Кіраўнік патрыятычнай «Чайкі»

Васіль Супрун разам са сваімі аднагодкамі ў 1946 годзе стварыў патрыятычную антысталінскую арганізацыю «Чайка», удзельнікі якой жылі ў Слоніме, Баранавічах, Наваградку, Пінску, Брэсце. За гэта ён быў пакараны 25 гадамі зняволення.

 



Васіль Супрун, 1990-я гады


Васіль Рыгоравіч Супрун жыў побач са мной на Брэсцкай вуліцы ў Слоніме. Я сустракаў яго амаль кожны дзень: то ідучы ў краму, то ён ехаў на дачу, то кудысьці спяшаўся на сустрэчу. Пры спатканнях Васіль Рыгоравіч стараўся гаварыць мала, ён больш любіў слухаць, а потым адным сказам ціха падводзіў вынікі ўсёй гутаркі. Ён да самай смерці быў асцярожны і маўклівы. Але я стараўся яго трохі разварушыць і гучна пытаўся: «Як справы, Васіль Рыгоравіч, чым займаецеся, над чым працуеце?»

Вось сонейка выглянула вясновае, дык на дачу еду, варушуся там крыху. Цяжка ўжо працуецца ў маім узросце, не хапае сіл і здароўя, каб працаваць, пісаць. Хоць жаданне зрабіць тое-сёе яшчэ ёсць, — з лагоднай усмешкай, але ціха адказваў ён. Заўсёды інтэлігентны, шляхетны, быццам не з сялянскай сям’і выйшаў шукаць вольную ад паноў і таварышаў беларускую Беларусь. Ён моцна перажываў за Беларусь, казаў, што сёння ў нашай апазіцыі не хапае самаахвярнасці. А без гэтага — мы ніколі не пераможам…

Васіль Супрун (крайні справа), пасярэдзіне яго зямляк Сяргей Ціхан (расстраляны немцамі), трэці — невядомы. Пачатак 1944 года

 

Пасля ГУЛАГу

Пра «Чайку» мы даведаліся толькі ў канцы 1980-х гадоў. Да гэтага часу ён нам ніколі нічога не казаў пра антысавецкае падполле. Калі выйшаў у 1956 годзе на волю і праз год вярнуўся на родную Слонімшчыну, быў пазбаўлены магчымасці працаваць настаўнікам, хоць меў педагагічную адукацыю: скончыў Слонімскую настаўніцкую семінарыю і Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Настаўнікам працаваць не дазволілі, і Васіль Супрун мяняў заняткі і прафесіі.

Працаваў спачатку будаўніком у роднай вёсцы, быў тэхнікам-будаўніком у СПТВ у Слоніме, а потым у пошуках заробку выехаў у Крым, дзе знайшоў працу праекціроўшчыка ў падводным марскім клубе ДТСАФ СССР. Працуючы далёка ад Беларусі, паступіў на гістарычны факультэт БДУ, які завочна скончыў у 1969 годзе.

Калі вярнуўся з Крыма на Радзіму, то зноў пайшоў працаваць на будоўлю. Адначасова займаўся ў вольны час археалагічнай разведкай і раскопкамі на Гродзеншчыне і Брэстчыне. Пасля пісаў пра гэта ў мясцовым друку, у часопісе «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Так і дажыў да пенсіі… Але гэта было пасля вяртання з ГУЛАГу, пасля 1957 года. А да гэтага была «Чайка».

«Чайка»

Напачатку 1946 года ў асяродку настаўніцтва і моладзі Слонімшчыны ўзнікла ідэя арганізаванага супраціву камуністычнаму руху і гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі. З гэтай мэтай у пачатку траўня 1946 года ў Слоніме актывісты руху правялі ўстаноўчы сход, на якім прынялі рашэнне стварыць падпольную беларускую арганізацыю з канспірацыйнай назвай «Чайка», якая ставіла б сваёй мэтай змаганне за нацыянальныя правы і годнасць свайго народу, яго культуры, мовы, гісторыі і, урэшце, за свабоду і незалежнасць Беларусі.

Арганізацыя не планавала займацца тэрорам, а меркавала індывідуальнай працай будзіць свядомасць беларусаў. Была прынятая праграма дзейнасці, асновы канспірацыі і абранае кіраўніцтва.

У сходзе ўдзельнічалі Васіль Супрун (які быў абраны кіраўніком), Міхась Ракевіч, Міхась Чыгрын, Алесь Гардзейка, Леакадзія Кавальчук і Ніна Карач (сакратар). У сувязі з няяўкай Ніны Карач на пазнейшыя нарады і парушэннем канспірацыі, дзяўчаты былі адхіленыя ад удзелу ў падполлі, змененыя яўкі.

Дарэчы, пазней Ніна Карач была асуджана на 10 гадоў. Яе забяруць ужо студэнткай Інстытута народнай гаспадаркі. І што цікава, бацька Ніны быў некалі засланы з Расіі ў Польшчу для навядзення прапаганды на карысць Саветаў. А дачка, як бачыце, вырасла свядомай беларускай.

З агульнай згоды сяброў Васілю Супруну было загадана заснаваць патрыятычнае падполле ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Міхасю Ракевічу — у Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён навучаўся, Міхасю Чыгрыну — у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе ён у той час вучыўся, і Алесю Гардзейку — сярод моладзі Слонімшчыны.

У хуткім часе патрыятычныя групы падполля былі створаныя і ў Баранавічах (з дапамогай Уладзіміра Салаўя — студэнта настаўніцкага інстытуту), у Брэсце, Жыровічах і ў іншых гарадах і мястэчках.

«Чайка» за нейкі месяц выйшла далёка за межы Слонімшчыны, што патрабавала паглыбленай распрацоўкі праграмы і схемы ўнутранай будовы арганізацыі. А праз пэўны час узнікла і неабходнасць стварэння так званага Цэнтра беларускага вызваленчага руху (ЦБВР), які павінен быў ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва рухам. Кіраўніком ЦБВР быў абраны Васіль Супрун, намеснікам па арганізацыйна-палітычнай рабоце стаў Аляксандр Барэйка, а адказным за ваенізаваны рух — Міхась Ракевіч.

Акрамя таго, дарадчымі чальцамі ЦБВР былі прызначаныя Мікалай Макарэвіч, ён жа — кіраўнік Брэсцкага абласнога падполля, Міхась Агейка — ад баранавіцкай інстытуцкай групы і Уладзімір Салавей — ад слонімскіх груп. Кантакты Васіля Супруна з А. Барэйкам і М. Ракевічам былі рэгулярнымі, з астатнімі чальцамі ЦБВР — пры неабходнасці.

Цэнтрам была прапанаваная так названая «колавая» схема кіравання. Ад ЦБВР мела адходзіць першае кола, гэта значыць, абласныя кіраўнічыя структуры, вакол якіх павінны размяркоўвацца раённыя групы — другога кола, а вакол апошніх — перыферыйныя групы — трэцяе кола.

Пры гэтым прапаноўвалася своеасаблівая схема канспірацыі і кансервацыі падполля. На пэўным этапе, калі нейкая тэрыторыя будзе арганізацыяй ахоплена, яна павінна быць закансерваваная да спрыяльнай палітычнай сітуацыі, пры якой па камандзе з цэнтра павінна была быць гатовая да любых дзеянняў…

Кнігі Васіля Супруна

25 гадоў у зняволенні

Але за беларускімі хлопцамі і дзяўчатамі пільна сачыла спецгрупа МДБ. І ў чэрвені 1947 года беларускіх патрыётаў пачалі арыштоўваць. Быў арыштаваны і Васіль Супрун. Амаль паўгода знаходзіўся ў баранавіцкай следчай турме «Крывое кола» і мінскай «амерыканцы».

21 лістапада 1947 года Ваенны трыбунал войскаў МУС Беларускай акругі ў Мінску паводле артыкулаў 63-1 і 76 КК БССР (здрада радзіме і антысавецкая агітацыя) асудзіў Супруна на 25 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў паражэння ў правах з канфіскацыяй маёмасці.

Такім суровым быў прысуд перш за ўсё за ўпартасць, нязломнасць, адмову нагаворваць на сябе і іншых, карацей — за характар, за тыя яго рысы, якіх берыеўцы не чакалі ад вясковага настаўніка, маладога народнага інтэлігента, маладога беларуса.

Паштоўка, прысвечаная сябрам “Чайкі”, Слонім, 2008 г.

Пакаранне Васіль Супрун адбываў у лагерах Інты і Варкуты. У зняволенні падтрымліваў тайную міжлагерную перапіску з беларускай паэткай Ларысай Геніюш:

Бачыш? Вялізныя шрамы па краю —

Лагеры, зоны, драты.

Там ні за што, як і мы, дагараюць

Нашы ў няволі браты.

На волі

Вершы з перапіскі Васіля Супруна і Ларысы Геніюш упершыню былі апублікаваныя ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» вясной 1989 года. Іх публікацыя была тады вялікай падзеяй у беларускім літаратурным жыцці. Аказалася, што Васіль Супрун усё жыццё пісаў вершы, найбольш патрыятычныя. А першы ягоны верш быў надрукаваны ў «Баранавіцкай газеце» яшчэ ў 1943 годзе. І толькі праз 50 гадоў дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдала невялікі зборнічак вершаў Васіля Супруна пад назвай «Крык» з прадмовай прафесара Алега Лойкі. Вершы ў ім былі напоўненыя духоўнай сілай і верай, нязломнасцю духа ды бясконцай любоўю да роднага краю:

Так, каб жыць, каб тварыць, каб змагацца, любіць,

Трэба ўмець супроць хваляў і гора

Непакорна плысці, сваё Заўтра знайсці —

Яно лепей, чым нашае ўчора.

Васіль Супрун (стаіць крайні злева) у гасцях у Ларысы і Янкі Геніюшаў у Зэльве, 1950-я гады

Потым свет пабачылі яшчэ некалькі кніг вершаў і краязнаўчых артыкулаў Васіля Супруна. Яго прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Васіль Супрун быў вельмі таленавітым чалавекам. Ён умеў добра фатаграфаваць, маляваць, выдатна іграў на скрыпцы, любіў прыроду.

Некалькі разоў ён звяртаўся ў вышэйшыя мінскія інстанцыі, каб яго рэабілітавалі, але так і не дачакаўся рэабілітацыі. Але для тых, хто ведаў Васіля Рыгоравіча, ён застаўся маральным аўтарытэтам назаўсёды.

Абмеркаванне:

  • ульяна
  • 2013-06-29 22:40:27
спасибо за материал. побольше пишете о наших героях

Каментаваць