«Карнае судаводства з абвінаваўчым ўхілам»

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які знаходзіцца ў магілёўскай турме №4, атрымаў поўны тэкст прававой экспертызы, якая была зроблена па яго крымінальнай справе групай незалежных юрыстаў.

Андрэй Бандарэнка


Пра гэта ён напісаў у лісце да былога суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова.

 

Нагадаем, што ў прававой экспертызе ўтрымліваюцца высновы, што крымінальны пераслед праваабаронцы варта прызнаць палітычна матываваным, а сам прысуд Бандарэнку з’яўляецца неабгрунтаваным і незаконным. У сувязі з гэтым аўтарытэтныя юрысты прапанавалі перагледзець гэты прысуд і спыніць крымінальны пераслед Андрэя Бандарэнкі.

 

У лісце да Пастухова Бандарэнка выказвае падзяку адмыслоўцам, якія зрабілі вялікую працу па вывучэнні матэрыялаў і абставінаў крымінальнай справы. На яго думку, галоўнае, што ўдалося дамагчыся падрыхтоўкай прававой экспертызы, — гэта «прадэманстраваць метады, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі для пераследу непажаданых уладам людзей». Бо да гэтага два гады «прасоўвалася» інфармацыя аб безумоўнай вінаватасці Бандарэнкі.

 

У лісце звяртаецца ўвага яшчэ на адзін факт: распаўсюджаны ў інтэрнэце і па дзяржаўным тэлебачанні сюжэт пра знаходжанне Бандарэнкі і нібыта пацярпелых ад яго дзеянняў жанчын у міліцэйскім пастарунку. Гэтае відэа з'яўлялася рэчавым доказам. Яго «ўцечка» з матэрыялаў крымінальнай справы — гэта крымінальна карная дзея («Разгалошванне дадзеных следства, папярэдняга следства або закрытага судовага пасяджэння»), прадугледжаная арт. 407 Крымінальнага кодэкса. Аднак ніякіх наступстваў для «распаўсюджвальнікаў» забароненай інфармацыі не настала.

 

Бандарэнка таксама задаецца пытаннем: чаму на падставе паказанняў «пацярпелых» і «сведак» праводзіліся дадатковыя экспертызы? І сам дае адказ: для таго, каб хоць неяк «падчысціць» відавочныя нестыкоўкі і супярэчнасці ў справе.

 

На думку Бандарэнкі, юрысты, якія падрыхтавалі прававую экспертызу па яго крымінальнай справе, «бліскуча справіліся са сваёй задачай, і сёння можна казаць не толькі пра незаконнасць прысуду, але і пра пераслед апанентаў улады з выкарыстаннем карнага судаводства з загадзя абвінаваўчым ухілам».

Каментаваць