Якаў Басін

Шмат хто лічыць габрэйскую тэму даволі небяспечнай. Магчыма, з гэтай прычыны гучней за астатніх пра беларускіх габрэяў разважаюць альбо рэлігійныя артадоксы, альбо антысеміты. Якава Басіна нельга назваць прыхільнікам моцных заяў, але яго голас добра чуюць і першыя, і другія. І «паліваюць» з абодвух бакоў. Самы дакладны паказчык таго, што чалавек кажа праўду.

Суровы пачатак



Шмат хто лічыць габрэйскую тэму даволі небяспечнай. Магчыма, з гэтай прычыны гучней за астатніх пра беларускіх габрэяў разважаюць альбо рэлігійныя артадоксы, альбо антысеміты. Якава Басіна нельга назваць прыхільнікам моцных заяў, але яго голас добра чуюць і першыя, і другія. І «паліваюць» з абодвух бакоў. Самы дакладны паказчык таго, што чалавек кажа праўду.

Суровы пачатак

Але першае слова Якава Басіна было не пра гэта. Прагучала яно 28 жніўня 1939 года ў Мінску. Магчыма, калісьці таму, хто разгадае сэнс першага чалавечага крыку, дадуць нешта накшталт Нобелеўская прэміі, а пакуль можна толькі адзначыць тое, што з часам добрае валоданне словам стане амаль галоўным у яго жыцці.

Сям’я Басіна складвалася як бы з дзвюх галін. Дзед па лініі маці, таксама Якаў, быў родам з Волагды. Яго жонка памерла ад «іспанкі» адразу пасля грамадзянскай вайны, пакінуўшы яму трох дачок. З імі дзед пераехаў спачатку ў Марыупаль, а потым у Гомель.

Уладкаваўся працаваць на так званае «гарэлае балота», дзе тады месціўся дрэваапрацоўчы камбінат (цяпер раён вакзала) механікам. Слыў мясцовым «кулібіным», бо мог самастойна разбіраць і збіраць такія складаныя прыборы, як арыфмометр. Для самавука, які не меў сур’ёзнай адукацыі, гэта, на сённяшнім слэнгу, было «крута». Адукацыю дзед даў сваім дочкам. У прыватнасці, маці Якава Басіна, Рэвека Якаўлеўна, скончыла Мінскі будаўнічы тэхнікум.

Па лініі бацькі карані Якава Басіна ідуць у Пагост, што пад Салігорскам. Сям’я там была вялікай — дванаццаць дзяцей. Бабуля Якава была самай малодшай, таму, калі ў яе нарадзіўся сын, то амаль адначасова на свет з’явіўся і яго дзядзька. Першы (Зіновій Самуілавіч) стаў бацькам Якава Басіна, другі — стрыечным дзедам.

Як і Рэвека Якаўлеўна, Зіновій Самуілавіч вучыўся ў Мінскім будаўнічым тэхнікуме. Там яны і пазнаёміліся, пабраліся шлюбам і менавіта адтуль разам паехалі ў Гомель.

Добра вядома, што гэты горад немцы захапілі толькі ў другой палове 1941 года. Бацька Якава Басіна атрымаў «браню» і займаўся эвакуацыяй дзіцячых дамоў, якіх на той час было вельмі багата. Амаль апошнім эшалонам Зіновій Самуілавіч выратаваў ад смяротнай акупацыі і сваю сям’ю. Так Басіны апынуліся ў Ленінабадзе. У родны горад вярнуліся толькі пасля вайны.

Самастойны пачатак

У 1958 годзе Якаў Басін паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. З трэцяга разу, і толькі дзякуючы таму, што да гэтага вучыўся ў медвучэльні, якую скончыў на «выдатна». Пэўныя абмежаванні наконт праславутай «пятай графы» былі, як вядома, не толькі ў царскай Расіі, але і ў СССР, хаця там і любілі паразважаць наконт нейкага «пралетарскага інтэрнацыяналізму».

Калі больш глыбока «капнуць» тэму габрэйскіх прафесій, то стане цалкам зразумела, што прыярытэты тут узніклі пад уплывам пэўных абставінаў. Тое, што большасць месцаў у медычнай сферы займаюць прадстаўнікі менавіта гэтай нацыі (лепшыя спецыялісты), абгрунтавана адразу некалькімі фактарамі.

Адзін з іх — рэлігійны. У адрозненне ад прадстаўнікоў іншых канфесіяй (тых жа хрысціян), іудзеі не так моцна баяцца чалавечай крыві і не ставяцца да яе, як да нечага супермагічнага.

Другі — цалкам практычны. Паколькі ў царскіх інстытутах для габрэяў былі працэнтныя абмежаванні, яны, як людзі пераважна заможныя, накіроўвалі сваіх дзяцей атрымліваць адукацыю за мяжу. Вышэйшая адукацыя давала яшчэ адзін «бонус» — дазваляла жыць за межамі «рысы аселасці».

Каб было больш зразумелым, наколькі медыцына была габрэйскім прыярытэтам, спашлюся на адзін гістарычны прыклад. У 1492 годзе габрэяў, як вядома, выгналі з Іспаніі. Мала таго, што за сто год гэтая краіна з першых роляў у Еўропе перамясцілася ў «другі эшалон», дык яшчэ і на побытавым узроўні пачалі ўзнікаць казусы. Напрыклад, калі захварэла каралева Ізабэла, яе лячыў… ветэрынар.

У 1963 годзе Якаў Басін ажаніўся з мінчанкай, у 1964-м скончыў медыцынскі інстытут і быў размеркаваны ў адну з участковых бальніц Мінскай вобласці. Другім урачом. Хто знаёмы з тагачаснай спецыфікай, пацвердзіць — другі ўрач — гэта сапраўдны спецыяліст «шырокага профілю», якому даводзілася быць і хірургам, і тэрапеўтам, і неўрапатолагам.

У хуткім часе яго «забралі» ў Смалявіцкую раённую бальніцу. Рэнтгенолагам, аб чым і марыў. Але паколькі спецыялістаў і ў раённай бальніцы не хапала, Якаву Басіну даводзілася выконваць і функцыі іншых калег. Нават памочніка адзінага ў бальніцы гінеколага.

Апошняе яму вельмі не спадабалася. Басін папрасіў свайго галоўурача Мар’ю Цімафееўну Зубакіну даць яму любую іншую работу. І атрымаў ад яе прапанову стаць намеснікам галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце. Так лёс нечакана вызначыў новы паварот у яго біяграфіі.

Са Смалявічамі для Якава Басіна звязаны і яшчэ адзін даволі значны «момант». Галоўурач прапанавала аднаму навукова-даследчаму інстытуту сваю бальніцу ў якасці базы для вывучэння праблем туберкулёзу. Поспехі былі такімі значнымі, што сёння, калі гэтае ліха паўстае зноў, становіцца нават крыўдна, што напрацоўкі папярэднікаў належным чынам не выкарыстоўваюцца сёння.

Праз некаторы час Якаў Басін са Смалявіч сышоў і ўладкаваўся рэнтгенолагам у абласны туберкулёзны дыспансер. Потым быў санаторый «Крыніца», а апошнія 11 гадоў сваёй медыцынскай практыкі ён адпрацаваў у клінічнай бальніцы хуткай дапамогі.

Якім быў спецыялістам, даволі красамоўна сведчыць той факт, што ў 1972 годзе Басіна ўзнагародзілі знакам «Выдатнік аховы здароўя», а праз два гады ён стаў лаўрэатам Усесаюзнай прэміі па барацьбе з туберкулёзам.

На пенсію (для рэнтгенолагаў — 50 гадоў) ён сышоў у 1998 годзе ў якасці ўрача першай катэгорыі.

Нечаканы працяг

На жыццё кожнага з нас аказваюць уплыў самыя розныя фактары. Для Якава Басіна такім першым фактарам, напэўна, стала рашэнне міністра аховы здароўя СССР аблегчыць работу ўрачоў і ўскласці ўсе «папяровыя» функцыі на сярэдні медыцынскі персанал. Адпаведна, у навучальны працэс сярэдніх медыцынскіх устаноў увялі «Машынапіс», які Якаву адразу спадабаўся.

Другім «фактарам» трэба лічыць гендэрны дысбаланс на курсе Басіна ў медвучэльні, дзе на 180 дзяўчынак прыходзілася толькі шэсць юнакоў. Па савецкай традыцыі, у такіх умовах перавага аддавалася «моцнаму полу». Асабліва ў грамадскай дзейнасці. На Якава «павесілі» радыёгазету.

Кожны тыдзень ён рабіў паўгадзінную перадачу, адзін ва ўсіх іпастасях. І таму прыйшлося хутка вучыцца рыхтаваць сцэнары і пісаць тэксты, артыкулы для сваіх праграм. Друкавацца Якаў Басін пачаў з 1957 годзе. З таго часу з пад яго пяра выйшлі 5 кніг, у тым ліку манаграфіі, больш за 200 розных артыкулаў. У 1998 годзе Басін стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў, а праз год і Міжнароднай федэрацыі.

Захапленне словам адгукнулася новым захапленнем, калі ён студэнтам па тэлебачанні ўбачыў Клуб вясёлых і знаходлівых (КВЗ). Для чалавека, які на многіх канцэртах вёў канферанс і нават выпісваў польскія «Шпількі» (мову вывучыў самастойна), гэта сталася сапраўдным адкрыццём, цудам.

Вырашыў стварыць свой КВЗ. Спачатку ў спартовым лагеры, а потым у сваім інстытуце. Далей Басіну, можна сказаць, пашанцавала. Вядомы спартовы аглядальнік Мікола Петрапаўлаўскі, які вучыўся разам з ім, аднойчы прывёў на выступ супрацоўнікаў беларускага тэлебачання. Яны і прапанавалі зрабіць нешта агульнанацыянальнае.

Так КВЗ у сакавіку 1964 года з’явіўся ў маштабах цэлай краіны, а Якаў Басін стаў адным з заснавальнікаў яго ў Беларусі.

Акрамя гэтага Якаў Басін заняўся актыўнай грамадскай дзейнасцю. Стаў рабіць гэта ў рамках габрэйскай абшчыны Беларусі, СССР і на міжнародным узроўні. Нагадаю, што было ўсё ў 1988 годзе, калі яшчэ добра памяталі, хто такія «бязродныя касмапаліты».

З сакавіка 1989 года Якаў Басін стаў сябрам Мінскага аб’яднання габрэйскай культуры. У гэты жа час узяў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы першага з’езду Канфедэрацыі габрэйскіх грамадскіх арганізацый і абшчын СССР Ваада (у перакладзе — савет). Быў абраны сябрам прэзідыума. Удзельнічаў ва ўсіх з’ездах гэтай структуры.

У красавіку 1991 года Якаў Басін становіцца сустаршынёй, а з 1993 года намеснікам старшыні Саюза габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў Беларусі. І бярэ ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах Сусветнага, Еўрапейскага і Еўраазіяцкага габрэйскіх кангрэсаў, а таксама ў рабоце Сусветнай сіянісцкай арганізацыі.

З 1995 года з’яўляецца прэзідэнтам Беларуска-прыбалтыйскай асацыяцыі абшчын прагрэсіўнага іудаізму. Момант вельмі важны для разумення пэўных жыццёвых арыенціраў Якава Басіна. Галоўным паняццем тут з’яўляецца слова «прагрэс».

Працяг, які будзе абавязкова


Магчыма, некаторыя не пагодзяцца з такім меркаваннем, але, на мой погляд, беларускія апазіцыянеры значна страцілі ад таго, што не змаглі зрабіць сваімі сябрамі ўсе габрэйскія структуры. То бок тую частку «трэцяга сектару», якую яны памылкова палічылі непатрэбнай для дасягнення мэты.

Адзін з тагачасных дэмакратычных лідараў, у адказ на выступ Басіна, тады нават сказаў, што трэба спачатку падняць беларускую нацыянальную самасвядомасць і развіць перш за ўсё беларускую нацыянальную культуру. Маўляў, толькі калі «мы станем на ногі самі», дапаможам усім нацыянальным меншасцям. Зразумела, чакаць нешта эфемернае ніхто не хацеў.

Наколькі я ведаю, многім з першай хвалі тагачасных адраджэнцаў сёння вельмі сорамна за свае даўнія памылковыя погляды, але факт застаецца фактам — улады даволі разумна «разыгралі» так званую «габрэйскую карту». Магчыма, тады і былі ўпершыню выкарыстаныя самыя эфектыўныя метады барацьбы з любым іншадумствам — раскол і кантроль над «сваімі» структурамі.

Але тут узнікае другое пытанне — наколькі іх можна лічыць «сваімі»? Яшчэ з дзяцінства мы ведаем, што «першае слова даражэй за другое», і, калі кіраўнік дзяржавы агучвае амаль пячэрныя погляды, то сакрэтны бліц-крыг у Ізраіль аднаго з яго ідэалагічных паплечнікаў наўрад ці здольны на нешта істотна паўплываць.

Зрабіць выгляд, што ўсе крыўды ў мінулым, яшчэ не азначае адсутнасць падстаў узнікнення іх у будучым. Тым больш, калі гутарка ідзе пра нацыю, якую «ганялі» па свеце амаль дзве тысячы гадоў… І якая ніколі не забудзе, кім быў Адольф Гітлер…

Дзякуй Богу, з часам такія адносіны да «габрэйскага пытання» з боку беларускіх апазіцыянераў змянілася кардынальна. І не толькі таму, што яны не дасягнулі дэмакратычных мэтаў, агучаных у мінулым стагоддзі. Проста стала абсалютна зразумелым, што дасягнуць іх можна толькі разам з іншымі.

23 жніўня 2009 года, у дзень 70-годдзя з моманту падпісання сумна вядомага пакту Молатава-Рыбентропа мне пашанцавала пабываць у расійскай Катыні і пачуць выступ там Якава Басіна. Тады ён сказаў, што габрэі, у адрозненне ад славян, якія пра памерлых альбо агучваюць нешта станоўчае, альбо далікатна маўчаць, гавораць толькі праўду.

Асабіста мне такая логіка падабаецца больш.

Каментаваць