Ядвіга Лясьеўская. Кветкі шчодрага таленту

З УАЗіка высыпала купка мужчын, у якіх штось няўлоўнае выдавала асобаў творчых. Няголасна, але ўладарна дырыжавала імі энергічная панна шаноўнага ўзросту, у ажурнай кофтачцы ручной работы з прыгожай брошкай.



Партрэт Ядвігі Радзілоўскай (Лясьеўскай)


Руку яе ўпрыгожваў бранзалет з чарнёнага срэбра. Відавочна, яна не любіла бляск золата, і ёй больш імпанавала шляхетнае срэбра, сонцаносны бурштын і гулкая медзь.

Летні ранак, напоены чэрвеньскім разнаквеццем палёў, абяцаў спякотны дзень і нямарны надвячорак. Пасажыры УАЗіка не маглі не сфатаграфавацца каля таго дуба з сасной, што растуць, абняўшыся, на дарозе ў Нясвіж ці не з часоў першых Радзівілаў.

Пасажыры — гэта cябры мемарыяльнай камісіі па спадчыне Міхася Сеўрука, утворанай Міністэрствам культуры ў 1979 годзе: падкрэслена шляхетны плакатыст Уладзімір Крукоўскі, падобны на гаспадарніка жывапісец Мікола Назарчук, спартыўны і гожы графік Яўген Кулік, а таксама сам старшыня новаўтворанай мастакоўскай суполкі. І яна, мастачка Ядвіга Лясьеўская…

Увекапомніла іх пільнае вока і недрыготкая рука Віктара Маркаўца.

Прыпынак — толькі частка шляху...

Непрадугледжана абавязковы прыпынак ля спавітых дрэваў заўжды абуджаў у яе ўспаміны ранку жыцця… Бесклапотнай дзяўчынкі, узгадаванай у любячай сям’і. У яе імені прысутнічаюць карані нямецкага паходжання. Старажытнагерманскае «Hedwig» паходзіць ад «hadu» — (барацьба, разлад), мо таму яго часта тлумачаць як «ваярка».

З дзяцінства Ядзя была няўрымслівым і хваравітым дзіцём з халерычным тэмпераментам. Усе высілкі бацькоў прывучыць яе да спорту аказаліся марнымі. Наогул, узаемаадносіны з бацькамі былі складанымі, але гэта ніякім чынам не адбівалася на вучобе. Сіла характару, кемлівасць, недзіцячая ўпартасць, прыродная інтуіцыя і здольнасць тонка адчуваць рэчаіснасць — ва ўсім рабілі яе першай.

Няма нічога дзіўнага, што захопленая хараством навакольнага свету думная паненка, якая з гімназічных часоў імкнулася ўвасобіць яго ў фарбах і гуках, наважылася звязаць свой лёс з мастацтвам. Але тут яна мусіла вызначыцца, чаму аддаць перавагу: музыцы ці пэндзлю.

Пытанне вырашылася, калі яна даведалася пра навучальную ўстанову ў Любліне. Народжаная ў першы дзень каляндарнай вясны ў невялічкім забужскім гарадку Бяла-Падляска, па заканчэнні мясцовай гімназіі яна з вялікім імпэтам рушыла ў чароўны свет мастацтва.

Мадэрн

У Любліне, у Прамыслова-мастацкай школе прайшлі гады яе жыцця з 1929-га па 1931-ы.

Прамыслова-мастацкая школа прывабіла яе не толькі блізкім да дому месцазнаходжаннем, але і выкладчыцкім складам, сэрцам і душой якога быў вучань Яна Матэйкі, мастак-жывапісец, графік і вітражыст, адзін з лідараў «Маладой Польшчы» Юзаф Мехофер (19.03.1869 — 08.08.1946).

Прышчапляючы моладзі парасткі мадэрністычнага мыслення, ён заўжды знаходзіў мажлівасць прывесці прыклад з народнага мастацтва Львоўшчыны. Ядвісю ў тыя часы захаплялі павевы народжанага ў мадэрне накірунку — арт-дэко. З’явіўшыся напачатку стагоддзя (у 1908–1912 гадах), гэтая мадэрновая плынь дасягнула росквіту ў сярэдзіне 1920-х, пасля Міжнароднай парыжскай дэкарацыйна-індустрыяльнай выставы.

Элегантна-прэзентабельная, яна спалучала ў сабе неакласічную пластыку, грацыёзнасць, гуллівасць і манументальнасць, сілкавалася адкрыццямі кубізму і дасягненнямі баўхаўза, а таксама мастацтвам экзатычных краін.

У мясцовых умовах, пры адсутнасці каштоўных і дарагіх матэрыялаў — змяінай скуры, слановай косткі, крышталю ды бронзы, экзатычнай драўніны, — патрэбных для вырабаў, шырокае ўжыванне набывала выкарыстанне геаметрычных арнаментаў, раслінных формаў і цытатаў, запазычанняў з іншых культур.

Карціны Ядвігі Радзілоўскай

Па слядах папярэднікаў

Мінаў час. Зробленага ўсё болела. Творы ірваліся да гледача. У 1938 годзе паненка Ядвіга наважылася ўпершыню прадставіць аматарам мастацтва плён сваёй працы. Наступным крокам мастачкі стаў працяг навучання.

«Скончыла мастацкую школу імя Барыса Месерэра ў Варшаве (1939)», — сведчыць інфармацыя са знаёмай музейнай крыніцы. Але гэта наўрад ці: бо такой школы, як установы, не было.

Заўважым гэта пры ўсёй павазе да славутага тэатральна-мастацкага клану Месерэраў — Азарыя Месерэра (акцёра МХАТа), ягонай сястры Рахіль (маці Маі Плісецкай), сястры Рахілі — балерыны і педагога Суламіф, Барыса Месерэра, які нарадзіўся ў Маскве ў 1933 годзе і потым стаў вядомым тэатральным мастаком.

Але прозвішча Месерэр фігуруе невыпадкова. Прыпускаем, што пры запісе нехта пераблытаў ініцыялы. І мелася на ўвазе школа імя бацькі — Асафа Месерэра (1903 года нараджэння, Вільня) — балетмайстра, народнага артыста і заслужанага дзеяча мастацтваў Літвы, класічнага танцоўшчыка-віртуоза і педагога. Яго гадаванцамі былі Галіна Уланава і Мая Плісецкая, Кацярына Максімава і Вольга Лепяшынская, Алена Чыкваідзе і Шаміль Ягудзін, Барыс Хахлоў і Марыс Ліепа і шмат хто яшчэ. Яго імя і насіла тэатральная вучэльня пры Варшаўскай акадэміі мастацтваў і «рысавальны клас», што існаваў пры ёй.

Вяртанне ў Беларусь

Няпросты шлях Ядвігі да Беларусі пачаўся пад акампанемент гулу «месершмітаў» і разрываў бомбаў Другой сусветнай вайны. Бежанцы Ядзі пашэнціла. У Баранавічах яна сустрэла свой лёс. Тут яна пакахала і перарадзілася ў Ядвігу Язэпаўну Раздзялоўскую. Пакахала так аддана і шчыра, што не збаялася застацца пад акупацыяй.

Як маладыя перажылі часы ваеннага ліхалецця — гаворка асобная. Дакладна адно: жывапіс яна не пакідала. Працуючы ў фотаатэлье Бруя рэтушорам, дзе трохі прыхарошвала рэчаіснасць, паспявала выконваць работы (па замовах і без) на продаж і на выставы, што адбываліся ў Баранавічах (1943) і Мінску (1942). Удзельнічала ў «Дажынках», якія праводзіліся ў наваколлі (1942, 1943), апрача таго, брала чын у працы мясцовай мастацкай суполкі «Маладая Беларусь», удзельнічала ў падрыхтоўцы праекта Баранавіцкай мастацкай школы і інш. Па вызваленні ў 1948 годзе яна не без цяжкасцяў (за ўсе свае папярэднія правіннасці) стала сябрам Беларускага саюза мастакоў. Уключылася ў выставачную дзейнасць і нават была ўзнагароджана граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Дакументальных звестак пра Ядвігу Язэпаўну вобмаль. Да прыкладу, цяжка сказаць, калі яна пераехала ў Маладзечна; калі Вадзім Андрэевіч атрымаў накіраванне на маладзечанскі малгарзавод, альбо куды і калі, пасля скасавання Баранавіцкай вобласці, з горада з’ехалі іх многія сябры і аднадумцы.

Лебядзіная адданасць

Не толькі таленавітая мастачка, але і добра адукаваная і выхаваная панна, якая валодала некалькімі замежнымі мовамі і выдатна грала на фартэпіяна, абаяльная жанчына з бездакорным густам, Ядвіга Язэпаўна спрытна наладзіла кантакты з расійскімі мастакамі. Сталася так, што менавіта з Расіі яна атрымоўвала больш запрашэнняў да ўдзелу ў супольных пленэрах, выставах і іншых мерапрыемствах.

Аддана апекуючыся невылечна хворым мужам, яна атрымала ў 1950-я гады ў Саўміне СССР кавалак зямлі пад будоўлю творчай дачы ў Краснадарскім краі. Які прыморскі палац яна пабудавала ў Гарачым Ключы — не ведама, але тое, што Нацыянальны мастацкі музей абавязаны таму дамку яе бліскучымі творамі, народжанымі на беразе цёплага мора, пэўна. (Да «гонару» беларусаў адзначым, што першую творчую майстэрню ў Маладзечне яна атрымала да свайго 80-годдзя). У тым жа 1982 годзе гістарычная радзіма Польшча ўганаравала яе званнем «Заслужаны дзеяч культуры Польшчы».

Але мінае ўсё, мінулі і гэтыя шчаслівыя дзянькі. Яе муж, Вадзім, памёр. Перапрашаем, мусілі б тут паставіць прочырк між датай нараджэння і смерці. Ды Маладзечанскі гарадскі ЗАГС, на запыт, зроблены дырэктарам БДАМЛіМ РБ паведаміў, што «гэта інфармацыя канфідэнцыйнага характару і распаўсюду не падлягае». Во як!

Улюблёная тэма

За свае больш як 70 гадоў творчага жыцця пані Ядзя паспытала розныя жанры. Напрыклад, у 1961 годзе нейкая светлая галава з Міністэрства культуры даўмелася досыць дасціпна прапанаваць ёй — польцы па нацыянальнасці — супольна з Кастусём Харашэвічам выканаць для краязнаўчага музея жывапіснае палатно на тэму ўз’яднання Заходняй Беларусі: «Маладзечаншчына. 17 верасня 1939 года».

У 1950-я гады, у Гарачым Ключы, дзе зазвычай яны жылі з вясны па восень, працавала над сюжэтнымі кампазіцыямі, не абмінаючы і партрэтны жанр. Але больш за ўсё любіла кветкі. «Любіла маляваць іх у нацюрмортах», — узгадвае цымбаліст і сябра Юрый Церабун. І сапраўды — нацюрморт быў любімым жанрам, які гарманічна нітаваўся з яе ўнутраным ладам.

Вядомы на беларускіх землях з колішніх часоў, калі прадметны свет проста «памільгваў» у іканапісных абразах, сапраўдную моц нацюрморт набраў у першай палове ХІХ стагоддзя і выключна сцвердзіўся ў творчасці Івана Хруцкага.

За стагоддзі развіцця ён прайшоў значны шлях. Ад «ілюзіяністычных падманак» да інтэлектуальных падыходаў, спробаў станаўлення памяці, «уцягнення будучыні ў мінулае» — нацюрморт меў дачыненне не толькі да выяваў побытавых рэчаў штодзённага свету, але і да «выявы» быцця ўвогуле.

У 1960-я гады гэты непапулярны ў афіцыёза жанр выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі. Нацюрморт — жанр не гендарны, але вядучы ў творчасці менавіта жанчын: Валяр’яны Жолтак, Ядвігі Раздзялоўскай, Соф’і Лі, Раісы Кудрэвіч, Аляксандры Паслядовіч, Святланы Катковай, Зоі Ліцьвіной і Зоі Луцэвіч.

Ён стаў для іх прасторай «абсалютнай творчай свабоды, тым светам, дзе яны сталі самі сабой і адкрылі гледачу самыя яркія грані ўласнага таленту». У гэтым суквецці творцаў пані Ядзя займае пачэснае запамінальнае і пазнавальнае месца. Разнастайныя па задуме (заўжды арганічныя — натуральныя), бездакорна скампанаваныя і гарманічныя па колеры, яе нацюрморты сцвярджаюць прыцішаную радасць быцця, яго некрыклівую паэзію і выклікаюць багатыя асацыяцыі.

У яе нацюрмортах не варта вышукваць глыбока схаваныя, таемныя сэнсы, «пакручастыя сюжэтныя — расповеды». Сутнасць яе асобных твораў у бачанні і разуменні існасці матэрыі, яе прыгажосці, багацця фактуры і эфектаў асвятлення.

Маладзечна, Віленская, 5. Па гэтым адрасе ў кватэры на другім паверсе так і жыла, час не марнуючы. Сціпла і трохі адасоблена…

Працавала. З сярэдзіны 1950-х была ініцыятарам стварэння і выкладчыкам у мастацкай студыі для дарослых пры мясцовым ДК. Але прывід адзіноты ўсё нахабней углядаўся ў вокны ейнай кватэры…

Як заўжды ратавалі сябры…

Да яе «на агеньчык» або з «нагоды» наведваліся мастак Міхась Сеўрук, дырыжор і кампазітар Генадзь Цітовіч, графік Пётар Дурчын, жывапісец з Брэста Іван Рудчык, прыкладнік Фёдар Зільберт, графік Аляксандра Паслядовіч, а крыху пазней, ад 1961 года, кола пашырылася Кастусём Харашэвічам, Аляксанарам Пашкевічам, Галінай Еўдакімчыкавай, Юрыем Церабуном, Васілём Лазоўскім, вучнямі Міколам Аўчыннікавым і Юрасём Герасіменкам.

Апрача прафесійных якасцяў, сябры і калегі шчыра цанілі яе чалавечую далікатнасць і спагадлівасць, востры розум і добразычлівасць, уменне даць параду неяк неўпрыкмет…

У першы дзень сакавіка на сустрэчу вясны і яе дзень народзінаў, які супадаў з днём нараджэння Шапэна, абавязкова збіраліся ўсе сябры павіншаваць любімую настаўніцу і дарадчыцу, пагаманіць, паслухаць фартэпіянныя творы ў яе выкананні і проста моўчкі «ачысціцца душой».

***

Ядвіга Язэпаўна Раздзялоўская адышла ў іншасвет у 1992 годзе. Але памяць пра яе засталася ў душах вучняў і проста знаёмых. Яны працягваюць сустракацца 1 сакавіка кожнага года. Да 110-х угодкаў сябры-энтузіясты на чале з выкладчыкам музыкі Юрыем Церабуном і акварэлістам Міколам Аўчыннікавым саматугам зрабілі фільм успамінаў пра Ядвігу Язэпаўну. Да юбілею было падрыхтавана слайд-шоў, у якім дэманструюцца 70 яе твораў, аздобленых музыкай любімага ёю Шапэна.

Каментаваць