Ён любіў Беларусь, а памёр у Казані

Ён сябраваў з Янкам Купалам і праходзіў па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Свой зямны шлях Уладзіслаў Чаржынскі скончыў на чужыне. А яго даследаванні беларускай літаратуры яшчэ чакаюць выдання пад адной вокладкай.



Уладзіслаў Чаржынскі, фота канца 1960-х гадоў


Знаёмства

Беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог Уладзіслаў Чаржынскі (1897–1974) нарадзіўся на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Мінскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі. З 1922 года пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. А з 1925 года супрацоўнічаў з часопісам «Полымя».

Уладзіслаў Чаржынскі пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншых беларускіх пісьменнікаў, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю.

Уладзіслаў Чаржынскі, фота канца 1930-х гадоў

Працы Уладзіслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 1920-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не догмамі.

19 лютага 1925 года была створана літаратурная секцыя Інбелкульту (40 сяброў), якая потым аб’ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратаром аб’яднанай секцыі быў Уладзіслаў Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М.Янчука, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага.

А ў 1926 годзе ён разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Караваем падрыхтаваў і выдаў дапаможнік «Выпісы з беларускае літаратуры XIX — пачатку ХХ стагоддзя». Праўда, у Мінску ў 1928 годзе выйшла і асобным выданнем праца Уладзіслава Чаржынскага «Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі». І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе «На крыжовай дарозе», Чаржынскі з’яўляецца таксама аўтарам «Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў».

Уладзіслаў Чаржынскі (сядзіць трэці справа) з беларускімі літаратарамі, Мінск, 1922 г.

Казань

28 чэрвеня 1930 года Уладзіслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Праз 4 гады нашага земляка вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі яго толькі пасля смерці ў 1988 годзе.

З Татарстана больш Уладзіслаў Чаржынскі на бацькаўшчыну не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці — цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі і роднай літаратурай ён моцна цікавіўся і тады, калі 40 гадоў жыў у сталіцы Татарстана.

Казанскі медінстытут, дзе працаваў Уладзіслаў Чаржынскі

У архівах і музеях Казані я адшукаў цікавыя звесткі пра Уладзіслава Чаржынскага. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта захоўваюцца дзве асабістыя справы Уладзіслава Чаржынскага за перыяд 1933–1946 гадоў і 1950–1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з’яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы.

Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая напісаная ім асабіста 27 красавіка 1943 года: «Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гродзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная (па іншых крыніцах, Старакаменная. — С.Ч.) у сялянскай сям’і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам асабіста пры дапамозе сваёй сям’і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у пачатковым народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гродзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Мінскую гімназію. — С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупіраваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Мінск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку ўніверсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Мінска ў горад Казань, тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931 да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтву працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтву».

У медычных навучальных установах Казані Уладзіслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы.

Сярод выяўленых казанскіх дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскага інстытута імя С.В.Курашова ад 19 мая 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў «сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у стаматалагічным і медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В. Чаржынскаму аб’явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова заг.кафедры К.Л.Раскіна. Рэктар інстытута — прафесар Х.Хамітаў».

Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ўраджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы, Ісак Алуф быў родам з Полацка. Магчыма, дзякуючы іх дапамозе, Уладзіслаў Чаржынскі ў 1930-х гадах і ўладкаваўся на працу ў Казанскі медінстытут. А, магчыма, дзякуючы яго жонцы Чэрні Плаўнік.

У чэрвені 1971 года Уладзіслаў Чаржынскі напісаў на імя рэктара заяву з просьбай «вызваліць яго ад займаемай пасады ў сувязі з сыходам на пенсію». Тым больш, што яму ўжо было тады 74 гады. Рэктар задаволіў просьбу Чаржынскага.

У Казані Уладзіслаў Чаржынскі пражыў яшчэ тры гады, і 2 красавіка 1974 года яго не стала. Там яго і пахавалі на Арскіх могілках.

Янка Купала

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску захоўваюцца купалаўскія запісы (адз. зах. 459–461) маскоўскіх і казанскіх тэлефонаў і адрасоў асоб, з якімі паэт быў звязаны па службовых і асабістых справах. Сярод адрасоў Казані я знайшоў і каардынаты Чаржынскага: «Чаржынскі. Держинского, 15, кв. 8».

У лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладзіславай Францаўнай непадалёку ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы «Татарстан». З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі новы 1942 год на кватэры Юдзіных у Верхнім Услоне.

Уладзіслаў Чаржынскі (у першым шэрагу другі злева) сярод беларускіх пісьменнікаў. Ленінград, 1926 г.

Янка Купала часта выступаў на мітынгах, па радыё, з дакладамі сярод беларускай і татарскай інтэлігенцыі, пісаў вершы і прадмовы. Заходзіў ён у госці і да сям’і Чаржынскіх. Дарэчы, жонкаю Уладзіслава Чаржынскага была родная сястра Змітрака Бядулі — Чэрня Плаўнік.

З Уладзіславам Чаржынскім Янка Купала ў Казані шмат сустракаўся. Яны вялі размовы пра вайну, пра 1920–1930-я гады і рэпрэсіі, а таксама пра літаратуру.

4 мая 1942 года Янка Купала зноў сустрэўся з сям’ёй Чаржынскіх, якая наведала яго ў Пячышчах. Купала падараваў Чаржынскім сваю кнігу вершаў і паэм «От сердца», што выйшла на рускай мове ў Маскве. На кнізе Купала напісаў «Дарагім Чаржынскім на памяць. Янка Купала. Пячышчы. 4.V.1942г.»

18 чэрвеня Янка Купала пакінуў Татарстан і прыехаў у Маскву, дзе праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква».

Каментаваць