Год без Генадзя Грушавога

Гады не маюць улады над памяццю людзей, якія ведалі Генадзя Грушавога — чалавека вельмі мудрага, вельмі светлага па сваёй натуры, які шмат зрабіў для таго, каб людзям жылося лепш. Асабліва дзецям, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. 



28 студзеня 2014 года пакінуў гэты свет Чалавек, якому абавязаны сваім здароўем і нават жыццём многія тысячы беларусаў. Імя гэтага Чалавека — Генадзь Уладзіміравіч Грушавы. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, доктар філасофскіх навук, прафесар. Але найперш — заснавальнік і бяззменны кіраўнік Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля». Вось прайшоў год, як Яго няма сярод нас. Але Ён ёсць. У сваіх учынках, у нашай памяці.

Гэтымі днямі шмат хто ўзгадае Генадзя Грушавога не толькі як выбітнага навукоўца і палітыка, філосафа і дабрачынцу, але і як проста добрага сябра, калегу, як сапраўднага Чалавека. Няхай часам і з няпростым характарам. Генадзь Уладзіміравіч пяць год змагаўся з той хваробай, якую прынёс беларусам Чарнобыль — з лейкеміяй. Гэтая хвароба сталася наступствам яго безлічных паездак у рэгіёны Беларусі, страшэнна забруджаныя «мірным» атамам. Нішто не бывае проста так. І вось гэтая трыклятая радыяцыя забіла гэтага выбітнага беларуса. Пра Грушавога можна казаць бясконца. Сваімі думкамі пра Генадзя Уладзіміравіча з «Новым Часам» дзеліцца доктар юрыдычных навук, прафесар, суддзя першага складу Канстытуцыйнага суда незалежнай Беларусі Міхаіл Пастухоў.

— Гады не маюць улады над памяццю людзей, якія ведалі Генадзя Грушавога — чалавека вельмі мудрага, вельмі светлага па сваёй натуры, які вельмі шмат зрабіў дзеля таго, каб людзям у Беларусі жылося лепш. Асабліва дзецям, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Яго ўнёсак у рэабілітацыю дзяцей асабліва з тэрыторыяў, забруджаных радыенуклідамі, неацэнны. Створаны ім фонд «Дзецям Чарнобыля» фактычна даў пуцёўку ў жыццё многім дзясяткам тысяч дзетак. І вельмі важна, што гэтыя дзеці не проста аздаравіліся ў еўрапейскіх краінах, але і пабачылі свет. Гэты досвед дазволіць ім стаць сапраўднымі грамадзянамі Беларусі, грамадзянамі Еўропы, грамадзянамі Свету.

Я асабіста буду помніць Генадзя Уладзіміравіча ўсё сваё жыццё і рабіць усё магчымае, каб памяць пра яго засталася на зямлі беларускай. Прыйдзе час, калі мы зможам адкрыць музей Генадзя Грушавога, будуць яшчэ вуліцы, цэнтры імя Генадзя Грушавога.

Я ўяўляю яго жывым, пастаянна актыўным, энергічным, і заўсёды ўяўляю яго на нашай зямлі вясёлым. Гэты чалавек не здаваўся цяжкой хваробе да апошняга свайго дня. Ён заўжды выпраменьваў энергію, струменіў вельмі добрымі ідэямі і, што самае важнае, ён праз свае магчымасці заўджы імкнуўся гэтыя ідэі ажыццявіць. Вось такіх людзей, як Генадзь Грушавы, як мне падаецца, нам усім зараз вельмі не хапае. Гэта людзі — Светачы, людзі — Ікары, Праметэі, якія неслі святло ў грамадства і якія нястомна рабілі добрыя справы. Таму магу сказаць, што памяць пра Генадзя Уладзіміравіча Грушавога заўжды будзе з намі, у нашых справах. І я ўпэўнены, што грамадзяне новай дэмакратычнай Беларусі аддадуць належнае гэтаму слыннаму сыну беларускага народа.

Каментаваць