Ігар Варашкевіч: «Мару больш часу надаваць унучцы!»

"Беларуская рок-музыка не раз зазнавала крызісы, таму што некаторым нашым музыкантам неставала мэтанакіраванасці, большасць з іх хацела атрымаць усё і адразу", — Ігар Варашкевіч дзеліцца меркаваннем с чытачамі НЧ.



Ігар Варашкевіч на "Амбасовішчы-2012"


Упэўнены, што ў будучым такім музыкантам, як Ігар Варашкевіч, знойдзецца месца і ў Беларускім саюзе кампазітараў, і на канцэртах з нагоды самых важных дзяржаўных мерапрыемстваў. І ўжо дакладна, што такія ўніверсальныя творцы, як Варашкевіч, будуць уганароўвацца званнем «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», а да іх юбілеяў на дзяржаўныя сродкі будуць выдавацца анталогіі твораў.

На жаль, да разумення значнасці ўнёску ў нацыянальную культуру шматлікіх незалежных творцаў нашай дзяржаве пакуль мала справы. Дзякаваць Богу, што ёсць выданні, якія захоўваць для будучых даследчыкаў імёны тых, хто прысвяціў сваё жыццё стварэнню сучаснай нацыянальнай культуры. Так, па звестках даведніка «Хто ёсць хто ў Беларусі», 15 жніўня бягучага года Ігару Варашкевічу, лідару гурта «Крама», спаўняецца 55 гадоў. З гэтай нагоды мы запрасілі Ігара да размовы.

Вялікую частку свайго жыцця вы, Ігар, прысвяцілі музыцы. На жаль, названы даведнік не дае поўных звестак пра творчы шлях беларускіх артыстаў. Таму нашым чытачам найперш будзе цікава даведацца, колькі вы ўжо працуеце на беларускай рок-сцэне і ці памятаеце свой першы канцэрт?

— У гэтым годзе мне спаўняецца не толькі 55, але і 30 гадоў маёй афіцыйнай беларускамоўнай музычнай дзейнасці. Канцэртаў за гэты час адбылося шмат, таму першы канцэрт запомніўся не так выразна. Хутчэй за ўсё, ён адбываўся ў зале Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя працаваў гурт «Бонда», у якім я спяваў з 1983 па 1989 год.

Песні Свабоды ад «Крамы»

— Пасля «Бонды» вы працавалі ў гурце «Крама» — адным з самых тытулаваных у Беларусі. Раскажыце, якая ўзнагарода для вас асабіста была самай дарагой і памятнай?

— Гэта, безумоўна, наша «Рок-Карона» 1994 года. Памятаю цудоўную атмасферу гэтай першай айчыннай музычнай прэміі: прыйшло шмат аматараў маладога беларускага року, на гэтай «каранацыі» прысутнічаў тагачасны міністр культуры Беларусі А. Бутэвіч, кампазітар Э. Ханок і спявак В. Вуячыч. З рук арганізатараў мы ўпершыню атрымалі Вялікую рок-карону. Гэта, безумоўна, быў найлепшы ў гісторыі гурта «Крама» час!

Я на ўсе жыццё ўдзячны тагачаснаму дырэктару кампаніі «Дайнова» Адаму Палюховічу, які дапамагаў беларускім музыкам, і ўвогуле беларускаму незалежнаму мастацтву ў той цяжкі, але незабыўны перыяд! Наша «Рок-карона-94» у вялікай ступені і заслуга гэтага беларускага мецэната.

— За ўсе гады вашай працы ў гуртах «Бонда», «Рокіс» і «Крама» вам даводзілася супрацоўнічаць з рознымі музыкамі. Хто з іх пакінуў у вашай памяці найбольшы след, паўплываў на вас як чалавек і музыкант?

— Ну, калі браць «Бонду», дык, безумоўна, адзначу ўплыў яркага і віртуознага музыканта, гітарыста Івана Маркава ды тагачаснага бубнача і самабытнага паэта-тэкставіка Сержука Кныша, з якімі мы разам напісалі такія хіты, як «Слуцкая Брама», «Стэфка»... Калі казаць пра «Краму», то я вельмі ўдзячны ўсім хлопцам, з якімі працаваў і працягваю працаваць такі доўгі час. Ну і, безумоўна, было вельмі прыемна супрацоўнічаць з вядомым расійскім блюзменам, лідарам гурта «Лига блюза» Мікалаем Аруцюнавым, які добра вывучыў нашу мову, і мы разам стварылі праект «Мікалай Аруцюнаў & The Blues Barbarians». Яго складам мы далі некалькі канцэртаў, запісалі па-беларуску кампазіцыю «Бяжы, хлопец». Таксама ў розныя часы моцна паўплывалі на мяне і шэраг замежных гуртоў і выканаўцаў, такіх, як Джымі Хендрыкс, Led Zeppelin, Free, Dire Straits, АС/DС, польскія гурты, якія ў 80-х утварылі плынь «музыкі млодай генэрацыі» (MMG).

Блюз спявае Ігар Варашкевіч

— Як ствараюцца песні і іх аранжыроўкі ў «Краме» — калектыўна альбо па накірунку вашага аўтарытэту? Ці патрэбная рок-музыканатам цвёрдая рука?

— Цвёрдая рука можа і не патрэбна, бо аўтарытарызм не спрыяе асэнсаванай творчасці. Але і анархіі ў камандзе не павінна быць, бо тады таксама нічога не атрымліваецца. Значыць, каб гурт дасягнуў творчых мэтаў, трэба казаць пра звычайную дысцыпліну: удзель­нікам гурта важна ў час і рэгулярна наведваць рэпетыцыі, удзельнічаць у агульнай творчай працы гурта, карацей, жыць яго патрэбамі, яго жыццём…

Што тычыць нашых песень, то практычна ўсе мелодыі пішу сам, словы потым дадаюць паэты, якія стала супрацоўнічаюць з «Крамай» — Наста Гулак, Зміцер Лукашук і іншыя. А вось апрацоўка тэм робіцца разам, хоць у апошніх альбомах гэтай справай у большасці займаўся наш гітарыст Сяржук Трухановіч.

Дуэт Вольскі—Варашкевіч

— Ці магчымы сёння праект па перазапісу класічных кампазіцый гурта «Бонда», у якім вы доўгі час працавалі, і ці ёсць зацікаўленасць беларускага грамадства гэтымі кампазіцыямі?

— Не думаю, што такі праект патрэбны, бо час змяніўся настолькі, што гэта стала нікому не патрэбным. Да таго ж, і музыкантаў таго класічнага «бондаўскага» складу сабраць практычна немагчыма.

Мне больш даспадобы праекты кшталту «25 АБ-БА АРКЕСТР’а», які разам з беларускамоўнымі дзеткамі і музыкантамі з Беласточчыны выклікаў сапраўдны фурор на «Басовішчы–2014». У гэтым праекце, які рэалізаваўся дзякуючы ініцыятыве вядомага беластоцкага музыканта Юркі Асеннікі, удзельнічалі не толькі дзеці, але і музыканты з Беларусі — А. Памідораў, Л. Вольскі, ну і я. У выніку мы запісалі някепскі дыск, на якім разам з іншымі гучаць «бондаўскія» гіты «Слуцкая Брама» і «Стэфка».

"Крама" прэзентуе новы альбом "Белая вада"

— Цяпер стала модным наракаць на крызіс у беларускай рок-музыцы. На вашу думку, гэты крызіс сапраўды існуе? Калі так, дык у чым яго карані і ці ёсць рацыянальнае выйсце з такога становішча?

— Беларуская рок-музыка не раз зазнавала крызісы, таму што некаторым нашым музыкантам (часта таленавітым!) неставала мэтанакіраванасці, большасць з іх хацела атрымаць усё і адразу. Маю на ўвазе папулярнасць, канцэрты, грошы… Дадайце моўную непаслядоўнасць: адны спявалі па-руску, другія — па-беларуску, а трэція намагаліся па-англійску (ці, дакладней, на «русліш» — нягеглай сумесі «Russian» і «English»). Вось, на маю думку, складнікі гэтага крызісу, які можна пераадолець толькі ўпартай творчай працай, удасканальваннем свайго выканаўчага майстэрства, цвёрдай пазіцыяй адносна роднай мовы. Па маім назіранням, ёсць маладыя каманды, якія мне падабаюцца менавіта гэтымі якасцямі. Маю на ўвазе гурты «Re1ikt», «Navi», «Nizkis»…

Руся і Ігар Варашкевіч

— Ведаю, што вы — чалавек шырокіх захапленняў і зацікаўленасцяў. А чым канкрэтна падабаецца займацца, калі вы вольныя ад канцэртаў? Якую ролю ў вашым жыцці адыгрывае сям’я?

— У вольны ад канцэртаў і рэпетыцый час шмат працую над удасканальваннем тэхнікі ігры на электрычнай гітары, хаця гэта трэба было рабіць нашмат раней. Люблю турызм з рыбалкай, добрае кіно. У мінулым годзе нарадзілася мая ўнучка, якой хутка трэба будзе надаваць больш увагі і часу.

Па афішах і па тэлерэкламе можна заўважыць, што 55-годдзе свайго лідара гурт «Крама» вырашыў адзначыць шэрагам канцэртаў. Адзін з іх адбудзецца ў рэстаране-бровары «Сябры» (вул. Кульман, 40). Якая праграма чакае вашых прыхільнікаў на юбілейным канцэрце?

— Я не збіраўся святкаваць сваё 55-годзе, але калі атрымаў прапанову зрабіць канцэрт з гэтай нагоды, то згадзіўся. Хочацца зноў парадаваць сяброў і прыхільнікаў «Крамы» нашымі новымі песнямі і старымі гітамі. Няхай яны адпачываюць! Таму запрашаю вас, сябры, 30 жніўня а 19 гадзіне ў рэстаран-бровар «Сябры» на канцэрт гурта «Крама», дзе вас чакаюць шчырыя мелодыі і добры рок-н-рольны драйв!

Ігар Варашкевіч

Фота Анатоля Мяльгуя

Абмеркаванне:

  • Блюзер
  • 2015-08-14 14:57:44
Чцял, слышнявіл, баўдзею, буду.
  • Пятрусь
  • 2015-08-14 23:55:49
Цікава, а Вольскі з Варашкевіч што разам пяюць? Ну не "Хавайся ў бульбу" ж, бо ў "N.R.M." і "Крамы" пад такой назвай зусім розныя песьні. Дык дзе яны
разам сышліся, хто падкажа?
  • Кiт
  • 2015-08-15 00:04:58
На здымку Вольскi iВарашкевич спявалi дуэтам на бенефисе Мiхала Анемпадыстава.

Каментаваць