Канстанцін Галкоўскі. Ушанаваны ў Літве, забыты ў Беларусі

Сёлета ў лютым споўнілася 50 гадоў, як не стала Канстанціна Галкоўскага (1875–1963) — беларускага і літоўскага кампазітара, дырыжора, педагога, народнага артыста Літвы. Літвы, а не Беларусі, хаця для беларускай культуры ён зрабіў значна больш, чым для літоўскай.

 



Канстанцін Галкоўскі, 1959 г. З архіва аўтара, публікуецца ўпершыню


Лявон Луцкевіч і Галіна Войцік некалі выдавалі ў Вільні серыю кніжачак «Партрэты віленчукоў». У 2001 годзе яны выпусцілі і кніжачку, прысвечаную Канстанціну Галкоўскаму. У ёй аўтары напісалі: «Канстанцін Галкоўскі — карэнны віленчук і беларус паводле паходжання, залічаны ў Літве ў плеяду лепшых нацыянальных кампазітараў. Між тым, не меншыя, калі не большыя, заслугі ў К. Галкоўскага ёсць і перад беларускім музычным мастацтвам. Але ў Беларусі ён — забыты кампазітар…»

Вядома, 50 гадоў з дня смерці — гэта сумны юбілей. Хаця сам Канстанцін Галкоўскі пражыў 88 гадоў. Ён шмат ведаў, бачыў, ён любіў Беларусь, беларускі народ, беларускую паэзію, з ім сябравала ўся беларуская Вільня ХХ стагоддзя. У гэтым я пераканаўся, вывучаючы беларускія віленскія выданні 1920–1930-х гадоў. Давайце іх разам пагартаем, пачытаем.

Напрыклад, часопіс «Беларускі летапіс» (№6–7 за 1937 год) паведамляў: «Кампазітар К. Галкоўскі апрацаваў шэсць народных беларускіх песень для аднаго голасу для фартэпіяна. Мелодыі і тэксты песень узятыя з рукапісаў Рыгора Шырмы і запісаныя: дзве ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага павета («Ой, дожджык ідзе, раса нападзе» (асенняя) і «Ой, у полі дзве пташачкі, обе рабакрылы» (рэкруцкая), адна запісана ў мястэчку Мядзел Пастаўскага павета («Кукавала зязюлька, што лес мал» (вясёлая, жартаўлівая), адна — у вёсцы Нізяны Ваўкавыскага павета («На гарэ камары, а ў даліні гусі…» (гумарыстычная), адна — у вёсцы Навасёлкі Пастаўскага павета («Купалялё») і прыпеўкі «Чэраз сад-вінаград па ваду хадзіла» з Наваградскага павета. Гэтыя новыя працы слаўнага кампазітара з’яўляюцца вельмі цэнным укладам у беларускую вакальную літаратуру, асабліва сольную. Распрацаваны з незвычайным майстэрствам вялікага мастака, з поўным разуменнем народнага духу і з захаваннем народнага стылю і характару, прычым адна з гэтых песень пакладзена таксама для віяланчэлі і раяля».

У 1930-х гадах у Вільні адбывалася шмат беларускіх канцэртаў, літаратурна-музычных вечарын, сустрэч. Але ніводны канцэрт не праходзіў без Канстанціна Галкоўскага. 13 снежня 1936 года ў Вільні адбыўся Дзень беларускай культуры. У ім актыўны ўдзел прымалі хор Рыгора Шырмы і спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Часопіс «Калоссе» (№1 за 1937 год) паведамляў: «Пад кіраўніцтвам слаўнага рэгента і няўтомнага беларускага культурнага дзеяча грам. Р. Шырмы ведамы ягоны Беларускі хор выканаў першыя дзве часткі: у першай кантату К. Галкоўскага на словы М. Танка, народныя песні: «А мне трудненька», «Па саду хаджу» — К. Галкоўскага і песню «Вясна», музыка К. Галкоўскага, словы М. Васілька, а ў другой частцы — цудоўную сюіту «Каханне» (дзесяць народных песняў) праф. К. Галкоўскага. Беларуская песня, дзякуючы артыстычнаму выкананню хору, пры дасканальным акампаніраванні праф. К. Галкоўскага, дасягнула вышыні хараства. Запоўненая слухачамі (больш паўтысячы) аўдыторыя была зачараваная і свой энтузіязм і задавальненне з перажываных эстэтычных эмоцыяў выказвала бурнымі воплескамі ў гонар выканаўцаў…»

Калі спяваў Міхась Забэйда-Суміцкі, Канстанцін Галкоўскі акампаніраваў яму. А спявак выконваў і песні кампазітара — народную «Абнімі ты мяне», «Ці грэх цябе любіць» на словы Ясакара (З. Бядулі) і многія іншыя. Галіна Войцік і Лявон Луцкевіч прыгадваюць, што Канстанцін Галкоўскі быў акампаніятарам Міхася Забэйды-Суміцкага ў 1936–1938 гадах. Ён заўсёды заходзіў на сцэну ўпэўненым крокам, кланяўся, сядаў каля раяля. Быў Канстанцін Галкоўскі невысокага росту, лысы, як калена, але ягоны твар з правільнымі рысамі быў прывабны. А тэмперамент Галкоўскага праяўляўся тады, калі ён іграў вясёлую музыку.

Апошні раз Канстанцін Галкоўскі і Міхась Забэйда-Суміцкі сустрэліся ў Вільні вясной 1944 года, калі Віленская беларуская гімназія адзначала сваё 25-годдзе. Сюды з Прагі прыехаў і спявак. Іх апошні сумесны канцэрт адбыўся ў Вільні ў тэатры на Вялікай Пагулянцы. Больш Галкоўскі з Забэйдам-Суміцкім ніколі ў жыцці не сустрэліся…

Нарадзіўся Канстанцін Галкоўскі ў Вільні 16 чэрвеня 1875 года. Бацька яго паходзіў з Магілёўшчыны, а маці — з Міншчыны. Бацькі з маленства прывівалі Кастусю любоў да музыкі. Таму пасля школы ён паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю па класу кампазіцыі і опернай аркестроўкі пад кіраўніцтвам М. Рымскага-Корсакава і А. Глазунова. Яго дыпломнай працай была трохактовая опера «Цыганы» па паэме А. Пушкіна. За гэтую дыпломную працу, як прыгадваў Рыгор Шырма, Канстанціну Галкоўскаму педагагічная рада кансерваторыі ў 1908 годзе прысудзіла залаты медаль. Гэта быў адзіны выпадак за 50 гадоў існавання кансерваторыі.

У 1909 годзе Канстанцін Галкоўскі прыязджае ў Вільню, дзе разам з Людамірам Рагоўскім кіруе ўсім музычным жыццём. Там ён арганізоўвае першы ў Вільні сімфанічны аркестр, выступае за дырыжорскім пультам, піша музычныя творы — сімфоніі, п’есы, песні, ён цікавіцца мясцовым песенным фальклорам, асабліва беларускім. Рыгор Шырма ў сваёй кнізе «Песня — душа народа» прыгадвае: «Усё напісанае кампазітарам на беларускія тэмы можна падзяліць на дзве групы. Першая — гэта тая ці іншая распрацоўка народных беларускіх мелодый, другія — арыгінальная музыка на словы беларускіх паэтаў».

15 сакавіка 1936 года ў актавай зале Віленскага ўніверсітэта Беларускі студэнцкі саюз і Таварыства прыяцеляў беларусаведы ладзілі вечар беларускай паэзіі. Да гэтай вечарыны Канстанцін Галкоўскі напісаў тры песні — «Марш маладых» на словы Міхася Машары, «То не пчолка звініць у гаёчку» на словы Міхася Васілька і «Касец» на словы Максіма Танка.

«Гэта быў першы выпадак, калі вершы паэтаў Заходняй Беларусі былі пакладзеныя на музыку», — пісаў часопіс «Летапіс Таварыства беларускае школы» (1936, №1–3). Гэтыя песні выконваў хор Рыгора Шырмы. «Марш маладых» атрымаўся па характару сапраўдным маршам-гімнам моладзі. А песня «Касец» — магутным маршам працы, які кідае «сталёвыя ўдаль адгалосы». Песня «То не пчолка звініць у гаёчку» атрымалася цудоўнай мініяцюрнай сімфоніяй. Калі яна выконвалася, на фоне хору Шырмы без слоў выступала дзяўчына, якую госця-вясна галубіла шэптам дубравы, асыпала пяшчотамі сонца, а таксама ветрыкам варушыла валасы. Усе гэтыя тры песні тады былі вытрыманы ў беларускім народным характары.

Канстанцін Галкоўскі пры жыцці напісаў вялікую працу — беларускую оперу паводле паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». Калі ён яе даслаў у Саюз кампазітараў Беларусі, яму паведамілі, што трэба пісаць пра перамогу і подзвігі партызан у гады Другой сусветнай вайны, а не оперы па творчасці Коласа.

Дарэчы, падчас вайны кампазітар жыў у акупаванай немцамі Вільні. Ён працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў гісторыю музыкі. Немцы яго не чапалі, а пасля вайны Галкоўскага абмінулі і рэпрэсіі. У 1945 годзе ён стаў заслужаным дзеячам мастацтва Літвы, праз два гады — прафесарам, а ў 1955 годзе — народным артыстам Літвы. Рыгор Шырма падлічыў, што Канстанцінам Галкоўскім зробленае ў галіне беларускай народнай музыкі выглядае так: дзіцячых і жаночых хораў — 14, змешаных, невялікіх — 22, вялікіх — 12, мужчынскіх — 2, дзве сольныя песні з акампанементам фартэпіяна і, апрача таго, дзве народныя сюіты «Дуда» і «Каханне», з якіх кожная пры выкананні хорам займае па паўгадзіны часу. І ім напісаны дзясяткі песень на словы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Змітрака Бядулі, Канстанцыі Буйло, Міхася Машары, Міхася Васілька і іншых паэтаў.

Памёр кампазітар 20 лютага 1963 года. На магіле і на мемарыяльнай шыльдзе на доме, дзе ён жыў, напісана на літоўскай і рускай мовах. І  нідзе не прыгадваецца, што Канстанцін Галкоўскі быў беларусам і беларускім кампазітарам... Галіна Войцік і Лявон Луцкевіч пішуць, нібы «па вайне Канстанцін Галкоўскі не меў нікога блізкага ў беларускім асяроддзі Вільні…» Гэта не так. Тыя са старэйшых беларусаў, хто жыў у Вільні і не быў рэпрэсаваны, з ім кантактавалі. З Беларусі часта да яго заязджалі Максім Танк, Рыгор Шырма. У 1959 годзе ў яго гасціў беларускі пісьменнік і перакладчык Алесь Траяноўскі. Ён і зрабіў гэты фотаздымак Галкоўскага, які сёння друкуецца ўпершыню. А мне яго да матэрыялу перадаў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, за што я яму ўдзячны.

Каментаваць