Я быў жаўнерам швадрона Рагулі

Адшукаць кватэру Яўгена Усюкевіча ў Наваградку не так і цяжка, калі ведаеш арыенцір — краму №5 амаль на ўскраіне горада. Званок у дамафон. Пранізлівы гук — дзверы адчыненыя. 



Яўген Усюкевіч


На лесвічнай пляцоўцы сустракае далёка не малады, але ні ў якім разе не знішчаны жыццём чалавек. Няхай на дзвюх мыліцах, але з акуратна прыбранымі валасамі, бліскучымі вачыма і жывой цікавасцю да гасцей. Яўген Усюкевіч — адзін, верагодна, з апошніх жаўнераў Наваградскага швадрону.

— Як вы трапілі ў швадрон Рагулі?

— Спачатку я служыў у чыгуначным батальёне, але мне не спадабалася. З дапамогай Юзіка Сажыча я выкруціўся і паступіў у Настаўніцкую семінарыю — на ІІ курс. Але не скончыў… Пачаўся швадрон, мабілізацыя. Нам абяцалі, што будзе беларускі корпус.

Яўген Усюкевіч падчас навучання ў Настаўніцкай семінарыі, 1943 год

 

Каб на сённяшні розум, я б, можа, як слімак, у якую шчыліну забраўся б (пасміхаецца). Але нам хацелася свайго, беларускага! Мы ж адчувалі нацыянальны голад — то палякі, то саветы…

— А партызаны не помсцілі?

— Бацькоў ставілі пад расстрэл. Майму бацьку адзін партызан сказаў: «Едзьце ў Любчу, бо вас могуць сёння знішчыць». Бацька выехаў, а праз дзень партызаны спалілі ўсю гаспадарку. Калі ўжо немцы адступалі, я сказаў і бацьку, і брату, які хацеў са мной, каб нікуды не ехалі, ані на крок. Бо немцы для нас не хаўруснікі: такія ж ворагі, як і саветы.

Было, што і нашы сыходзілі ў лясы. Частка рагулеўцаў перайшло да партызанаў у Любчы. І мой швагер па стрыечнай сястры Юзік Крака — узводным быў — таксама перайшоў. Там быў Вялёнда сувязны, цэлы ўзвод, дамовіліся і перайшлі.

Рагулеўцы падчас зімовага вышкалу 

Калі швадрон толькі арганізаваўся, у Наваградку быў гебіт-камісарам Траўб, аўстрыяк. Адчувалася, што не такі радавіты арыец (пасміхаецца). Васіль Рагуля, дзядзька Барыса, былы пасол польскага сейму, казаў Траўбу: «Вы нам дазваляеце нешта зрабіць, калі ўжо самі ў штаны напусцілі». А Барыс сказаў: «Каб аніводнага немца ў швадроне не было». І не было. Беларуская мова, беларускія каманды…

На айнзацы, карныя акцыі не выязджалі. Вучыліся трымаць зброю ў руках, ладзілі вышкалы. Ніхто не спадзяваўся на перамогу немцаў. Бо ж сам Гебельс падчас Сталінграда заявіў, што гэта «наш кульмінацыйны пункт». Маўляў, калі не пройдзем яго, то пакоцімся назад. Так і атрымалася.

Жаўнер швадрону, Наваградак

Пасля нас кінулі ў Докшыцы, на Віцебшчыну — у «партызанскі край», але ніякіх там партызанаў не бачылі. Каля рэчкі Поня ў лесе стаялі. Ані акопаў, ані ўмацаванняў не мелі, так, ахоўвалі… Толькі ў лесе знайшлі хлопчыка паўжывога, галоднага — год 10. Паднялі яго — партызанскае дзіцё, уцёк у лес з вёскі.

Праз нейкі час Рагулі далі каманду рухацца ў бок Вільні. Але ён не выканаў загад, павярнуў нас назад, кажа: «Дзе я вас узяў, хлопцы, туды я вас і завяду». Дабрацца было цяжка, але ішоў пусты нямецкі таварняк. Дамовіліся, пагрузіліся на платформе. Высадзіліся ў Лідзе — з шумам, трэскам. Немцы адступаюць, казачыя часткі, а мы — ідзем у Наваградак. Дайшлі, пераночылі.

А на раніцу ён нам гаворыць: «Хлопцы, немцы вайну прайгралі — так ім і трэба. Я тут не застаюся — хто хоча, пайшлі са мной. А хто не — разыходзьцеся, заставайцеся.» Пайшло з ім чалавек 30–40. Мы з Друцькам на конях адступалі ажно ў Прусію. Барыс на машыне з некалькімі хлопцамі паехаў іншым шляхам, больш у Нямеччыне мы з ім не сустракаліся. Ён у Дальвіцы там арганізаваў дэсант, але я асабіста не прыхільнік гэтага, дарэмна.

— Дзе апынуліся пасля?

— Я адступаў у Прусію, а пасля сабралі нас усіх, недабойкаў, і ўкраінцаў, і паліцыю розную, і арганізаваліся ў 30-ю дывізію СС. Чаму? Бо ўсіх замежнікаў пры нямецкім войску курыраваў Гімлер. Нас кінулі ў Эльзас і Латарынгію супраць амерыканскіх частак і французаў. Але з дывізіі атрымаўся пшык: шмат хто пераходзіў цэлымі ўзводамі на амерыканскі бок.

Барыс Рагуля

 

Я быў фельдфебелем, Друцька — лейтэнантам. Мы неяк стаялі на ўзгорку, унізе былі амерыканцы. То ён вылез і страляе па іх у цемры. Я кажу: «Мікалай, што ты робіш? У нас задача перайсці да іх, а не ваяваць зараз». Але ён такі быў — злавіў кулю ў калена.

Наогул, калі 30-я дывізія трашчала па швах, на яе ўламках хацелі арганізаваць беларускую дывізію. Немец мне адзін казаў, што зараз разгортваецца беларускі полк, а пасля — дывізія. Мы мелі нацыянальны полк. Я памятаю 25 сакавіка 1945 года, маршыравалі, адзначалі ўгодкі БНР такім чынам. Пасля гэтага ўласаўскі генерал-маёр дамовіўся з Кушалем пра месца пераходу да амерыканцаў. Амерыканцы падрыхтавалі трасу. Уласаўцаў, ясна, было болей за нас.

У амерыканскім палоне мы былі тры месяцы. Памятаю, у 45-м на Вялікдзень нас змясцілі фактычна ў балота на адкрытай мясцовасці. Мокра было, награбалі купкі, каб прысесці хоць. Трое сутак нічога не давалі есці. Пасля з гэтага балота перакінулі ў намёты ў горадзе Шэрбург. Гэта Нармандыя, у добрае надвор’е быў бачны ангельскі бераг.

Перад пераходам да амерыканцам мне Кушаль пагоны лейтэнанта наляпіў (пасміхаецца), таму я ўжо лічыўся за афіцэра. Было спадзяванне, што мы паваюем яшчэ супраць саветаў. Бо было спадзяванне шмат у каго на далейшы канфлікт альянтаў з Саюзам. Чэрчыль да гэтага і схіляўся, але амерыканцы не пагадзіліся.

— А як перадалі саветам?

— Нас, як афіцэраў, аддзялілі ад жаўнераў. Кушаль быў, Сокал-Кутылоўскі, капітан Шчорс — мой сябар. І вось, кажуць: «Бярыце рэчы. Ідзем на вакзал». Прайшлі ў Шэрбурзе з кіламетр, падыходзім, а там ужо чакае чалавек трыццаць: чырвоныя аколышкі, сабакі… «Здравствуйте, господа офицеры. Следуйте в вагон».

Яўген Усюкевіч і Алесь Кіркевіч

Таварныя вагоны былі. Памятаю, адзін лейтэнанцік савецкі гаворыць: «У нас теперь все по-иному, мой отец получил 10 гектар земли…» Уласаўскія афіцэры сядзелі побач, смяяліся з яго: «Что ты мелешь?!» Прывезлі ў Айзенах, у Нямеччыну.

— А чаму не перадалі Франца Кушаля, вашага камандзіра?

— Тыя, хто запісаўся палякамі, мелі шанец пасля служыць у Андэрса… Ён, відавочна, замэльдаваўся як польскі афіцэр, таму яго амерыканцы пакінулі. Як я зараз магу выказацца з гэтай нагоды? Не хочацца груба…

— То бок ён кінуў сваіх падначаленых?

— А як жа?! Сокал-Кутылоўскі ляжаў побач са мной тры месяцы, маёр быў. А Кушаль — палкоўнік. І як толькі мы перайшлі да амерыканцаў — ён знік. А мяне з Сокалам-Кутылоўскім судзілі ў адзін дзень. Шчорс далей не быў у нашай групе, я яго не бачыў.

…Выгрузілі нас з вагонаў. Афіцэры, СМЕРШ, медалямі сваімі трасуць — «победители»… Але адносіліся нармальна, казалі: «Ничего, товарищи, все хорошо будет». Супам нагадавалі.

— А як вас судзілі?

— Памятаю, у Нямеччыне яшчэ, прыйшла дзяўчына прыгожая — сакратар суда, пакруцілася, паглядзела і пайшла. На наступны дзень прыходзіць капітан — высокі, з проседдзю — пытаецца: «Как дела?» «Чакаю, калі шлёпнуць», — адказваю. Ён кажа: «Успокойся, тебе много не дадут, больше восьми — не дадут». Такая вось была амаль сяброўская размова.

Следства трывала два дні, ніхто больш не прыходзіў. Судзіў суддзя 132-й Бахмуса-Варшаўскай дывізіі. Падчас адлігі ў «Известиях» пісалі, што гэты суддзя акурат даваў мінімальныя тэрміны. Нават уласаўскім афіцэрам-агітатарам, якія былі з намі, больш дзясяткі не далі. Сокал-Кутылоўскаму далі 10 год. Мне — 8.

Дарэчы, Сокал-Кутылоўскага нашы халуі дасталі з Поўначы, вярнулі ў Беларусь і далі 25 год. Во як! Калі б мяне так асудзілі — я б ніколі не вярнуўся на Радзіму. А ён вярнуўся, выжыў, памёр пасля сваёй смерцю. Дзякуючы Адэнаўэру, дарэчы, бо калі той прыехаў пасля смерці Сталіна і размаўляў з Маленковым, паплылі ўжо касякі з лагераў. Адэнаўэр — вялікі чалавек!

Я быў у каменданцкім лагеры, дзе было больш нагляду з боку начальства — у Рыбінску ў Яраслаўскай вобласці. У 1952-м, здаецца, годзе да нас кінулі чалавек 30 савецкіх генералаў. У тым ліку Цялегіна, Самохіна, Арлова, Брычкоўскага і інш. Давялося і з імі перасякацца.

Калі мяне выпускалі, то жанчына з 2-га аддзелу запыталася: «А у вас там нету никаких военных объектов?» Так дазволілі вярнуцца да бацькі ў вёску Хадасы на Наваградчыне. Але бацька спалены быў падчас вайны партызанамі. Брат — Аляксандр — у турме.

Сустрэча з баявым таварышам — справа Язэп Сажыч

— Шмат блізкіх прайшло такую ж школу, як вы?

— Так, дастаткова. Брат мой вярнуўся з фронту, сяржант, кантужаны крыху. Дэмабілізаваўся, вырашыў скончыць дзесяцігодку ў Наваградку, дык іх 18 чалавек пасадзілі за «Саюз вызвалення Беларусі» (у 2013 памёр — апошні). Стрыечнаму брату — Жэню Ляшку — далі 25, Дземянчуку — 10…

Аляксандру, брату, таксама далі «дзясятку» — як удзельніку вайны. Яго выклікаў да сябе Цанава, нарком унутраных спраў БССР, дык брат схапіўся за крэсла, але не паспеў апамятавацца — далі яму добра. Ён год 9 таму памёр у Казахстане… Дарэчы, Андрэя Вайтовіча, які быў дыверсантам Рагулі, Цанава таксама асабіста выклікаў: «Как это так — против отца родного?» (Сталіна меў на ўвазе). А той у адказ: «Які ён мне бацька?!» Вось як.

…Трэба спяшацца — маршруткі ў Гродна з Наваградка ходзяць не так часта. Перадаю спадару Яўгену кніжку Лявона Юрэвіча «Жыццё пад агнём», напісаную са словаў Барыса Рагулі. «Людка Гутар, Валодзя Сіўко», — ціхім голасам сам сабе прамаўляе ветэран, разглядаючы дадатак з фотаздымкамі…

Яўген Усюкевіч

Даведка НЧ:

Наваградскі конны швадрон — вайсковая адзінка, створаная ў Наваградку Барысам Рагулем у лістападзе 1943 года са згоды нямецкага кіраўніцтва. Касцяком швадрону сталі выхаванцы Наваградскай настаўніцкай семінарыі. Шкаленне трывала з восені 1943 па вясну 1944-га, лічыцца, што вясной 1944-га швадрон удзельнічаў у баях з польскімі і савецкімі партызанамі. У траўні 1944 г., пасля арганізацыі ў Наваградку адзінкі Беларускай Краёвай Абароны (БКА), швадрон быў уключаны ў яе склад у якасці коннай роты, Рагуля заняў пасаду камандзіра батальёна. Далейшы лёс рагулеўцаў склаўся па-рознаму: нехта трапіў у 30-ю дывізію СС, нехта ў школу дыверсантаў Дальвіц у Прусіі, нехта на захадзе здаўся ў палон альянтам і працягнуў службу ў польскім войску генерала Андэрса.

Абмеркаванне:

  • Мікола
  • 2015-01-07 15:40:54
Героі ненапісаных, на жаль, раманаў, фігуры трагічнай, але сапраўднай гісторыі. Цікава было прачытаць Швадрон для мяне - новае слова. Дзякуй аўтару і НЧ!

Каментаваць