Грамадскі актывіст, які пляце кошыкі

Іван Бядко пабудаваў дом, пасадзіў шмат дрэваў, выгадаваў дачку і сына, праводзіць у масы ідэі БХД, любіць плесці кошыкі. Ён, як усе беларусы, хоча жыць лепш — жыць не горш за паляка, літоўца, немца.

Іван Бядко за любімай працай

Івана Бядко я часта сустракаю на лецішчах. А іх у яго аж два: адно ў роднай вёсцы Шылавічы, якая знаходзіцца побач з Жыровічамі, а другое — у Слоніме на вуліцы Пушкіна. У Шылавічах засталася хата і зямля ад бацькоў, а ў Слоніме — невялічкая хатка — спадчына ад цёткі яго жонкі Ірыны.

Вось там на сотках і любіць у вольны час пакапацца спадар Іван. Ён апантаны зямлёй, кветкамі, дрэвамі, травой, птушкамі. Дый не любіць ён іх не можа. Бо, як кажа Іван Сямёнавіч, ён сам вясковы хлопец, таму жыццё і клопаты сялян — прыроду і зямлю, тое, як пахне ралля і як спяваюць птушкі, — ведае добра, бо ўсё перажыў з самага маленства.


Маленства і юнацтва

Іван Бядко нарадзіўся 10 снежня ў беларускай сялянскай сям’і Сямёна Андрэевіча і Ганны Сцяпанаўны. Звычайныя вясковыя людзі, якія ўсё жыццё адпрацавалі на роднай зямлі. Пакідаў бацька родную вёску Шылавічы Слонімскага раёна толькі адзін раз, калі забралі яго на фронт. Дзякаваць Богу, вярнуўся з вайны з ордэнамі і медалямі.

Сям’я ў Сямёна і Ганны Бядко была вялікая — пяцёра дзяцей. Таму маленства было нялёгкім: даводзілася шмат працаваць, каб выжыць. Іван распавядае, што пасля школы і на канікулах працаваў у калгасе на палявых работах. Рана навучыўся баранаваць, праполваць і асыпаць бульбу, касіць траву, вазіць сена, запрагаць каня, нарыхтоўваць на зіму дровы. Але спачатку пасвіў кароў. Пакуль пас хатнюю жывёлу, вучыўся ў старэйшых хлопцаў плесці лазовыя кошыкі. Гэта захапленне не пакідае яго і зараз.

Яшчэ ў школе палюбіў мастацкую літаратуру, і кніг не выпускае з рук і да сённяшніх дзён.

У 1968 годзе Івана Бядко прызвалі ў Савецкую Армію. Службу праходзіў у групе савецкіх войск у Германіі. А калі пачаліся вядомыя падзеі ў Чэхаславакіі, адправілі вайскоўца-беларуса туды. «Але зброю супраць чэхаславацкага народу я не ўжываў, абышлося тады без нас», — прыгадвае Іван Сямёнавіч.


Каля помніка Ларысы Геніюш у Зэльве

Фельчар

Пасля арміі Іван Бядко скончыў Слонімскае медвучылішча па спецыяльнасці фельчар. Паступаў у Гродзенскі медінстытут, але не хапіла двух балаў, таму ў інстытут не прайшоў па конкурсе. Ён не адчайваўся — пачаў працаваць фельчарам. Спачатку ў Мастоўскім раёне, а потым вярнуўся на родную Слонімшчыну і ўладкаваўся фельчарам у Слонімскі медвыцвярэзнік. А з 1982 года перайшоў на працу ў наркалагічны кабінет Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы. Любіў сваю працу, нават прайшоў курсы навучання па методыцы Г.А. Шычко аб пазбаўленні шкодных звычак. Праводзіў работу з пацыентамі аб пазбаўленні іх ад алкагольнай, наркатычнай і тытунёвай залежнасці. Працаваў там да 2009 года. Але аднойчы яго выклікаў галоўны ўрач бальніцы Юрый Пяцельскі і сказаў, што з ім больш не будуць працягваць кантракт. Але гэта здарылася пазней.

Сябра БНФ

У 1989 годзе ў Слоніме мясцовы актывіст і паэт Рудольф Пастухоў зарэгістраваў у райвыканкаме Слонімскую арганізацыю БНФ. Яму дапамагалі настаўнік Мікалай Ракевіч і гісторык Ігар Падгарадзецкі. Праз пэўны час кіраўніком Слонімскай партыі БНФ быў абраны Мікалай Ракевіч.

І дзейнасць слонімскіх сяброў БНФ значна актывізавалася. Пачалі актыўна наладжвацца пікеты, мітынгі, сустрэчы сярод насельніцтва. Да партыі БНФ хутка далучыўся і Іван Бядко. А ў кастрычніку 1993 года сябры БНФ разам са святаром айцом Сергіем усталявалі ў цэнтры Слоніма вялікі крыж на месцы, дзе да вайны і пасля вайны стаяў праваслаўны сабор (у 1960-х гадах сцены сабора разбілі танкамі і цалкам знішчылі). У 1994 годзе старшынёй Слонімскай Рады БНФ аднагалосна быў абраны Іван Бядко. Пасля абрання яго кіраўніком на адной з сустрэч Іван Сямёнавіч сказаў: «Сябры, так жыць далей нельга. Нешта трэба мяняць у нашым жыцці, якое не паляпшаецца».

Слонімскія грамадскія актывісты з Анатолем Лябедзькам (злева направа) Іван Шэга, Віктар Марчык, Іван Бядко

Выбары

У 1994 годзе ў Беларусі адбываліся першыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У выбарах удзельнічалі 6 кандыдатаў. Слонімскія сябры БНФ працавалі на карысць Зянона Пазьняка. Яны збіралі подпісы, вялі вялікую агітацыйную працу, ладзілі назіранне. А ў лютым 1994 года арганізавалі ў Слонімскім РДК сустрэчу з Зянонам Пазьняком. Людзей на сустрэчу прыйшло столькі, што вялікая зала РДК не змяшчала ўсіх ахвочых.

Такой сустрэчы раённы Дом культуры (цяпер Цэнтр культуры) у Слоніме не ведаў з дня яго пабудовы і да сённяшніх дзён. «У выніку фальсіфікацый у другі тур прэзідэнцкіх выбараў прайшлі Аляксандр Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч», — прыгадвае Іван Сямёнавіч.

Але палітычная барацьба ў Слоніме працягвалася. У 1995 годзе праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Слонімскія сябры партыі БНФ вылучылі па гарадской акрузе кандыдатам у дэпутаты тэатральнага рэжысёра Мікалая Варвашэвіча, а па сельскай акрузе — пісьменніка і настаўніка Аляксея Якімовіча. Іван Бядко ўзначальваў штаб Мікалая Варвашэвіча. Усе сябры-партыйцы за двух кандыдатаў правялі вялікую працу сярод насельніцтва.

Іван Бядко прыгадвае: «З васьмі кандыдатур, як стала вядома з камісіі, у другі тур выходзілі Мікалай Варвашэвіч і Міхаіл Дмухоўскі. Але падчас чарговай фальсіфікацыі ў другі тур прайшлі праўладны кандыдат Міхаіл Дмухоўскі і загадчык гарадскога аддзела адукацыі Станіслаў Бубен. Перамог тады Дмухоўскі».

Працы і «заахвочванні»

Упершыню ў 1995 годзе Іван Бядко паспрабаваў балатавацца ў Гродзенскі абласны Савет. Але марна — не прапусцілі. Ды грамадскі актывіст не спыніўся. Ён пайшоў у палітыку, разам са сваімі землякамі актыўна займаецца рознымі грамадскімі справамі. Некалі з Георгіем Маскаўчуком абаранілі ад вынішчэння лес у сваім мікрараёне Слоніма.

Ён пачаў выдаваць разам з сябрамі па партыі газету «Змагар» (выйшла 6 нумароў), дзе ў кожным нумары публікаваў артыкулы на палітычныя тэмы. Выкрываў фальсіфікацыю выбараў у Палату прадстаўнікоў па Бальнічнаму ўчастку Слоніма. Прымаў удзел амаль ва ўсіх дэмакратычных мерапрыемствах не толькі ў маштабах раёна, але і рэспублікі.

19 снежня 2010 года Іван Бядко прымаў удзел у акцыі апазіцыі супраць фальсіфікацыі выбараў. Яго затрымалі. І 15 сутак ён адбыў на Акрэсціна. Калі я спытаў у Івана Сямёнавіча, што найцяжэй было пераносіць у няволі, ён адказаў: стаяць у «стаканах». «Стаканы» — гэта камеры, дзе змяшчаліся толькі два чалавекі, а нас туды заганялі па чатыры і трымалі паўтара сутак. Не давалі ні піць, ні хадзіць у прыбіральню, нічога не дазвалялі. Калі прасілі вады, ахоўнікі казалі, што ім самім яе не хапае», — распавядае актывіст.

Вярнуўшыся ў Слонім з Акрэсціна, ён шчыра прызнаўся, што трапіў у Мінск на плошчу, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, каб унесці асабісты ўклад у спыненне духоўнага і прававога Чарнобылю на Беларусі, які адбываецца ўжо шмат гадоў. «І я лічыў сваім абавязкам там прысутнічаць. І я свой абавязак выканаў», — сказаў Іван Бядко.

Сустрэча ў Слоніме. Іван Бядко ў цэнтры

Архіў позваў

У 2009 годзе Іван Бядко перайшоў у БХД. Сёння ён з’яўляецца каардынатарам партыі БХД у Слоніме. І працягвае праводзіць розныя сацыяльныя кампаніі. А за адну з іх, якая называлася «Найперш працоўныя месцы, а потым дэкрэт аб дармаедстве», з ім і не падпісалі працоўны кантракт.

Але грамадскі актывіст не падае духам, ён жыве і працуе. Праўда, па-ранейшаму шмат яму дастаецца ад мясцовых чыноўнікаў і міліцыі. У сваім хатнім архіве Іван Сямёнавіч захоўвае сотні газетных публікацый пра парушэнні правоў чалавека на Слонімшчыне, пра дзейнасць мясцовага грамадскага руху. Ёсць у яго архіве і розныя даведкі, фотаздымкі, запрашэнні і праграмкі з розных дэмакратычных форумаў, сустрэч, канферэнцый. Захоўвае ён і дзясяткі, а то і сотні позваў у міліцыю, суд, пракуратуру.

«Усё гэта для гісторыі спатрэбіцца. Час працуе на нас!» — упэўнена сцвярджае слонімец.

* * *

Сёння Іван Бядко не толькі праводзіць ідэі БХД у масы, каб пабудаваць грамадзянскую супольнасць, якая зможа адстойваць свае інтарэсы ды будзе дамагацца вырашаць свае праблемы. Іван Бядко, як усе беларусы, хоча жыць лепш — жыць не горш за паляка, літоўца, немца. Гэта жыццёвыя абставіны зрабілі яго палітычна-грамадскім актывістам у рэгіёне. А ён насамрэч — апалітычны чалавек, які пабудаваў дом, пасадзіў шмат дрэў, выгадаваў сына і дачку. Які любіць лецішчы і, вядома ж, плесці кошыкі. А потым іх дарыць сябрам і знаёмым. На памяць.

Фотаздымкі з архіва аўтара



Абмеркаванне:

  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-11 08:46:07
Чыгрын--Сёння Іван Бядко не толькі праводзіць ідэі БХД у масы, каб пабудаваць грамадзянскую супольнасць... Іван Бядко, як усе беларусы, хоча жыць лепш — жыць не горш за паляка, літоўца, немца.
+++
для гэтага ў першую чаргу трэба збавіцца ад калгасаў!
Новейшая история. 9 класс. 1972г.,
ИТАЛИЯ «Промышленному развитию страны содействовала борьба рабочего класса за коренные реформы в экономике. ХРИСТИАНСКИЕ-ДЕМОКРАТЫ провели аграрную реформу, земли принадлежащие крупным землевладельцем, ПЕРЕШЛИ в руки крестьян». (с.146)
И все с точностью да наоборот.
РУМЫНИЯ: «Коренные преобразования произошли в румынской деревне. Затем Румынская я рабочая партия взяла курс на создание производственных сельскохозяйственных кооперативов высшего типа (колсельхозов). Таким образом, за короткий исторический срок СОЦИАЛИЗМ ПОБЕДИЛ КАК в городе, ТАК и в деревне». (там же с. 55)

  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-11 10:21:14
Ідэі хрысьціянскіх дэмакратаў--
”ЗЯМЛЯ –СВЯТАЯ ІСТОТА, “маці-карміцелька”, ЁЙ пакланяліся, ЁЙ спавядаліся, каяліся. І ці далёка мы прайшлі наперад, вылучыўшы жудасныя лозунгі накшталт такога: нельга чакаць міластыні ад прыроды, узяць яё-- наша задача. Нельга дапусціць, каб і далей парушалася экалогія прыроды і экалогія духу. Нельга і далей адлучаць селяніна ад зямлі. Трэба аддаць ЯЕ яму. І калі селянін адчуе, што гэта надзейна і надоўга, калі ён вернецца да ЗЯМЛІ, як дачасткі свайго ”Я”, то гэта будзе ПЕРШ ЗА ЎСЁ ДУХОЎНАЕ АЧЫШЧЭННЕ і АБНАЎЛЕННЕ
…ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ сельскія гаспадаркі базіруюцца ТОЛЬКІ на АСАБІСТАЙ ПРАЦЫ.”.( Часопіс “Беларусь”, №3-91А. Лукашэнка «Вялякі перадзел?»).
-
  • марыя ів.
  • 2016-12-11 10:26:21
пра такіх людзей трэба пісаць. дзякуй
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-11 10:29:06
каб уцяміць ідэі хрысьціянскіх дэмакратаў чытайце Леніна::“Пролетарыі гавораць сялянам: мы вам дапаможам дайсці да ІДЭАЛЬНАГА капіталізма, бо ўраўняльнасць землекарыстання ёсць ідэалізаванне капіталізма з пункту гледжання дробнага вытворцы. І той-жа час мы вам пакажам недастатковасць гэтага. Неабходнасць пераходу да грамадскай апрацоўкі зямлі.
З сялянствам да канца буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, -- з бяднейшай, пролетарскай і поўпролетарскай часткай сялянства ЎПЕРАД да соцыялістычнай рэволюцыі! Такой была палітыка большэвікоў, і гэта была адзіная марксісцкая палітыка”.
  • иван михайлавич
  • 2016-12-11 16:21:46
не дурыце галаву сваим ленинами. чытайце пра цикавых людзей нашай правинцыи. дзякуй за матэрыял
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-12 11:10:57
яшчэ раз!
беларускія камуністы пачатку ХХ ст. былі большымі хрысьціянскімі дэмакратамі чым сучасныя БХДэшнікі!
« Успешно решались задачи восстановления сельского хозяйства. Этому содействовало принятое второй сессией ЦИК БССР 23 марта 1923 года «Земельного кодекса БССР» проведение на его основе землеупорядочения. Право на пользование землёй давалось всем гражданам БССР, которые обрабатывали её, НЕ ИСПОЛЬЗУЯ ЧУЖОЙ ТРУД. Земля закреплялась за крестьянами в постоянное пользование. За 1923—1928 годы в Белоруссии на хутора вышло более 600 тысяч крестьянских хозяйств".(История Беларуси с древних времён до нашего времени. 3-е издание, «Аверсэв». 2003год, с.405, с. 459)
Каб жыць не горш за паляка, літоўца, немца тэба ўсьвядоміць галоўную ідэю хрысьціянскіх дэмакратаў
Зямлю- сялянам што самі на ёй працуюць!
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-12 11:25:39
Апрель. 2000 г. «Товарищ» газета коммунистов калякинцев
«ОСТАНОВИМ РАЗРУШИТЕЛЕЙ КОЛЛЕКТИВНЫХ ХОЗЯЙСТВ!
«Как уже сообщалась, исполнительная, власть Республики Беларусь приступила к практической реализации статьи 1141 Гражданского кодекса, предусматривающей насильственную ЛИКВИДАЦИЮ колхозов и совхозов.
…По решению Бюро ЦК ПКБ партийные организации республики период с 20 апреля по 15 июня 2000 года проведут сбор подписей граждан в ЗАЩИТУ колхозов и совхозов республики. Собранные подписи будут переданы в соответствующие государственные органы для принятия решения об ОТМЕНЕ этого АНТИНАРОДНОГО положения Гражданского кодекса».
назовите партию которая выступила бы за реализацию статьи 1141 Гражданского кодекса
нет таких в Беларуси.
и толку нет от 20 лет "змаганьня" з рэжымам!

Каментаваць