але светлая памяць пра яго з намі назаўсёды. Светлая памяць пра Светлага Чалавека.

 

Каментаваць