Юльян Пшыркоў: Удумлівы даследчык літаратуры

Літаратуразнаўцы, што прыходзілі на скрыжаванні 1930–1940-х, яшчэ падпарадкоўваючыся дыктату, ужо былі гатовыя выступіць супраць адыёзных ачарніцеляў беларускай літаратуры. Сярод іх быў і Юльян Пшыркоў.



Юльян Пшыркоў, 1940 г.


Нарадзіўся ён 31 кастрычніка 1912 года ў вёсцы Кісцяні на Рагачоўшчыне, якая тады ўваходзіла ў Магілёўскую губерню. Як казаў сам навуковец, яму пашанцавала ў жыцці: вучыўся ў Свержаньскай школе, дзе ў той час быў настаўнікам М. Лынькоў. Кніг для чытання тады амаль не было, таму Міхась Ціханавіч пасля заняткаў па дзве гадзіны чытаў для сваіх выхаванцаў мастацкія творы.

 

Юльян Пшыркоў, 1928 г.

 

Пасля заканчэння школы Пшыркоў паступіў на двухгадовыя педагагічныя курсы ў Рагачове, з 1930 года настаўнічаў, стаў студэнтам Ленінградскага ІФЛІ, які пазней быў рэарганізаваны ў філалагічны факультэт універсітэта горада на Няве, дыпломную працу пісаў па творчасці Якуба Коласа. І гэта стала яго жыццёвым захапленнем. Згадваў ён і пра тое, што летам таго ж года прыязджаў у Мінск, сустракаўся з Якубам Коласам, які зрабіў на яго надзвычайнае ўражанне глыбокім веданнем народнага жыцця.

 

Выпускніка ўніверсітэта Ю. Пшыркова накіравалі на кафедру літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Неўзабаве малады выкладчык апублікаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі» артыкулы «Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» і «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы». Тады гэта было новае слова пра творчасць народных песняроў, паколькі даследчык катэгарычна адпрэчваў вульгарызатарскія высновы пра нібыта дробнабуржуазны пафас іх твораў, паэтызацыю кулацтва ў «Новай зямлі». Наколькі дазваляў памер артыкула, Пшыркоў паказаў, што Колас паэтызуе працу селяніна.

 

У 1940 годзе Ю. Пшыркова прызвалі ў войска; ён ваяваў пад Ленінградам і Кёнігсбергам, быў тройчы паранены. Быў звольнены ў запас у 1945 годзе.

 

Якуб Колас, тады віцэ-прэзідэнт АН БССР, прапанаваў Лынькову, дырэктару Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, залічыць Юльяна Сяргеевіча на працу навуковым супрацоўнікам, а ў 1954 годзе Пшыркоў быў прызначаны загадчыкам сектара дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі.

 

Ю. Пшыркоў працаваў раўнацэнна як у абсягах вывучэння даўняй літаратуры, так і ў межах аналізу навейшых беларускіх твораў. Ужо ў 1946 годзе ён друкуе артыкулы «Янка Купала — рэдактар «Нашай Нівы», «Новыя паэмы Якуба Коласа», «Першы беларускі раман» і «Выдатны твор беларускай літаратуры».

 

На Нарачы. 1960 г.

 

Пры ўсёй вялікай увазе да праблем сучаснасці (падрыхтоўка матэрыялаў для сярэдняй і вышэйшай школы, напісанне падручнікаў і да т. п.) для даследчыка творчасць Я. Коласа была прыярытэтнай: ён змяшчаў артыкулы ў перыядычных выданнях, а ў 1951 годзе выдаў манаграфію «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» — першае аб’ёмнае і для таго часу найбольш аб’ектыўнае ў Беларусі даследаванне паэзіі і прозы народнага песняра. Вядома, імкнучыся абараніць знакамітага творцу ад вульгарызатараў, даследчык часам перавялічваў рэвалюцыйную дзейнасць Якуба Коласа, але гэта вымагалася і тагачаснай сітуацыяй.

 

Галоўнае было ў іншым. Аналізуючы вершы пачатку ХХ стагоддзя, Пшыркоў падкрэслівае, што «Колас паказвае ўзросшую грамадскую свядомасць і палітычную актыўнасць селяніна», які мог ужо змагацца за ўласны гонар, за чалавечыя правы. Пераканаўча гучала і агульная выснова пра творчасць Я. Коласа таго перыяду, дзе сцвярджалася, што яна «народная па сваёй сутнасці і зместу», што «вершы і апавяданні Якуба Коласа разглядаемага перыяду заключаюць у сабе пачаткі ўсіх тых паэтычных якасцей, якія развіваліся ў яго пазнейшых творах».

 

У пяцідзясятыя гады перад беларускай літаратурнай навукай стаяла аграмадная праблема: урэшце даць абагульняльнае ўяўленне пра шляхі беларускай літаратуры на працягу стагоддзяў, той не здзейсненай праграмы, якая намячалася ў 20-я — 30-я гады. Новы час дазваляў нешта перагледзець, унесці новыя аспекты ў ацэнку твораў мінулага. Такім падвядзеннем шматгадовых даследаванняў стала калектыўная манаграфія «Очерки истории белорусской советской литературы» (Масква, 1954). Ужо год выдання наводзіць на думку, што ўсе артыкулы першай сціслай гісторыі беларускай літаратуры рыхтаваліся яшчэ ў змрочныя часы таталітарызму, таму і многія высновы сёння не прымаюцца. Але было зроблена галоўнае: у рэшце рэшт прабіта сцяна маўчання пра многія дасягненні беларускай літаратуры.

 

У 1960 годзе Ю. Пшыркоў выдаў фундаментальнае даследаванне «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гадоў)», у якім раскрыў вытокі і станаўленне жанру аповесці і рамана ў беларускай прозе. Справядліва Ю. Пшыркоў адзначае, што першыя спробы авалодаць вялікім празаічным жанрам беларускія пісьменнікі рабілі яшчэ ў дакастрычніцкі час (Ядвігін Ш, Цішка Гартны), але асноўныя пошукі ў гэтым жанры адбываюцца ў другой палове дваццатых гадоў, зноў жа намаганнямі Змітрака Бядулі, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, маладых пісьменнікаў Міхася Зарэцкага, Міхася Чарота, Кузьмы Чорнага і іншых.

 

Юльян Пшыркоў, 1969 г.

 

Вялікім укладам у жанр рамана лічыў літаратуразнаўца «Зямлю» Кузьмы Чорнага, у якім убачыў выразныя коласаўскія традыцыі.

 

Пшыркоў цікавіўся ўсім, што адбывалася ў літаратурным жыцці Беларусі. Ён адгукаўся на кожную з’яву, якая ўзбагачала літаратурны працэс. Ён годна прадставіў чытачу гістарычную аповесць занядбанага беларускага пісьменніка Барыса Мікуліча, які пасля жорсткіх таталітарных пераследаванняў так і не адважыўся вярнуцца ў Беларусь. Да публікацыі ў «Полымі» гістарычнай аповесці Мікуліча «Адвечнае» Пшыркоў змясціў грунтоўны артыкул «Гістарычная аповесць Барыса Мікуліча», у якім у сціслай форме змог паказаць усю складанасць успрымання гісторыі ў навейшым часе, адзначыўшы майстэрства пісьменніка ў выяўленні гістарычных рэалій.

 

З той жа зацікаўленасцю ён пісаў і пра дзіцячых пісьменнікаў, паколькі бачыў перспектыву грамадскага развіцця, дзе падрастаючае пакаленне заўсёды павінна мець некалі рашаючае значэнне ў вырашэнні ўсіх грамадскіх вузлоў і непаразуменняў. Ці не таму ён так зацікаўлена пісаў пра кнігу Вісарыёна Гарбука «Хто такія мы», што ў творчасці гэтага мужнага чалавека захавалася бязмерна шчодрая душа?  Аўтар нястомна вучыць сваіх маленькіх сяброў дабрыні, веры ў будучыню, спрадвечным каштоўнасцям чалавецтва. Пры гэтым, адзначае крытык, у апавяданнях В. Гарбука ёсць акрэсленасць пазіцыі, вера ў шчаслівую будучыню герояў, пра якіх ён піша. І ўсё гэта не дакучліва, без дыдактычных перабораў.

 

Як знаўца літаратурнага працэсу, Пшыркоў мог зрабіць і жыццёвыя футуралагічныя высновы: па першых зборніках паэтаў мог вызначыць будучыню творцы, што заўважалася ў яго выказваннях пра А. Куляшова і П. Панчанку.

 

Дыплом доктара філалагічных навук. 1963 г.

 

Пры ўсёй актыўнай крытычнай дзейнасці Ю. Пшыркоў пастаянна ў полі зроку трымае творчасць Якуба Коласа. Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага паэта было прымеркавана выданне яго 14-томнага Збору твораў. Пшыркоў напісаў уступны артыкул «Магутны талент», у якім паказаў вялікую ролю пісьменніка ў фарміраванні амаль усіх жанраў навейшай беларускай літаратуры, разам з іншымі адраджэнцамі пачатку ХХ стагоддзя вывеў беларускую прыгожую пісьменнасць на сусветную арэну. А ў артыкуле ««Сымон-музыка» і літаратурны працэс» акрэсліў наступныя абсягі вывучэння творчасці Я. Коласа, пазначыўшы, што ў гэтай паэме Колас, па сутнасці, выклаў вялікую праграму развіцця нацыянальнага мастацтва, дзе былі і ўзоры вышэйшай версіфікацыі, майстэрства словатворчасці, якое намнога пераўзыходзіла эксперыменты не дужа ўмелых маладнякоўцаў.

 

Відаць, тады і склаліся ў яго асноўныя абрысы манаграфіі «Эпас рэвалюцыі: паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях»» (1975). У гэтым даследаванні літаратуразнаўца перагледзеў многія свае ранейшыя сцверджанні, удакладніў некаторыя тагачасныя ацэнкі, паколькі да той пары ўжо выйшла многа цікавых даследаванняў па творчасці Якуба Коласа, у тым ліку значныя працы А. Лойкі, І. Навуменкі, М. Мушынскага. Даследчык зноў акцэнтуе ўвагу на імкненні беларуса да свабоды і незалежнасці: у «Новай зямлі» праз магчымасць займець уласную гаспадарку. «Героі паэмы марылі пра ўласную зямлю, таму што спрадвеку, шчодра паліваючы яе потам, не былі яе гаспадарамі. Зямля і воля ў іх свядомасці спалучаліся ў адно цэлае: мець уласную зямлю — значыць быць вольным і незалежным».

 

Пад навуковым кіраўніцтвам Ю. Пшыркова была падрыхтавана першая гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры ў 2-х тамах (1968–1969), «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Ён падрыхтаваў шмат даследчыкаў мастацкай літаратуры, выкладчыкаў ВНУ — кандыдатаў і дактароў навук.

 

Юльян Сяргеевіч Пшыркоў быў, як творца, выразнікам свайго часу, а з ім закончыўся і вельмі важны этап беларускага літаратуразнаўства. Кардынальнае пераасэнсаванне мастацкіх здабыткаў, навуковых ацэнак адбывалася, на жаль, ужо без яго…

 

Артыкул друкуецца ў скароце (цалкам тэкст можна прачытаць у Літаратурнай Беларусі)

Каментаваць