Ігар Дабралюбаў: «Вось вам на калені!»

Дабралюбаў ледзь не крычаў са старонак газет: «Некралога яшчэ не было. Я жывы!» Аднак і «Беларусьфільм», і афіцыйны беларускі кінематограф абыходзіліся без Майстра. У выніку Дабралюбаў перанёс чацвёрты інфаркт…



Ігар Дабралюбаў


22 кастрычніка аднаму з самых знакамітых беларускіх кінарэжысёраў, народнаму артысту Беларусі Ігару Дабралюбаву споўнілася б 80. Вучань Міхаіла Рома, аўтар «Восеньскіх сноў», «Раскладу на паслязаўтра», «Плача перапёлкі», «Івана Макаравіча», нарэшце, народнай кінакамедыі «Белыя росы», у апошнія гады быў выкінуты з прафесіі, хаця хацеў вярнуцца ў кінематограф — ён імкнуўся дзяліцца досведам з маладымі і да таго ж жыў марай экранізаваць «Жоўты пясочак» Васіля Быкава. Але — не далі, не дазволілі.

Тое сталася драмай рэжысёра. Зрэшты, ён сам нібыта напрарочыў сабе далейшы лёс, калі ў 1994-м зняў карціну пад назвай «Эпілог», — яна аказалася апошняй працай Дабралюбава, яго ў літаральным сэнсе кінаэпілогам, пасля якога было дзесяцігоддзе кінематаграфічнага маўчання, што пасля некалькіх інсультаў пераўтварылася ў маўчанне ў прамым сэнсе слова.

Адна з першых прац Ігар Дабралюбаў — карціна «Іван Макаравіч» — была, па сутнасці, кінабіяграфіяй яго пакалення. Невыпадкова Ігар Міхайлавіч прызнаваўся падчас адной нашых гутарак: «Я “Івана Макаравіча» практычна глядзець не магу. Плачу, таму што гэта вельмі блізка мне…» Пасля быў фільм «Мама, я жывы» — пра хлопчыкаў, якія жывуць у акупаванай у вайну Беларусі.

Тое была своеасаблівая дылогія Дабралюбава. Між іншым, за «Івана Макаравіча» майстру былі прысуджана некалькі кінапрэмій, у тым ліку прыз Венецыянскага кінафестывалю, куды Дабралюбава не выпусцілі. Ён прыгадваў: «Паведамляюць, што, маўляў, у Маскве чакаюць, але дакументы затрымліваюцца. А я ўжо чорны касцюм набыў, і бабачку мае жанчыны зрабілі. Як раптам з Масквы прыходзіць паведамленне: у Венецыі халера, трэба зрабіць прышчэпку. Раніцай іду ў санэпідэмстанцыю, а мне кажуць: “Укол мы зробім, але праз два тыдні ты павінен прыйсці ў другі раз”. Я збянтэжаны: “Мне ехаць трэба!..” У выніку ўкалваюць падвойную дозу, і я ляжу дома — каленкі падцягнуў да падбароддзя, вочы белыя, страшныя, зрэнак не бачна. А Венецыя праходзіць сама сабой — дакументы прыйшлі не ў час… Я пасля неяк спытаў у Маскве: “Як жа так? Карціна мая атрымлівае прэмію, я — яе аўтар. Але я — тут, а карціна — там!” І мне адказалі: “Будзьце ўпэўнены, Ігар Міхайлавіч, што вашу карціну прадстаўлялі вельмі годныя людзі”. — “Веру з ахвотай, — сказаў я. — Але гэта мая карціна”».

Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ, Дабралюбаў паступіў ва ВГІК, дзе вучыўся ў самога Міхаіла Ільіча Рома. Раней з курса Рома пайшлі ў кінематограф Андрэй Таркоўскі і Васілій Шукшын, з курса, на якім вучыўся Дабралюбаў, — Андрэй Канчалоўскі і Андрэй Смірноў, аўтар знакамітага «Беларускага вакзала».

Вядома, што Ром быў бліскучым апавядальнікам, але не менш бліскуча распавядаў пра настаўніка і Дабралюбаў. Ён расказваў падчас нашай з ім гутаркі: «Памятаю, стаім мы неяк сумныя ў калідоры (ішоў экзамен па майстэрстве). Каля ВГІКа прыпаркаваны машыны з дыпнумарамі, у вестыбюлі ходзяць прыгожа апранутыя дамы, сноўдаюць фатографы з такімі вось аб’ектывамі — адчуванне, нібыта там слава, а тут — суцэльны правал! Дый яшчэ на наш прагляд прыйшоў Вася Шукшын, хаця, здавалася б, што тут такога? — таксама ж студэнт… Як раптам у курылку выходзіць Ром — пытаецца: “Чаму такія?” — “Ды нічога…” — “Дайце запаліць”. Узяў ён “дукацік” (былі такія жоўценькія цыгарэты, па дзесяць штучак пачак), выслухаў нас і сказаў: “Слава — гэта такая жанчына, якая прыходзіць, калі захоча, і сыходзіць, калі ёй уздумаецца. Утрымаць яе немагчыма, а чакаць — бессэнсоўна. Працуйце”. Кінуў акурак, і пайшлі мы здаваць экзамен».

І тады ж яшчэ пра Рома: «Заходжу аднойчы да яго ў кабінет і бачу свежыя кніжкі — толькі з тыпаграфіі. Мы пра нешта гаворым, а я ўсё думаю, як бы гэта кніжку папрасіць! Ром, заўважыўшы маё нецярпенне, кажа: “Ды не ёрзай ты! Падару!” І калі ўжо развітваліся, Міхаіл Ільіч напісаў на кніжцы: “Ігару Дабралюбаву — добраму чалавеку ад старога акушэра”. Прачытаў я гэта ўжо на лесвічнай пляцоўцы і задумаўся. Толькі пасля здагадаўся, што акушэр — гэта не той, хто дзіця нараджае, а хто дапамагае пры родах. І зрабілася мне так сумна, што вось па той бок дзвярэй застаўся геніяльны чалавек, а я нават не магу расшыфраваць тое, што ён напісаў! Я сядзеў і плакаў…»

Кінематаграфічны лёс Ігара Дабралюбава, як і яго настаўніка Рома, не быў бясхмарным: цэнзура чаплялася да яго карціны «Трэцяе не дадзена» — пра генерала Васілія Каржа, які, атрымаўшы пасля вайны пасаду намесніка міністра лясной гаспадаркі, прыехаў аднойчы ў сваю родную вёску і, убачыўшы занядбанне, пакінуў высокую пасаду і стаў старшынёй калгаса.

На здымках карціны «Расклад на паслязаўтра» ўжо гаварылі: школа нетыповая, у нас такіх школ быць не можа. Аднак за прыклад Дабралюбаў узяў школу акадэміка Лаўрэнцьева, які арганізаваў Акадэм-гарадок у Новасібірску. Фільм беларускага рэжысёра абараняў сам Сяргей Герасімаў…

Ігар Міхайлавіч шкадаваў, што не паказваюць па тэлебачанні яго «Расклад на паслязаўтра», «Трэцяе не дадзена», «Вуліца без канца» і «Плач перапёлкі». Дадаваў яшчэ, што пасля, можа, нехта прыгадае, што ён меў дачыненне і да дзіцячай карціны «Па сакрэту ўсяму свету» — той самай, дзе гучыць песня: «Ля-ля, жу-жу. Я секретов не держу…» І прызнаваўся, што асабіста для яго поўнай нечаканасцю стала тое, што глядач так палюбіў яго «Белыя росы». «Тым больш, што я, як аўтар, — гаварыў Ігар Міхайлавіч, — ведаю, што ў мяне ёсць больш тонкія па мастацтве карціны — «Восеньскія сны», да прыкладу. Аднак народ твае разважанні ў разлік не прымае».

Былі ў жыцці майстра і няздзейсненыя задумы. Так, яшчэ на самым пачатку кінематаграфічнага шляху яму не далі экранізаваць сцэнарый Уладзіміра Караткевіча «Гневное солнце палящее».

«Караткевіч толькі прыехаў з Масквы з вышэйшых літаратурных курсаў, я — з ВГІКа, — распавядаў Дабралюбаў. — Тады і пазнаёміліся. І як абняліся з ім, так і не расставаліся да таго часу, пакуль цэнзары не зарэзалі сцэнарый. Я, дарэчы, толькі цяпер разумею, што гэта быў цудоўны сцэнарый. Тое была філасофская прыпавесць пра суадносіны чалавека і пачуцця страху, бо страх суправаджае чалавека ўсё жыццё, але ў кожным узросце набывае новыя формы».

Ігар Дабралюбаў

 

Пасля забароны сцэнарыя Караткевіча ў Дабралюбава здарыўся першы інфаркт. Другі — пасля забароны на пачатку 1970-х сцэнарыя Васіля Быкава па аповесці «Сотнікаў».

Між іншым, яму двойчы не давалі экранізаваць Быкава — другі раз ужо на пачатку 2000-х, калі Дабралюбаў захацеў паставіць «Жоўты пясочак», як ён сам вызначаў, «апавяданне біблійнага ўзроўню».

З гэтай нагоды кінарэжысёр быў на прыёме ў тагачаснага міністра культуры, пра што пасля распавядаў: «Мне было сказана проста: карціну здымаць не будзем… Ну, і хай не здымаюць. Дый яны і не здольныя на тое! Гэта я ўмею рабіць, Быкаў умее… Мяркую, уся справа ў тым, што Васіль Уладзіміравіч, не назваўшы самога гэтага слова — Курапаты, тым не менш умудрыўся мудрасцю сваёй распавесці пра гісторыю Курапат — распавесці і пра расстрэлы, і пра чалавека, якога жадаюць паставіць на калені… Ніколі не забуду “Ніхто не хацеў паміраць” Жалакявічуса. У гэтай карціне параненага чалавека ставяць да сцяны: “На калені!” А ён… (тут Дабралюбаў зрабіў характэрны жэст) вось вам на калені! Гэта ўчынак. Так і тут. Таму ўсе, хто жадае нячэсна ўладкавацца ў гэтым жыцці, хай бы лепш падумалі пра тое, што чакае іх у самым канцы шляху…»

Наогул, пасля выхаду карціны «Эпілог» лёс Дабралюбава змяніўся карэнным чынам. Будучы выкінутым з кінематаграфічнага працэсу на пенсію, сам ён знаходзіў таму такое тлумачэнне: гэта адбылося пасля таго, як «наверсе» паглядзелі той самы «Эпілог».

«Хаця памятаю, — прыгадваў Ігар Міхайлавіч, — што ў аднаго намесніка міністра адразу пасля прагляду трэсліся рукі, другі… таксама знаходзіўся пад уражаннем. А на аднаго, відаць, фільм паўплываў іншым чынам. Прозвішча яго — Замяталін. Вось ад яго, мабыць, і пайшло наверх, прэзідэнту, што Дабралюбаў — чалавек ненадзейны, апазіцыянер».

Зрэшты, рэжысёр больш перажываў нават не за свой лёс, а за лёс «Беларусьфільма» і айчыннага кінематографа. Ён гаварыў: «Я ўсё жыццё аддаў кінематографу і не магу бачыць, як ён на маіх вачах гіне. А ён гіне. І гэта грахоўна. Досвед трэба перадаваць, а іначай мы пойдзем, нешта ў гэтым жыцці не дарабіўшы».

Дабралюбаў ледзь не крычаў са старонак газет: «Некралога яшчэ не было. Я жывы!» Аднак і «Беларусьфільм», і афіцыйны беларускі кінематограф «предпочитали» абыходзіцца без Майстра. У выніку Дабралюбаў перанёс чацвёрты інфаркт…

Неаднойчы сустракаючыся з Ігарам Міхайлавічам, я доўгі час пераконваў яго напісаць успаміны, бо таго, здавалася, вымагалі яго лёс і кінапрацы, нарэшце, само яго імя. Дабралюбаў жартаваў: «Па ўзросце не саспеў». І дадаваў: «Пра гэта думаю, бо ёсць пра што распавесці. Лёс спрыяў мне і зводзіў з рознымі выбітнымі і вялікімі людзьмі. І прыгадваць трэба іх — каб яны болей жылі. А пра сябе распавядаць? Ну, працаваў, здымаў карціну за карцінай. Расказваць жа пра тое, якія былі прыгоды і цяжкасці, — каму гэта будзе цікава? Дый усе гэта ведаюць”. — “Не ведаюць!” — пярэчыў я. “Кінематаграфісты ведаюць”, — парыраваў Дабралюбаў. “А звычайныя чытачы-гледачы?” — “Яны проста не павераць у гэта».

Тым не менш такую кнігу, шчырую, светлую і добрую, Ігар Міхайлавіч зрабіў, і найперш дзякуючы Алене Наважылавай, цудоўнай журналістцы «Белорусской деловой газеты»: гэта менавіта яна ажыццявіла літаратурны запіс успамінаў Дабралюбава.

Праўда, і тут не абышлося без праблем: рэжысёр не мог знайсці выдаўца сваіх мемуараў. Яму прапаноўвалі выдаць іх у Маскве, але ён хацеў менавіта тут, у Беларусі, дзе і прайшла большая частка яго жыцця. Нарэшце кніга ў Мінску выйшла і называлася «Осколки памяти», але выйшла… на ўласныя сродкі аўтара.

Родныя рэжысёра не выключалі, што дзякуючы ў тым ліку гэтай кніжнай эпапеі з Ігарам Міхайлавічам і здарыўся першы інсульт. Ён не мог хадзіць і гаварыць. Здавалася, што ён замаўчаў, знясілены ў марным намаганні да некага дакрычацца, некага ў нечым пераканаць…

Дабралюбаў пражыў яшчэ чатыры гады і, перанёсшы тры інсульты, пасля апошняга не вытрываў — ён пайшоў з жыцця летам 2010-га. А тым часам па тэлевізары ўжо тры дзесяцігоддзі паказваюць «Белыя росы», забыўшыся на іншыя карціны майстра.

Зрэшты, сам Ігар Міхайлавіч гаварыў, відаць, спрабуючы зразумець папулярнасць свайго фільма: «У душу кожнаму не ўлезеш. У Сервантэса чалавецтва абрала толькі адзін раман. І “Дон Кіхот” будзе жыць вечна, пакуль будзе жыць чалавецтва. Так здараецца. Ром нас да гэтага рыхтаваў — гаварыў, што калі хоць адзін чалавек у залі суперажывае тваёй карціне, дык будзь шчаслівы ўжо гэтым». Можа быць, у гэтых словах і быў адказ на пытанне: ці шчаслівым чалавекам быў кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў?

Фота аўтара

Каментаваць