Я яго абдыму... і засну на некалькі дзён

<p><strong>Яны чакаюць, спадзяюцца, прымхліва баяцца гаварыць пра прагнозы і мары, змагаюцца за чатыры дадатковыя грамы ў бандэрольцы мужу. Стараюцца трымаць вочы сухімі, а галаву горда ўзнятай. Жартуюць, кранальна называюць адна адну &laquo;сястра&raquo;, абураюцца пустым словам, робяць усё магчымае і чакаюць, чакаюць, чакаюць... Яшчэ ўчора пра абранніц беларускіх палітвязняў ведалі хіба што толькі іх блізкія, а сёння яны вымушаныя стаць публічнымі асобамі. І, трэба прызнаць, з новай роляй спраўляюцца годна. </strong></p>
 



Наталля Пінчук і Марына Статкевіч


З адной з іх, жонкай Міколы Статкевіча — Марынай Адамовіч, гутарыць журналіст НЧ Вольга Хвоін.

— Марына, ці ёсць у вас нейкія прагнозы, калі Міколу можна чакаць на свабодзе?

— Думаю, у тых, хто хоча, каб Мікола і іншыя палітвязні ніколі не выйшлі з турмаў, няма ні сродкаў, ні магчымасцяў, ні гістарычнага часу для гэтага. Я не веру, што ўлады змогуць трымаць Міколу шэсць гадоў. Хаця ўжо і прайшло два гады. Надзея памірае апошняй... Я не ведаю ніякай новай інфармацыі наконт пазіцыі Еўропы. Але той факт, што еўрапейскія палітыкі не змянілі свайго стаўлення да беларускай сітуацыі, што вытрымана павялі сябе пасля фактычна высылкі шведскага пасла Стэфана Эрыксана, мяне радуе. Еўрапейцы рэдка робяць радыкальныя крокі, таму не думаю, што яны адмовяцца ад нашых нафта-газавых паставак. Але ўсё ж спадзяюся, што эканамічныя інтарэсы не перавысяць еўрапейскую салідарнасць.

Я шмат гадоў удзельнічала ў працы партыі. Але менавіта ад гэтай кампаніі на яго просьбу я дыстанцыявалася. Міколу быў патрэбны тыл, бо ён выдатна разумеў, чым удзел у прэзідэнцкіх выбарах можа абярнуцца. Мы ніколі не гаварылі пра гэта, але я перакананая — ён разумеў. У адрозненні ад сённяшніх нашых байкотчыкаў, ён выкарыстоўваў тую кампанію напоўніцу, каб праз адзіную легальную мажлівасць данесці людзям праўду, мабілізаваць іх. Я падтрымліваю тых, хто ідзе ў палітычныя кампаніі, каб гаварыць праўду, у тым ліку і пра палітвязняў. Я не разумею тых, хто ладзіць свае кампаніі байкоту ў інтэрнэце, вынішчаючы іншадумцаў і прыкрываючыся тымі ж палітвязнямі! Седзячы на канапе, Беларусь дакладна не зменіш!

— Як мяркуеце, лідарам нацыі можа стаць вось такі нязломны чалавек, ці ўнутраны стрыжань, сіла духу не важныя?

— Можа стацца па-рознаму. У цяперашні інфармацыйны век герояў робяць націсканнем клавішаў на клавіятуры, ствараюцца пустыя персанажы, якія займаюць увагу людзей. Але ўсё ж у нацыі мусіць быць чалавек, які стане маральным аўтарытэтам. Інакш яна проста разваліцца. А хто будзе займаць пасады ці публічна выступаць — гэта ўжо іншая справа.

— За гэты час вы мелі многа зносінаў з людзьмі, якія працуюць у дзяржаўнай сістэме. Якое ўражанне ў вас склалася пра іх?

— Я зараз пазбягаю кантактаў з імі, стамілася... Не ўсе гатовыя да апошняга выконваць загады. Але ў цэлым гэтая сістэма працуе бездакорна, на вялікі жаль. Ёсць рэпрэсіўны апарат, і тыя, хто ў ім працуюць, разумеюць, што робяць, нервуюцца. Але самы вялікі страх у іх выклікаюць працадаўцы, а не сумленне, адказнасць перад людзьмі, будучыня.

— Чым жывуць жонкі «дзекабрыстаў»?

— Бываюць абсалютна пустыя дні, а бываюць і такія, калі многа сустрэч з людзьмі, якія не абыякавыя да сітуацыі, хочуць нечым дапамагчы. Мы стваралі камітэт сваякоў «Вызваленне» літаральна на прыступках КДБ, куды ішлі, каб адправіць хоць нейкую перадачу, як вестку з волі, сваім родным. Ініцыятыва была Вольгі Бандарэнкі, і за гэта я ёй бясконца ўдзячная. Але пры ўсіх праявах салідарнасці выжыць у прамым сэнсе гэтага слова бывае вельмі складана, і толькі нашая падтрымка адзін аднаму дапамагае. Дзіма Бандарэнка неяк назваў нас у лісце да Волі сёстрамі, і я з ім згодная. Мы сталі вельмі блізкія, многія святы разам праводзім, вось дзень народзінаў Міколы Статкевіча таксама супольна адзначалі.

— Распавядзіце, што за падарунак Міколу Статкевічу быў падрыхтаваны?

— Неабыякавыя людзі зладзілі пэўныя дзеянні, якія мусілі паказаць, што пра яго не забыліся. І вось літаральна сёння я атрымала ліст, у якім Мікола піша, хоць і для турэмнай цэнзуры, што ведае пра тыя ўчынкі. І, што мяне кранае да дрыжыкаў унутры, іншыя вязні чакалі нейкага дзеяння ў  яго дзень народзінаў, і адрэагавалі на той феерверк, і ніхто не засумняваўся, дзеля каго гэта было. Мне казалі, што турма крычала: «Ура! Поздравляем! Жыве Беларусь!» І гэта пры тым, што Міколу старанна ізалююць ад іншых вязняў, каб не было камунікацый.

Мікола Статкевіч у турме на строгім рэжыме. Праз паўгода маглі б перагледзець рэжым утрымання, але яго пакінулі на нявызначаны тэрмін. Спатканне немагчымае. Адзінае, дазволенае сёлета, ужо было ў чэрвені — праз краты, двайное шкло, кепскі тэлефон...

— Як вы з’явіліся ў жыцці Міколы, а ён у вашым?

— Прыватнае жыццё на тое і прыватнае, што пра яго ніхто не ведае (усміхаецца). Мы пазнаёміліся шмат гадоў таму дзякуючы нашаму агульнаму знаёмаму Міколу Міхноўскаму, які працаваў у Доме літаратара, што быў тады прытулкам вальнадумцаў. Міхноўскі адурыў мне галаву нядаўна створаным Згуртаваннем беларускіх вайскоўцаў і яго кіраўніком — класным хлопцам Міколам Статкевічам. Хаця я вельмі крытычна гляджу на любыя празмерныя ацэнкі. Вось там мы і пазнаёміліся.

— Раскажыце крышку пра сваё паходжанне. Адкуль ваша стойкасць характару і вытрымка?

— Дзякуй за камплімент. Я не ведаю, адкуль гэта. У маім родзе ёсць ці не ўсе саслоўі — і шляхта, і святары, і сяляне. Характар, відаць, ад бацькоў, сямейнай традыцыі. Хаця я не лічу сябе вельмі вытрыманай, часам я ўсё ж паддаюся эмоцыям.

— Апошнія два гады былі вельмі няпростымі для вас. Ці зрабілі вы нейкія высновы для сябе ў плане стасункаў з дарагім чалавекам?

— Ведаеце, мы заўсёды адзін аднаго бераглі, ведалі, што мы важныя адзін аднаму. Нават калі здаралася сварка, я заўсёды ведала: гэта мой чалавек, іншага мне не дадзена, дый не трэба! Таму цяпер я толькі радуюся, што ў кожным лісце, на нашых двух спатканнях я не пабачыла пераменаў у Міколу. Мы быццам бы і не расставаліся, быццам бы ён выйшаў на хвіліну на кухню прыгатаваць мне каву.

— Вы думалі, што будзеце рабіць, калі Мікола вернецца на свабоду?

— Часам я настолькі стомленая, нявыспаная... Я сама не разумею, як я цяпер жыву, бо стала вельмі мала спаць. І вось я яго ўбачу, абдыму... і засну на некалькі дзён (смяецца). Але, канешне, я б хацела, каб мы некуды разам паехалі. Мы вельмі любім падарожжы, доўгія шпацыры. Калі адпачываем, то праходзім за дзень па 10–15 кіламетраў — уздоўж мора, лесу... Любім плаваць — доўга і далёка. Усяго гэтага мне не хапае. Так прыемна ў часе адпачынку недзе сядзець на тэрасе, глядзець на мора, піць чырвонае віно... Тое, што мы любім, не змянілася.

— Марына, у вас дарослы сын. Як вы змаглі наладзіць сувязь паміж двума любымі мужчынамі?

— Юра вельмі паважае Міколу, сын ва ўсім мяне падтрымлівае. Часам ён бывае парывістым, імпульсіўным, але мой сын вельмі надзейны чалавек. Ужо 20 снежня 2010 года ён узяў адпачынак на два тыдні і правёў іх разам з сябрамі на сядзібе БНФ, займаючыся дапамогай вязням Плошчы.



На сустрэчу з Марынай прыходзіць Наталля Пінчук — жонка вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Наталля спачатку сціпла адмаўляецца ад размовы: «Я ніколі не бяруся канкураваць з Марынай. Мне часам тэлефануюць з прапановамі з тэлебачання прамых уключэнняў, але я адмаўляюся. Вось Марына ўмее весці размову!» Але, трэба прызнаць, што вытрымцы, уменню годна паводзіць сябе Наталлі Пінчук можна пазайздросціць. Яшчэ падчас судовага працэсу над Алесем Бяляцкім усе звярнулі ўвагу, як трымалася яго жонка! Як мела сілу волі ўсміхацца мужу ў час, калі нават калегі з праваабарончага цэнтру «Вясна» не маглі стрымаць слёзы.



— Марына, Вы б ухвалілі, калі б Мікола напісаў прашэнне аб памілаванні, якога так дамагаецца ад яго Лукашэнка? Ці сапраўды яно нічога не значыць?

— Гэтае прашэнне насамрэч многа значыць. І нават тыя, хто спрабуе пераканаць іншых, сябе, што з подлай уладай можна змагацца рознымі метадамі, усе ж разумеюць — нехта мусіць быць нязломным. Хаця б для таго, каб у гэтай улады не заставалася ніводнага маральнага шанцу. Мікола абраў для сябе гэтую цяжкую ношу. І не адзін ён! 20–25-гадовыя дзеці паводзяць сябе гэтак жа, бо разумеюць, што ёсць вышэйшыя мэты, чым проста адчуванне дома. Я ведаю, што Мікола будзе трымацца сваіх пазіцый, гэта для яго важна, а значыць — і для мяне.

— Вы можаце назваць сябе шчаслівым чалавекам?

— Магу! Я многа разоў задавала сабе гэтае пытанне і адказвала на яго станоўча. Калі б трэба было прайсці ўсё яшчэ раз, я б зноў падтрымала Міколу.



Пытаюся, які рэцэпт ідэальных адносінаў з такім моцным чалавекам, як Статкевіч? Марына смяецца: «Дык і я ж не слабая!». І працягвае думку: «Я ўжо адказала вам — заўсёды разумела, што іншага шчасця мне не дадзена. Але, безумоўна, бывае ўсякае, бывае што і іскры ляцяць ва ўсе бакі!» — Наталля Пінчук таксама смяецца і з хітрым позіркам ківае галавой.

Паразумеўшыся ў тэме ўзаемаадносінаў, Наталля Пінчук усё ж пагаджаецца адказаць на колькі пытанняў.

— Апошніх добрых навінаў ад Алеся няма. Папярэднія былі не лепшыя — ён атрымаў яшчэ два спагнанні ў дадатак да трох ранейшых. Нас пазбавілі перадач, сустрэчы, што мусіла быць у жніўні. Цяпер у графіку спатканняў магчымае толькі кароткатэрміновае ў снежні і доўгатэрміновае ў траўні наступнага года. Калі нічога новага нам не падгадаюць. Лісты даходзяць рэгулярна. Калі стала вядома пра новыя спагнанні, Алесь мне напісаў: «Ты толькі не ўпадзі ў чорную меланхолію». А пра сябе напісаў так: «Ты ж ведаеш, што ў мяне характар устойліва-аптымістычны». Дай Бог, каб ён трымаўся так і далей.

— Што пагражала Алесю, было вядома загадзя, ці не гаварылі вы пра магчымасць з’ехаць з краіны?

— Мы пагаварылі, ён распавёў, якія наступствы будуць. Здаецца, я нават і не пыталася пра яго рашэнне. Усё было зразумела. Мы занадта многа пражылі разам, каб разумець адзін аднаго без лішніх слоў.

Пра свае высновы ад непрыемнай ролі жонкі палітвязня Наталля гаварыць адмаўляецца:

— Ведаеце, пра гэта трэба расказваць, як усё скончыцца. Мы па жыцці ўсе прымхлівыя: баішся, што скажаш і сурочыш. У некаторых жыццёвых абставінах становішся прымхлівым, а Алесь і да гэтага быў такім. Я ж не выказваю спадзеваў, нават не думаю пра гэта. Самае правільнае — жыць з дня ў дзень, рабіць справу, бо толькі гэта дае нейкі вынік.



Наталля пачынае гаварыць пра салідарнасць з іншымі жонкамі палітвязняў:

— Калі мы разам, гэта дае магчымасць...

— Абаперціся на плячо, — падказвае Марына.

— Нам нават не трэба весці размоў пра нашу сітуацыю. Мы і так усё ведаем, разумеем. Марына ў нас — прыцягальны цэнтр. А да гэтага мы нават не былі знаёмымі. У мяне ўвогуле было вельмі мала блізкіх людзей. І вось такая новая сітуацыя.

— Яны нам зрабілі такі падарунак — мы сталі сябрамі, і гэта немалы падарунак!

Каментаваць